Плянтава́ць ’разраўноўваць няроўнасці на сенажаці ці пашы’, ’вытоптваць, збіваць пасевы’ (дзярж., Нар. сл.), ’раўняць, расчышчаць’ (Сцяшк. Сл.), ’выкарчоўваць’ (даўг., Сл. ПЗБ), плян‑ тоўка ’поле на месцы расчышчала^ лесу’ (гродз., Мат. АС; Сцяшк. Сл.; Сцяшк. МГ), ’балотны луг’ (Касп.). З польск. plantować ’выраўноўваць паверхню грунту’, паводле Банькоўскага (2, 598), “штучны чыгуначны тэрмін”, магчыма, ад назвы planty ў Кракаве, пасаджанага на месцы зруйнаваць^ умацаванняў парку, ад лац. plantu ’расліна’, параўн. польск. plantować ’разводзіць экзатычныя расліны’, plantówka ’балотны луг, сена з якога можна збіраць толькі зімой’; Варш. сл. значэнне ’садзіць расліны’ выводзіць з франц. planier, якое з лац. plantare ’саджаць, высаджваць, засаджваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ры1 ’насілкі, на якіх носяць труну з нябожчыкам’ (Нас., Растарг., Зянк. 1, Власт, Некр.; віц., Шн.; паўн.-усх., КЭС; КЭС, лаг.; Мікуц.). Укр. ма́ри, рус. смал., кур., варон. мары, ст.-бел. мары ’тс’ (XV ст.), запазычана з польск. mary, якое са ст.-чэш. mary (спачатку páry) < с.-в.-ням. bāre > ням. Bahre (Карскі, Труды, 313; Брукнер, 324; Махэк₂, 352; Жураўскі, Бел. мова, 62; Булыка, Запазыч., 198). Сюды ж ма́ры ’прыстаўныя сценкі воза, выкарыстоўваемыя пры возцы сена, снапоў’ (Касп., красл., Сл. ПЗБ) і рус. кастр. ма́ра ’тс’ (Чартко, Бел. лінгв. зб., 151).

Ма́ры2 ’думкі, пажаданні’ (КЭС, лаг.). Да ма́ра (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

згрэ́бці і зграбці́, зграбу, зграбеш, зграбе; зграбём, зграбяце; пр. згроб, згрэбла і зграбла; згрэбла і зграбло; зак., каго-што.

1. Грабучы, сабраць у адно месца. Зграбці сена ў копы. Згрэбці вуголле ў кучу. // Грабучы, прыбраць адкуль‑н. Здавалася, што зусім нядаўна з гэтага шэрага току згрэблі салому, змялі збожжа і падрыхтавалі да новай малацьбы. Нядзведскі. Зваляць, бывала, луг у пракосы, сена зграбуць, а хмарка пакажацца — прыслухоўваюцца да далёкага грому людзі. Бялевіч.

2. Разм. Грабучы, скінуць адкуль‑н. Згрэбці снег са страхі. □ Я згроб камароў, што паналіпалі ў .. [каня] ля воч. Скрыган.

3. Хуткім махам, рухам узяць што‑н. у руку (у рукі); узяць сабе. [Ляснік] спыніўся, згроб шапку ў жменю і зрабіў нізкі, аж да самай зямлі, паклон. Лобан. Адам згроб гадзіннік, узняў яго над галавой і так бразнуў аб падлогу, што толькі розныя шасцяроначкі заскакалі па прахадной. Корбан. [Шандыбовіч] трапным рухам згроб пляшку і паклаў сабе ў кішэню. Кулакоўскі. // З сілаю схапіць, абхапіць каго‑н. З ціхім одумам прыпыніўся .. [Ладымер] пачакаць, пакуль унук падбяжыць да яго. А як падбег, ласкава згроб яго пад сваю лёгкую руку, і пайшлі яны гэтак абняўшыся. Чорны. // Арыштаваць, схапіць. Людвісю людаеды згрэблі, На смерць вядуць, яна ідзе Пад вербамі, па вузкай грэблі, Дзе азярцо, як майскі дзень. Пушча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

накры́ць, ‑крыю, ‑крыеш, ‑крые; зак., каго-што.

1. Пакрыць, закрыць каго‑, што‑н. зверху. Накрыць стол абрусам. Накрыць плечы хусткай. □ Нупрэй скінуў свой кажух, пакрыў Панаса і борздзенька кінуўся разуваць яго акрываўленую нагу. Колас. Жанчына накрыла скрынку посцілкай, прыкінула яе зверху саломай і тады змоўкла. Галавач. У гумне.. [Міхал] выцягнуў з-пад сена грошы, запакаваў у скрынку, шчыльна пакрыў зверху дошкай і хацеў забіць, але баяўся стуку. Чорны. // перан. Ахутаць, ахінуць (пра цемру, туман і пад.). Ноч.. нячутна накрыла ўсё навокал. Шыцік. // Цалкам пакрыць, закрыць сабою. Вадзік неасцярожна варухнуўся, і раптам лодка — р-раз! — перакулілася і накрыла яго з галавой. Гамолка.

2. Зрабіць дах, страху. З суседняй вёскі амаль штодня прыходзіць старэйшая дачка і просіць ад бацькі дапамогі: то накасіць сена, то хлеб абмалаціць, то хлеў накрыць. Шамякін. [Карней] хату пасля вайны перамшыў, нават шыферам пакрыў. Гроднеў.

3. Папасці ў цэль (пры артылерыйскім або мінамётным абстрэле ці бамбардзіроўцы); знішчыць. І вось браняпоезд залпамі сваёй артылерыі адразу пакрыў нямецкі штаб разам з бронемашынамі. Чорны. Над.. галовамі праляцеў з завываннем снарад, які пакрыў праціўніка. Гурскі.

4. перан. Разм. Злавіць, захапіць знянацку на месцы злачынства. [Агрыпіна:] — Нядаўна група нашай міліцыі накрыла бандытаў, захапіла аднаго ў палон. Пестрак. [Сарока:] — Накрылі банду, аднаму Хвядзьку толькі і ўдалося выслізнуць. Лобан.

•••

Накрыць (на) стол — падрыхтаваць стол для яды, паставіўшы прыборы, пасудак і інш.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́тнік 1, ‑у, м., зб.

Аднагадовыя дэкаратыўныя садовыя расліны. // Абл. Летняя садавіна. [Каліна:] — Пяцьдзесят гектараў саду. А які ўраджай! .. Летнік псуецца, гніе шмат. М. Ткачоў.

ле́тнік 2, ‑а, м.

Разм. Лёгкі летні пінжак або жакетка. На .. [хлопцу] шэры, з абвіслымі штрыфелямі летнік; сіняя кепка-васьміклінка з кароценькія брылём. Ракітны.

ле́тнік 3, ‑а, м.

Разм. Дарога, якой карыстаюцца толькі летам; проціл. зімнік. Адшукаў [Віця] знаёмы летнік — летнюю дарогу, па якой калгаснікі вазілі сена. Жычка. [Андрэй і Драбок] выехалі на ўзлессе, дзе дарога раздзялялася на дзве — адна, пратораная, вяла полем у вёску, а другая, ледзь прыкметны, заросшы травою летнік, бегла на Андрэеў хутар. Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прые́мнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць прыемнага. Прыйшоўшы назаўтра з работы, .. [кравец] гадзіны дзве адпачываў, адчуваючы пад сабою прыемнасць чыстай пасцелі. Чорны.

2. Пачуццё радасці, задавальнення ад чаго‑н. прыемнага. Там, на лузе, .. [Пятро] адчуў сябе ў бяспецы і з прыемнасцю пераначаваў у стозе сена. Шамякін. Міход паліваў пану каменданту над цэбрам, а той аж фыркаў ад прыемнасці. Сабаленка. [Гаспадары] з’елі яе ўдваіх, кусаючы, як згаварыўшыся, многа хлеба і мала каўбасы, каб надалей расцягнуць прыемнасць. Чорны.

3. Што‑н. прыемнае; тое, што прыносіць радасць, задавальненне. Зрабіць прыемнасць. □ [Вера:] — А што, непрыемнасці ў вас? — [Клопікаў:] — Ах, божа, божа! Якія ж могуць быць прыемнасцю ў нас пры нашай службе? Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазно́сіць, ‑зношу, ‑зносіш, ‑зносіць; зак., каго-што.

1. Знесці — пра ўсё, многае. Пазносіць каменне з поля. □ На гародзе была пакапана бульба, а на голым месцы, з якога пазносілі бульбоўнік на плот, ляжаў вялікі гарбуз. Чыгрынаў. // Знесці ў адно месца ўсіх, многіх або ўсё, многае. Прыйшла машына. У яе пазносілі раненых, і Івін паехаў у шпіталь. Алешка. Пчаляр пазносіў на зіму У сховішча ўсе вуллі. Корбан.

2. Спусціць уніз усё, многае. Пазносіць сена з вышак.

3. Сарваўшы, разбурыўшы, знесці з месца ўсё, многае. Пазносіць масты. □ [Язэп:] — Усё паламалі і пазносілі, каб іх хвароба паламала. Колас.

4. Пайшоўшы, узяць з сабой усё, многае. Пазносіць чужыя рэчы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

памо́ст, ‑у, М ‑сце, м.

1. Узвышэнне ў выглядзе пляцоўкі, насланай з дошак. Лектар стаяў на памосце, вакол яго т[о]ўпіліся густа сяляне. Чорны. Труна нябожчыка стаяла на высокім памосце, упрыгожаным яловымі лапкамі. Лынькоў. Музыкант сядзеў на невысокім памосце, быў немалады, апрануты ў паношаны шэры пінжак. Навуменка.

2. Тое, што і падлога. Кухня была прасторная і даволі светлая, з цагляным памостам. Колас. // Насціл з дошак наогул. У хляве на памосце валялася сена, сапрэлае, пацёртае. Пташнікаў. Стаяць халмагоркі, Крычаць певуны, Памост капытамі Сякуць скакуны. Калачынскі. Раздзеўся Паўлік каля моста, сышоў з грэбелькі, ступіў на памост і хацеў падысці да халодных струменьчыкаў. Сташэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

напо́ўніцца, ‑ніцца; зак.

1. Стаць поўным, запоўніцца да верху. Дарога стала слізкай, каляіны і лагчынкі напоўніліся вадой. Мележ. Калі коўш напоўніўся, высокі смуглы плавільшчык.. кінуў у коўш пакецік. Карпаў. // Насыціцца, запоўніцца (пахамі, водарам, гукамі і пад.). Цёплы пакой адразу напоўніўся пахамі саляркі, сена, жалеза, дрэва, аўчыны, снегу. Шамякін. Маўклівы цёмны лес раптам ажыў, напоўніўся шумам, трэскам сухога галля і зламаных дрэў. В. Вольскі.

2. перан. Стаць поўнасцю занятым якімі‑н. думкамі, пачуццямі і пад. Сэрца напоўнілася гонарам за сына. □ Саша пачырванела, і сэрца яе ўраз напоўнілася пяшчотай да гэтай добрай жанчыны. Шамякін. Адразу прапаў, развеяўся спакой, і душа напоўнілася трывогай. Шчарбатаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нара́, ‑ы; мн. норы, нор; ж.

Паглыбленне пад зямлёй, часта з некалькімі хадамі, якое вырыта жывёлінай і служыць ёй жыллём. Барсуковая нара. Мышыныя норы. □ [Ракі] мясціліся ў старых карчах, а то глыбока пад берагам, у спецыяльных норах-пячурках. Лынькоў. А нара мае два выхады: адзін наверх, а другі пад ваду. Маўр. // Ход ці паглыбленне, зробленае з якой‑н. мэтай. Саўка звярнуў з дарогі, пайшоў пад стог і спыніўся. Тут можна і адпачыць. Выскуб у стозе нару і зашыўся ў .. сена. Колас. // перан. Разм. Пра малое, цёмнае памяшканне, жыллё. [Гурын] амаль нікуды не вылазіць са сваёй нары — баіцца спаткацца з былымі таварышамі. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)