хто, каго́, каму́, каго́, кім, (аб) кім, займ.

1. пыт. Абазначае агульнае пытанне аб жывых істотах і пра стан каго-н.

Хто ідзе? Хто гэта? Каго ты прывёў?

2. Ужыв. ў знач. вылучальных або ўказальных займеннікаў: «каторы», «той».

Мала хто ўмеў так бегаць.

Многа зробіць, хто рана ўстане.

3. неазнач. Хто-небудзь, хтосьці (разм.).

Каб хто чуў, што ён гаварыў.

4. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы.

У таго добрыя вынікі, хто стараецца працаваць.

5. адносны. Падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы (пераважна пры наяўнасці ў галоўным сказе суадноснага слова «той»).

Хто пытае — той не блудзіць (прыказка). Хто сам на працы гарыць, той і людзям свеціць (прыказка).

6. адносны. Падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы; па знач. адпавядае слову «каторы».

Сабраліся ўсе тыя, хто разам ваяваў.

7. адносны. У спалучэнні з часціцай «ні» пачынае даданы ўступальны сказ.

Мы яго чакаем, хто б ён ні быў.

8. Ужыв. ў размеркавальным знач. пры супастаўленні членаў сказа і сказаў у знач.: «адно..., другое».

Хто спаў, а хто чытаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)