люк, ‑а, м.

1. Адтуліна (звычайна з векам) для пранікнення ўнутр або на паверхню чаго‑н. Каналізацыйны люк. □ Быстроў, адчыніўшы люк, забраўся ў машыну. Мележ. Праз другі ход, праз люк у столі над кухняй .. [Зося] прынесла прасціну, падушку, коўдру. Шамякін.

2. Тое, што і амбразура (у 1 знач.). Пасажырскі «дуглас» быў пераабсталяваны на ваенны лад. Наверсе зрабілі вежу.. Уздоўж бартоў — люкі для кулямётаў. Новікаў.

3. Адтуліна ў сценках машын, труб (для загрузкі або разгрузкі чаго‑н., асвятлення і пад.). Люк для засыпання хімікатаў.

[Гал. luik.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дзеравя́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм.

1. Невялікі кавалак дрэва; драўляная частка чаго‑н. Глуха ляпаюць адна аб адну дзеравяшкі прыкладаў. Паўлаў.

2. Штучная драўляная нага. Вунь ідзе дзядзька Пракоп на дзеравяшцы... Па ўезджанай коўзкай саннай дарозе ён неяк смешна ступае. Сабаленка. У вялікім утульным крэслі драмаў вартаўнік — яшчэ не стары чалавек з дзеравяшкаю, прывязанаю да калена. Грахоўскі.

3. мн. (дзеравя́шкі, ‑шак). Абутак на драўлянай падэшве. Алёша стаў на лавачку, разуўшыся: кінуў дзеравяшкі пад прызбу. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карані́цца, ‑ніцца; незак.

1. Пускаць карані, урастаць каранямі. Дрэва галініцца і караніцца.

2. Мець сваёй асновай, прычынай што‑н.; адбывацца, здарацца ад чаго‑н. Іменна такія бязвольныя чалавечкі, баязліўцы, абывацелі — тая пажыўная глеба, у якой караняцца воўчыя грыбы накшталт Дзерваеда. «ЛіМ». Ці гэта быў вынік звычайнага крызісу, нярэдка характэрнага маладосці пад час выбару шляху, ці прычыны караніліся ў нечым іншым, цяжка сказаць. Ліс.

3. Моцна трымацца, знаходзіцца ў кім‑, чым‑н. Моцна каранілася ў свядомасці людзей думка аб немагчымасці барацьбы з балотамі. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каўзану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм.

1. Аднакр. да коўзацца.

2. Рухаючыся, злёгку дакрануцца, датыкнуцца да каго‑, чаго‑н.; слізгануць. Рука каўзанулася па мокрым, слізкім каўняры... Галавач.

3. Хутка з’ехаць, саслізнуць куды‑н. Разам з лавінай абломкаў скалы Сяргей каўзануўся некуды ўніз, ледзь паспеўшы скурчыцца і ўтуліць галаву між каленяў. Шыцік.

4. Прабегчы, праслізнуць, не затрымліваючыся на паверхні чаго‑н. (пра святло, позірк і пад.). Па столі зноў каўзанулася жоўта-белае святло, і вочы ў Ледзі палыхнулі зеленаватым агнём. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

набо́р, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. набіраць — набраць (у 3–5 знач.).

2. Сукупнасць прадметаў аднолькавага прызначэння. Набор хірургічных інструментаў. Туалетны набор. // Група вучняў, студэнтаў і пад. аднаго году паступлення. У інстытут прыйшоў новы набор.

3. Сукупнасць металічных літар, якія перадаюць які‑н. тэкст. Рассыпаць набор. □ Бацька і сын Воранавы часткамі пераносілі набор да сябе на кватэру, якая знаходзілася на Шорнай вуліцы. Пятніцкі.

4. Аздабленні з металічных прадметаў на вупражы, рэмені і г. д.

•••

Набор слоў — спалучэнне слоў без усякага сэнсу; бяссэнсіца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нацкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго на каго-што, з дадан. сказам і без дап.

1. Падахвоціць сабак да нападу на каго‑н. Нацкаваць зграю сабак на воўка. □ — Ты чаго? — прыўстаў Юрка. — На мяне Сцёпа Палкана нацкаваў... — усхліпваючы, прашаптаў Рыгорка. — Ледзь не парваў мяне... Курто.

2. перан. Разм. Падбухторыць да якіх‑н. варожых дзеянняў супроць каго‑н. Пан староста Наўроцкі, вядома, не ўспомніў, што нядаўна ксяндзы нацкавалі асаднікаў і мясцовую шляхту, каб адабраць царкву пад касцёл у адной вёсцы. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ненадзе́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, якому нельга верыць, даверыцца; на якога нельга спадзявацца. Ненадзейная ахова. □ Кватэру Качаноў Антохін добра ведаў, і пакідаць там раненага падпольшчыка было небяспечна.. Ён моцна стагнаў, а за сцяной жыла ненадзейная суседка. Новікаў. Васіль уводзіў Вадзягіну ў вушы, што Саўка самы ненадзейны [стараста]. Федасеенка.

2. Які выклікае апасенне сваёй якасцю, трываласцю і пад. Ненадзейныя ўмацаванні. □ Пасля таго, як партызаны разведалі ўчастак, гітлераўцы падкінулі туды ў падмацаванне пяхоту з мінамётамі і некалькі танцаў. Яны ўзмацнілі ненадзейныя для іх пазіцыі. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падчы́сціць, ‑чышчу, ‑чысціш, ‑чысціць; зак., што.

1. Зрабіць больш чыстым; прывесці ў парадак. Гулка забубнілі па зямлі раптоўныя ліўні; яны то аціхалі, то наляталі зноў і ўсё абмылі, усё падчысцілі, сагналі мутнымі пераваламі з двароў і палеткаў бруд, трэскі, салому. Лужанін. Падчысціць бы.. [рэчы], падрамантаваць, дык і пайшлі б у ход. Кулакоўскі.

2. Сцерці, саскрэбці (напісанае, надрукаванае).

3. Разм. Усё дачыста, без астатку забраць, з’есці і пад. [Маці:] — А ў каморцы і мышам ужо няма чаго есці — надоечы я ўсё да апошняй крупінкі падчысціла. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

па́лены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад паліць ​1 (у 2 знач.).

2. у знач. прым. Абпалены. Паленая вапна. □ У даляглядзе пад яркім сонцам горы колеру паленай цэглы лезуць адна на адну. Бядуля.

3. у знач. прым. Які апаліўся, падгарэў. Запахла паленай збажыной, полымя абняла палову палёгка, пакідаючы чорныя прагаліны. Гурскі. Ад гарачыні з буракоў пацёк на цэглу сок, і ў хаце доўга пахла паленым цукрам. Пальчэўскі. / у знач. наз. па́ленае, ‑ага, н. Узляцеў фантан іскраў, засмярдзела паленым. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прадста́віцца, ‑стаўлюся, ‑ставішся, ‑ставіцца; зак.

1. Назваць сябе, знаёмячыся з кім‑н.; адрэкамендавацца. Лёня прадставіўся старшаму: — Падпалкоўнік дзяржаўнай бяспекі Бурцаў... Новікаў. — Пахвальна, пахвальна, — застаўся задаволены яе адказам дзядок і прадставіўся Рыце: — А я вось калгасны аграном. Васілевіч.

2. З’явіцца, паўстаць, паказацца. Вачам прадставілася непрыглядная мешаніна [нагрувашчаных] адна на другую рэчаў. Гартны.

3. Уявіцца, паказацца. Саўкавы словы, яго паводзіны і намер прадставіліся цяпер у іншым асвятленні. Колас.

4. (са словамі «выпадак», «магчымасць» і пад.). Узнікнуць, з’явіцца. Тут зноў прадставіўся Сцёпку выпадак паказаць сваю вучонасць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)