СІ́ТАЎКІ, пліскі (Motacilla),

род птушак сям. сітаўкавых атр. вераб’інападобных. 11 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. Жывуць на адкрытых прасторах у тундрах, стэпах, на балотах, лугах, некат. ў лясах і зарасніках. На Беларусі 3 віды С.: белая (M. alba), жоўтагаловая (M. citreola), жоўтая (M. flava).

Даўж. цела да 23 см, маса да 30 г. Апярэнне чорнае, белае, шэрае, жоўтае і зеленаватае. Ногі тонкія і доўгія, добра прыстасаваныя для перамяшчэння па зямлі. Хвост доўгі, ім С. пастаянна патрэсваюць (адсюль рус. назва трясогузки). Насякомаедныя. У кладцы 2—7 яец.

Сітаўкі: 1 — жоўтая; 2 — жоўтагаловая; 3 — белая.

т. 14, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)