Надары́цца ’выдацца, трапіцца’ (ТСБМ). Запазычана з польск. nadarzyć się ’тс’, пра што сведчыць адсутнасць слова ў народных гаворках, ізаляваны характар у лексіконе літаратурнай мовы (гл., аднак, зда́рыцца, якое па тых жа меркаваннях таксама можа быць аднесена да запазычання), а таксама месца націску ў слове.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
◎ Накалпа́к ’вузлом на патыліцы (пра манеру завязваць хустку)’ (Сцяшк. Сл., маладз., Янк. Мат.), нъкалпык ’тс’ (міёр., Нар. сл.), накалпа́к ’абы-як (завязваць хустку)’ (Жд. 2). Да каўпак ’высокая шапка’ (гл.), захаванне л пасля галоснага сведчыць аб параўнальна новым запазычанні з цюрк. (крым.- тат.?) kalpak ’шапка’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Літарату́ра ’сукупнасць твораў пісьменства народа’, ’від мастацтва — стварэнне вобразаў пры дапамозе мовы, слова’, ’сукупнасць друкаваных твораў адной галіны ведаў’ (ТСБМ), літэратура (Яруш.). З польск. literatura < лац. litterātūra ’пісьмовы тэкст, навука пра мову, адукацыя, навука, пісьменства’ < littera. Крукоўскі (Уплыў, 85) крыніцай запазычання лічыць рус. мову.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Га́блі ’вілкі з тупымі зубамі для насыпання бульбы’ (КЭС), ’вілы з густа пастаўленымі зубамі’ (Сцяшк.), укр. га́блі, ка́блі ’вілы з трыма зубамі’. Першакрыніцай з’яўляецца ням. Gabel ’тс’. Рудніцкі (778) прымае для ўкр. непасрэднае запазычанне з ням., а Шалудзька (Нім., 28) мяркуе пра пасрэдніцтва польск. gabel.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Аста́віць ’пакінуць’. (Яруш., КТС). Слова вядомае ў стараславянскіх тэкстах (оставити) было значна пашырана ў старарускай, адзначаецца не толькі ў рускай, але і ва ўкраінскай мове, таму думка пра ўжыванне слова як вынік рускага ўплыву ў Купалы (Ванковіч дыс.) патрабуе абгрунтавання. Утворана з прэфіксальнага о‑ + ставити.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Атво́ная ’пакатая, спадзістая (пра страху)’ (Інстр. II). Рус. дыял. отвон(н)ый ’знешні’, ’пакаты, спадзісты’. Для значэння ’знешні’ слова этымалагізуецца лёгка, з тым самым вон‑, што ў вон‑кавы: з от + вън‑ьн‑ыи. Далейшае — перанос значэння на ’спадзісты’ звязаны, відаць, са стратай унутранай формы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Барава́я: б. зямля ’ўрадлівая зямля’ (Шчарб.). Прыметнік баравы́ (ад *borъ ’бор’, гл.). У розных слав. мовах у залежнасці ад характару рэльефу гэты прыметнік азначае або дрэнную, або ўрадлівую зямлю. Рознае значэнне можа быць нават у блізкіх дыялектах. Падрабязна пра гэтую сітуацыю гл. Талстой, Геогр., 41.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Булава́ ’булава’ (БРС), ’булдавешка’ (Сцяшк. МГ). Рус. булава́, укр. булава́, польск. buława. Фасмер (1, 237) лічыць, што гэта вытворнае ад слав. *bula ’гуз, шышка, булдавешка’. Слаўскі (50) думае пра запазычанне. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Б, 221. Сюды і була́ўка ’біч у цэпе’ (ДАБМ, 828).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Пералёк ’пярэпалах’: захварэў од паралёку ’пярэпалах’ (брэсц., ЛА, 3), пералёкі ’перапуд’ (Нас.), смал. перелёк ’перапалох’. Гл. пераля́к (< прасл. *per‑lękъ): мена я (< ę) > ё вядомая і ў іншых гаворках: ст.-дар. ад ізлёку, талач. ату лёку, добр. ад улёку — пра гэта гл. Карскі, 1, 99.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Перачу́ць, перэчуць ’дачуцца’ (ТС). Укр. перечу́ти ’тс’, перечу́тися ’дайсці весткам, быць пачутым’, польск. przeczuć ’прадчуваць, прадказваць’, рус. перечу́ть, перечу́ять, перечува́ть ’перанюхаць’, ’пачуць (усё); даведацца праз каго-небудзь’. Відаць, з *pro‑čuti. Параўн. аналагічна рус. про‑слышать. У такім выпадку — да пра- і чуць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)