ДО́МБСКІ ((Dąbski) Ян) (4.4.1880, с. Кукізава Львоўскай вобл., Украіна — 5.6.1931),

польскі паліт. дзеяч, журналіст. У 1-ю сусв. вайну ў польскіх легіёнах. У 1919—30 пасол польскага сейма. У 1920—21 нам. міністра замежных спраў Польшчы, старшыня польскай дэлегацыі на мірных рус.-ўкр.-польскіх перагаворах у Мінску і Рызе. 18.3.1921 падпісаў з польскага боку Рыжскі мірны дагавор 1921, паводле якога Зах. Беларусь адыходзіла да Польшчы. Адзін з лідэраў Польскай нар. партыі «Вызволене». Аўтар успамінаў.

У.​М.​Міхнюк.

т. 6, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОПШ ((Dopsch) Альфонс) (14.6.1868, г. Ловасіцы, Чэхія — 1.9.1953),

аўстрыйскі гісторык. Праф. Венскага ун-та (1900—38). Аўтар прац «Эканамічнае развіццё ў эпоху Каралінгаў, галоўным чынам у Германіі» (т. 1—2, 1912—13), «Эканамічныя і сацыяльныя асновы культурнага развіцця Еўропы ад часоў Цэзара да Карла Вялікага» (т. 1—2, 1918—20), «Натуральная гаспадарка і грашовая эканоміка ў сусветнай гісторыі» (1930), «Улада і селянін у часы Германскай імперыі» (1939) і інш., у якіх сцвярджаў бесперапыннасць гіст. працэсу ад антычнасці да сярэдневякоўя.

т. 6, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАНЬКО́-МАЙСЮ́К (Леанід Васілевіч) (н. 10.10.1957, г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1982). З 1982 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1972. Першы зб. паэзіі «Вандроўнік» (1983). Аўтар зб. вершаў «Над пляцам» (1986), вершаў, паэм, эсэ «Тут» (1990), «Акропаль» (1994), прозы «Пра тое, як я...» (1992). Распрацоўвае тэмы творчасці, працы, кахання. Асобныя вершы пакладзены на музыку.

Тв.:

Стомленасць Парыжам: Вершы і эсэ. Мн., 1995.

т. 6, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЗЕЛ, Вісель (Wisel) Элі (н. 30.9.1928, г. Сігету-Мармацыей, Румынія), амерыканскі грамадскі дзеяч, пісьменнік. Праф. іудаістыкі Сіці-каледжа ў Нью-Йорку (з 1972). Скончыў Сарбону. У 2-ю сусв. вайну вязень канцлагераў Асвенцім, Бухенвальд. З 1956 у ЗША. Піша пераважна па-французску. Большая ч. яго твораў («І свет маўчаў», 1956; «Дзень», 1961; «Песня мёртвых», 1966 і інш.) звязана з тэмай катастрофы еўрап. яўрэйства. Аўтар тэрміна «халакост» (татальнае знішчэнне яўрэяў у 2-ю сусв. вайну). Нобелеўская прэмія міру 1986.

Э.Візел.

т. 4, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАН (Ікума) (н. 7.4.1924, Токіо),

японскі кампазітар. Скончыў Такійскую школу музыкі (1945; цяпер Такійскі ун-т прыгожых мастацтваў і музыкі). У 1947—50 выкладаў у Такійскай кансерваторыі. У 1953 арганізаваў авангардысцкі гурток «Група трох» (з Я.​Акутагава і Т.Маюдзумі). Працуе практычна ва ўсіх муз. жанрах. Сярод твораў: 4 оперы, найб. папулярная «Юдзуру» («Жураўліныя пёры»; паст. 1952), балет, кантаты, 5 сімфоній (1950—65), concerto grosso, камерна-інстр. творы, хары, вак. цыклы, песні і інш. Аўтар муз.-крытычных прац.

т. 6, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАШКЕ́ВІЧ (Мікалай Паўлавіч) (16.8.1852, в. Бяжоў, Жытомірская вобл., Украіна — 2.2.1908),

украінскі і расійскі гісторык і літаратуразнавец; прадстаўнік культ.-гіст. школы і параўнальна-гіст. метаду ў літаратуразнаўстве. Акад. Пецярб. АН (з 1907). Скончыў Кіеўскі ун-т (1873), потым прафесар у ім. Даследаваў гісторыю Паўд. Расіі і ВКЛ, у т. л. Беларусі. Удакладніў храналогію некат. падзей, асветленых у Галіцка-Валынскім летапісе, выказаў здагадку, што летапісная Літва знаходзілася ў вярхоўі Нёмана. Аўтар прац пра рус. былінны эпас, творчасць рус. і ўкр. пісьменнікаў.

т. 6, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСУ́МАЎ (Імран Ашум аглы) (25.9.1918, Баку — 20.4.1981),

азербайджанскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Азербайджана (1979). Першы значны твор — кінасцэнарый «Падземны гул» (1937) прысвечаны геолагам-нафтавікам. Аўтар п’ес «Мара» (1938), «Мора любіць адважных» (1954), «Шырэй круг» (1954), аповесці «На дальніх берагах» (1954), рамана «Гады праходзяць» (1973, з Г.​Сеідбейлі). Сцэнарыст маст.-дакументальных кінафільмаў «Аповесць пра нафтавікоў Каспія» і «Пакарыцелі мора» (Ленінская прэмія 1961). На бел. мову асобныя творы К. пераклаў М.​Ткачоў.

Тв.:

Рус. пер. — Высокое назначение: Публицистика разных лет. М., 1979.

т. 8, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАХНО́ (Ігар Паўлавіч) (30.7.1930, г. Гомель — 19.4.1988),

бел. літаратуразнавец, крытык. Д-р філал. н. (1982), праф. (1983). Скончыў Навазыбкаўскі пед. ін-т (1952). Працаваў у Сакратарыяце праўлення СП СССР (1955—56); выкладаў у Карэльскім пед. ін-це (г. Петразаводск, 1956—66). З 1966 у БДУ. Даследаваў рус. класічную і сав. паэзію, філасофію, гісторыю і тэорыю л-ры. Аўтар прац пра творчасць А.​В.​Луначарскага, Дз.​Фурманава, А.​Твардоўскага і інш.

Тв.:

Черты портрета. Мн., 1972.

Л.​С.​Савік.

т. 8, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕМА́Л ХУДЖАНДЗІ́ (сапр. Камаладдзін ібн Масуд; ?, г. Худжанд, Таджыкістан — паміж 1391 і 1400),

таджыкскі паэт. Вучыўся ў Самаркандзе і Ташкенце. Аўтар дывана (зб-ка вершаў, складзеных па пэўнай кананічнай схеме), які ўключаў 14 тыс. бейтаў (двухрадкоўяў), захаваліся каля 8 тыс. бейтаў. У вершах матывы асуджэння беднасці, скаргі на адзіноту ў чужыне, крытыка духавенства з пазіцый суфізму. Важнае месца займала тэма кахання. Вершы стылістычна простыя з уласцівай ім каламбурнай рыфмоўкай, багатай аманіміяй.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения. Душанбе. 1958.

т. 8, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЛАЎ (Герман Іларыёнавіч) (н. 15.12.1937, г.п. Шаркаўшчына Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1959). Працаваў на Віцебшчыне ў перыяд. друку, з 1976 уласны карэспандэнт абл. газ. «Віцебскі рабочы» ў Полацку. Друкуецца з 1974. У творах — роздум сучасніка над складанымі праблемамі жыцця, тэма Вял. Айч. вайны: раман «Пах жыта» (1989), аповесць «Сонца тваіх вачэй» (1981), апавяданні «Без крыўды ў сэрцы», «Татава пілотка», «Адажыо» і інш. Аўтар п’есы «У ноч напрадвесні» (1974), нарысаў, гумарэсак.

Тв.:

Падлётак: Апавяданні. Мн., 1983.

т. 8, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)