САМО́ЙЛА (Уладзімір Іванавіч) (29.1.1878, Мінск — 1941),
бел. публіцыст, літ. крытык, філосаф. Скончыў Петраградскі ун-т (1916). Удзельнічаў у бел. літ.-грамадскім руху ў Мінску, адзін з заснавальнікаў кніжнага т-ва «Мінчук» (1906). Пры садзейнічанні С. ў газ. «Северо-Западный край» (28.5.1905) надрукаваны на бел. мове верш Я.Купалы «Мужык» — першае выступленне паэта ў друку. У газ. «Минский курьер» (1908) актуалізаваў пытанні асветы нар. мас, неабходнасць бел. школы. Выступаў з арт. пра творчасць Г.Ібсена, А.Блока, Л.Андрэева. З 1918 жыў у Вільні, працаваў выкладчыкам у гімназіях, актыўна супрацоўнічаў у віленскай прэсе. У 1923—27 адзін з вядучых публіцыстаў зах.-бел. перыяд. друку вызв. кірунку. Выступаў па пытаннях грамадска-паліт. жыцця і вызв. руху: філас. эсэ «Гэтым пераможаш!» (1923), «Які «самаўрад» гатуе беларускаму народу Польская рэспубліка?» (1924), «Новы» і «найноўшы» курс польскай палітыкі ў беларускай справе» (1932) і інш. У рэцэнзіях і артыкулах пра зах.-бел. л-ру вітаў ідэйныя, маст., жанравыя пошукі пісьменнікаў, разглядаў здабыткі л-ры ў святле росту гіст. і паліт. свядомасці народа. Асн. публікацыі 1930-х г. (пад псеўд. Ул.Чэмер, Ул.С., С.) датычылі помнікаў стараж. л-ры, пытанняў гісторыі бел. мастацтва, музыкі. Для лепшых публікацый С. характэрны шырокі праблемны падыход да з’яў, глыбокая, дасведчаная трактоўка пытання, ярка выражаны публіцыст. стыль.
Тв.:
У кн.: Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978;
У кн.: Беларуская думка XX ст. Варшава, 1998.
Літ.:
Александровіч С.Х. Уладзімір Самойла — даследчык паэзіі Янкі Купалы // Песні беларускай валадар. Мн., 1981;
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985;
Калинкович Н. Как дань глубокого уважения... // Нёман. 1979. № 11.
А.С.Ліс.
т. 14, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРХІ́Ў ФЮР СЛА́ВІШЭ ФІЛАЛАГІ́»
(«Archiw für slavische Philologie», «Архіў славянскай філалогіі»),
адзін з першых славістычных часопісаў. Выдаваўся ў 1876—1929 у Берліне на ням. мове. Выйшлі 42 тамы. Заснавальнік і першы рэдактар В.Ягіч. Узняў славістыку да ўзроўню міжнар. навукі. Знаёміў вучоных Зах. Еўропы са слав. культурамі, у т. л. беларускай. Змясціў больш за 20 публікацый па беларусістыцы, у т. л. «Беларускі Codex miscellaneus з бібліятэкі графа Рачынскага ў Познані» (т. 9), «Сляды кувады на Беларусі» Ягіча (т. 9), «Польска-рускія інтэрмедыі XVII ст.» А.Брукнера (т. 13), «Новыя славянскія зборнікі казак» І.Паліўкі (т. 19). На старонках часопіса рэцэнзаваліся амаль усе значныя выданні па бел. фальклоры канца 19 — пач. 20 ст., многія даследаванні па бел. мове. Публікацыі абуджалі цікавасць да культуры бел. народа, спрыялі развіццю даследаванняў па бел. праблематыцы.
У.Л.Сакалоўскі.
т. 1, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ СЕ́КЦЫЯ ПРЫ ГО́МЕЛЬСКІМ ГУБЕ́РНСКІМ АДДЗЕ́ЛЕ НАРО́ДНАЙ АСВЕ́ТЫ.
Існавала ў 1921—27. Падпарадкоўвалася Беларускаму цэнтральнаму бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР у Маскве. Задачы: арганізацыя і забеспячэнне вучэбнай л-рай школ і культ.-асв. устаноў для бел. насельніцтва Гомельскай губ., падрыхтоўка настаўніцкіх кадраў. У студз. 1922 секцыя была скасавана губ. ўладамі, у 1923 адноўлена Наркаматам асветы РСФСР. З лета 1923 пад кіраўніцтвам секцыі працавала 6 бел. школ, з вясны 1926 ёй падначалена 96 бел. школ розных ступеняў, 75 пунктаў па ліквідацыі непісьменнасці, 5 хат-чытальняў. Супрацоўнікі секцыі арганізавалі бел. хары і драм. трупы ў Гомелі і Магілёве. У маі 1926 секцыя правяла губ. канферэнцыю настаўнікаў-беларусаў, на якой абмеркаваны пытанні развіцця школьнай сеткі і пашырэння беларусізацыі на Гомельшчыне. Супрацоўнічала з Гомельскай філіяй літ. аб’яднання «Маладняк». Спыніла дзейнасць у сувязі з далучэннем Гомельскай губ. да БССР.
т. 2, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РГМАН (Аляксандра Рыгораўна) (дзявочае Кучкоўская; парт. псеўд. Зіна, Стаха, Малеўская; н. 1.5.1906, Гродна),
дзеяч рэв. і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, гісторык, публіцыст. Чл. КПЗБ з 1925. Працавала сакратаром падп. акр. к-таў КСМЗБ у Гродне, Вільні, Брэсце, Баранавічах, Беластоку. Дэлегат I з’езда КПЗБ (1928). З 1931 чл. Краявога Сакратарыята ДК КПЗБ. З 1934 у СССР. У 1935 рэпрэсіравана. З 1946 у Польшчы. Рэабілітавана ў 1956. Даследуе гісторыю КПЗБ, Бел. рэв. арг-цыі, Бел. сялянска-работніцкую грамаду, Бел. навук. т-ва ў Вільні, перыяд. друк. Аўтар манаграфій, артыкулаў, нарысаў пра дзеячаў КПЗБ і нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, яўр. пісьменнікаў і журналістаў — ураджэнцаў Беларусі.
Тв.:
Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu. Warszawa, 1977;
Sprawy białoruskie w II Reczypospolitej. Warszawa, 1984;
Бел. пер. — Слова пра Браніслава Тарашкевіча: Гіст. жыццяпіс. Мн., 1996.
А.С.Ліс.
т. 3, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТА́ЦЫ (Ніна Барысаўна) (н. 14.5.1908, г. Цэсіс, Латвія),
бел. бібліёграф, літаратуразнавец. Засл. дз. культуры Беларусі (1963). Скончыла БДУ (1930). У 1930—92 працавала ў Нац. б-цы Беларусі (з 1945 — гал. бібліёграф аддзела бел. л-ры і бібліяграфіі). Складальнік фундаментальных бібліягр. паказальнікаў асобных выданняў бел. маст. л-ры, літ.-знаўства і крытыкі. Унікальны па шырыні зафіксаваных звестак даведнік «Беларуская савецкая драматургія, 1917—1965» (1967). Склала бібліягр. даведнікі па творчасці Я.Купалы, Я.Коласа, К.Чорнага, К.Крапівы, П.Труса, І.Шамякіна, П.Панчанкі і інш. бел. пісьменнікаў. Даследуе жыццё і творчасць М.Багдановіча: склала літ. альбом пра яго жыццё і творчасць (1968, разам з А.Лойкам), зборнік успамінаў і біягр. матэрыялаў «Шлях паэта» (1975), бібліягр. паказальнік твораў, аўтографаў і крытычнай л-ры «Максім Багдановіч» (1977).
Тв.:
Песня Максіма. Мн., 1981;
Шляхі. Мн., 1986.
т. 4, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕНІСЕ́ВІЧ (Уладзімір Лук’янавіч) (н. 15.2.1936, в. Заполле Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Д-р с.-г. н. (1993), праф. (1996). Скончыў Гродзенскі с.-г. ін-т (1959). З 1973 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі (адначасова з 1996 у Бел. с.-г. акадэміі). Навук. працы па расплоджванні і селекцыі с.-г. жывёлы, папуляцыйнай генетыцы і бялковым полімарфізме жывёл, гетэрозісе ў жывёлагадоўлі. Адзін з аўтараў бел. чорна-пярэстай пароды свіней.
Тв.:
Состояние гаптоглобинового (Нр) локуса и продуктивность свиней белорусской черно-пестрой породы // Материалы XVI-й международной конференции по группам крови и биохимическому полиморфизму животных. Т. 3. Л., 1979;
Направление племенной работы со свиньями белорусской чернопестрой породы (разам з Г.К.Валаховіч) // Государственная книга племенных свиней черно-пестрой породы. Мн., 1990. Т. 3;
Вкусовые качества мяса молодых свиней // Зоотехническая наука Беларуси: Сб. ст. Мн., 1996. Т. 32.
т. 6, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
З’ЕЗД БЕЛАРУ́СКІХ ДЭЛЕГА́ТАЎ ВІ́ЛЕНШЧЫНЫ І ГРО́ДЗЕНШЧЫНЫ.
Адбыўся 9—10.6.1919 у Вільні. Скліканы па ініцыятыве паланафільскай групы бел. паліт. дзеячаў на чале з Б.А.Тарашкевічам. Прысутнічала 125 дэлегатаў, большасць з іх члены Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Асн. даклады: аб кааперацыі (К.С.Дуж-Душэўскі), аб стане і неадкладных задачах бел. асветы (М.С.Кахановіч), аб выдавецкай дзейнасці (Я.Станкевіч). З’езд пацвердзіў вернасць ідэалам незалежнай і непадзельнай Беларусі, выказаў поўны давер ураду БНР, прызнаў пажаданым дзярж. саюз з Літвой. У прынятай дэкларацыі асудзіў акупацыю Беларусі Польшчай, заклікаў да стварэння працоўных валасных, пав. і губ. рад. Прыняў рэзалюцыі аб стварэнні бел. войска, аб арганізацыі настаўніцкіх курсаў у Вільні і Гродне, абмеркаваў пытанні пра беларусізацыю царквы і касцёла на Беларусі, пра дапамогу пацярпелым ад вайны. Выбраў Цэнтральную беларускую раду Віленшчыны і Гродзеншчыны, прыняў пастанову пра скліканне Рады БНР.
А.С.Ліс.
т. 7, с. 50
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРУГ БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ ПРАСВЕ́ТЫ І КУЛЬТУ́РЫ»
(«Круг беларускі»),
культурна-асветная арг-цыя ў Пецярбургу ў 1902—04. У яе ўваходзілі В.Л.Іваноўскі, браты І.І.Луцкевіч і А.І.Луцкевіч, бел. студэнты ВНУ Пецярбурга. Друкавала і распаўсюджвала бел. выданні, у т. л. тыя, што выдаваліся за мяжой. Займалася пошукам сродкаў для выдання бел. л-ры; фінансавую і інш. падтрымку арг-цыі аказвалі браты К. і А.Кастравіцкія. Мела цесныя сувязі з прыхільнікамі бел. кнігі ў Варшаве і Кракаве. Выдала паэтычны зб. «Вязанка» Я.Лучыны (1903, у цэнзуру быў прадстаўлены як напісаны на балг. мове), на гектографе — зб. «Калядная пісанка на 1904 год» і «Велікодная пісанка» (1904). У 1902 чл. арг-цыі спрабавалі выдаць нелегальную газ. «Свабода».
Літ.:
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;
Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982;
Turonek J. Wacław Iwanowski i odrodzenie Bialorusi. Warszawa, 1992.
У.Г.Філякоў.
т. 8, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРДЗЯНО́К (Зінаіда Валянцінаўна) (21.3.1915, г. Віцебск — 1.9.1985),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1976). Скончыла Бел. студыю пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе (1937). Працавала ў Бел. т-ры юнага гледача (1937—41), Брэсцкім абл. драм. т-ры (1944—76). Выконвала ролі травесці, драм. і вострахарактарныя. Яе работы вызначаліся дэталёвай распрацоўкай сцэн. характараў, падкрэсленай тэатральнасцю формы. Сярод лепшых роляў: у Бел. т-ры юнага гледача — Маруся Гарбацэвіч («Блакітнае і ружовае» А.Бруштэйн), Першы сын караля («Цудоўная дудка» В.Вольскага); у Брэсцкім драм. т-ры — Марыя Васілеўна («Усяго адно жыццё» А.Маўзона), Круціцкая («Не было ні граша, ды раптам шастак» А.Астроўскага), Акуліна Іванаўна («Мяшчане» М.Горкага), мадам Абломак («Юнацтва бацькоў» Б.Гарбатава), Старухна («Праз сто гадоў у бярозавым гаі» В.Карастылёва), Баба Яга («Два клёны» Я.Шварца), місіс Пэдзі («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка).
Р.І.Баравік.
т. 9, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЧЫ́НСКІ (Валерый Аляксандравіч) (н. 23.2.1947, г. Мікалаеў, Украіна),
бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1974). Скончыў Бел. кансерваторыю (1970). З 1967 саліст Ансамбля песні і танца БВА, у 1970—73 і 1976—79 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1973—76 у Бел. філармоніі, у 1979—82 у Ансамблі песні і танца Паўн. групы войск (Польшча), з 1983 саліст Белтэлерадыёкампаніі. Сярод оперных партый: Максім («Зорка Венера» Ю.Семянякі), Ад аўтара («Джардана Бруна» С.Картэса), Анегін, Ялецкі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Малатэста («Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Жэрмон («Травіята» Дж.Вердзі). У канцэртным рэпертуары камерная лірыка, песні бел. кампазітараў. Лаўрэат IV Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.Глінкі (1968), IV Міжнар. конкурсу імя Чайкоўскага (1970), Усесаюзнага конкурсу сав. песні (Мінск, 1972), IV Міжнар. конкурсу артыстаў эстрады (1974). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1972.
Г.М.Загародні.
т. 9, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)