НАРАЧА́НСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1916,

наступальная аперацыя рас. войск 5, 1, 2 і 10-й армій 18—28 сак. ў раёне воз. Нарач у 1-ю сусв. вайну. На канферэнцыі дзяржаў Антанты ў Шантыйі (14.2.1916, Францыя) было дасягнута пагадненне пачаць наступленне супраць Германіі на Зах. фронце 1 ліп., а на Усх. (рас.) фронце — 15 чэрвеня. Аднак з-за цяжкага становішча франц. армій пад Вердэнам (гл. Вердэнская аперацыя 1916) рас. камандаванне па просьбе саюзнікаў вырашыла пачаць наступленне датэрмінова. Аперацыя праводзілася левым флангам Паўн. і правым флангам Зах. франтоў у раёне Дзвінск — воз. Нарач. Гал. ўдар наносіла 2-я рас. армія з мэтай прарваць фронт 2 групамі: 3 карпусы наступалі на Пн ад чыгункі Паставы—Свянцяны і 3 карпусы паміж азёрамі Нарач і Вішнеўскае. Часці 5-й арміі дзейнічалі ў раёне Дзвінска, 14-ы корпус 1-й арміі — у раёне Відзаў. 10-я армія вяла баі ў напрамку Крэва—Ашмяны. Войскі дзейнічалі ў час веснавога бездарожжа, разрознена, без агульнага ўзаемадзеяння. З-за недахопу цяжкай артылерыі і снарадаў да яе не было забяспечана падаўленне абароны праціўніка. У канцы сакавіка наступленне спынена з-за немагчымасці перамяшчэння войск у неспрыяльных умовах надвор’я. У выніку Н.а. рас. войскі атрымалі толькі мясц. поспех і панеслі вял. страты (толькі 2-я армія страціла каля 78,5 тыс. забітымі і параненымі). Аднак аперацыя аказала значную дапамогу саюзнікам, адцягнуўшы на сябе вял. частку войск праціўніка: 22—28 сак. наступленне немцаў на Вердэн аслабла, а потым спынілася.

М.​І.​Камінскі.

т. 11, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗДА́,

горад, цэнтр Уздзенскага р-на Мінскай вобл., на р. Уздзянка. За 74 км ад Мінска, 22 км ад чыг. ст. Негарэлае на лініі Мінск—Баранавічы; аўтадарогамі злучаны з Мінскам, Негарэлым, Нясвіжам, Капылём, Слуцкам. 9,6 тыс. ж. (2002).

Вядома з 1450 як двор Корсакаў у Мінскім пав. ВКЛ. З 16 ст. мястэчка Кавячынскіх, Завішаў, Красінскіх. У 1572 У. наведаў С.​Будны ў сувязі з выданнем Бібліі. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Ігуменскага пав. У 1798 пабудаваны касцёл, дзейнічала Уздзенская Петрапаўлаўская царква. У 1829—30 працавалі друкарня І.​Прэса, школа, 4 пач. навуч. ўстановы, піваварня, млын, аптэка, пошта, 30 крам, нядзельны кірмаш; у 1886 — школа, суконная ф-ка, 2 млыны, царква, касцёл, сінагога, 3 яўр. малітоўныя дамы, мячэць, бровар, піваварня, 24 крамы. У 1897 2,8 тыс. ж. З 1924 цэнтр Уздзенскага раёна, з 1938 гар. пасёлак, з 1999 горад. У 1939—3,5 тыс. ж. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты ва У. і раёне загубілі 5599 ж., дзейнічала Уздзенскае патрыятычнае падполле. Вызвалена 26.6.1944 партызанамі 300-й брыгады імя Варашылава, якія ўтрымлівалі У. да падыходу 4.7.1944 часцей 65-й арміі 1-га Бел. фронту. У 1962—66 у Дзяржынскім р-не.

Працуюць абутковае СП «Рэйліт», швейная ф-ка, з-ды малочны, хлебны, эксперыментальны бульбапрадуктаў. Уздзенскі гісторыка-краязнаўчы музей. Брацкая магіла партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнік партызанам — вызваліцелям У. Помнікі архітэктуры: касцёл 1-й пал. 19 ст., Петрапаўлаўская царква (1840), пахавальня канца 19 ст.

А.​М.​Папко.

Горад Узда. Жылыя дамы на вуліцы Савецкай.

т. 16, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галі на цяжкай індустрыі, на прадпрыемствах якой выкарыстоўваюць хім. метады перапрацоўкі сыравіны і матэрыялаў, атрымліваюць розную хім. прадукцыю (арган. і неарган. хімікаты, мінер. ўгнаенні і сыравіну для іх, фарбавальнікі, хім. валокны і інш.). Да Х.п. адносяцца: бытавой хіміі прамысловасць, лакафарбавая прамысловасць, сінтэтычных смол і пластычных мас прамысловасць, сінтэтычных фарбавальнікаў прамысловасць, хімічных валокнаў прамысловасць і інш.

Прадпрыемствы Х.п. з’явіліся ў 1-й пал. 18 ст. ў Вялікабрытаніі, Францыі і былі звязаны пераважна з вытв-сцю кіслот і соды. У 1-й пал. 19 ст. ў Вялікабрытаніі пачалі вырабляць штучныя ўгнаенні. У пач. 20 ст. наладжана вытв-сць пластмас і штучных валокнаў. Інтэнсіўнае развіццё Х.п. пачалося пасля 2-й сусв. вайны. Найб. развіта ў ЗША, Японіі, Германіі, Вялікабрытаніі, Расіі і інш.

На Беларусі ў пач. 20 ст. дзейнічалі невял. прадпрыемствы лесахіміі, па вырабе пакосту, метылавага спірту, каніфолі, шкіпінару і фарбаў. Асн. прадпрыемствы створаны ў 1960-я г. У 2000 працавала 70 прадпрыемстваў Х.п., найбуйнейшыя з іх: «Беларуськалій», Брэсцкі завод бытавой хіміі, Гомельскі хімічны завод, Гродзенскае вытворчае аб’яднанне «Азот», Лідскі лакафарбавы завод, Магілёўскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Палімір», Светлагорскае вытворчае аб’яднанне «Хімвалакно», сумеснае бел.-герм. прадпрыемства «Олі-Бела» і інш. Прадпрыемствы Х.п. ёсць у Пінску, Мазыры, Бабруйску, Барысаве, Кобрыне і інш. У 1995 выраблена мінер. угнаенняў 3345 тыс. т, сернай к-ты 437 тыс. т., сінт. мыйных сродкаў 4,8 тыс. т, у 2001 адпаведна 4379 тыс. т, 534 тыс. т, 8,3 тыс. т.

П.​І.​Рогач.

т. 17, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАПА́ЕЎ Васіль Іванавіч (9.2.1887, в. Будайка, цяпер у межах г. Чэбаксары Чувашскай Рэспублікі — 5.9.1919),

савецкі военачальнік. У 1-ю сусв. вайну на Паўд.-Зах. фронце, фельдфебель (1916); узнагароджаны 4 Георгіеўскімі крыжамі. Пасля ранення з вясны 1917 у запасных вайск. часцях. З 1917 чл. РСДРП(б). Са снеж. 1917 камандзір запаснога палка, са студз. 1918 ваен. камісар Нікалаеўскага пав. Саратаўскай губ. З мая 1918 камандзір пях. брыгады, з вер. нач. 2-й Нікалаеўскай дывізіі; вёў баі супраць уральскіх казакоў і часцей чэхаславацкага корпуса. У ліст. 1918 — студз. 1919 у Ваен. акадэміі Генштаба РСЧА, потым камандаваў Аляксандраўгайскай групай войск на Усх. фронце. З сак. 1919 нач. 25-й стралк. дывізіі, якая ў крас.—ліп. 1919 вызначылася ў баях супраць войск А.​В.​Калчака за гарады Бугуруслан, Белебей, Уфа, разблакіравала г. Уральск; узнагароджаны ордэнам Чырв. Сцяга (1919). Загінуў у баі ў час раптоўнага нападу праціўніка на штаб дывізіі ў Лбішчанску (цяпер г. Чапаеў, Казахстан) на р. Урал. Яго імя як таленавітага нар. палкаводца яшчэ пры жыцці было авеяна славай і легендамі. Папулярызацыі яго вобраза паспрыялі раман Дз.А.Фурманава «Чапаеў» (1923) і аднайм. маст. фільм (1934, рэж. Васільевы). Яму пастаўлены помнікі ў Самары, Чэбаксарах, Чапаеве. Імя Ч. было прысвоена 25-й стралк. дывізіі; на Беларусі названы вуліцы, калгасы і саўгасы; у яго гонар у гады Вял. Айч. вайны на Беларусі яго імя насілі 7 партыз. брыгад і дзесяткі атрадаў.

Літ.:

В.​И.​Чапаев. Чебоксары, 1979;

Легендарный начдив: Сб. док. Чебоксары, 1986.

М.​Г.​Нікіцін.

В.І.Чапаеў.

т. 17, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ме́шка 1 ’мешанка, корм’, мі́шанка, мі́шань ’тс’, ’трасянка’ (Сл. Брэс., Бяльк., Растарг.), укр. новамаск. мі́шка ’розныя гатунак сена’, ’сумесь жыта, ячменю’, рус. пск., смал., вяц., сіб. мешка ’сумесь з сена, саломы з вадой і вотруб’ем’. Да мяша́ць (гл.).

Мешка 2 ’непаваротлівы’ (ігн., Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (там жа, 3, 64), паходзіць з літ. meškà ’мядзведзь’. Перанос націску (!?). Параўн. таксама балг. ме́шко, мешко́ ’поўны, тоўсты чалавек’, бел. мешкава́ты, мяшкава́ты, мішкава́ты(й) ’нязграбны, непаваротлівы’ (ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ), якія разам з польск. Mieszko — імя караля, першага з дынастыі Пястаў, узыходзяць да балтыйскай першакрыніцы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сёй-той ‘некаторыя (нямногія) людзі’ (ТСБМ). Спалучэнне ўказальных займеннікаў, што ўзыходзяць да *sь (гл. сей) і *tъ (гл. той). Сёй з сей пад уплывам той, з якім звычайна спалучаецца ў сказе, у тым ліку і ў самастойным ужыванні (Карскі 2–3, 342), аналагічна сёе‑тое ‘нямногае, нешта, некаторыя рэчы’ (ТСБМ), сёя‑тоя ‘што-небудзь’ (Сл. ПЗБ), параўн. i siòje, i tòje (Федар. 4), сё й то (ТС), але сей год, да сего́ дажыўся (Ян.). Пераход е > ё тлумачаць уздзеяннем націску (гл. ESSJ SG, 2, 618), параўн. аднак ні сёго́ ні того́ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́ташні ‘тутэйшы’ (ТСБМ, Нас., Касп., Сцяшк., Растарг.; в.-дзв., рагач., Сл. ПЗБ), тутэшній, ту́тышній, туто́шній, ту́тъшні(й) ‘тс’ (Шымк. Собр.; мёрск., Нар. сл.; в.-дзв., рагач., б.-каш., добр., гарад., ЛА, 3, Бяльк., Юрч. СНЛ), тутэ́шні, тутэ́шны ‘тс’ (Нас.; клім., полац., брэсц., ЛА, 3, ТС), ст.-бел. тутошний, тутошны, тутошный ‘мясцовы, характэрны для гэтай мясцовасці’, туточный ‘які знаходзіцца тут’, тутешній, тутечный ‘тс’ (ГСБМ). Відаць, утворана ад тутачы (гл.), магчыма, пад уплывам ст.-польск. tuteczny ‘тс’, пра што сведчаць формы з націскам на ту́‑, якія маглі ўтварыцца незалежна ад польскай лексемы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЕСЕМЕ́РАЎСКІ ПРАЦЭ́С,

адзін з відаў атрымання сталі з вадкага чыгуну. У спец. (бесемераўскім) канвертары чыгун ператвараецца ў сталь у выніку акіслення прымесяў (крэмнію, марганцу, вугляроду), што суправаджаецца выдзяленнем цяпла. Прапанаваны ў 1856 Г.Бесемерам. У 2-й пал. 20 ст. заменены больш дасканалым кіслародна-канвертарным працэсам.

т. 3, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛКАМ (Welkom),

горад у цэнтр. ч. ПАР, у правінцыі Аранжавая Рэспубліка. Каля 200 тыс. ж. (1990). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Аэрапорт. Цэнтр золата- і ураназдабыўнога раёна, з асваеннем якога пасля 2-й сусв. вайны звязана ўзнікненне горада. Хім. прам-сць. Тэхнал. ін-т і каледж.

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГО́Р’ЕЎ Даніла, разьбяр па дрэве 2-й пал. 17 ст. Родам з Віцебска. Вучань Іпаліта (Старца). Працаваў у Маскоўскай Аружэйнай палаце. Рабіў іканастасы, клірасы, куфры, шафы, цацкі для царэвічаў. Разам з Я.​Анціп’евым і Я.​Юр’евым упрыгожыў гербамі і «рознымі вуглавымі слупкамі» царскую карэту.

т. 5, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)