Альберт фон Бальштэт (Albert von Bollstädt; каля 1193, Лаўінген — 15.11.1280), нямецкі філосаф, тэолаг, прыродазнавец. Манах-дамініканец, епіскап Рэгенсбурга, папскі легат, арганізатар крыжовага паходу на тэр. Германіі. Вучыўся ў Падуі, Балонні. Выкладаў у Парыжы, Кёльне і інш.; настаўнік Фамы Аквінскага. Вывучаў анатомію, эмбрыялогію, батаніку, заалогію, хімію, касмалогію, оптыку. У сваіх творах даў энцыклапедычны агляд дасягненняў тагачаснай навукі. Увёў ва ўжытак сярэдневяковай філасофіі і навукі працы Арыстоцеля, якія выклаў і пракаменціраваў з пазіцый хрысціянскай тэалогіі. Сцвярджэнне пра стварэнне матэрыі і часу дало Альберту Вялікаму магчымасць узаконіць у рамках схаластыкі арыстоцелеву фізіку з яе вучэннем пра неперарыўнасць матэрыі як асновы змены. Поруч з сістэматызатарскай працай у галіне прыродазнаўства праводзіў уласныя даследаванні. Аўтар філас. прац («Сума тэалогіі» і інш.) і прыродазнаўчанавук. трактатаў. У 1931 кананізаваны каталіцкай царквой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́МПАЛЬ,
вёска ў Беларусі, у Нягневіцкім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 19 км на ПнУ ад Навагрудка, 40 км ад чыг. ст. Наваельня. 24 ж., 10 двароў (1994).
Заснавана каля 1810 Адамам Храптовічам (ад яго імя і назва вёскі) у маёнтку Нягневічы, купленым у кн. Радзівіла. У 2-й пал. 19 ст. адна з лепшых гаспадарак Рас. імперыі (упершыню на Беларусі выкарыстоўваліся шматпольныя севазвароты, меліяраваныя палі, наладжаны выраб галандскіх і швейцарскіх сыроў, якія збывалі за мяжу). У 1896 у фальварку Адампаль працавалі спіртзавод (з 1878), млын, маслабойня, майстэрні, хлебазапасны магазін. У 1915 з-за акупацыі герм. войскамі фальварак спыніў дзейнасць. У 1921—39 у складзе Польшчы. У 1930-я г. ў Адампалі дзіцячы прытулак, з 1944 дзіцячы дом, з 1960-х г.спец. школа-інтэрнат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕЛЯ́Р ((Abélard) П’ер) (1079, Пале каляг. Нант, Францыя — 21.4.1142),
французскі філосаф, багаслоў, паэт. Вучыўся ў Шартры і Парыжы. У 1113 адкрыў уласную школу. З 1119 манах. Асн. працы: «Дыялектыка», «Пазнай самога сябе», «Пра Божае адзінства і траістасць», «Так і не», «Дыялог паміж філосафам, іудзеем і хрысціянінам». У тэалогіі імкнуўся да рац. асэнсавання царк. дагматыкі. У спрэчках наміналізму з рэалізмам даказваў: рэальна існуюць толькі асобныя рэчы, агульныя ж паняцці — толькі ў свядомасці (прынцып канцэптуалізму). Распрацоўваў схаласт. логіку. Крытэрый маральных паводзін бачыў у згодзе з сумленнем як прыродным маральным законам, быў блізкі да ідэі верацярпімасці. Яго ідэі асуджаны Суасонскім (1121) і Санскім (1140) саборамі. Аўтар аўтабіягр. твора «Гісторыя Абеляравых бедстваў» (1132—36, рус.пер. 1902, 1959), любоўных вершаў, лістоў (да Элаізы) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЧУ́ГА,
вёска ў Беларусі, у Крупскім р-не Мінскай вобл., на р. Бобр. Цэнтр сельсавета і калгаса «Абчуга». За 30 км на ПнУ ад Крупак, 150 км ад Мінска, 25 км ад чыг. ст. Бобр, 347 ж., 157 двароў (1994).
Упамінаецца ў інвентарах 17 ст. як вёска калямяст. Красны Стаў у складзе маёнтка Чарэя, які належаў Сапегам. З 1793 у складзе Рас. імперыі, уласнасць памешчыка Нітаслаўскага, злілася з мястэчкам пад агульнай назвай Абчуга. У 2-й пал. 19 ст. ў Абчузе 678 ж., 77 двароў. У пач. 20 ст. цэнтр воласці ў Сенненскім пав., 353 ж, 125 двароў, уласнасць памешчыцы Э.А.Ястрамбіцкай. З 1924 цэнтр сельсавета ў Чарэйскім, з 1931 — у Крупскім р-не.
Сярэдняя школа, б-ка, клуб, бальніца, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАДНІ́,
насякомыя з атр. двухкрылых. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Належаць да 3 сям.: насаглотачных (Oestridae), падскурных (Hypodermatidae) і страўнікавых (Jastrophilidae) аваднёў. Каля 160 відаў, з іх на Беларусі 11. Найб. трапляюцца авадзень авечы (Oestrus ovis), авадзень бычыны (Hypoderma bovis) і авадзень кручок (Jastrophilus intestinalis). Часта аваднёў блытаюць са сляпнямі.
Цела даўж. 9—22 мм, укрыта валаскамі, радзей голае. Ротавыя органы рудыментарныя. Не жывяцца, жывуць 3—25 сутак за кошт рэчываў, назапашаных у лічынкавай стадыі. У развіцці праходзяць стадыі яйца, лічынкі (9—10 месяцаў), кукалкі, дарослай асобіны. Самкі насаглотачных аваднёў жывародныя, падскурных і страўнікавых адкладваюць яйцы. Спелыя лічынкі акукліваюцца ў глебе, гнаі, паразітуюць у скуры, лобных пазухах, насаглотцы, страўніку, галаве, вачах жывёл і чалавека. Вельмі шкодзяць жывёлагадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІ́ДЗІЙ (Ovidius),
Публій Авідзій Назон (20.3.43 да н.э., г. Сульмона, недалёка ад Рыма — каля 18 н.э.), рымскі паэт. Раннія творы: зб-кі «Любоўныя элегіі», «Гераіні», жартоўна-парадыйныя паэмы «Майстэрства кахання», «Сродкі ад кахання». У паэме «Фасты» (незавершаная) тлумачыў паходжанне рымскіх святаў і абрадаў. Найб. вядомы твор «Метамарфозы» — маст. апрацоўка грэка-рымскіх міфаў пра пераўвасабленні людзей і багоў у жывёл, сузор’і і інш. — складаецца з асобных вершаваных навел. У 8 н.э. сасланы Аўгустам у г. Томы (цяпер Канстанца ў Румыніі), дзе напісаў поўныя тугі па радзіме «Сумныя элегіі» і «Пісьмы з Понта». Творчасць Авідзія значна паўплывала на развіццё зах.-еўрап. л-ры. Дзве навелы з «Метамарфозаў» на бел. мову пераклаў М.Багдановіч.
Тв.:
Рус.пер. — Элегии и малые поэмы. М., 1973;
Любовные элегии. Метаморфозы. Скорбные элегии. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬФ’Е́РЫ ((Alfieri) Віторыо) (16.1.1749, г. Асты, Італія — 8.10.1803),
італьянскі драматург і паэт; стваральнік нац. трагедыі класіцызму. Скончыў Турынскую ваен. акадэмію (1766). Аўтар трагедый: «любоўных» («Антоній і Клеапатра», 1774—75; «Піліп», 1776; «Актавія», 1779, і інш.), «свабоды» («Віргінія», 1777; «Змова Пацы», 1777—81; «Брут I», «Брут II», абедзве 1786, і інш.), «пра барацьбу за трон» («Дон Гарсія», 1774—78; «Марыя Сцюарт», 1777—86, і інш.), «сямейных пачуццяў» («Антыгона», 1775—76; «Альцэста», 1797, і інш.), «унутранай барацьбы» («Саул», 1782); «Міра», 1784); камедый у вершах (1800—03): «Адзіны», «Нямногія», «Проціяддзе», «Развод» і інш.; эпіграм, сатыр, празаічных памфлетаў (зб. «Ненавіснік Галаў», 1799); трактатаў «Пра тыранію», «Пра ўладара і літаратуру» (абодва 1789); аўтабіяграфіі «Жыццё Віторыо Альф’еры з Асты, расказанае ім самім» (1806). Яму належаць каля 200 санетаў і пераклады з антычных класікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЯЛА́ (Viscum),
род паўпаразітных кветкавых раслін сям. амяловых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў трапічнай і субтрапічнай Афрыцы і Азіі, на Пн Аўстраліі; амяла белая (V. album) трапляецца ў Еўропе і на Каўказе, амяла афарбаваная (V. coloratum) — на Д. Усходзе. На Беларусі амяла белая расце ў зах. і паўд. раёнах пераважна на старых лісцевых дрэвах, асобны падвід (ssp. austriacum) на хвоі.
Двухдомны шматгадовазялёны шарападобны куст дыям. да 1,2 м. Лісце прадаўгавата-авальнае, супраціўнае, скурыстае, жоўта-зялёнае, размешчана папарна на канцах галінак. Кветкі дробныя жоўта-зялёныя, сабраны ў пучкі. Плод — белая аднанасенная ягада з клейкай мякаццю. Размнажаецца насеннем, якое птушкі заносяць на галіны дрэў, дзе яно і прарастае. Выкарыстоўваецца на лячэнне гіпертаніі і неўралгіі, як танізоўны сродак (прэпараты амялен, віскулен, акафіт), у нар. медыцыне пры хваробах сэрца і лёгкіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНЕ́НКА-ДАВІДО́ВІЧ (Барыс Дзмітрыевіч) (5.8.1899, г. Рамны Сумскай вобл., Украіна — 9.5.1984),
украінскі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ін-тнар. асветы (1923). Падзеі рэвалюцыі 1917, грамадз. вайны, аднаўленчы перыяд адлюстраваў у зб-ках апавяданняў, нарысаў і аповесцяў «Зацярушаныя сілуэты» (1925), «Сіняя валошка» (1927), «Смерць» (1928), «Сапраўдны муж» (1929), «Людзі і вугаль» (1932). Маральна-этычная тэматыка ў рамане «За шырмай» (1957), зб. апавяданняў і аповесцяў «Слова маці» (1960). Аўтар публіцыст., літ.- і мовазнаўчых артыкулаў (зб-кі «Аб чым і як», 1962; «У літаратуры і каля літаратуры», 1964; «Як мы гаворым», 1970). Рэпрэсіраваны ў 1935, рэабілітаваны ў 1956. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1992 (за зб-кі прозы розных гадоў «Смерць», «Сібірскія навелы», «Завышаныя ацэнкі», публ. 1991).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЛАЎ (Барыс Абрамавіч) (10.10.1882, в. Мікуліна Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 20.4.1943),
удзельнік рэв. руху, публіцыст. У 1901 за кіраўніцтва забастоўкай у Віцебску сасланы ва Усх. Сібір. З 1904 вёў парт. работу ў Пецярбургу, Мікалаеве, Днепрапятроўску, Маскве, Екацярынбургу. У 1909—11 слухач парт. школы ў Ланжумо (Францыя). За рэв. дзейнасць 4 разы арыштаваны, каля 10 гадоў правёў на катарзе. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 супрацоўнік газ. «Правда», рэдактар газ. «Голос правды» ў Кранштаце, пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 на парт. і сав. рабоце ў Віцебску, Маскве. Удзельнік грамадз. вайны. У 1924—25 на сав., гасп. і дыпламат. рабоце. Чл.ВЦВК у 1918—19. Аўтар брашур і артыкулаў пра рэв. рух і Кастр. рэвалюцыю 1917. Рэпрэсіраваны ў 1937. Памёр у турме. Рэабілітаваны ў 1956.