атрад крывасосных насякомых. Каля 1 тыс. відаў, пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 50 відаў. Дарослыя насякомыя — вонкавыя паразіты цеплакроўных жывёл (млекакормячых, птушак) і чалавека. Найб. вядомыя блыха чалавечая (Pulex irritans), блыха кашэчая (Ctenocephalus felis), блыха сабачая (C. canis).
Даўж. цела 0,5—6 мм. Самцы драбнейшыя за самак. Цела пляскатае з бакоў, укрыта хіцінавым покрывам з валаскамі або шчацінкамі. Бяскрылыя. На галаве пара простых вачэй (некаторыя сляпыя). Ротавы апарат колюча-сысучы. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі кормяцца арган. рэшткамі і экскрэментамі блох, дарослыя — крывёй. Многія — пераносчыкі ўзбуджальнікаў чумы, тулярэміі і інш. хвароб, прамежкавыя гаспадары некаторых відаў гельмінтаў. Меры барацьбы: сан.-гігіенічныя, хімічныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКО́СТА (Acosta),
да Коста (da Costa) Урыэль (каля 1585, Партугалія — 1640), нідэрландскі мысліцель-вальнадумец. Нарадзіўся ў яўр. сям’і, якая прыняла каталіцызм. У 1614 уцёк у Нідэрланды, перайшоў ва іудаізм. За крытыку догмаў іудаізму, пропаведзь «натуральнай рэлігіі» двойчы адлучаны ад сінагогі, яго кн. «Выпрабаванне фарысейскіх традыцый у параўнанні з пісаным законам» (1624) публічна спалена. Аўтар твораў «Тэзісы супраць традыцыі», «Пра смяротнасць душы чалавечай» (1623), «Прыклад чалавечага жыцця» і інш. Акоста крытыкаваў тлумачэнне рабінамі веравучэння Майсея, адмаўляў бессмяротнасць душы і замагільнае жыццё, гал. прынцыпамі чалавечага жыцця абвяшчаў розум і любоў да бліжняга. Скончыў жыццё самагубствам. Погляды Акосты паўплывалі на развіццё вальнадумства ў Зах. Еўропе, на ідэйную эвалюцыю Б.Спінозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАРБІ́НАВАЯ КІСЛАТА́, вітамін C,
C6H8O6, вытворнае L-гулонавай к-ты; водарастваральны вітамін. Мал. м. 176,3. Сінтэзуецца раслінамі і жывёламі (за выключэннем прыматаў і інш. жывёл, якія атрымліваюць яе з кормам). Асноўная крыніца сінтэзу аскарбінавай кіслаты ў раслін — галактоза, у жывёл — глюкоза. У арганізме ўдзельнічае ў акісляльна-аднаўленчых працэсах, стымулюе ўнутр. сакрэцыю, нармальнае развіццё і супраціўляльнасць арганізма, садзейнічае рэгенерацыі тканак. Адсутнасць або недахоп аскарбінавай кіслаты ў ежы чалавека выклікае цынгу, зніжае супраціўляльнасць да захворванняў. Сутачная патрэба дарослага чалавека ў аскарбінавай кіслаце — 50—100 мг, дзяцей — 30—70 мг. Найб. аскарбінавай кіслаты ў свежай садавіне і гародніне: пладах шыпшыны, чырвонага перцу, цытрусаў, чорных парэчак, у цыбулі, ліставой гародніне. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЯ́НІКІ (Ephemeroptera),
атрад насякомых падкл. адкрытасківічных. Вядомыя з карбону. Найб. прымітыўныя з крылатых насякомых. Пашыраны ўсюды. У сусв. фауне 17 сям., больш за 2 тыс. відаў. На Беларусі адзначана каля 20 відаў, найб. вядомыя — аўсянік звычайны (Ephemera vulgata), аўсянік дацкі (Ephemera danica) і аўсянік двухкрылы (Cloëon dipterum).
Даўж. ад 1 мм да 6 см. Пярэднія крылы даўжэйшыя за заднія. На канцы брушка 2—3 членістыя ніткападобныя вырасты. У дарослых ротавага апарата няма. Развіццё з няпоўным пераўтварэннем. Ад інш. насякомых адрозніваюцца наяўнасцю 2 крылатых фаз — субімага і імага. Лічынкі развіваюцца ў вадзе 1—4 гады, кормяцца дэтрытам, глеем, водарасцямі. Жывуць ад некалькіх гадзін да 10 сутак. Корм для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛОРУ́ССКОЕ Э́ХО»,
штотыднёвая грамадска-паліт., літ. і эканам. газета. Выдавалася 30.5—1.11.1918 у Кіеве на рус. мове, частку матэрыялаў друкавала па-беларуску. Асн. задача — гуртаванне беларусаў, якія жылі на Украіне, забеспячэнне іх сувязі з радзімай. Праводзіла ідэю нац. аб’яднання бел. сіл на Украіне і Беларусі ў цэлым. Выступала за адбудову, умацаванне і незалежнасць бел. дзяржавы, яе свабоднае нац. і эканам.развіццё, нац. адраджэнне, аб’яднанне ўсіх грамадскіх сіл бел. народа дзеля рэалізацыі нац. інтарэсаў, прызнанне суверэннасці Беларусі з боку суседніх дзяржаў. Пісала пра мінулае, сучаснае і перспектывы бел. адраджэнскага руху, асвятляла дзейнасць урада БНР, пытанні дзярж.буд-ва і культ. жыцця на Беларусі і інш. Выйшла 9 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІТЫЗА́ЦЫЯ,
сукупнасць працэсаў у зямной кары, у выніку якіх цвёрдыя горныя пароды рознага паходжання ператвараюцца ў граніты. У выніку гранітызацыі адбываецца абагачэнне пярвічных парод крэменязёмам і шчолачнымі металамі (калій, натрый) і вынас з іх жалеза, магнію, кальцыю і інш. кампанентаў. У працэсе гранітызацыі хім. патэнцыял шчолачаў, гліназёму і крэменязёму нарастае, дасягаючы таго ўзроўню, пры якім адбываецца абагачэнне пароды палявым шпатам і далей кварцам з утварэннем гранітаў. Развіваецца пераважна ў глыбінных зонах геасінкліналей пазней гал. фаз складкаўтварэння. Вылучаюць 3 генетычныя тыпы гранітызацыі: метасаматычная, палінгенна-метасаматычная і інфільтрацыйна-анатэктычная. На тэр. СНД шырокае развіццё гранітызацыі прымеркавана да дакембрыйскіх тоўшчаў (Кольскі п-ваў, Расія), Украінскі крышталічны шчыт, Беларуская антэкліза.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБЛЮ́ДКІ (Raphidioptera),
атрад насякомых, 2 сям., каля 100 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі ў вільготных лясах трапляюцца 4 віды, найб. пашыраны вярблюдка танкавусая (Raphidioptera ophiopsis) і бязвочка таўставусая (Inocellia crassicornis).
Даўж. 15—20 мм. Сілуэт пярэдняй ч. цела ў профіль нагадвае галаву і цела вярблюда (адсюль назва). 2 пары празрыстых крылаў, у спакоі складваюцца стрэхападобна, заднія вузейшыя і карацейшыя за пярэднія. Ротавыя органы грызучыя, вусікі шматчленікавыя. Брушка падоўжанае, у самкі з доўгім яйцакладам. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі развіваюцца 2 гады. Кукалкі рухомыя. Лічынкі жывуць у шчылінах і пад карой дрэў, дарослыя — на дрэвах. Вярблюдкі і іх лічынкі знішчаюць насякомых, асабліва тлей і вусеняў.
Вярблюдкі: 1 — танкавусая і яе лічынка; 2 — бязвочка таўставусая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКЛАРА́ЦЫЯ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ, Вашынгтонская дэкларацыя. Падпісана ў Вашынгтоне 1.1.1942 прадстаўнікамі 26 дзяржаў (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Бельгіі, Гаіці, Гандураса, Гватэмалы, Грэцыі, Дамініканскай Рэспублікі, Індыі, Канады, Кітая, Коста-Рыкі, Кубы, Люксембурга, Нарвегіі, Нідэрландаў, Нікарагуа, Новай Зеландыі, Панамы, Паўднёва-Афрыканскага Саюза, Польшчы, Сальвадора, Чэхаславакіі і Югаславіі). Прынята ў развіццёАтлантычнай хартыі 1941. Прадугледжвала абавязацельствы бакоў (атрымалі назву Аб’яднаных Нацый) выкарыстаць усе свае ваен. і эканам. рэсурсы ў вайне супраць фаш. Германіі, яе саюзнікаў і сатэлітаў, узаемнае супрацоўніцтва краін антыгітлераўскай кааліцыі, незаключэнне імі сепаратнага перамір’я або міру з праціўнікам, далучэнне да Дэкларацыі інш. нацый, якія дапамагаюць або могуць дапамагчы ў барацьбе з фашызмам. З’явілася важным крокам у справе аб’яднання сіл антыгітлераўскай кааліцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПЕРЭ́ ПРА́ВІЛА,
філагенетычнага росту закон, эмпірычнае абагульненне даных аб характары гіст. развіцця асобных сістэматычных груп. Сфармуляваў франц. вучоны Ш.Дэперэ (1907). Паводле Д.п., у кожнай філагенетычнай лініі назіраецца тэндэнцыя да павелічэння памераў цела арганізмаў або гіст.развіццё ідзе ад дробных продкавых груп да ўсё буйнейшых. Пасля дасягнення крытычных памераў і парушэння асн. прапорцый цела адбываецца выміранне групы. Д.п. ўзводзіць асобныя філагенетычныя з’явы ў ранг агульнай эвалюц. заканамернасці і заснавана на прызнанні ўнутр. тэндэнцыі развіцця, незалежнай ад матэрыяльных узаемадзеянняў. Зрэдку Д.п. называюць і закон прагрэсіруючай спецыялізацыі (сфармуляваны Дэперэ), паводле якога група арганізмаў, што стала ў працэсе эвалюцыі на шлях спецыялізацыі, непазбежна павінна ісці да ўсё больш глыбокай і вузкай спецыялізацыі, у выніку чаго вымірае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРО́ЛЬ (ням. Gastrolle ад Gast госць + Rolle роля),
выступленне артыста (калектыву) па-за месцам яго пастаяннай дзейнасці — у інш. раёне, горадзе, краіне. З 18 ст. і асабліва з 2-й пал. 19 ст. гастрольнай дзейнасцю займаліся буйнейшыя акцёры — С.Бернар, Э.Дузе, Т.Сальвіні, П.Арленеў, В.Камісаржэўская, Э.Каруза, А.Паці, Ф.Шаляпін і інш. На Беларусі пашыраны з канца 18 ст., калі ў гарадах, мястэчках выступалі польскія гастрольныя трупы і асобныя акцёры, у 19—20 ст. — рус. і ўкраінскія. Гастрольную дзейнасць вяла Першая бел. трупа І.Буйніцкага. Гастраліруюць усе прафесійныя трупы. Атрымала развіццё такая форма гастролі, як выязныя спектаклі т-раў. Своеасаблівая форма гастролі — выступленні тэатр. калектываў на дэкадах, аглядах, фестывалях.