па́шча, ‑ы, ж.

Рот звера, рыбы. Кракадзіл задрыгаў целам і зрабіўся нерухомы .. з нагою хлопчыка ў пашчы. Маўр. На паперы з’яўляецца воўк — пашча ашчэрана, хіб натапыраны, хвост як палена. Васілевіч. Сабака кінуўся на .. [Сцёпку], ашчэрыўшы ікластую пашчу. Хомчанка. // Разм. зневаж. Вялікі і непрыгожы рот чалавека. І сала і хлеб прападалі ў пашчы Касперыча. Колас. // перан. Цёмнае паглыбленне ў чым‑н. Электраплавільная печ прыняла метал, і Міхал сам, замест падручнага, узяўся кідаць у яе вогненную пашчу стальныя брыкеты. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ранжы́р, ‑у, м.

1. Парадак людзей у страі па росту. На стрэльбішча ідзем строем, па ранжыру. Жычка. Падышоўшы да бацькавага двара, я ўгледзеў, як бы выстраеных па ранжыру, мачыху, Насцечку, Алеся і меншых хлопцаў. Сабаленка.

2. перан. Пэўны парадак у чым‑н. [Міхал:] — Усё пад службовы ранжыр выраўнена. За прапорцыямі не пазнаеш і сам сябе. Карпаў.

•••

Пад адзін ранжыр — залічыць у адну катэгорыю, паставіць у аднолькавае становішча.

Па ранжыру, пад ранжыр — у парадку значнасці, важнасці і пад.

[Ад фр. ranger — выстройвацца.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

распе́трыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Разм. Разбіць ушчэнт; размесці. Мы клялі вас тады, Мінеральныя Воды І абвеяны снегам Суровы Каўказ, — Белы гад нас прыціснуў Крыжовым паходам І распетрылі чэрці нас. Шмат загінула там, Каля ног Машука. Броўка. Як рэкі развіваюць зім кайданы, распетрым ворага над Сожам. Вялюгін. // Развеяць, раскідаць. У такія хвіліны [Глушак] думаў пра Нохіма як разумнейшы: «.. Распетрыў са страху ўсё сам, гатовы развеяць усё да пушынкі, а як вернецца добры час — дзе яго, тваё, сабярэш?» Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самадзе́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які дзейнічае актыўна сам, па асабістаму пачыну; заснаваны на самастойнай ініцыятыву. Самадзейны характар піянерскай арганізацыі. Самадзейнае жыццё насельніцтва горада. □ Самадзейным спосабам узведзен і цэлы пасёлак з васьмі драўляных дамоў. «Звязда».

2. Які мае адносіны да самадзейнасці (у 2 знач.); які ўдзельнічае ў самадзейнасці. Самадзейнае мастацтва. Самадзейны хор. □ Я даўно не бачыў на самадзейнай сцэне такой лёгкасці і грацыёзнасці. Кулакоўскі. Маладыя лейтэнант проста шалелі, выклікаючы на сцэну на дзіва прыгожую самадзейную артыстку. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сімвалі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяшчае ў сабе сімвал; сімвалізуе што‑н. Сімвалічны знак. Сімвалічны вобраз. □ Ужо сам загаловак «Новае рэчышча» сімвалічны. Гіст. бел. сав. літ. На вокладцы кнігі М. Гамолкі «Дзень добры, школа!» намалявана амаль сімвалічная сцэна. Шкраба. // Які сведчыць пра наяўнасць сімвала ў чым‑н. Глыбокі сімвалічны сэнс набывае фінал паэмы. Івашын.

2. Умоўны. Але невялікі, хутчэй за ўсё сімвалічны ганарар у «Першай беларускай», я ўпэўнены, ніхто б не прамяняў на зарплату за якую іншую працу. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ста́цца, станецца; зак.

Адбыцца, здарыцца. І тут сталася нечаканае. Без папярэдняга стуку адчыніліся дзверы з сяней, і каля парога з’явіўся сам пан кіраўнік. Брыль. / у безас. ужыв. Вось-вось, думаем, пачнецца бура... Гэтак і сталася. Чарот. // Разм. Зрабіцца, стаць. Ён успомніў Сымона Тургая і запавет Галубовіча. Гэты запавет і стаўся асноваю жыцця і дзейнасці Андрэя Лабановіча ў далейшым вандраванні па новых дарогах. Колас. Памочнік рамшчыка мог стацца начальнікам адказнейшага цэха і раскрыць ва ўсёй шырыні свой арганізатарскі талент. Таўлай.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страфа́, ы́; мн. стро́фы (з ліч. 2, 3, 4 страфы́), строф; ж.

У вершаскладанні — інтанацыйна-сэнсавае аб’яднанне некалькіх вершаваных радкоў, звязаных рыфмамі ці клаўзуламі. Байка [Багушэвіча] складаецца з чатырохрадковых строф з перакрыжаванай рыфмоўкай. Казека. // Адносна закончаная частка вершаванага твора. Я ні сабе, ні другу дараваць Больш не магу страфы ніводнай дрэннай. Панчанка. І Сцёпка стаў сам дэкламаваць некаторыя строфы, адступаючы ад тэксту. Колас. Строфы Купалы даводзілася сустракаць нават на сценах камер многіх астрогаў, куды толькі траплялі беларускія рэвалюцыянер ы. Таўлай.

[Грэч. strophē — кружэнне, абарот.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тыпіза́цыя, ‑і, ж.

1. Спец. Распрацоўка тыпавых канструкцый або тэхналагічных працэсаў на аснове агульных для шэрага вырабаў (працэсаў) тэхнічных характарыстык, што з’яўляецца адным з метадаў стандартызацыі. Тыпізацыя і стандартызацыя аб’ектаў будаўніцтва.

2. Спец. Класіфікацыя па тыпах (у 1 знач.). Тыпізацыя азёр.

3. У мастацтве — адбор тыповага і ўвасабленне ў канкрэтных мастацкіх вобразах, фермах. Прыёмы тыпізацыі ў паэзіі Куляшова. □ Сам працэс тыпізацыі зводзіцца да таго, каб праз адзінкавае і індывідуальнае ўзысці да агульнага, пазнаць агульныя заканамернасці. Івашын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ука́з, ‑а, м.

Пастанова, распараджэнне вышэйшага органа ўлады, якія маюць сілу закона; дэкрэт. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. □ На .. вечары быў зачытаны ўказ аб узнагародзе жанчын .. [Кавалёвай] падалі годнасць Героя Сацыялістычнай Працы. Дуброўскі. // Разм. Наказ. Расці Для шчасця На зямлі — Такі вялікі ўказ Дало жыццё нам, І яму Мы верылі спаўна. Кірэенка.

•••

Не ўказ каму — не можа служыць падставай, указаннем каму‑н., што і як трэба рабіць. Сам ведаю, што раблю. І ты мне не ўказ, — агрызаецца Лявон. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уну́к, ‑а, м.

1. Сын дачкі або сына. Вестка — унук нарадзіўся — прыйшла. От жа сэрца і рвецца: Як там? Што там у іх? Каб магла, Паляцела б, здаецца... Гілевіч.

2. толькі мн. (уну́кі, ‑аў). Нашчадкі. Хто высаджваў ля бруку Сотні дрэўцаў густых? — Мы, Мічурына ўнукі, Тут вырошчваем іх. Нядзведскі. — Трэба, .. каб гэтую казку [пра прыгажуню-Алёну] заўсёды памяталі нашы дзеці і ўнукі, каб яны мацней любілі і бераглі тое, што ёсць у іх, — нібы гаворачы сам з сабою, пачаў Рыгор Васільевіч. Грахоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)