ПАДКЛЕ́ЦЦЕ ў драўляным дойлідстве,

ніжні, звычайна нежылы паверх дома ці гасп. пабудовы. П. ў сял. буд-ве на Беларусі сустракаліся рэдка, пераважна на ПнУ. Вядомы ў сядзібным і замкавым дойлідстве 16—18 ст. У П. жылых дамоў размяшчалі каморы, стайні і інш. гасп. памяшканні, часам жыллё прыслугі, кухню, пякарню. Рабілі П. ў некат. гасп. збудаваннях (клецях, свірнах). Ролю П. ў гар. жыллі 18 — пач. 20 ст. нярэдка выконвалі ніжнія мураваныя паверхі, дзе размяшчаліся складскія памяшканні, крамы, майстэрні.

т. 11, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСЛА́ННІК,

дыпламатычны прадстаўнік, які часам узначальвае дыпламат. місію. Яго афіц. найменне часта залежыць ад акрэдытуючай дзяржавы (надзвычайны П., паўнамоцны міністр і інш.). Калі П. узначальвае місію, ён акрэдытуецца пры кіраўніку дзяржавы знаходжання, яму даецца даверчая грамата, падпісаная кіраўніком акрэдытуючай дзяржавы. Паводле Венскага рэгламенту аб класіфікацыі дыпламат. агентаў 1815 П. аднесены да 2-га класа дыпламат. прадстаўнікоў, больш нізкага па міжнар.-прававым статусе, чым пасол. Карыстаецца тымі ж правамі і прывілеямі, што і кіраўнікі дыпламат. прадстаўніцтваў інш. класаў.

т. 12, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАХО́ДНЫ СТАН, актываваны комплекс, гіпатэтычны прамежкавы стан хім. сістэмы пры яе пераходзе з пачатковага (рэагенты) у канчатковы (прадукты) стан; канфігурацыя з атамаў ці малекул рэагентаў, што ўдзельнічае ў элементарным акце рэакцыі хімічнай. Характарызуецца больш высокім значэннем патэнцыяльнай энергіі ў параўнанні з пачатковым і канчатковым станамі (гл. Энергія актывацыі) і малым часам жыцця (~10​−13 с). Тэорыя П.с. (актываванага комплексу, ці абс. скарасцей рэакцый; гл. Кінетыка хімічная) ляжыць у аснове ўяўленняў аб рэакцыйнай здольнасці і механізме хім. рэакцый.

т. 12, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́КША (Melanogrammus aeglefinus),

рыба сям. трасковых. Адзіны від роду. Пашырана ў паўн. ч. Атлантычнага ак., найб. у Паўночным м. (каля в-ва Ісландыя), у паўн. ч. Баранцава м., на Ньюфаўндлендскай банцы. Жыве каля дна, трымаецца чародамі. Робіць кармавыя і нерастовыя міграцыі.

Даўж. да 1 м (звычайна 50—75 см), маса да 19 кг. Корміцца бентасам, часам рыбай, ікрой селядцоў і мойвы. Ікра пелагічная. Маляўкі жывуць у тоўшчы валы, хаваюцца ад драпежнікаў пад купаламі медуз. Аб’ект промыслу.

Пікша.

т. 12, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСНА́К,

у беларусаў даўняе хлебнае печыва ў выглядзе тоўстага бліна. Пяклі з жытняй мукі без закваскі, на содзе і сыроватцы. Цеста замешвалі крута, як на хлеб; выпякалі на патэльні. Спечаны П. пасыпалі соллю, кменам, змазвалі здорам; елі замест хлеба. Часам П. пяклі з хлебнага цеста, якое не падышло, з тоўчанай варанай бульбы і мукі, а таксама з рашчыненага на бліны, крута замешанага цеста. Пяклі П. і спецыяльна на квас. Месцамі П. наз. недакіслы хлеб.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 13, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЗАНКІ́ (Alosa, або Caspialosa),

рыбы сям. селядцовых. 3 віды, 7 падвідаў. Чарнаморска-каспійскі П. (A. caspia) пашыраны ў Азоўскім, Чорным (3 падвіды) і Каспійскім (4 падвіды) морах, велікавокі (A. saposhnikovi) і круглагаловы (A. sphaerocephala) — толькі ў Каспійскім моры. Пелагічныя прахадныя і паўпрахадныя рыбы.

Даўж. да 36 см, маса да 200 г. Галава вял., цела высокае, сціснутае з бакоў, хваставы аддзел укарочаны. Па баках 1—8 цёмных плям. Кормяцца планктонам, П. велікавокі часам корміцца рыбай. Аб’екты промыслу.

Пузанок чарнаморска-каспійскі.

т. 13, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫТО́Н (грэч. rhytōn ад rheō цяку),

старажытная рогападобная пасудзіна ці рог для піцця з невял. адтулінай у ніжнім вузкім канцы. Выраблялі з рогу, металу, гліны, слановай косці і шкла, упрыгожвалі рэльефамі і гравіроўкай. Часам Р. мелі на канцы скульптурную выяву. Былі вядомы ў насельніцтва крыта-мікенскай культуры (2-е тыс. да н.э.), пашыраны ў стараж. Грэцыі, Індыі, Персіі, Месапатаміі, Сірыі, Малой Азіі, Рыме, часткова ў Егіпце. У жал. веку знаходкі Р. адзначаны на археал. помніках Польшчы і Літвы.

т. 13, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГРАДА́ЦЫЯ ГЛЕБ,

вяртанне глебаўтваральных працэсаў да папярэдняй стадыі. Напр., пад уздзеяннем асушальнай меліярацыі ў мінер. глебах працэсы забалочвання спыняюцца, іх змяняюць працэсы, якія фарміруюць аўтатрофныя глебы, але пры іх паўторным устойлівым залішнім увільгатненні зноў развіваецца забалочванне. Р.г. адбываецца на ўзараных схілавых эрадзіраваных глебах пры іх залужэнні; эрозія глебы спыняецца, урадлівасць яе аднаўляецца. Аднак некат. асушальныя мерапрыемствы і няправільнае с.-г. выкарыстанне зямель часам прыводзяць да неабарачальных працэсаў дэградацыі глебы, і ворныя землі ператвараюцца ў непрыдатныя (Р.г. не адбываецца).

т. 13, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛІ́КВІЯ (ад лац. reliquiae рэшткі, астанкі),

1) у розных рэлігіях асабліва шанаваныя прадметы, якія нібыта належалі багам, прарокам, ці астанкі святых (мошчы). Р. часам прыпісваецца цудадзейная сіла, здольная вылечваць хваробы.

2) Прадмет, які беражліва захоўваецца як памяць пра мінулае. Напр., Р. ваен.-гіст. (баявыя сцягі, асабістая і калект. зброя, узнагароды, рэчы, дакументы, фотаздымкі і інш.) сведчаць пра ваенна-гіст. падзеі, славутых дзеячаў. Р. сямейныя (дакументы, прадметы, якія належаць сям’і, роду) перадаюцца ў спадчыну з пакалення ў пакаленне.

т. 14, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКРЫ́СТЫЯ (ад лац. sacrum святыня),

бакавое памяшканне ў касцёле ці кляштары, прызначанае для захавання культавага начыння, адзення свяшчэннаслужыцеляў і інш.; часам тут захоўвалася і кляштарная казна. У раннехрысц. храмах функцыі С. выконвала пастафорыя, у правасл. — рызніца. Размешчана С. звычайна ва ўсх. ч. касцёла, непасрэдна каля месца правядзення службы. Зрэдку знаходзіцца паміж касцёлам і кляштарам. С. бываюць 1-павярховыя, перакрытыя скляпеннямі, радзей 2-павярховыя.

Сакрыстыя царквы Санта-Марыя прэса Сан-Сатыра ў Мілане. Арх. Д.​Брамантэ. 1479—83.

т. 14, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)