шэ́рань, ‑і, ж.

1. Белыя рыхлыя крышталікі, формай падобныя на сняжынкі, якія нарастаюць пры значным марозе і тумане на галінах дрэў, дроце і пад. Ляжыць зямля ў адзенні белым, І дрэвы ў шэрані стаяць. Колас. За акном — пабеленае шэранню голле яблыняў. Рылько. У шэрані былі гарадскія скверы, тэлеграфныя слупы, правады. Бялевіч. // Тонкі слой крышталяў лёду, якія ўтвараюцца на паверхні зямлі і прадметах на ёй пры рэзкім пахаладанні. У тыя дні, пасля ласкавага веснавога сонца, раптам пекануў мароз і ўкрыў шэранню траву, што пачала была весела зелянецца на грудах. Лецка. Зямля пакрылася шэранню, пасівела і чакала, калі сонца паднімецца вышэй і кіне промні на палі, лугі, дарогі. Федасеенка. // Ападкі ў выглядзе снегу. Уперадзе была ўсё тая ж снежная шэрань; не сціхаў вецер. Кандрусевіч. Калі ўжо сталі падкошвацца ногі і хлопец спалохаўся, што ўпадзе, побач з снегавой мітуслівай шэрані выплыў нейкі чорны скальны абломак. Быкаў. // Туман з халодным дробным, у выглядзе пылу, дажджом; імжа. У мокрай шэрані ледзь-ледзь вырысоўваліся будынкі Старыцы. Хадкевіч. [Сцяпан] убачыў сцірту, асеўшую, але яшчэ ладную і падобную на аграмадны хлебны бохан, бярозы ў жоўтым восеньскім убранні, якое скрозь шэрань дажджу выдавала рудаватым. Савіцкі. // Смуга выпарэнняў у халодную сырую пагоду. У маразы.. [неба] часцей цямнее, лілавее, пакрываецца шэранню. Карпаў. Над балотамі мяккай нерухомай шэранню рассцілаўся туман. Пестрак.

2. перан. Сівізна. Змізарнеў [Гаруноў], твар выцягнуўся, на скронях прабілася шэрань. Дуброўскі.

3. Змрок, цемра. Пасярод двара, насупраць студні, над якой у перадранішняй шэрані чарнее высокі журавель, стаяць калёсы. Навуменка. Пад сховаю начной шэрані брыгада хутка набліжалася да фронту. Мележ. Жаўтавата-белы сноп святла ад фары разразаў лёгкую шэрань ліпеньскай ночы, выхопліваў з яе прысады. Асіпенка.

4. Шэрая афарбоўка чаго‑н.; шэрасць. Сонца не відно, недзе заблыталася ў аднастайнай шэрані хмар. Гамолка. Вунь сярод саламянай шэрані стрэх вылучаецца бляха школы. Сабаленка. / у перан. ужыв. Толькі на ростані ўявілася яму [Ігнасю] цалкам уся шэрань будзёншчыны, з усімі сваімі цяжкасцямі і горам. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГРАМА́ТЫКА (грэч. grammatikē ад gramma літара, напісанне),

1) лад мовы; сукупнасць, сістэма яе формаўтваральных і формаўжывальных сродкаў.

2) Раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца сістэма моўных формаў (марфалогія), сродкі і спосабы іх спалучэння ў сказе (сінтаксіс). Па грамат. асаблівасцях вызначаецца тып пэўнай мовы.

Грамат. семантыка якасна адрозніваецца ад семантыкі лексічнай: у грамат. паняццях адлюстроўваюцца пераважна ўласцівасці саміх моўных адзінак (марфем, слоў, словазлучэнняў, сказаў), а ў значэннях лексічных адзінак звычайна абагульняюцца ўласцівасці рэальных прадметаў, з’яў, прыкмет. Аднак тое, што ў адной мове выражаецца сродкамі граматыкі, у іншай можа перадавацца лексічна (напр., значэнне сумеснасці дзеяння ў манг. мове перадаецца дзеяслоўным суфіксам, у бел. — словамі «разам з»). Уласцівыя пэўнай мове грамат. паняцці абавязкова маюць у ёй матэрыяльнае выяўленне. Таму ў кожнай грамат. з’яве адрозніваюць граматычнае значэнне і грамат. спосаб яго перадачы. Асн. спосабамі перадачы грамат. значэнняў у бел. мове (як у рознай ступені і ў інш. мовах свету) з’яўляюцца: афіксацыя («дуб — дубы», «кідаць — кінуць»), суплетывізм («браць — узяць», «чалавек — людзі», «я — мяне»), інтанацыя («Дождж ідзе. — Дождж ідзе?»), службовыя словы («чытаў бы», «будзеш ведаць»), асноваскладанне (дыялектнае «хадзіцьмеш» з «хадзіць + маеш»), рэдуплікацыя («сівы-сівы»), парадак слоў («яшчэ зялёны лісток — лісток яшчэ зялёны»), а таксама розныя спосабы аналітычнага канструявання з грамат. значымай спалучальнасцю адзінак («ісці / бегчы / ехаць лесам» — акалічнасць; «валодаць / гандляваць /, любавацца лесам» — дапаўненне).

Слова разам з паказчыкам яго грамат. значэння ўтварае граматычную форму («братамі» — граматычная форма мн. л. тв. скл. ад назоўніка м.р. «брат»). Грамат. формы, што перадаюць змяненне аднаго слова ў межах пэўных грамат. значэнняў (склону, ліку, часу, асобы і інш.), утвараюць парадыгмы словазмянення (1-е скланенне назоўнікаў, 2-е спражэнне дзеясловаў, ступені параўнання прыметнікаў і да т.п.). Усе адзінкі моўнага ладу размяркоўваюцца па пэўных класах — граматычных катэгорыях. Стрыжань грамат. катэгорыі — катэгарыяльнае значэнне. У бел. мове адрозніваюць грамат. катэгорыі імені і дзеяслова, назоўніка і прыметніка і інш., а ў межах катэгорыі, напр., назоўніка — катэгорыі роду, склону, ліку, а таксама адзінкавасці і зборнасці, абстрактнасці і канкрэтнасці і г.д. Пытанне аб колькасці катэгорый у пэўнай мове вельмі складанае: побач з даўно заўважанымі і навук. зафіксаванымі цэнтр. катэгорыямі існуюць і перыферыйныя, часам лінгвістычна не распрацаваныя. Грамат. катэгорыі ўтвараюць складаную іерархічную сістэму з рознаскладанымі функцыян. ўзаемасувязямі. Найб. просты прыклад якіх — проціпастаўленне катэгорыі па наяўнасці — адсутнасці пэўнага грамат. значэння (простая апазіцыя: м. род — немужч. род).

Спосабы выражэння грамат. значэння падзяляюцца на 2 тыпы ў залежнасці ад таго, дзе (у межах слова ці па-за імі) знаходзіцца грамат. сродак; напр., «прачытае» — сінтэтычны спосаб выражэння грамат. значэння буд. часу, «буду чытаць» — аналітычны. У залежнасці ад таго, які спосаб пераважае ў пэўнай мове, мовы падзяляюцца на сінтэтычныя мовы і аналітычныя мовы. Бел. мова належыць да сінтэтычнага тыпу. Вакол аднаго грамат. значэння могуць групавацца розныя сродкі яго выражэння, утвараючы функцыянальна-грамат. палі. Напр., значэнне колькасці ў бел. мове перадаецца з дапамогай канчаткаў («сад — сады», «іду — ідуць»), лічэбнікаў («дзве сястры»), колькаснага займенніка і прыслоўя («некалькі бяроз», «многа клёнаў»), нумаралізаваных назоўнікаў («кошык грыбоў»), спец. сінтакс. канструкцыі («Камарэчы там — плойма!») і інш. Функцыянальна-грамат. поле мае свой цэнтр і перыферыю, будуецца па законах недакладнага мноства.

Адно з карэнных пытанняў грамат. ладу мовы — пытанне аб часцінах мовы, г.зн. аб размеркаванні ўсіх слоў лексікону па буйных грамат. разрадах. У залежнасці ад мэт вывучэння і апісання мовы граматыка ў мовазнаўстве падзяляецца на тыпы. Напр., навук.-апісальная граматыка адлюстроўвае грамат. лад мовы згодна з існуючай навук. канцэпцыяй. Нарматыўная граматыка вызначае, якія тыпы формаў і канструкцый суіснуюць у мове, і дае іх ацэнку з пазіцый правільнасці (гл. Норма моўная) або няправільнасці іх ужывання. Гістарычная граматыка падае сістэму мовы ў часе, апісваючы прычыны, працэсы і вынікі змянення моўных формаў. Параўнальная граматыка здзяйсняе сістэмнае супастаўленне і параўнанне фактаў розных моў у сінхронным ці дыяхронным (гіст.) плане. Тыпалагічная граматыка апісвае мову (ці мовы — як роднасныя, так і генетычна далёкія) у адпаведнасці з пэўнымі, тэарэтычна выпрацаванымі мадэлямі пабудовы натуральных моў або інш. знакавых сістэм. Структурная граматыка асн. ўвагу накіроўвае на аналіз функцый розных элементаў і іх сістэмныя сувязі. Трансфармацыйная граматыка мадэліруе мову як своеасаблівы механізм утварэння адзінак вышэйшых узроўняў (і тэксту ў цэлым) з пэўных зыходных элементаў па адпаведных правілах. Граматыка як частка мовазнаўства звязана з інш. яго галінамі — фанетыкай і фаналогіяй, лексікалогіяй і дэрываталогіяй (навука пра словаўтварэнне), фразеалогіяй, стылістыкай, а таксама з інш. філалагічнымі дысцыплінамі і інш. галінамі ведаў: логікай, псіхалогіяй, семіялогіяй і інш.

Распрацоўка грамат. тэорыі ў старажытнасці дасягнула высокага ўзроўню ў Індыі. Еўрап. традыцыі ў вывучэнні грамат. ладу моў бяруць пачатак у ант. навуцы, найперш звязанай з вытлумачэннем стараж. тэкстаў (паэм Гамера, біблейскіх паданняў). Асн. тэндэнцыяй у развіцці грамат. думкі ў Еўропе было паступовае вызваленне ад схем і ўяўленняў грэка-лац. навукі, пошук паняццяў і метадаў даследавання, якія б далі магчымасць адэкватна апісваць кожную канкрэтную мову. Значны ўклад у развіццё грамат. тэорыі зрабілі слав. вучоныя. Пачынальнікамі навук. распрацоўкі граматыкі бел. мовы былі Л.​Зізаній, П.​Шпілеўскі, К.​Нядзведскі, І.​Нядзёшаў, Я.​Карскі, К.​Каганец, Б.​Пачобка, Б.​Тарашкевіч, М.​Булахаў і інш.

Літ.:

Кузнецов П.С. О принципах изучения грамматики. М., 1961;

Виноградов В.В. Русский язык: (Граммат. учение о слове). 2 изд. М., 1972;

Шуба П.П. Уводзіны ў граматыку беларускай мовы. Мн., 1962;

Граматыка беларускай мовы. Т. 1—2. Мн., 1962—66;

Беларуская граматыка. Ч. 1—2. Мн., 1985—86;

Есперсен О. Философия грамматики: Пер. с англ. М., 1958.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 5, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІЦЯ́ЧАЯ МУ́ЗЫКА музыка, адрасаваная дзіцячай аўдыторыі або прызначаная для выканання дзецьмі. Дз. м. ўласцівы вобразная дакладнасць. канкрэтнасць, інстр. творам — праграмнасць. Яе тэмы часцей за ўсё звязаны з казачнасцю, сюжэтамі ці сцэнкамі з дзіцячага жыцця. замалёўкамі роднай прыроды. Сярод чыста муз. асаблівасцей твораў для дзяцей — абагульненне праз бытавыя жанры, выкарыстанне выяўл. прыёмаў, выразнасць і прастата формы, меладычнасць, нац. акрэсленасць муз. мовы. У Дз. м. прадстаўлены амаль усе муз. жанры, аднак, улічваючы выканальніцкія магчымасці дзяцей, кампазітары адмаўляюцца ад складаных прыёмаў інстр. і вак. тэхнікі.

Узоры Дз.м. былі вядомы ўжо ў Стараж. Грэцыі (песенькі, творы для навучання ігры на аўласе і інш.). У розных народаў свету існуе дзіцячы фальклор. Уклад у развіццё Дз.м. зрабілі многія кампазітары-класікі, у т. л. І.​С.​Бах, І.​Гайдн («Дзіцячая сімфонія»), Р.​Шуман («Альбом для юнацтва» для фп.), П.​Чайкоўскі («Дзіцячы альбом» для фп.), а таксама зах.-еўрап. кампазітары 20 ст. [«Мікракосмас» Б.​Бартака (6 сшыткаў фп. п’ес, у якіх юныя музыканты далучаюцца да сучасных сродкаў выразнасці), песні і хары З.​Кодая, прызначаныя для рэалізацыі яго метаду муз. выхавання, «Музыка для дзяцей» у 5 тамах К.​Орфа, што дае аснову для калектыўнага музіцыравання дзяцей, оперы «Мы будуем горад» П.​Хіндэміта, «Маленькі трубачыст» і «Ноеў каўчэг» Б.​Брытэна, дзе шэраг роляў выконваюць дзеці]. Класікамі Дз.м. сталі С.​Пракоф’еў (фп. цыкл «Дзіцячая музыка». сімф. казка «Пеця і воўк», вак.-сімф. сюіта «Зімовы касцёр») і Дз.​Кабалеўскі (дзіцячыя лірычныя песні, 3 сшыткі фп. п’ес, кантата «Песні ранку, вясны і міру», трыяда юнацкіх канцэртаў); шырока вядомы песні Ю.​Чычкова, У.​Шаінскага, музыка да дзіцячых кінафільмаў Я.​Крылатава і інш.

Дзіцячы фальклор беларусаў побач з размоўнымі жанрамі, ўключае, калыханкі і песенькі для дзяцей старэйшага ўзросту. Нар. песні змешчаны ў найб. ранніх нац. зб-ках «Школьны спеўнік» (1920) і «Беларускі дзіцячы спеўнік» (1925) А.​Грыневіча. Інтэнсіўна і разнастайна працуюць у галіне Дз.м. бел. кампазітары. Ствараецца нац. рэпертуар для муз. т-ра. Сярод муз.-сцэн. твораў для дзяцей першая дзіцячая опера «Марынка» Р.​Пукста (паст. 1955), першая муз. камедыя «Сцяпан — вялікі пан» Ю.​Семянякі (паст. 1979), шырока вядомы балет «Маленькі прынц» Я.​Глебава (паст. 1982). З канца 1980-х г. на Беларусі ўзнікаюць тэатр. калектывы з дзіцячымі трупамі, якія значна стымулююць паяўленне дзіцячых муз.-сцэн. твораў; сярод іх: мюзікл «Пітэр Пэн» А.​Будзько (паст. 1990; Дзіцячы муз. т-р-студыя пры Нац. т-ры оперы), опера «Вясновая песня» і мюзікл «Прыгоды ў замку Алфавіт» В.​Войціка (паст. 1993 і 1996, Дзіцячы муз. т-р-студыя «Казка» пры Дзярж. т-ры муз. камедыі), опера «Мілавіца» У.​Солтана (1991). Пачынаючы з оперы «Рукавічка» М.​Чуркіна (1941, паст. 1948), развіваецца жанр радыёоперы для дзяцей («Рак-вусач» Дз.​Лукаса паводле казкі Я.​Коласа, 1941, паст. 1960; «Тараканішча» Л.​Шлег паводле К.​Чукоўскага, паст. 1973; опера «32 волаты» Н.​Усцінавай 1983, Віцебская абл. студыя тэлебачання). Значнае месца адводзіцца музыцы для дзяцей у спектаклях драм. т-раў. З Бел. рэсп. т-рам юнага гледача актыўна супрацоўнічалі Я.​Глебаў, Э.​Зарыцкі, Дзярж. т-рам лялек Беларусі — А.​Залётнеў, І.​Кузняцоў, В.​Помазаў, К.​Цесакоў, з Брэсцкім абл. т-рам лялек — М.​Русін. Муз. афармленню дзіцячых тэле- і радыёперадач, мультфільмаў вял. ўвагу аддавалі Л.​Абеліёвіч, Г.​Вагнер, Глебаў, Зарыцкі, Л.​Захлеўны, У.​Кандрусевіч, С.​Картэс, А.​Мдывані, Семяняка. У жанры вак.-сімф. і харавой музыкі найб. значныя араторыі «Запрашэнне ў краіну маленства» Глебава і «Бай прыдумаў» Картэса, кантаты «Песня згоды» Помазава і «Упарты Фама» Р.​Суруса, сюіта «Званы» М.​Васючкова і харавыя гульні «Ладачкі» В.​Кузняцова. Дасціпнасцю муз. вырашэння адметныя вак. цыклы «Вясёлыя дзіцячыя песні» Картэса, «Пра дзяцей» П.​Падкавырава, «Містэр Кваклі і іншыя» Э.​Тырманд, разлічаныя на дарослых выканаўцаў. Багата пададзена ў бел. музыцы дзіцячая хар. песня. Далучэнню дзяцей да бел. фальклору спрыяюць хар. апрацоўкі бел. нар. песень Семянякі, Цесакова, Цікоцкага, папулярныя ў дзяцей кампазіцыі У.​Дамарацкага, Ш.​Ісхакбаевай, В.​Сярых. Камерна-інстр. жанр Дз.м. прадстаўлены цыкламі праграмных мініяцюр тыпу «Дзіцячых альбомаў», «Школьных сшыткаў» для розных інстр. складаў. У рэпертуар бел. школьнікаў трывала ўвайшлі п’есы Абеліёвіча, А.​Багатырова, Вагнера, Г.​Гарэлавай, Ісхакбаевай, В.​Карэтнікава, Л.​Мурашкі, Падкавырава, Суруса, Тырманд, Усцінавай, Цесакова і інш. Асобная галіна інструктыўнай музыкі — творы, звязаныя з фалькл. элементам у спалучэнні з сучаснымі сродкамі выразнасці, у т. л. сшытак эцюдаў-карцін для цымбалаў Войціка, «Карагоды» для фп. трыо, «25 беларускіх песень і танцаў» для скрыпкі і фп., «П’есы з эпіграмамі» для балалайкі і фп., «7 п’ес у ладах» для цымбалаў і фп. Гарэлавай, «поліфанічны сшытак» для фп., «Беларускія сшыткі школьніка» для баяна і домры, сюіта-казка «Кацігарошынка» для домры і фп., цыклы «Лубочак» для трубы і фп., «Дударачка» для кларнета і фп. Шлег. Развіццё Дз.м. стымулюецца павышэннем тэхн. ўзроўню выканальніцтва і агульнай муз. культуры дзяцей, што звязана з удасканаленнем сістэмы муз. адукацыі і муз. выхавання.

Літ.:

Асафьев Б. Русская музыка о детях и для детей // Сов. музыка. 1948. № 6;

Сосновская О. Советские композиторы детям. М., 1970;

Степанцевич К., Глущенко Г. Школьникам о музыке. Мн., 1962.

Р.​М.​Аладава.

т. 6, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Атама́н ’выбарны начальнік у казацкіх войсках або паселішчах у дарэвалюцыйнай Расіі’, ’важак, завадатар’ (БРС), атама́н (Нас.). Рус. атама́н, дыял. (в)ата́ма́н, укр. атама́н, ота́ма́н. Магчыма, што ўкраінская форма з а‑ замацавана пад рускім уплывам, а польская ataman з рускай ці беларускай, а не з украінскай. Руская і ўкраінская мовы ведаюць значэнне слова ’рыбацкі, ’пастухоў стараста’. Ст.-рус. ватаманъ, вотамманъ, отоманъ ’чалавек, які працуе на судне’ з 1294 г., пазней — атаман начальнік казачай дружыны’ (XVII ст.); польск. (да XVI ст.) wataman ’аканом’. Ст.-бел. з 2‑й палавіны XV ст. оутамонъ, втамон, отаманы, атаманъ у знач. ’рыбацкі завадатар’ (1577), ’аканом’ (1497), ’чыноўнік па збору падаткаў, падпарадкаваны татарскім баскакам’ (XVI ст.). Ст.-укр. ватаманъ (1422) ’стараста’, з XVI ст. атаманъ са значэннямі, блізкімі да старабеларускай. Этымалогія слова высветлена не да канца. Ранейшыя прапановы ўзводзіць яго, як і польск. > укр. гетьман, з ням. Hauptmann < heubtmann (Міклашыч, 5; Бернекер, 1, 378; Гараеў, 7) запярэчваюцца ў сувязі з фанетычнымі цяжкасцямі. Не прымаецца таксама этымалогія Гараева, 438, з тур. (?) ата ’бацька’ + туман ’10 000 (войска)’ у сувязі з нерэальнасцю такога спалучэння ў турэцкай. Найбольш верагоднай лічыцца этымалогія Т. Корзана, падтрыманая і абгрунтаваная Брукнерам, KZ, 48, 172, а потым больш дакладна Дзмітрыевым, Строй, 523: крым.-тат. отаман > одаман ’старшы пастух, пастухоў бацька’ (‑ман павелічальны суфікс), адкуль атаман, отаман (Брукнер, 8; Фасмер, 1, 95; Саднік-Айцэтмюлер, 1, 36; Шанскі, 1, А, 169–170; Курс суч., 161). Гэта этымалогія, аднак, не тлумачыць ст.-рус. наўг. ватаманъ ’працуючы на суднах’ па гістарычных, геаграфічных, фанетычных прычынах, таму Фасмер выдзяляе ватаман у асобны артыкул, хаця і не тлумачыць яго; Саднік-Айцэтмюлер лічацца з магчымасцю старога цюркскага запазычання; Праабражэнскі (1, 9–10) спачувальна прыводзіць думку Сразнеўскага (1, 231) пра сувязь ватаманъ з ватага. Старое цюркскае запазычанне магчыма (параўн. чув. утаман побач з атаман, якое Ашмарын (2, 133) лічыў запазычаннем з рускай; параўн. Ягораў, 278). Нельга выключыць і ватаманъ ’працуючы на судне’ з германскага (параўн. с.-в.-ням. Waʒʒermann ’марак, лодачнік, шкіпер’, англ. waterman ’лодачнік, вясляр’ і г. д.). Ст.-польск., ст.-бел., ст.-укр. ватаман ’чыноўнік, аканом’ магло ўзнікнуць пад уплывам іншых слоў (параўн. ст.-польск. watman), напр. Amtmann. Гэта не выключае і кантамінацыі з одаман ’старшы пастух’ і з оттоман ’турак’. Сучасныя беларускія значэнні замацаваліся пад рускім уплывам. Пра цюркскае паходжанне слова гл. Дабрадомаў, РР, 1972, 5, 110–114.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На 1 прыназоўнік (з він. і месн. скл.) і прэфікс, параўн. укр., рус. на, польск. na, палаб. no, в.-луж., н.-луж. na, чэш., славац. na, славен. na, серб.-харв. на, макед., балг. на. Побач з прасторавым і часавым значэннем можа выражаць кірунак, мэту, прызначэнне, на базе якіх узнікла больш спецыфічнае значэнне аб’екта (адрасата), якое звычайна выражаецца дав. скл.: кажу на яго (= яму), гаварыць на маці (= маці), што лічыцца «латгала-крывіцкай інавацыяй» (гл.: Прохарава С. М. Сов. славяноведение, 1986, 3, 76), аднак апошняе вядома і інш. слав. мовам, асабліва на поўдні Славіі, параўн. балг. казвам на него, давам на Иван, макед. му зборува на можот і інш., што можа сведчыць пра больш раннюю тэндэнцыю да такога ўжывання прыназоўніка на. Прасл. *na, роднаснае да літ. nuõ, лат. nùo ’ад, з’, ст.-прус. no/na ’адпаведна, па’, далей параўноўваюць з грэч. ἀνά ’на, уверх’, гоц. ana ’на, у, супраць’, ст.-в.-ням. an(a) ’на’. У якасці прэфікса ўжываецца пры дзеясловах, прыметніках і (рэдка) назоўніках, што адпавядае літоўскай прыстаўцы nu‑ ў дзеясловах і nuo‑ ў назоўніках, параўн. Фрэнкель, 511; у прыметнікаў у большасці зах.-слав. і паўд.-слав. моў мае дэмінутыўнае значэнне, параўн. в.-луж. naběl ’белаваты’, серб.-харв. на́црн ’чарнаваты’ і пад., ва ўсх.-слав. і польск. — узмацняльнае значэнне, параўн. рус. на́крепко, польск. naprzykry ’вельмі прыкры’ і пад., што адпавядае значэнню прыстаўкі най-, пры дапамозе якой утвараюцца формы найвышэйшай ступені ў слав. мовах, параўн. укр. най-, рус. наи‑, польск. naj‑, в.-луж. naj‑, чэш. nej‑, славен. naj‑, серб.-харв. нај‑, макед. naj‑, балг. най-, гл. Фасмер, 3, 33, параўн. Копечны (ESSJ SG, 1, 121), які ўслед за Міклашычам (4, 213) лічыць градацыйнае на- іншага паходжання. Гл. таксама Махэк₂, 387 (адмаўляе роднаснасць паміж на і літ. nuo з-за антанімічнага значэння), Скок, 3, 495, ESSJ SG, 1, 115 і далей (з аглядам літаратуры і версій).

На́ 2, на́це ’на, бяры(це), вазьмі(це)’ (Шат., Касп., Бяльк., Гарэц., БРС, Байк. і Некр., Грыг.), сюды ж на́, на́ — падзыўныя словы для сабакі, палеск. ня́, ня́ ’тс’ (ТС); укр. на́, на́те, рус. на́, на́те, польск. na, nacie, чэш. na, nate, славац. na, славен. nȃ, nate, серб.-харв. на, макед. на, балг. на́ ’вазьмі; вось’. Роднаснае да літ. nà, лат. na ’ну’, ст.-інд. nā́‑nā ’ў розных месцах, па-рознаму’ і інш., гл. Фасмер, 3, 33; Махэк₂, 387; Брукнер, 351; Скок, 3, 495; Шустар-Шэўц, 13, 977.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апрача́, апро́ч ’акрамя’, апро́ч ’асобна’ (Янк. Мат., Янк. I, Яруш.), апры́ч ’апрача’ (Касп.), апрі́ч ’апрача, асобна’ (Бяльк., Яруш.), опричёнки (Мядзв.), апрічо́ннік, апрічо́ння ’асобніна, прыгатаванае асобна’ (Бяльк.). Ст.-рус. опрочь, опроче ’апрача; асобна’, опричь ’апрача’, адкуль у старабеларускую мову ўжо ў XV ст. (Карскі, 1, 69). Рус. опри́чь ’апрача’, дыял. опричи́, опро́чь, опрочи́, укр. опрі́ч, опрі́че, дыял. опро́че ’апрача’, ’асобна’. Польск. oprócz, prócz ’апрача’, памор. proč ’тс’, ст.-польск. oprócz ’без’, ’акрамя’. Магчыма, славен. opríčen, ’сучасны’, pròč ’прэч’. Формы з карэнным о/а і і/ы маюць, напэўна, рознае паходжанне, прычым першасна апроч, апрача азначала ’акрамя, апрача’, апрыч і пад. ’асобна’; пазней адбылася кантамінацыя значэнняў, у выніку чаго цяпер абодва гэтыя значэнні ёсць у абедзвюх формах. Апроч, апрача — роднасныя з рус. прочий ’іншы’, прочь ’прэч’ і пад., якія Фасмер (3, 386) слушна выводзіць з кораня *prok‑ услед за Міклашычам, Младэнавым, Брукнерам, Праабражэнскім. Ст.-слав. прокъ азначала ’астатак’, а прочей тлумачылася як параўнальная форма да прыметніка прокъ, прокыи ’лішні’, а‑ трэба лічыць хутчэй за ўсё пратэзай. Заходнеславянскія формы з ‑е‑ (польск. precz > бел. прэч) тлумачаць як рэфлекс форм з ‑ъ‑ (адкуль і ‑о‑ ў рус. прочь) (Голуб-Копечны, 298). Формы апрыч і пад., магчыма, роднасныя з чэш. pryč ’прэч’; тлумачэнне вакалізму як звязанага з ъ, o, а тут сустракаецца з пэўнымі цяжкасцямі (гл. Праабражэнскі, 1, 654; Брукнер, 437). Старажытнарускія формы опришь, опрись, оприсьнъ (побач з опричьнъ), укр. опришок ’разбойнік’ (< ’чужы’, ’асобны’?) указваюць на магчымасць трактаваць ч як замену былога ш ці c, якія ў сваю чаргу звязаны з х; і.-е. коранем слова магло б быць *preu̯s (Покарны, 809–810, 845), параўн. прыскаць, прышч (тое, што выскачыла з-пад скуры’); для значэння ’разбойнік’ параўн. выскачка той, хто выскаквае з агульнай групы’, для значэння ’асобна’ — ’тое, што выскаквае з адзінай групы’. Гэта гіпотэза паходжання нявытлумачанага слова патрабуе, аднак, пэўных удакладненняў у сувязі з ст.-бел. опришный (XV ст., Карскі, Труды, 313), опршине (XV ст., Карскі, 1, 389), опричьный ’асобны, спецыяльны, уласны’ (1562, Карскі, Труды, 206). Параўн. Хрэст. гіст., 1, 483; Гіст. мовы, 1, 107, 196. Булахаў (Працы IM, 7, 142) няўпэўнена сцвярджае, што ў такіх прыкладах шн на месцы чьн фанетычна. Але Карскі (1, 389) адзначаў, што ў старажытных помніках такая з’ява вельмі рэдкая, а прыклады даў толькі са словам опришный, опришне; Гіст. лекс., 92, адносіць опришный да паланізмаў, запазычаных у XV ст., аднак у польскай мове таго часу такое слова не адзначаецца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жаўна́ ’чорны (і зялёны) дзяцел; Dryocopus martius’, жолна́. Рус. желна́ ’тс’, укр. жовна́ ’тс’, дыял. ’івалга’, польск. żołna ’птушка Merops’, н.-луж. žołma ’чорны і зялёны дзяцел’, в.-луж. žołma ’чорны дзяцел’, чэш. žluna ’зялёны дзяцел’, славац. žlna, балг. дыял. жѐлна̀ ’тс’, жъ̀лна̀ ’Picus martius’, жлъна̀тка ’птушка Emberiza’ (Гераў), жълту̀рка ’тс’, ’івалга’, макед. жодна ’птушка Picus viridis’, серб.-харв. жу́на ’Picus martius’, славен. žółna ’дзяцел’. Ц.-слав. жлъна ’Picus martius’. Агляд значэнняў слав. назваў, узыходзячых да прасл. *žьlna, дала Клепікава (Проблемы индоевропейского языкознания 1964, 106–114): у асноўным словы азначаюць дзятлавых або адзін з відаў, а таксама івалгу Oriolus galbula (укр., польск., чэш., славац., серб.-харв., макед. гаворкі) ці зрэдку (зах.-укр. і паўд.-польск. гаворкі) шчурку залацістую (Merops apiaster) Клепікава лічыць першаснымі для слав. моў значэнні ’дзяцел’ і ’івалга’. Літ. gilnà ’Dryocopus martius’, лат. dzil̑na ’дзяцел’. Традыцыйна збліжаюць са слав. жоўты (гл.) і яго балт. адпаведнікамі (Гараеў, 108; Праабражэнскі, 1, 226; Буга, Rinkt., I, 495; Траўтман, 88; Фасмер, 2, 43; Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, 1948, 110; Скок, 3, 687; Шанскі, 1, Ж, 281), указваючы на колер птушкі. Міклашыч (408) побач з параўнаннем з жоўты адаслаў да слоў тыпу жаўлак. Махэк (Zfsl Ph, 1948, XX, 50–51) выказаў меркаванне пра збліжэнне жаўна з літ. gìlti, gélti ’жаліць’. Аткупшчыкоў (Из истории, 247–249) развівае гэту думку, указваючы, што корань *gel‑ мог азначаць не толькі ’жаліць’, але і ’даўбаць’. Тады жаўна суадносіцца з жолаб, жалонка (гл.), літ. gélda ’карыта’ (< ’выдаўбанае’), што можа быць суаднесена з тымі словамі, якія Покарны (1, 470–471) дае для кораня *g​u̯el‑ ’калоць’. Махэк₂ (730) прыводзіў грэч. паралель з глухімі варыянтамі кораня κελεός ’жаўна’, які ў слав. прадстаўлены ў калоць. Суаднясенне Махэка з gélti, улічваючы тлумачэнні Аткупшчыкова, здаецца не менш верагодным, чым традыцыйная этымалогія (па колеру) для дзятла, тым больш што назва дастасоўвалася да рознакаляровых відаў, у тым ліку для чорнага дзятла. Для івалгі хутчэй падыходзіць тлумачэнне па афарбоўцы. Верагодна, тут старажытная аманімія назваў розных птушак. Гл. Пятлёва, Этимология, 1975, 47–49. Гом. перан. жаўна́ ’дзіця крыклівае’ магло ўзнікнуць на базе назвы івалгі, што дае падставу дапусціць выкарыстанне лексемы жаўна ў гэтым значэнні на поўдні Беларусі. Але не выключаецца тады і магчымасць паходжання назвы птушкі не ад назвы афарбоўкі (жоў‑ты), а ад кораня са значэннем ’крычаць’: і.-е. gou‑, *gouə‑, *geuə‑. Гл. жаўла́ць (дзе і жаўні́ць).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трыма́ць ‘узяўшы ў рукі (рот, зубы), не даваць выпасці’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Шат., Шымк. Собр., Касп., Мядзв., Мал., Яруш., ТС), трыма́ці, трыма́ті, трыма́ты ‘тс’ (Бес., Булг., ЛА, 3), трума́ць ‘тс’ (гродз., Нар. лекс.); перан. трыма́ць ‘утрымліваць, захоўваць за сабою, быць уладальнікам’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт.; ашм., Сл. ПЗБ), ‘мець у сваёй уладзе, у духоўным падпарадкаванні’, ‘прымушаць знаходзіцца каго-небудзь дзе-небудзь супраць яго волі, не выпускаць’ (ТСБМ) (там жа), ‘выхоўваць, трымаць у рамках’ (маст., Сл. ПЗБ), ‘трымаць скаціну’ (Бяльк.), ‘гадаваць, разводзіць’ (Сл. ПЗБ), ‘служыць апорай, падтрымліваць, быць на чыімсьці баку’ (ТСБМ, Шат.), ‘стаяць, працягвацца (пра мароз)’ (беласт., Сл. ПЗБ), ‘захоўваць; трымаць (у хляве)’ (там жа, Бяльк., Вушац. сл.), ‘адпаведным чынам паводзіць сябе’ (ТСБМ), ‘ажыццяўляць, выконваць, здзяйсняць (экзамен, адказ, ініцыятыву)’ (там жа), ‘трываць’ (ТС); ст.-бел. тримати, тримать, трымати ‘трымаць, не выпускаць, захоўваць, выкарыстоўваць; утрымліваць; мець думку, погляд, стаўленне’ (1492 г., ГСБМ). Параўн. польск. trzymać ‘трымаць’, чэш. мар. třímati ‘тс’, чэш. літарат. třímat ‘сціскаць, моцна трымаць’, усх.-славац. trimae se ‘трымацца ў добрым здароўі’, ‘быць добра выхаваным’, якія, паводле Борыся (652), узыходзяць да прасл. дыял. *trimati ‘ўтрымліваць, затрымліваць, захоўваць у пэўнай пазіцыі’, што разглядаецца як каўзатыў ад прасл. (s)trьmĕti ‘тырчаць, выступаць, быць нерухомым’, што да прасл. *strьmъ ‘які тырчыць, выступае, стромкі’. Побач са славен. tŕma ‘ўпартасць’, tŕmati, tŕmiti ‘ўпарціцца’, малапольск. trzmić ‘вытыркацца’, ст.-чэш. třmĕti ‘паднімаць угору’, такі шлях развіцця падмацоўваецца знешнімі параўнаннямі з нідэрл. stram, н.-ням. stramm ‘тугі’, ‘бадзёры, бойкі, моцны’, ст.-грэч. στερέμνιος ‘цвёрды, тугі, моцны’ < і.-е. *(s)terh₁‑ ‘быць цвёрдым, моцным, тугім’ (Бязлай, Eseji, 150; Сной₂, 705; Махэк₂, 653; Борысь, 652; ЕСУМ, 5). Мартынаў (Прарадзіма, 24) генетычна суадносіць *trimati з балг. трем ‘ганак’, макед. трем ‘сені, крыты ганак’, серб. тре̑м ‘сені’, славен. trȇm ‘павець, страха’ і разглядае ст.-англ. trymman ‘трымаць, умацоўваць’ у якасці славянскай інфільтрацыі ў германскія мовы, што сведчыць пра яго інавацыйны характар, які праявіўся і ў экспансіі на ўсходнеславянскія тэрыторыі — беларускую і ўкраінскую (Золтан, Athila, 546; Гарбуль, 184), дзе ўспрымалася як запазычанне, у якім rz (ř) замяняецца на р, але гэта не дае падстаў думаць, што запазычанне адбылося яшчэ да замены rʼ > ř > rz у польскай мове (Векслер, Гіст., 65). Сюды ж вытворныя трыма́ньне ‘паводзіны’ (Байк. і Некр.), трыма́ны ‘які ўжо быў ва ўжытку’ (Нас.), а таксама трыма́лы ‘ўстрыманы, сціплы’ (Нас.), трыма́ласць ‘вытрыманасць’ (Байк. і Некр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ДУ́НІН-МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Вінцэнт) (Вікенцій Іванавіч; 4.2.1808, фальварак Панюшкавічы, Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл. — 29.12.1884),

паэт, драматург, класік бел. л-ры 19 ст. Лічыцца, што ў 1824 скончыў Бабруйскае пав. вучылішча, працягваў вучобу ў Пецярбургу пад апекай сваяка С.І.Богуш-Сестранцэвіча. З 1828 каморнік Мінскага межавога суда, служачы палаты крымінальнага суда, перакладчык пры каталіцкай духоўнай кансісторыі. У 1840 набыў маёнтак Люцынка (Люцінка, Валожынскі р-н) і пакінуў дзярж. службу. У час паўстання 1863—64 паліцыя прыпісвала Д.-М. аўтарства антыўрадавых выданняў (напр., «Гутаркі старога дзеда»). З кастр. 1864 да снеж. 1865 зняволены ў мінскую турму, потым быў пад наглядам паліцыі (зняты ў 1872—74, зноў устаноўлены ў 1876), яго дачка Каміла з 1863 адбывала ссылку ў Салікамску. Як драматург і акцёр дэбютаваў у Мінску, паставіўшы аперэту «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і выканаўшы ў ёй адну з гал. роляў. У 1846 апубл. муз.-драм. твор «Сялянка» («Ідылія»), у якім сяляне гавораць па-беларуску. Опера была паст. 9.2.1852 на мінскай сцэне створаным ім тэатр. калектывам (гл. Дуніна-Марцінкевіча тэатр; паўторна паст. ў Мінску ў 1994). Д.-М. выконваў ролю Навума Прыгаворкі (адсюль яго псеўданім). Першыя вядомыя паэт. творы Д.-М. на польск. мове («Малітва на памінальны дзень», «Дзіця і маці», «Вясна») прасякнуты сентыменталізмам і рэліг. матывамі. У 1850-я г. распрацоўваў новыя жанравыя формы — вершаванае апавяданне і аповесць, баладу, вытрыманыя ў павучальна-дыдакт. духу («Вечарніцы», «Гапон», 1855, «Купала», 1855, «Шчароўскія дажынкі», 1857, «Травіца брат-сястрыца» і «Быліцы, расказы Навума», нап. 1857). У гэтых творах сплавіліся рамант. цікавасць да нар. звычаяў, традыцый і рэаліст. імкненне перанесці на грунт рэальнага жыцця матывы, вобразы нар. легенд, казак, паданняў. У творчасці Д.-М. сфарміраваўся своеасаблівы метад рамант. этнаграфізму, які адпавядаў пач. этапу развіцця бел. л-ры 19 ст. Адыход ад сентыментальна-ідылічных форм і жанраў выявіўся ў структуры вершаваных твораў, іх вострай канфліктнасці, імкненні вылучыць на першы план маральна-бытавую праблематыку, у спробах асэнсаваць некат. надзённыя з’явы сац.-гіст. рэчаіснасці. У «Стаўроўскіх дзядах» (2-я ч. «Вечарніц») побач са звычаёвымі рэаліямі выразна гучаць агульнагуманіст. і сац. матывы. Ідэя маральнай чысціні народа выяўлена ў вершаванай аповесці «Купала». З пазіцый нар. этыкі зыходзіў аўтар і ў паэме «Гапон», паказаўшы барацьбу героя за асабістае шчасце, шырыню яго натуры, моцнае пачуццё чалавечай годнасці. У творы адлюстраваны і характэрныя сац.-псіхал. з’явы часу — нарастанне стыхійнага бунту сялян, трагедыя рэкрутчыны, маральны заняпад феад. грамадства. Этнагр.-бытавая праблематыка вызначальная і для вершаванай аповесці «Шчароўскія дажынкі», вершаванага апавядання «Быліцы, расказы Навума», балады «Травіца брат-сястрыца» і інш. У іх асн. матывіроўкай паводзін і ўчынкаў сталі нар. крытэрыі працавітасці і сумленнасці чалавека. Паэтызацыя земляробчай працы, узвышэнне чалавека з народа — сведчанне сувязі творчасці пачынальніка бел. л-ры з перадавымі традыцыямі слав. л-р, глыбокага дэмакратызму яго эстэтыкі. У «Быліцах, расказах Навума» п’янства, маральная разбэшчанасць матывуюцца адмоўным уплывам феад. культуры. Ідэя абнаўлення жыцця на больш гуманных, дэмакр. прынцыпах выразна выяўлена ў «Халімоне на каранацыі» (нап. 1857, апубл. 1946). Твор праўдзіва адлюстраваў супярэчнасці ў свядомасці сял. масы напярэдадні рэформы 1861: нягледзячы на расчараванне спадарожнікаў Халімона пасля каранацыі, у іх усё ж застаецца вера ў «добрага» цара. У распрацоўцы жанру балады паэт апіраўся на багатыя традыцыі рамантызму слав. л-р, яе вытокі бачыў у нар. творчасці. Пра шырыню і плённасць творчых інтарэсаў Д.-М. сведчаць яго вершаваныя апавяданні на польскай мове, прысвечаныя актуальным з’явам грамадскага жыцця («Благаславёная сям’я», 1856), гіст. падзеям («Славяне ў XIX стагоддзі», 1856, «Люцынка, або Шведы на Літве», нап. 1857). Пра арыентацыю на здабыткі А.​Міцкевіча і яго рамант. школы сведчаць і творы на польск. мове, і пераклад Д.-М. на бел. моду «Пана Тадэвуша» (1859), забароненыя царскай цэнзурай (выйшлі толькі 2 «быліцы»). У камедыі «Пінская шляхта» (аўтарскае вызначэнне: фарс-вадэвіль, нап. 1866, апубл. 1918) аўтар выкрывае паразітычную сутнасць царскага чыноўніцтва. Тут многа камедыйна-бытавых сцэн, дзеянне часта суправаджаецца песнямі і танцамі, але вядучыя прынцыпы — сатыр. выкрыццё «чыноўных п’явак». Высмейваецца каставая абмежаванасць пінскай шляхты. Сатыр. камедыя «Залёты» (нап. 1870, апубл. 1918) напісана ў традыцыях двухмоўя і прысвечана праблеме расслаення парэформеннай вёскі. У цэнтры п’есы вобраз вясковага гандляра Антона Сабковіча, асн. прынцыпы якога індывідуалізм, цынічны разлік, эгаізм. Творчае станаўленне Д.М. складанае. Ён паэтызаваў жыццё і побыт селяніна як носьбіта высокіх маральных і эстэт. каштоўнасцей, што садзейнічала нараджэнню новых дэмакр. ідэй у бел. л-ры. Вял. заслуга Д.-М. ў развіцці бел. літ. мовы, сілабічнага вершаскладання, у выпрацоўцы новых жанрава-стылістычных форм (ідылія, вершаванае апавяданне і аповесць, балада, камедыя). Імя пісьменніка прысвоена Магілёўскаму абл. тэатру драмы і камедыі ў Бабруйску.

Тв.:

Творы. Мн., 1984.

Літ.:

Купала Я. Памяці Вінцука Марцінкевіча // Зб. тв. Мн., 1973. Т. 2;

Багдановіч М. Белорусское возрождение // Поўны зб. тв. Мн., 1995. Т. 2;

Семянов і ч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;

Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;

Яго ж. Героі і музы. Мн., 1982;

Яго ж. Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча: Спроба навук. сістэматызацыі дак. і матэрыялаў. Мн., 1988;

Грынчык М.М. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн.. 1969;

Пачынальнікі: З гісторыка-літ. матэрыялаў XIX ст. Мн., 1977;

Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989;

Гісторыя беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст. Мн., 1981;

Янушкевіч Я.Я. Беларускі Дудар: Праблема слав. традыцый і ўплываў у творчасці В.​Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1991;

Навуменка І.Я. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Мн., 1992.

М.​М.​Грынчык.

В.Дунін-Марцінкевіч.

т. 6, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫЛЛЁ,

збудаванні для жыцця і арганізацыі побыту чалавека, аховы ад неспрыяльных уздзеянняў прыродных фактараў. Тыпы Ж. вызначаюцца ўзроўнем развіцця прадукц. сіл грамадства, буд. тэхнікі, характарам сац. адносін, геагр. асяроддзя і традыцый арганізацыі сямейнага ладу; разнавіднасці, маст. і кампазіцыйныя асаблівасці, абсталяванне і ўпрыгожанне інтэр’еру — эстэт. густам чалавека.

Найб. простыя тыпы Ж. вядомы з часоў каменнага веку (пячоры, зямлянкі, паўзямлянкі, буданы, пабудовы на палях і інш.). Краінам з цёплым кліматам характэрны тып Ж. з групоўкай замкнёных звонку памяшканняў вакол унутр. адкрытых дворыкаў (мегароны Стараж. Грэцыі, атрыумна-перыстыльныя дамы Стараж. Рыма); у краінах з умераным і халодным кліматам будавалі прамавугольныя ў плане дамы з асвятленнем праз вокны ў сценах. З паяўленнем гарадоў вылучыліся тыпы гар. і сельскіх пабудоў. У гарадах побач з індывід. 1—2-павярховымі дамамі будавалі шматпавярховыя на некалькі сем’яў (інсулы Стараж. Рыма). Для сярэдневякоўя характэрны замкі і палацы — Ж. феадалаў. Складваліся тыпы сялянскага Ж., якое захавала свае характэрныя рысы на многія стагоддзі; у гарадах сфарміраваўся тып дома, дзе спалучаліся жылыя, гандл. і складскія памяшканні, майстэрні рамеснікаў. У буд-ве такіх дамоў выкарыстоўвалі драўляныя канструкцыі (на аснове каркаса ці зруба), а таксама цагляныя, каменныя і мяшаныя (тэхніка «прускага муру»). Высокім маст. узроўнем вызначалася архітэктура рэнесансу (гл. Адраджэнне), барока, класіцызму. Рост гарадоў і гар. насельніцтва ў 19 ст. прывялі да разбурэння структуры старых феад. гарадоў і, як вынік, да змены традыц. тыпаў Ж. Гар. Ж. 20 ст. развіваецца ў рэчышчы асн. арх. стыляў (мадэрн, канструктывізм, функцыяналізм і інш.; гл. таксама Урбанізм і Дэзурбанізм).

На Беларусі з прымітыўных відаў Ж. (ямы, пячоры, буданы) развіліся яго найб. стараж. формы, што адносяцца да эпохі палеаліту. Пабудовы мелі канструкцыйную аснову з касцей маманта (паселішча Бердыж Чачэрскага р-на). Для неаліту і бронз. веку характэрны паглыбленыя ў зямлю жылыя збудаванні з шатровымі дахамі (каля воз. Ліцін Калінкавіцкага, в. Лучын Рагачоўскага р-наў). Вядомы таксама збудаванні на палях і памостах (в. Асавец Бешанковіцкага р-на). У жал. веку будавалі паўзямлянкі слупавой канструкцыі (в. Малышкі Вілейскага р-на), якія з 5—8 ст. паступова змяніліся невял. наземнымі дамамі слупавой і зрубнай канструкцый, разлічанымі на адну сям’ю (в. Гарадзішча Мядзельскага, в. Тайманава Быхаўскага р-наў). Такое аднакамернае Ж. забяспечвала патрэбы сям’і і стала асновай для развіцця ўсіх тыпаў жылых сельскіх і гар. дамоў на Беларусі. У сярэдневякоўі вядомы зрубныя 1-, 2-, 3-камерныя дамы, якія разам з гасп. будынкамі складалі сядзібу. Архітэктура Ж., яго планіроўка і маст. асаблівасці вызначаліся заможнасцю гаспадара і арх.-буд. традыцыямі асобных гіст.-этнагр. рэгіёнаў (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне і інш.). Гар. Ж. 9—13 ст. у асноўным складалася з невял. адназрубных пабудоў, якія ставілі вельмі шчыльна (Брэст, Віцебск, Мінск, Полацк і інш.). Ж. феадалаў 14—16 ст. мела элементы абарончых збудаванняў (замкі, дамы-крэпасці). У 16—18 ст. гар. і местачковае Ж. характарызавалася ўскладненнем планіроўкі, пашырэннем мураванага буд-ва, буд-ва ў тэхніцы «прускага муру» і змешаных канструкцый. Дамы гандляроў і рамеснікаў стваралі аснову забудовы цэнтр. вуліц і плошчы (рынку), часам мелі на гал. фасадзе галерэю на слупах — падчэні (Іўе, Мір). У 18 ст. атрымаў пашырэнне гар. дом з мураваным гал. фасадам і драўлянай часткай у глыбіні двара (Нясвіж, Гродна, Паставы). З 17 ст. пашырылася буд-ва палацава-паркавых комплексаў. Асн. элементам іх стаў палац ці сядзібны дом з элементамі ордэрнай сістэмы, а таксама ў стылі рамантызму. З 2-й пал. 19 ст. ў сувязі з распрацоўкай планаў забудовы гарадоў структура гар. Ж. змянілася. Павялічылася буд-ва шматкватэрных жылых дамоў. У 1920-я г. буд-ва і рэканструкцыя Ж. пачалі ажыццяўляцца на планавай аснове. З’явіліся рабочыя пасёлкі (імя Камінтэрна ў Мінску і інш). У канцы 1920 — пач. 1930-х г. сталі будаваць шматпавярховыя шматкватэрныя дамы. Сац. ўмовы садзейнічалі з’яўленню новых тыпаў Ж.: інтэрнаты, дзіцячыя дамы, дамы-камуны, якія ўключалі і прадпрыемствы камунальна-быт. абслугоўвання. У Вял. Айч. вайну на Беларусі знішчана каля 400 тыс. жылых будынкаў, што патрабавала значных намаганняў для аднаўлення жылога фонду. З сярэдзіны 1950-х г. пашырылася буд-ва Ж. індустр. метадамі, выкарыстанне вял. арх. элементаў (панэльныя і аб’ёмныя блокі і інш), што дало магчымасць паскорыць тэмпы ўзвядзення будынкаў. Значныя аб’ёмы жыл. буд-ва садзейнічалі прагрэсіўным метадам планіроўкі і забудовы раёнаў. Сучасныя жылыя дамы маюць адпаведнае быт. і інж. забеспячэнне, адпавядаюць нормам сан. гігіены. Сталі пашыранымі малапавярховыя (1—2 паверхі), сярэдняй паверхавасці (3—5), шматпавярховыя (6—10), павышанай паверхавасці (11—16) і вышынныя (больш за 16 паверхаў), адна- ці шматсекцыйныя, калідорныя, галерэйныя, змешанай планіроўкі будынкі. Больш сталі будаваць дамоў катэджавага тыпу і аднаго з відаў часовага Ж. — садовых домікаў. Асн. тыпам сял. Ж. заставаліся зрубныя хаты пач. і сярэдзіны 20 ст. (гл. Драўлянае дойлідства). Сучасныя вясковыя жылыя дамы па планіровачнай арганізацыі і ўзроўні інж. абсталявання набліжаюцца да гарадскіх, у іх аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі і маст. вырашэнні адчуваецца імкненне да захавання традыц. вырашэнняў.

Літ.:

Воинов А.А. Жилищное строительство в Белорусской ССР. Мн., 1980;

Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;

Сергачев С.А. Белорусское народное зодчество. Мн., 1992;

Лакотка А.І. Пад стрэхамі прашчураў. Мн., 1995.

С.​А.​Сергачоў.

Рэшткі жылля старажытнага Бярэсця. 12—13 ст.
Да арт. Жыллё. Дом рамесніка ў г. Нясвіж Мінскай вобл. 1721.
Да арт. Жыллё. Дом канца 19 — пач. 20 ст. Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.
Да арт. Жыллё. Жылы дом у г.п. Ветка Гомельскай вобл. 1950-я г.
Да арт. Жыллё. Сядзібны дом у в. Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна Гомельскай вобл.
Да арт. Жыллё. Жылы дом у Мінску.

т. 6, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)