род папарацепадобных раслін сям. вужоўнікавых. Каля 45 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ў тропіках. На Беларусі зрэдку трапляецца вужоўнік звычайны (Ophioglossum vulgatum), расце на вільготных лясных лугах, палянах і ўзлесках.
Невял. шматгадовыя раўнаспоравыя наземныя травяністыя расліны з кароткім слабым карэнішчам і 1—2 лістамі, кожны з якіх складаецца з 2 сегментаў: стэрыльнага (плоскага нерасчлянёнага яйца- ці ланцэтападобнага або лінейнага) і цэласнага сцеблападобнага спараноснага; некаторыя трапічныя віды — эпіфіты з лістамі даўж. да 2—4 м. На спараносным сегменце ўтвараецца пляскаты каласок з 2 радамі спарангіяў. Гаметафіт двухполы, цыліндрычны, падземны, шматгадовы (расце 10—20 гадоў). Спарангіі адчыняюцца папярочнай шчылінай. Спараносіць у ліп.—жніўні. Для вужоўніка характэрна аблігатная эндатрофная мікарыза. На каранях утвараюцца вывадковыя пупышкі, што служаць для вегетатыўнага размнажэння. Лек. расліны, асобныя віды выкарыстоўваюцца ў нар. медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫГО́ЎСКІ (Іван Яўстахавіч) (? — 26.3.1664),
гетман Украіны. Служыў у польск. войску, у бітве пад Жоўтымі Водамі (1648) трапіў у тат. палон, з якога выкуплены Б.Хмяльніцкім. Быў у апошняга генеральным вайск. пісарам. Пасля смерці Хмяльніцкага выбраны гетманам Украіны (1657—59). Арыентаваўся на збліжэнне з Польшчай, рыхтаваў план сумеснай з палякамі барацьбы супраць маскоўскага войска. Падпісаў Гадзяцкі дагавор 1658, паводле якога Украіна на федэратыўных асновах зноў уваходзіла ў Польскае каралеўства. Паводле ўмоў пагаднення, гетман павінен быў вызваліць ад казакоў тэр.Беларусі. Летам 1659 Выгоўскі пры падтрымцы польск. войска і татар разграміў пад Канатопам буйныя сілы рус. ваяводы А.Трубяцкога. Большасць казакоў была незадаволена палітыкай Выгоўскага, супраць яго выбухнула паўстанне на чале з І.Багуном і інш. Выгоўскі ўцёк у Польшчу, адмовіўшыся ад гетманства. Расстраляны ў выніку інтрыг гетмана Правабярэжнай Украіны П.Цяцеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЫЗВОЛЕ́НЕ»
(«Wyzwolenie»),
Польская народная партыя «Вызваленне», дробнабуржуазная партыя ў Польшчы ў 1915—31. Мела значны ўплыў на сялян Зах.Беларусі. Яе лідэры: К.Багінскі, Я.Домбскі, Т.Начніцкі, С.Асецкі, Ю.Панятоўскі, С.Тугут. Радыкальная частка «Вызволеня» ў 1922—23 выдавала ў Вільні газ. «Wyzwolenie Ludu» («Вызваленне народа»). З дапамогай радыкальных праграм яна аб’яднала вакол сябе частку сярэдніх і дробных сялян. Кіраўніцтва партыі займала згодніцкія пазіцыі, але пад націскам радавых членаў «Вызволеня» стала ў апазіцыю да ўрада Пілсудскага. У 1924 з яе вылучылася левае крыло на чале з пасламі сейма А.Фідаркевічам, С.Ваявудскім, С.Баліным, якое стала асновай Незалежнай сялянскай партыі. У 1931 «Вызволене» аб’ядналася з партыяй «Пяст» і Сял. партыяй у Польскую нар. партыю, якая адстойвала інтарэсы заможных сялян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (ВА),
звяно арганізацыйна-вытв. структуры гаспадаркі; вытворча-гасп. комплекс. У склад яго ўваходзяць з-ды, ф-кі, асобныя цэхі і інш.вытв. адзінкі, а таксама н.-д. і канструктарскія ўстановы. У аснове фарміравання вытворчага аб’яднання — тэхнал. агульнасць працэсаў і аднароднасць прадукцыі, устойлівыя сувязі па каапераванні вытв-сці, камбінаванне вытв-сці і комплексная перапрацоўка сыравіны.
Да пач. 1990-х г. у прам-сці Беларусі было 220 вытв. і навук.-вытв. аб’яднанняў, тут працавала каля 64% усіх занятых у прам-сці і выпускалася больш як 2/3 агульнага аб’ёму прамысл. прадукцыі. З фарміраваннем рыначнай эканомікі многія вытворчыя аб’яднанні распаліся, на іх месцы ўзніклі арэндныя, калектыўныя і сумесныя прадпрыемствы, некаторыя ўвайшлі ў акц. т-вы, канцэрны, асацыяцыі, карпарацыі і інш. ўнутрырэсп. і міждзярж. (транснацыянальныя) структурныя фарміраванні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫШЭ́ЙШАЕ ПАЧАТКО́ВАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА,
навучальная ўстанова ў Рас. імперыі ў пач. 20 ст. Вышэйшыя пачатковыя вучылішчы былі створаны паводле Палажэння ад 25.6.1912 замест 3- і 4-класных гар. вучылішчаў. Складаліся з 4 класаў з гадавым курсам у кожным. Былі мужчынскія, жаночыя і мяшаныя. У іх прымалі дзяцей сярэдніх слаёў гар. і сельскага насельніцтва ва ўзросце 10—13 гадоў. Навучанне пераважна платнае. Вывучалі: Закон Божы, рус. мову і славеснасць, арыфметыку, асновы алгебры і геаметрыі, геаграфію, гісторыю Расіі са звесткамі па ўсеаг. гісторыі, прыродазнаўства, фізіку, маляванне, чарчэнне, фіз. практыкаванні, рамёствы, замежную мову. Пры вучылішчах часам былі дадатковыя класы або курсы з 1—2-гадовым тэрмінам навучання: пед., с.-г., рамесныя, бухгалтарскія і інш. У 5 губернях Беларусі ў 1915 было 121 вышэйшае пачатковае вучылішча. Скасаваны ў 1918.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБЛЮ́ДКА (Corispermum),
род кветкавых раслін сям. лебядовых. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе і Азіі, некат. віды — у Паўн. Амерыцы. На Беларусі зрэдку трапляюцца 4 віды (некат. з іх занесеныя): вярблюдка Маршала (Corispermum marschallii); адхіленая, або звіслая (Corispermum decliatum); ісопалістая (Corispermum hyssopifolium); танкакрылая (Corispermum leptopterum). Растуць пераважна на прырэчных пясках, каля дарог, па кар’ерах.
Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 10—60 см з моцна разгалінаваным сцяблом (ёсць шарападобныя формы тыпу «перакаці-поле»). Лісце суцэльнае, чаргаванае, вузкалінейнае. Кветкі двухполыя, вельмі дробныя, сядзяць у пазухах лісця па адной і сабраны на канцах галінак у шчыльныя коласападобныя суквецці. Плод — пляскаты, лінзападобны, па краі часта крылаты, арэшак. Кармавыя (некат. віды добра паядаюцца вярблюдамі, авечкамі і козамі) расліны, прыдатныя для замацавання пяскоў; некат. віды — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСЛЯ́РНЫ СЛА́ЛАМ, водны слалам,
адзін з водных відаў спорту; праходжанне на байдарках і каноэ спец. трасы з кантрольнымі варотамі на скорасць і дакладнасць. Спаборніцтвы праводзяцца для лодак-адзіночак і двоек, трасы рыхтуюць на раўнінных ці горных рэках, або на спец. каналах з быстрым цячэннем і з перападам вышынь, штучнымі ці натуральнымі перашкодамі. Спартсмены павінны бездакорна прайсці расстаўленыя па трасе кантрольныя вароты (падвешаныя над вадой стойкі) у адпаведнасці з пэўнымі правіламі. Для слаламістаў прадугледжана спец. амуніцыя: ахоўныя каскі, выратавальныя камізэлькі і інш. Вяслярны слалам цесна звязаны з водным турызмам, разглядаецца як элемент падрыхтоўкі да паходаў. У 1972 і 1996 вяслярны слалам быў у праграме Алімпійскіх гульняў. На Беларусі развіваецца з 1970-х г., праводзяцца чэмпіянаты і розыгрыш кубка краіны. Пад Мінскам каля Ждановіч створаны спец. канал для вяслярнага слаламу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВО́РЦЫЯ (Howorthia),
род кветкавых раслін сям. асфадэлавых. Больш за 100 відаў, шмат разнавіднасцей і гібрыдных формаў. У дзікарослым стане пашыраны ў Паўд. Афрыцы, пераважна ў Капскай вобласці. Растуць у кустовых саваннах на сухіх камяністых глебах. На Беларусі ў аранжарэях, цяпліцах і пакоях вырошчваюцца гаворцыя гладкая (Howorthia glabrata), жамчужная (Howorthia margaritifera), паласатая (Howorthia fasciata), Рэйнварта (Howorthia reinwardtii), шахматная (Howorthia tesselata) і інш.
Шматгадовыя сукулентныя травяністыя расліны з пакарочаным сцяблом выш. да 20 см і разеткай невял. светла- або цёмна-зялёных з бародаўкамі сядзячых мясістых лістоў, што размешчаны шчыльнымі радамі і налягаюць адзін на адзін. Кветанос выходзіць з сярэдзіны разеткі. Кветкі дробныя, белавата-зялёныя, у рэдкай мяцёлцы. Плод — каробачка. Каштоўныя дэкар. расліны. Цвітуць некалькі разоў за год. Пладаносяць у пакаёвай культуры рэдка, толькі пры штучным апыленні. Размнажаюцца парасткамі, зрэдку насеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗЮ́КА ЗВЫЧА́ЙНАЯ (Vipera berus),
ядавітая змяя сям. гадзюкавых, атр. лускаватых. Пашырана ў Паўн. Еўразіі і Сярэдняй Еўропе. Насяляе лясную і лесастэпавую зоны, пераважна мяшаныя лясы з палянамі і добрым травастоем, узлескі, высечкі, зарослыя горы, балоты, берагі рэк і азёр. Часта трапляецца ў агародах, радзей на лугах, у сухіх хваёвых барах і ельніках-зеленамошніках. На Беларусі — усюды. Аселая.
Даўж. да 85 см, самкі даўжэйшыя за самцоў. Уздоўж спіны цёмная зігзагападобная паласа. Зверху тулава шэрае, чырвона-бурае, чорнае; бруха шэрае, бурае, чорнае, зрэдку плямістае. На галаве іксападобны малюнак. Кончык хваста жаўтаваты або чырванавата-аранжавы. На верхняй сківіцы 1—2 ядавітыя зубы. Корміцца мышамі, палёўкамі, жабамі, яшчаркамі, птушанятамі, моладзь — беспазваночнымі. Палюе пераважна ўначы. Яйцажывародная. Укус балючы, выклікае працяглае недамаганне. Аб’ект адлову для атрымання змяінага яду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗЮ́КАВЫЯ (Viperidae),
сямейства ядавітых змей атр. лускаватых. 11 родаў, 60 відаў. Пашыраны ў Афрыцы (адкуль, верагодна, паходзяць) і Еўразіі. Насяляюць вільготныя экватарыяльныя лясы, сухія саванны і стэпы, бязводныя пустыні, паўн. хваёвыя лясы, скалістыя горы да 3000 м над узр. м. Большасць вядзе наземны спосаб жыцця, іншыя жывуць на дрэвах або пад зямлёй. Найб. вядомыя — гюрза, эфа. На Беларусі 1 від — гадзюка звычайная. 4 віды гадзюкавых у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. да 2 м. Цела тоўстае, рознай афарбоўкі, хвост кароткі, галава пляскатая. Зрэнка вертыкальная. На верхняй сківіцы 1—2 вял. рухомыя ядавітыя зубы і па 3—5 больш дробных. Актыўныя пераважна прыцемкам і ўначы. Дарослыя кормяцца дробнымі жывёламі, птушкамі, яйцамі, моладзь — насякомымі і членістаногімі. Яйцажывародныя, некаторыя адкладваюць яйцы. Аб’екты адлову і ўтрымання ў серпентарыях для атрымання змяінага яду.