каэфіцые́нт, ‑а, М ‑нце, м.
1. Лікавы (або літарны) множнік у алгебраічным выразе. // Лік, на які трэба памножыць якую‑н. велічыню, каб атрымаць велічыню, патрэбную пры даных умовах.
2. Велічыня, якая колькасна вызначае якую-небудзь уласцівасць фізічнага цела. Каэфіцыент трэння. Каэфіцыент расшырэння. Каэфіцыент цеплаправоднасці.
•••
Каэфіцыент карыснага дзеяння (ккдз) — адносіны колькасці карыснай работы, выкананай якім‑н. механізмам, да колькасці скарыстанай ім энергіі.
[Ад лац. coefficiens, coefficientis — які ўтварае.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
маёнткавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да маёнтка. [Алесь:] — За гэтай чарговай мерай мы адменім прыгон. Магчыма, праз год. І не так, як у праектах, а з зямлёй. Паступова падзелім усіх, не толькі сялян, а і беззямельную шляхту, раздаўшы большасць маёнткавай зямлі. Караткевіч. Прыйшлі маёнткавыя чалавек шэсць з крукамі і сякерамі і расцягнулі па бервяну хату. Чорны.
2. Які валодае маёнткам. Маёнткавая шляхта.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мармуро́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мармуру. Мармуровае радовішча. Мармуровыя работы. // Зроблены з мармуру. Цагліны, як у казцы, самі клаліся адна на другую, а ўслед за гэтым прыгожыя ўзоры з мармуровых плітак пакрывалі сцены. Шахавец.
2. перан. Падобны на мармур; белы, гладкі. Мармуровы твар. □ Мармуровыя званочкі ландыша цягнуцца да сонца, сумна праводзячы яго, недаступнае і ні разу не ўбачанае. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ма́тавы 1, ‑ая, ‑ае.
1. Без глянцу, без бляску. Матавая фотапапера. // Роўны, без румянцу (пра колер твару). Ад чарнаты барады матавы твар рэдактара прымае шэрае адценне. Бядуля. // Няяркі, мяккі. Месячык заліваў матавым святлом бяскрайнюю прастору поля. Шамякін.
2. Паўпразрысты. Недарагая люстра з матавымі абажурчыкамі залівала пакой роўным, мяккім святлом. Карпаў.
ма́тавы 2, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мата 1. Матавая пазіцыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
межавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які ўстанаўлівае, абазначае мяжу паміж чым‑н. Межавы знак. Межавы капец. □ Паўз дарогу бялелі каморніцкія тычкі і межавыя слупы. Чорны. // Такі, у якім вызначаны межы, граніцы якіх‑н. зямельных ўчасткаў. Межавыя кнігі.
2. Які мае адносіны да межавання, прызначаны для межавання. Межавая інструкцыя. Межавы ланцуг.
3. у знач. наз. межавы́, ‑ога, м. Спецыяліст па межаванню; межавік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падазро́насць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць і стан падазронага. Падазронасць учынку. Падазронасць паводзін. □ Пакуль.. [сястра] калола ў руку хворага, ён .. поўнымі падазронасці вочкамі сачыў за яе рухамі. Быкаў.
2. Падазроныя адносіны да каго‑, чаго‑н., недаверлівасць. [Гарасім] пачаў з недаверам і падазронасцю ставіцца да сваіх братоў-арандатараў. Чарнышэвіч.
3. Тое, што і падазрэнне (у 1 знач.). Дзедаў адказ адвёў падазронасць ад яго асобы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
патру́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да патруля. Патрульная служба. Патрульны абход. // Які выконвае абавязкі патруля, знаходзіцца ў патрулі. Патрульны самалёт. Патрульны салдат. □ Непадалёк, за эстакадай прайшло ваеннае патрульнае судна берагавой аховы. Лынькоў. // у знач. наз. патру́льны, ‑ага, м. Пра чалавека. З жыта выйшаў патрульны: — Адкуль? — У мяне ён пытае, — З Мінска... Куляшоў. Па насыпе прайшла паволі група патрульных. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падрыўны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да падрыву, узрывання. Падрыўныя работы. □ [Віктар] вывучаў падрыўную справу, авалодваў усімі відамі зброі, пазнаваў тайны разведкі ў тылу ворага. Шчарбатаў. // Які робіць падрывы, узрывы. Іван Груздовіч, былы настаўнік і камандзір падрыўной групы партызанскага атрада, загінуў смерцю героя вясной сорак трэцяга года. Шамякін.
2. перан. Накіраваны на падрыў чаго‑н.; шкодніцкі. Падрыўная дзейнасць імперыялістычных разведак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пажа́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да пажару. Пажарны дым. Пажарная каланча. // Прызначаны для тушэння пажару. Пажарная каманда. Пажарная машына. □ [Варанецкі] выбег на вуліцу і з ходу ўсчапіўся на пажарную бочку, якую коні імчалі міма варот. Дуброўскі. // Абсталяваны ўсім неабходным для тушэння пажару. Пажарны двор. Пажарная часць.
2. у знач. наз. пажа́рны, ‑ага, м. Работнік пажарнай каманды.
•••
Пажарнае дэпо гл. дэпо.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насце́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сцяны. Бетоннаму заводу трэба было выпусціць першую партыю жалезабетонных вырабаў для чыгуначнай эстакады і насценныя блокі. «Маладосць». // Прызначаны, прыстасаваны вісець на сцяне. Насценны каляндар. Насценны гадзіннік. // Змешчаны ў сцяне. Адчыніў [Вася] насценную шафу, яшчэ раз агледзеў форменны кіцель, штаны і чыстую паласатую цяльняшку. Краўчанка.
2. Які выкананы на сцяне. Насценны жывапіс.
•••
Насценная газета гл. газета.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)