няця́жкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які не патрабуе вялікіх намаганняў, не з’яўляецца цяжкім для ажыццяўлення, вырашэння і пад. І, сказаць жа, работа на лузе няцяжкая. Колас. Самае няцяжкае было — стаяць, маўкліва, ціха, і ні аб чым не думаць. Мележ.
2. Які мае невялікую вагу. Куфэрак быў няцяжкі, але пасля ўчарашняй страшнай ночы ды па такой дарозе несці яго было і цяжка і няёмка. Чарнышэвіч.
3. Не сур’ёзны (пра хваробу, рану, хворага). — Гэты [ранены] — лягчэйшы, — гаворыць Марыя Сцяпанаўна. — Два няцяжкіх пашкоджанні — галава і бядро. Брыль. Амаль кожны дзень я праведваў Грачыка, і ён рады быў таму, што ў яго няцяжкая рана і яго не будуць эвакуіраваць у тыл. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пра́гны, ‑ая, ‑ае.
1. Які вельмі моцна хоча, прагне чаго‑н. Вопытныя шахцёры з Расійскай Федэрацыі і Украіны клапатліва вучылі прагных да ведаў мясцовых хлопцаў. Паслядовіч. Ён быў на дзіва прагны да жыцця, гэты чалавек з жоўтымі, як мёд, валасамі. Караткевіч. // Пражэрлівы, ненасытны. Ваўкі, вядома, прагныя і цярплівасці ў іх ніколі не хапае. В. Вольскі. // Які выказвае прагнасць. На парозе паявіўся хлопец — чарнамазы, з гарачымі прагнымі вачыма. Мікуліч. [Аляксей] зрабіў некалькі прагных глыткоў і, цяжка ўздыхнуўшы, адкрыў вочы. Скрыпка.
2. Скупы, жадлівы. — Гэта, мабыць, людзі ўздумалі на .. [Палікара] за тое, што ён занадта ўжо прагным ды зайздросным быў на ўсё. Кулакоўскі. — Сяляне валілі сухастоіны, а прагнаму магнату і іх стала шкада. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
плынь, ‑і, ж.
1. Рух вады ў рэчышчы, а таксама сама вада, якая цячэ. Да асушкі балот плынь у гэтай рачулцы была такая павольная, што яе нават цяжка было прыкмеціць. Краўчанка. Першае, што ўбачыў Коля, гэта халодны бляск нешырокай воднай плыні, сціснутай з абодвух бакоў лёдам. Шыловіч. / Аб рухомых патоках паветра. Лёгкая плынь ветру зноў заціхне, і дзень зноў зіхаціць сонцам. Чорны.
2. Мноства, маса каго‑, чаго‑н., якая рухаецца ў адным напрамку. Людская плынь. □ Уперадзе войск няспыннай плынню ішлі абозы бежанцаў. Лобан.
3. перан. Літаратурна-мастацкі або грамадска-палітычны напрамак. А. Бабарэка ў сучаснай яму літаратуры бачыў дзве плыні, два напрамкі. Мушынскі.
•••
Падводная плынь — нешта тайнае, што не відаць адразу.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пату́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. патух, ‑ла; зак.
1. Перастаць гарэць, свяціць. Агонь у будынку бліснуў яшчэ раз і патух. Чорны. Знікла палоска вячэрняй зары на небасхіле — ці то яна патухла зусім, ці хмаркі закрылі яе. Хадкевіч. // Перастаць дзейнічаць, функцыяніраваць (пра вулкан, домну і пад.).
2. перан. Перастаць блішчаць; стаць цьмяным, бляклым (пра вочы). Дыхаць цяжка, грудзі ўспухлі, Точыць смага, прага піць. Толькі вочы не патухлі — Зіхацяць жаданнем жыць. А. Александровіч. Загадчык аблана пазяхнуў, і вочы яго зноў патухлі і прыплюшчыліся. Шамякін. // перан. Знікнуць, прапасці, спыніцца. Але мая радасць хутка патухла, бо я ўспомніў, што Грыша вельмі скупы і не дачакаешся ад яго ніякай папругі. Капыловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сіга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Скакаць. [Хлапчукі] спрытна сігалі з галіны на галіну, вышукваючы ворагаў саду. Васілевіч. Напалоханы да паўсмерці белячок з усіх сіл сігаў па паляне, перасякаючы яе і накіроўваючыся ў пушчу. Краўчанка. Язэп бачыў, як пасажыры, не дачакаўшыся нават прыпынку цягніка, сігалі з падножак, беглі да белых драўляных сталоў, каб купіць порцыю бульбы. Асіпенка. // Бегчы; шпарка ісці шырокімі крокамі. [Гвардыян] сігаў шпаркімі нервовымі крокамі, выцягнуўшы наперад худую ссаю жылаватую шыю. Зарэцкі. Максім Сцяпанавіч сігаў вялізнымі крокамі, далёка выкідваючы наперад палку. Карпаў. Алесь сігае ўперадзе, а за ім — след у след — цяжка сапе Лявон. Сачанка.
2. Лятаць, узнімацца. Растуць паверхі мар высокіх, Увысь да зор сігаюць караблі. Матэвушаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скле́іць, склею, склеіш, склеіць; зак., што.
1. Змацаваць пры дапамозе клею. Склеіць лісты паперы. // Зляпіць, прымусіць зліпнуцца (пра што‑н. клейкае). Кісель чамусьці склеіў зубы. Агняцвет. // Зрабіць або аднавіць што‑н. (разбітае, разламанае, разарванае), змацоўваючы часткі клеем. Склеіць разбітую вазу. □ Другім разам, калі Мішы Міхайлавіча не было ў майстэрні, хлопцы вырашылі самі склеіць крэсла. Вядома, спяшаліся і прыставілі спінку не тым бокам. Нядзведскі. // перан. Сабраць, саставіць, скласці (з якіх‑н. частак або няўмела, абы-як). [Клерык:] — Справа ў тым, што ў ксяндза Марашэўскага гэта камедыйка расцягнута на тры акты, а ксёндз Марцэвіч склеіў усё ў адным акце. Бядуля.
2. перан. Разм. Наладзіць, аднавіць. Пасля сваркі дружбу цяжка склеіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сноп, снапа; мн. снапы, ‑оў; м.
1. Звязаны пук зжатых сцёблаў збажыны і некаторых іншых культур. [Аня] паволі перавязала хустку, устала са снапа, выпіла з гладышкі цёплай вады і падалася да сястры жаць. Мележ. Жанкі на густым жыце панажыналі па пяцьдзесят снапоў. Мурашка. // чаго. Вялікі пук, бярэмя якіх‑н. раслін. Цэлы сноп .. [кветак], белых, светла-ружовых, малінавых, стаяў на стале. Васілевіч.
2. перан.; чаго. Паток чаго‑н. (праменяў, іскраў і пад.), які разыходзіцца пучком. Майскае сонца высока стаяла ў ясным небе, кідала на зямлю снапы гарачых праменяў. Колас. Угору шугануў сноп іскраў. Ваданосаў.
•••
Як сноп (паваліцца, упасці і пад.) — усім целам, цяжка (паваліцца, упасці і пад.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сто́млены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад стаміць.
2. у знач. прым. Абяссілены, змораны цяжкай работай ці якім‑н. іншым заняткам. Стомлены хлопец цяжка ўзняўся з сядзення, з сэрцам узяўся за .. лапату і .. стаў падкідваць вугаль. Лынькоў. Тады з неба — глыбокага звона — Горда падае стомлены жаўранак. А за ім доўга яшчэ Асыпаецца, як лісце з дрэў, Яго песня... Сіпакоў. / у знач. наз. сто́млены, ‑ага, м. Стомленаму прыемна легчы адпачыць на свежым духмяным сене. Машара. // Які выяўляе стомленасць. Як бы знарок марудзячы прызнавацца, чаго прыйшоў, Пазняк аглядаў стомленым позіркам сцены, увешаныя фотакарткамі. Дуброўскі. У акне адбіваўся крышку стомлены, немалады ўжо твар жанчыны, адбіваўся чырвоны шалік, шэрае паліто. Арабей.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Цярпліва вынесці, вытрымаць (што‑н. страшэннае, непрыемнае. нясцерпнае). Стрываць боль. □ Як цяжка ні будзе, — стрываем. Радзіма, не зганьбім цябе! Астрэйка. Колькі перанесла .. [маці] гора — ні адна жывая душа не стрывала б. Ваданосаў. // без дап. (звычайна з адмоўем). Стрымацца, утрымацца ад чаго‑н. (ад якіх‑н. слоў, учынкаў). Хлопчык не стрываў і, калі дзядзька выйшаў з хаты, спытаўся ў бацькі, навошта той гаварыў гэтак з Анісімам. Сачанка. Ды так ужо казёл абрыдзеў сабаку сваім прыставаннем, што Жук аднойчы не стрываў ды хваць яго з будкі за бараду! Брыль. Смажыць. Даўно апаражнілі бутэлькі з вадой, што былі ў дзяўчат. Акцызнік не стрываў — сышоў да Парыпанавай студні. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хру́мстаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. што, чым і без дап. Есці або жаваць, утвараючы храбусткі гук. Людзі хрумсталі крамяныя яблыкі, мядовыя грушы. Жычка. Цімох жа сапраўды схапіў з талеркі [а]гурок і пачаў гучна хрумстаць і прычмокваць. Ваданосаў. / Пра жывёлу. Распрэжаныя коні хрумсталі сена. Гартны. Лось паслухаў, варухнуў галавою. Потым супакоіўся і ў цішыні ночы пачаў хрумстаць аўсом. Лупсякоў. Начлег... За рэчкай луг з духмянымі травамі, смачна хрумстаюць спутаныя коні. Васілеўская.
2. Утвараць хруст. А там, дзе хрумсталі сярпы, Вятрам адкрыты далі. Калачынскі. Чаравікі парудзелі, пад нагамі хрумсталі цвёрдыя тарфяныя грудкі. Грахоўскі. / Пра пыл, пясок і пад. [Дачка] піша: «Цяжка і горача, Хрумстае пыл на зубах». Панчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)