Лі́шні, лі́шній, лі́шненькій ’які перавышае ўстаноўленую норму, колькасць’, ’празмерны’, ’непатрэбны’, ’дадатковы’ (Бяльк., Яруш., ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), лі́шне, лі́шня, лі́шнё ’надта, празмерна’ (Шат., Сл. ПЗБ, ТСБМ), лі́шняго ’больш за норму’ (Янк. 1). Укр. ли́шній, ли́шний, рус. ли́шний, ст.-рус. лишьнии; польск. liszhy, liszni (запазычаныя з бел. мовы), н.-луж. устар. lišny празмерны’, серб.-харв. устар. najlišno ’найбольш’, балг. лишен ’непатрэбны’, прасл. lišьnъ ’які застаецца’, празмерны’, ’непатрэбны’ (Слаўскі, 4, 293–294). Да lixъ > лі́ха (гл.). Сюды ж лі́шніца ’лішак; большае, чым можна’, ’дастатак’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш., Яўс., ТС, Шат.; пух., Жд. 2; лях., карэліц., Сл. ПЗБ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ліўрэя ’фірменная адзежа швейцараў, лакеяў, фурманаў’ (ТСБМ). Запазычана з рус. ливрея ’тс’, якое з франц. livrée ’тс’, першапачаткова — ’адзежа, якую дзяржава і высокая шляхта выдавалі свіце’ < франц. livrer ’выдаваць’ < с.-лац. liberāre ’тс’. Аднак пры пасрэдніцтве франц. livrée і ісп. librea яшчэ ў XIII ст. слова пранікла ў ням. дыялекты і ў форме Liberei ’спецыяльная форма для прыслугі’ трапіла ў ст.-польск. мову (liberyja, XVI ст.), адтуль у ст.-бел. у выглядзе либерия ’ліўрэя’ (XVII ст.). Больш падрабязна гл. Фасмер, 2, 494; Слаўскі, 4, 219–220; Булыка, Запазыч., 107.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вы́нашай ’пук сухога лёну, вынесены з сушкі за адзін раз’ (Жд., 1), вынаша́й ’тс’ (Шатал.), вынашэй ’тс’ (Влад.), вы́нашая ’тс’ (Жд., 1; Шчар., 150; Сцяшк.). Ад выносіць з суф. ‑ějь, ‑jajь першапачаткова як Nomen actionis (Слаўскі, SP, 1, 86 і наст.; Сцяц., Словаўтв., 23). Чэкман (Baltistica, 8, 2, 152) лічыць калькай літ. išnaša ’тое, што выносіцца з дому’, якое ўтворана ад ìšnèšti ’выносіць’ па вельмі прадуктыўнай мадэлі. Але параўн. чэш. vynáška ’вынас’ і рус. кастр. вы́носник ’тры-чатыры снапы яшчэ гарачага лёну, якія вынесены з сушкі для таго, каб церці’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Газе́та. Рус. газе́та, укр. газе́та, польск. gazeta і г. д. Запазычанне з зах.-еўрап. моў. Першакрыніцай слова з’яўляецца іт. gazzetta ’тс’ (гэта назва ўтворана ад gazzetta ’дробная манета’: «плата за чытанне зводу навін, газета»). Рус. газета запазычана з франц. мовы (Шанскі 1, Г, 9). Бел. газета запазычанне з рус. мовы. Але бел. дыял. газэ́та (Шат., Бяльк., Сцяшк., Касп., Яруш., Мядзв.) узята непасрэдна з польск. мовы (таксама Слаўскі, 1, 264; ён лічыць, што паланізмам з’яўляецца і ўкр. газе́та). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 382. Іншыя этымалогіі, што прапанаваліся рознымі даследчыкамі, гл. у Шанскага (там жа).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Га́лас ’крык, шум, бойка і да т. п.’ (БРС, Нас., Шат.), таксама гала́с (Нас., Сцяшк. МГ). Шатэрнік выводзіў гэта слова з польск. hałas, але апошняе само запазычана (h‑) з усх.-слав. (бел., укр.) моў (гл. Слаўскі, 1, 397, які, праўда, услед за іншымі даследчыкамі лічыць, што польск. слова ўзята з укр. мовы). Этымалогія ўсх.-слав. слова няпэўная. Магчыма, гэта гукапераймальнае ўтварэнне (ад выклічніка hala!). Іншыя шматлікія версіі (агляд іх гл. у Слаўскага, 1, 397–398) пераконваюць менш. З га́ла́с звязана бел. дыял. галасава́ць ’гучна крычаць’ (Шатал.); параўн. і ўкр. галасува́ти ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гамёлка ’луста, кавалак’ (Сцяшк. МГ). Няяснае слова. Магчыма, першапачатковым значэннем было ’штосьці тоўстае, вялікае, нязграбнае’. Тады можна параўнаць з укр. дыял. гаме́ла ’тоўсты, непаваротлівы чалавек’ (Грынч.), чэш. дыял. gámeľa ’дурны, нехлямяжы’ (гл. Махэк₂, 149, дзе даецца вельмі няпэўная этымалогія). Для ўкр. слова Рудніцкі (554–555) прапануе з запытаннем сувязь з гам!, га́мати ’есці’. Што можа быць сувязь з ’есці’ і ’луста’ параўн. у Насовіча: га́мзаць, гамзі́ць ’есці’, гамзу́ля ’вялікая луста хлеба’. Да чэш. дыял. gámeľa і да магчымых сувязей гэтай групы слоў з лексемамі са значэннем ’есці’ параўн. яшчэ Слаўскі, 1, 253–254 (пад gamajda).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гарэць ’гарэць’ (ужываецца таксама ў значэнні ’цвісці’ — Шат., Жд. 2, Сл. паўн.-зах.). Рус. горе́ть, укр. горі́ти, польск. gorzeć, серб.-харв. го̀рети, ст.-слав. горѣти і г. д. Прасл. *gorěti, *gorʼǫ ’гарэць’ (агляд матэрыялу гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 42) звязана з прасл. *grěti, *gъrnъ, *žarъ. У аснове ляжыць і.-е. *guher‑: *guhor‑ ’гарачы, паліць і да т. п.’ Параўн. літ. garė́ti ’гарэць’, ст.-інд. háras ’жар’, ghṛṇóti ’гарыць, свеціць’, ст.-грэч. θέρομαι ’рабіцца гарачым’. Трубачоў, Эт. сл., 7, 42–43; Слаўскі, 1, 322–323; Фасмер, 1, 441; Траўтман, 79.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ґе́ґа 1 ’крэмень’ (гродз., таксама ў бел. гаворках Польшчы; гл. Лекс. балтызмы, 40–41), ’камень’ (Сцяшк.). Мяркуюць, што гэта магчымае запазычанне (з варыянтам дзе́га) з літ. мовы. Параўн. літ. dẽgti, dẽginti ’паліць’, dẽgas, dẽgalas ’галавешка, кнот’ (гл. Смулкова, Лекс. балтызмы, 40–41; Смулкова, Z polsk. stud. slawist., ser. 2, 1963, 215–221). Параўн. яшчэ Сл. паўн.-зах., 439.
Ґе́ґа 2 ’парода гусей’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Сл. паўн.-зах., запазычанне з літ. gẽgalas ’нырок’, gẽgė ’зязюлька’. Але, магчыма, і самастойнае ўтварэнне (ад ге́гаць, ґе́ґаць, гл.). Параўн. польск. gęga ’гусь’ (< gęgać ’гегаць’). Гл. Слаўскі, 1, 272.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Глум, глумі́цца, глумі́ць ’псаванне; адходы’, ’псавацца, псаваць’, ’жартаваць і да т. п.’ (БРС, Шат., Касп.). Вельмі разгалінаванае сямейства слоў, вядомае ва ўсіх групах слав. моў. Прасл. *glumiti (sę), *glumъ, *gluma (агляд вялікага матэрыялу гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 147–149). Зыходным для дзеяслова *glumiti лічацца назоўнікі *gluma, *glumъ, якія даследчыкі суадносяць з *glupъ. Услед за Бернекерам (1, 308) лічыцца роднасным са ст.-ісл. glaumr ’шумная забава’, ст.-англ. glēam ’забава, жарты, гульня’, грэч. χλεύη ’жарт’ і г. д. Іншыя версіі лічацца не вельмі надзейнымі. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 416; Слаўскі, 1, 296.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Гліст ’гліст’ (БРС). Слова, вядомае ў слав. мовах у двух варыянтах: *glista, *glistъ. Параўн. рус. глиста́, глист, укр. глиста́, глист, чэш. hlísta, hlíst, польск. glista, балг. глист, глиста́, серб.-харв. гли́ста, гли̑ст і г. д. У слав. мовах гэта лексема, акрамя ’гліст’, азначае таксама ’чарвяк, дажджавы чарвяк і да т. п.’ Лічыцца роднасным з прасл. лексемамі *glěvъ, *glьjь (гл. глей). Першапачатковае значэнне ’штосьці слізкае’. Агляд форм і этымалагічных версій гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 128–129. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 413; Слаўскі, 1, 284–285; Бернекер, 1, 304; далей БЕР, 4, 249.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)