пранікнёны, ‑ая, ‑ае.

1. Якому ўласціва пранікнёнасць. — Толькі дайце дажыць у здароўі, — ужо зусім недарэчы фатальна закончыла няскладную, але пранікнёную прамову Волька. Васілевіч. У свой час, у бытнасць Шчакаціхіна студэнтам, новы выкладчык Сідараў прынёс у аўдыторыю непадкупную і пранікнёную адданасць самаму масаваму і надзённаму віду мастацтва — графіцы. Ліс.

2. Праніклівы, пільны, уважлівы. — Адкуль вы, таварыш? — Чалавек уважліва паглядзеў на мяне пранікнёнымі вачыма. П. Ткачоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раскашо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Тое, што і раскашавацца. Свет, у якім адзін чалавек мае магчымасць эксплуатаваць другога, свет, у якім адзінкі раскашоўваюцца на поце і крыві мільёнаў, павінен знікнуць, саступіць месца новаму свету, дзе расквітнее вольная праца .. людзей. «ЛіМ». Трэба людзям дуб ці якая жардзіна — усё сюды, у лясы пятроўскія, едуць. Там ужо і з хатамі не вельмі раскашоўваюцца: не разводзяць харомін. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рахава́ць, рахую, рахуеш, рахуе; незак.

Разм.

1. Рабіць разлікі, падлікі. — Ну, як жа, рахубу ад свайго інтэрасу маеш? — запытаўся .. [Кірыла] у Красуцкага. — Ды як вам Сказаць, дзядзька Кірыла, не рахаваў яшчэ. Скрыган.

2. Узважваць, прыкідваць, разлічваць. — Я думаю, таварышы ўпаўнаважаныя, што сёння мы не пойдзем ужо нікуды, а размяркуем нашы сілы, прыкінем, як і што будзем рабіць заўтра, — рахаваў гарбузаваты старшыня Лапухоўскага сельсавета Свірыд Лопух. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́спыт, ‑у, М ‑пыце, м.

1. Выпытванне ў каго‑н. чаго‑н. Роспыт свой вядзе натоўп Аб грыбной навуцы: — Дзе набралі? — Колькі коп? — Як грыбы завуцца?.. Калачынскі.

2. толькі мн. (ро́спыты, ‑аў). Пытанні з мэтай выведаць, выпытаць што‑н. Прыставаць з роспытамі. Надакучаць роспытамі. □ Ужо бацька Мікеле заходзіў аднаго разу да .. маці [Марыі] і пасля ўсякіх роспытаў пра здароўе, пра справы завёў і сур’ёзную гутарку. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ру́пны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і руплівы. «Такі ўжо рупны, — падумаў Бяньчук пра Васіля, — не паспеў адаспацца з дарогі і, глядзі, у заработках ужо». Гроднеў. Рупная пчала ўмее ў соты мёд сабраць і з горкіх кветак. Багдановіч. Рупная праца беларускіх перакладчыкаў.. добра сведчыць пра творчую сталасць нашай літаратуры. У. Калеснік. Дзякуй рупным рукам, што заўжды ў мазалях, без якіх каласам не звінець у палях! А. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рыжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

1. Станавіцца рыжым, рыжэйшым. Валасы рыжэюць. □ Лён ужо даўно адцвіў, зялёныя буйныя галоўкі пачыналі рыжэць, перашэптваліся на ветры. Гурскі. Заставалася яшчэ з паўгадзіны часу да заходу сонца, а сена было ўжо ўсё згрэбена і зложана ў копы, каб не рыжэла ад расы. Колас.

2. Вылучацца сваім рыжым колерам, віднецца (пра што‑н. рыжае). На высокіх узгорках рыжэла ржышча. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

састаўны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які складаецца з некалькіх частак, элементаў. Робяць.. [вудзільны] часцей за ўсё састаўнымі з 2–3 кален, змацаваных паміж сабой пры дапамозе латуневых або медных злучальных трубак. Матрунёнак. // У граматыцы — які складаецца са звязкі і іменнай часткі. Састаўны выказнік.

2. Які з’яўляецца часткай чаго‑н. Біч, састаўная частка цэпа, ужо выступае ў беларускіх гаворках пад рознымі назвамі, хоць і аднаго кораня. «Працы».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скарчане́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які азябнуў ад холаду; замерзлы. [Дзед] датыкаўся да шпалы скарчанелымі пальцамі, як граблямі. Пестрак.

2. Адубелы, застылы (пра труп). Калі ўзышло сонца,.. [Пацейчык] быў ужо скарчанелы, і мухі пачалі роіцца над яго страшным тварам. Чорны. // Адубелы; засохлы, закарэлы (пра рэчы). У курнай хаце мужык Падымаецца, .. Цягне лапці з палка Скарчанелыя. Купала. Цімох сядзеў на прыпеку. Выцягнуў з пячуркі скарчанелыя анучы, мяў іх і расціраў. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скрыль, ‑я, м.

Адрэзаны вялікі кусок чаго‑н. для яды. Гаспадыня ўжо завіхалася каля стала, на якім стаяла вялікая міска з буйнымі скрылямі ружаватага сала. Новікаў. Пасля, ужо дома, Алесь аберуч трымае зярніста-чырвоны кавуновы скрыль і есць яго — ажно за шыю пацякла. Брыль. // Адбіты, адламаны і пад. кавалак чаго‑н. І для машын няма цяпер спакою: Вывозяць снег, скрылі ільду, як шкло. Тармола.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стая́цца, стаіцца; безас. незак., каму (пераважна з адмоўем).

Пра жаданне або магчымасць стаяць, спыніцца на месцы, не рухацца. — Пойдзем на нашу паляну, пагаворым, — прапанаваў Кастусь, бачачы, што Зіне не стаіцца па месцы. Ваданосаў. Затрымайлаў, грузны, чырванашчокі і шыракаплечы чалавек гадоў пад сорак, ужо сядзеў у акаваным вазку і ледзь стрымліваў за лейцы маладую, бы паглянцаваную кабылу, якой ні хвіліначкі не стаялася ў аглоблях. Чыгрынаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)