КЕ́ЛДЫШ Георгій (Юрый) Усеваладавіч (29 8.1907, С.-Пецярбург — 19.12.1995),

расійскі музыказнавец, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1966). Д-р мастацтвазнаўства (1947). Чл.-кар. Брытанскай акадэміі (1976). Брат М.У.Келдыша. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1930). З 1930 выкладчык Маскоўскай (з 1948 праф.) і Ленінградскай кансерваторый, працаваў у Ін-це гісторыі мастацтваў. З 1950 нам. дырэктара, у 1955—57 дырэктар Ленінградскага ін-та тэатра і музыкі. Асн. працы па гісторыі рус. музыкі 17—19 ст. Гал. рэд. «Музычнай энцыклапедыі» (т. 1—6, 1973—82), «Музычнага энцыклапедычнага слоўніка» (1990), «Гісторыі музыкі народаў СССР» (т. 1—5, 1970—74), «Помнікаў рускага музычнага мастацтва» (вып. 1—10, 1972—84) і інш. Дзярж. прэмія Расіі 1976.

Тв.:

Очерки и исследования по истории русской музыки. М., 1978;

История русской музыки: В 10 т. Т. 1—6. М., 1983—89 (т. 2—6 у сааўт.).

т. 8, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕЙН (Klein) Крысціян Фелікс (25.4.1849, г. Дзюсельдорф, Германія — 22.6.1925),

нямецкі матэматык. Чл.-кар. Берлінскай АН (1913), замежны чл. Пецярбургскай АН (1895). Скончыў Бонскі ун-т (1868). З 1872 праф. Эрлангенскага ун-та, з 1875 — Вышэйшай тэхн. школы ў Мюнхене, з 1880 — Лейпцыгскага, у 1886—1910 — Гётынгенскага ун-таў. Навук. працы па неэўклідавай геаметрыі, тэорыі неперарыўных груп, тэорыі алг. ураўненняў. У працы, вядомай як «эрлангенская праграма», любая геаметрыя абвяшчалася тэорыяй інварыянтаў асобай групы пераўтварэнняў: калі пашыраць ці звужаць групу, можна перайсці ад аднаго тыпу геаметрыі да другога. Тым самым К. паказаў поўную лагічную абгрунтаванасць геаметрыі Лабачэўскага. Выкарыстоўваў паняцце групы і да лінейных дыферэнцыяльных ураўненняў, да эліптычных і мадулярных функцый.

Тв.:

Рус. пер. — Неевклидова геометрия. М.; Л., 1936;

Лекции о развитии математики в XIX столетии. Ч. 1. М.; Л., 1937;

Высшая геометрия. М.; Л., 1939.

т. 8, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПРЫ́Н Аляксандр Васілевіч (22.3.1880, г. Барысаглебск Варонежскай вобл., Расія — 18.3.1960),

расійскі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1956). Чл.-кар. АМ СССР (1954). Вучыўся ў прыватных студыях у Пецярбургу і Маскве (1902—06), у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1906—10). Адзін з заснавальнікаў аб’яднання «Бубновы валет» (1910), чл. аб’яднання «Маскоўскія жывапісцы» (з 1925), Т-ва маск. мастакоў (з 1928). У 1918—52 выкладаў у Вышэйшых тэхн.маст. майстэрнях — Вышэйшым тэхн.маст. ін-це і інш. ін-тах. У 1910—20-я г. пад уплывам кубізму пісаў нацюрморты, у якіх дэкар. пачатак спалучаўся з вострааналітычным пранікненнем у натуру: «Нацюрморт з сінім падносам» (1914), «Нацюрморт са статуэткай» (1919), «Восеньскі букет» (1925) і інш. З канца 1920-х г. звярнуўся да пленэрнага жывапісу: «Таполя», «Бахчысарай. Поўдзень» (абодва 1927), «Беасальская даліна» (1937), «Дарога ў Беасалы» (1945—46) і інш.

Т.​В.​Пешына.

т. 9, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПЧЫ́НАЎ Барыс Іванавіч (н. 19.6.1935, Мінск),

бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства ў машынабудаванні. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1986), д-р тэхн. н. (1976), праф. (1989). Засл. вынаходнік Беларусі (1981). Сын І.І.Купчынава. Скончыў Бел. ін-т інжынераў чыг. транспарту (1959). З 1969 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм Нац. АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні трэння і зносу цвёрдых цел, фізіцы і механіцы кампазіцыйных матэрыялаў на аснове палімераў, трыбалогіі вадкіх крышталёў. Распрацаваў канстр.-тэхнал. параметры працэсу вытв-сці драўнінна-палімерных матэрыялаў, асновы новага павук. кірунку па стварэнні высокаэфектыўных вадкакрышт. змазачных матэрыялаў. Навук. адкрыццё ў галіне біятрыбалогіі (1984). Дзярж. прэмія БССР 1972.

Тв.:

Технология конструкционных материалов и изделий на основе измельченных отходов древесины. Мн., 1992 (разам з М.​В.​Немагаем, С.​Ф.​Мельнікавым);

Биотрибология синовиальных суставов. Мн., 1997 (разам з Я.​Дз.​Белаенкам, С.​Ф.​Ермаковым).

Б.І.Купчынаў.

т. 9, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПІНЬШ (Lapiņš),

Лапінь Артур (11.2.1911, с. Саты Тукумскага р-на, Латвія — 1983), латвійскі тэатр. мастак і мастацтвазнавец. Нар. мастак Латвіі (1954). Чл.-кар. АМ СССР (з 1970). Вучыўся ў Рызе ў Латвійскай АМ (1929—32). У 1940—41 гал. мастак Т-ра драмы Латвіі. З 1945 у Акад. т-ры оперы і балета Латвіі ў Рызе. Адначасова (да 1947) прарэктар Латв. АМ. Стварыў выразныя паводле колеравага і кампазіцыйнага вырашэння дэкарацыі да спектакляў у т-ры оперы і балета Латвіі: «Кармэн» Ж.​Бізэ (1945), «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1949), «Сакта свабоды» А.​Скултэ (1950), «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева (1961), «Валькірыя» Р.​Вагнера (1963), «Граў я, скакаў» І.​Калніньша (1977). Аўтар манаграфій пра класікаў лат. жывапісу А.​Алксніса, Я.​Валтэра, Ф.​Варславана, К.​Гуна, Я.​Розентала, Ю.​Федэра і інш. Дзярж. прэміі СССР 1950, 1951.

т. 9, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́БЕДЗЕВА Сара Дзмітрыеўна (23.12. 1892, С.-Пецярбург — 7.3.1967),

расійскі скульптар-партрэтыст. Засл. дз. маст. Расіі (1945). Чл.-кар. АМ СССР (1958). У 1910—15 вучылася ў майстэрні Л.​Шэрвуда і інш. З 1926 чл. Т-ва рус. скульптараў. У ранні перыяд зазнала ўплывы імпрэсіянізму і кубізму, з пач. 1920-х г. імкнулася да спалучэння рыс гэтых стыляў з рэаліст. трактоўкай вобраза (партрэты Ф.​Дзяржынскага, 1925; А.​Цюрупы, 1927). Творам 1920—30-х г. уласцівы востры псіхалагізм, пластычная спецыфіка індывід. аблічча мадэлі і жывапісна-дынамічная трактоўка матэрыялу з захаваннем эцюднай непасрэднасці (партрэты В.​Чкалава, 1936; С.​Міхоэлса, 1939). Аўтар партрэтаў А.​Твардоўскага (1943), У.​Татліна (1943—44), Б.​Пастарнака (1961—63) і інш., серый партрэтных статуэтак («Дзяўчынка з матыльком», 1936), фігурак для фарфору і фаянсу, эцюдаў аголенай натуры і інш.

Літ.:

Сарра Лебедева. М., 1973.

С.Лебедзева. Дзяўчынка з матыльком. 1936.

т. 9, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГІНАЎ Уладзімір Фёдаравіч (н. 8.3.1940, в. Зялёнаўка Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне геаграфіі і геафізікі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1994), д-р геагр. н. (1982), праф. (1989). Скончыў Ленінградскае вышэйшае інж. марское вучылішча (1963). З 1969 у Сібірскім ін-це зямнога магнетызму, іонасферы і распаўсюджвання радыёхваль Сібірскага аддзялення АН СССР. З 1973 заг. лабараторыі Усесаюзнага ін-та гідраметінфармацыі Сусв. цэнтра даных (Обнінск), з 1977 у Гал. геафіз. абсерваторыі (Ленінград) — заг. лабараторыі, нам. дырэктара. З 1990 у Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН Беларусі (нам. дырэктара, з 1997 дырэктар, заг. лабараторыі), адначасова заг. кафедры БДУ. Навук. працы па праблемах дыягназу і прагнозу клімату.

Тв.:

Вулканические извержения и климат. Л., 1984;

Причины и следствия климатических изменений. Мн., 1992;

Климат Беларуси. Мн., 1996 (у сааўт.).

У.Ф.Логінаў.

т. 9, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫЧ Генадзь Міхайлавіч (н. 25.2.1935, в. Магільна Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Акад. Нац. АН Беларусі (1991, чл.-кар. з 1986). Д-р эканам. н. (1973), праф. (1977). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Брат Л.М.Лыча. Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1958). У 1958—61 на Брэсцкай абл. с.-г. доследнай станцыі; з 1967 у Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, з 1977 у БелНДІ эканомікі і арг-цыі сельскай гаспадаркі (нам. дырэктара). З 1988 дырэктар Ін-та эканомікі і адначасова з 1992 акад.-сакратар Аддзялення гуманіт. навук Нац. АН Беларусі. Даследуе праблемы павышэння эканам. эфектыўнасці сельскай гаспадаркі, у т. л. меліярацыі, кіравання нар. гаспадаркай, эканам. суверэнітэту, міждзярж. эканам. інтэграцыі.

Тв.:

Размещение и специализация сельского хозяйства Белорусской ССР. Мн., 1986 (у сааўт.);

Экономическая эффективность сельскохозяйственного производства. Мн., 1988;

Эффективность использования производственных ресурсов. Мн., 1990.

т. 9, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКАЎ Даніла Аляксандравіч (13.1.1895, г. Расказава Тамбоўскай вобл., Расія — 23.12.1976),

бел. вучоны ў галіне неўрапаталогіі, фізіятэрапіі і курарталогіі. Акад. АН Беларусі (1940, чл.-кар. 1936), д-р мед. н. (1936), праф. (1931). Засл. дз. нав. Беларусі (1964). Скончыў Саратаўскі ун-т (1919). З 1926 у БДУ, у 1931—41 заг. кафедры Мінскага мед. ін-та. Адначасова ў 1929—41 і 1946—48 дырэктар Бел. НДІ фізіятэрапіі і неўралогіі, у 1947—73 заг. кафедры Бел. ін-та ўдасканалення ўрачоў. У 1950—76 заг. лабараторыі Ін-та фізіялогіі АН Беларусі. Навук. працы па ранняй функцыян. дыягностыцы, тонкай семіётыцы і патагенет. тэрапіі нерв. захворванняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1974.

Тв.:

Основы патогенетической терапии заболеваний нервной системы. Мн., 1964;

Общая терапия и профилактика заболеваний нервной системы. Мн., 1967;

Основы восстановительной терапии (медицинской реадаптации и реабилитации) заболеваний нервной системы. Мн., 1973.

Д.А.Маркаў.

т. 10, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛІКЕН (Millikan) Роберт Эндрус (22.3.1868, г. Морысан, штат Ілінойс, ЗША — 19.12.1953),

амерыканскі фізік-эксперыментатар. Чл. Нац. АН ЗША (1915). Замежны чл.-кар. АН СССР (1924). Вучыўся ў Калумбійскім і Чыкагскім ун-тах (д-р філасофіі, 1895). З 1896 у Чыкагскім ун-це (з 1910 праф.), у 1921—45 у Каліфарнійскім тэхнал. ін-це. Навук. працы па атамнай фізіцы, спектраскапіі і фізіцы касм. прамянёў. З вял. дакладнасцю вызначыў зарад электрона (1910—13), эксперыментальна праверыў квантавую тэорыю фотаэфекту і ўпершыню вызначыў пастаянную Планка (1914). Выканаў грунтоўныя даследаванні па высвятленні прыроды касм. прамянёў (1921—22). Адкрыў незалежна ад С.М.Вярнова шыротны эфект касм. прамянёў у стратасферы. Нобелеўская прэмія 1923.

Тв.:

Рус. пер. — Электроны (+ и -), протоны, фотоны, нейтроны и космические лучи. М.; Л., 1939.

Літ.:

Кудрявцев П.С. История физики. 2 изд. М., 1971. Т. 3. С. 121—126.

А.​І.​Болсун.

Р.Мілікен.

т. 10, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)