парода грубашэрсных і паўгрубашэрсных авечак мяса-сальнага тыпу, якія маюць тлушчавыя адклады на крыжы (курдзюк). Паходзяць ад дзікага барана аргалі (архара). Пашыраны ў Казахстане, Цэнтр. Азіі, на Аравійскім п-ве, у Паўн. Афрыцы. Асн. пароды — гісарская, джайдара, сараджынская, таджыкская, адыльбаеўская і інш. Прыдатныя для гадоўлі ў раёнах пустынь і паўпустынь. Непатрабавальныя да кармоў, здольныя рабіць вял. пераходы.
Маса самцоў да 180 кг, самак да 130 кг. Маса курдзюка да 30 кг. Галава падоўжаная, гарбаносая. Вушы доўгія, часта звіслыя Хвост кароткі. Большасці парод уласціва высокая мясная прадукцыйнасць. Шэрсная прадукцыйнасць нізкая — 2—2,2 кг. Воўна неаднародная, выкарыстоўваецца для вырабу грубага сукна, дываноў, валенага абутку і інш. 3 малака гатуюць брынзу, айран, сыры. Плоднасць 105—120 ягнят на 100 матак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́МЕШ (Валерый Мітрафанавіч) (н. 11.12.1938, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне эпізааталогіі. Чл.-кар. Акадэміі агр. навук Беларусі (1994), д-рвет.н. (1987), праф. (1995). Скончыў Віцебскі вет.ін-т (1960). З 1966 у Бел.НДІэксперым. ветэрынарыі (у 1973—88 заг. аддзела), з 1990 заг. кафедры Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Навук. працы па лейкозе буйн. раг. жывёлы, паталаг. марфалогіі, эпізааталогіі, ветсанэкспертызе прадуктаў, распрацоўцы сістэмы вет. аховы буйн. раг. жывёлы.
Тв.:
Лейкоз крупного рогатого скота. Мн., 1978 (у сааўт.);
Тлумачальны слоўнік-даведнік па ветэрынарыі і заатэхніі. Мн., 1992 (у сааўт.);
Биологическая оценка качества мяса при лейкозе крупного рогатого скота (разам з П.І.Пахомавым) // Уч. зап. Витебской гос. академии ветеринарной медицины. 1995. Т. 32.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕФЕЛІ́Н (ад грэч. nephelē мутнасць, воблака, з-за ўтварэння воблакападобнага геля крэменязёму пры разлажэнні мінералу кіслотамі),
мінерал групы фельдшпатоідаў падкласа каркасных сілікатаў, алюмасілікат натрыю і калію, KNa3 (AlSiO4)4. Мае аксіды алюмінію АІ2О3 — 33% і натрыю Na2O — 16%, калію К2О — 5—12%. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Утварае пераважна буйныя зерні і блокі крышталяў, сярэдне- і дробназярністыя агрэгаты, зрэдку гексаганальна-прызматычныя крышталі. Колер шэры, брудна-зялёны, мяса-чырвоны, буры, зрэдку бясколерны. Бляск тлусты, зрэдку паўпразрысты. Цв. 5,5—6. Шчыльн. каля 2,6 г/см³. Пародаўтваральны мінерал нефелінавых сіенітаў. Выкарыстоўваецца для атрымання гліназёму з адначасовай вытв-сцю соды, паташу, сілікагелю, бялітавых шламаў (сыравіна для высакаякасных цэментаў), а таксама ультрамарыну, угнаенняў і інш. Радовішчы ў, Расіі, ЗША, Нарвегіі, Германіі, Румыніі, Канадзе і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́ЕНКАЎ (Аляксандр Іванавіч) (н. 5.5.1941, в. Жукаўка Жукаўскага р-на Бранскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі. Д-рс.-г.н. (1993). Скончыў Бел.ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1970). З 1993 у Бел.н.-д. канструктарска-тэхнал. ін-це мяса-малочнай прам-сці (заг. лабараторыі). Навук. працы па эканоміка-матэм. мадэліраванні с.-г. вытв-сці, механізацыі збору і перапрацоўкі гною з жывёлагадоўчых ферм, спосабах зніжэння таксічных выкідаў у атмасферу з аграпрамысл. комплексаў.
Тв.:
Тэарэтычныя асновы працэсу саматранспартавання гною (разам з С.І.Пляшчанкам) // Весці Акадэміі агр. навук Беларусі. 1993. №2;
Методологические предпосылки расчета экологического ущерба от выбросов неприятно пахнущих газов цеха технических фабрикатов (разам з С.У.Заўялавым, В.А.Басько) // НТИ и рынок. 1996. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУ́ТРЫЯ, бабёр балотны (Myocastor coypus),
млекакормячая жывёла атр. грызуноў. Адзіны прадстаўнік сям. нутрыевых. Пашырана ў Паўд. Амерыцы (мясц. назва каіпу). Акліматызавана ў шэрагу краін Еўропы і Паўн. Амерыкі, на Беларусі — у пач. 1950-х г. Паўводная цеплалюбівая жывёла, у натуральных умовах жыве па берагах вадаёмаў, на балотах (адсюль другая назва), у зарасніках трыснягу ці ў норах. Добра плавае і нырае.
Даўж. да 85 см, хваста да 50 см, маса да 12 кг. Поўсць цёмна-карычневая. Хвост укрыты валаскамі. Заднія канечнасці з плавальнымі перапонкамі. Расліннаедныя, часам спажываюць жывёльныя кармы (малюскі, ракападобныя, рыба і інш.). Нараджаюць да 14 (звычайна 4—6) дзіцянят двойчы за год. Мяса ядомае. Аб’ект промыслу і гадоўлі (выведзены Н. з розным колерам футра).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ГЭ́МПШЫР,
парода курэй мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў аднайм. штаце ЗША у пач. 20 ст. на аснове высокапрадукцыйных курэй пароды род-айленд. Гадуюць таксама ў Нідэрландах, Францыі, Швецыі, Нарвегіі, краінах СНД і інш.; на Беларусі — у калекцыях і асабістых гаспадарках.
Маса пеўняў 3,5—3,8 кг, курэй 2,5—2,8 кг. Апярэнне ад светла-чырв. да светла-карычневага, на шыі з залаціста-жоўтымі пёрамі. махавыя пёры больш цёмныя. хвост і коскі чорныя. Ногі і дзюба жоўтыя. Тулава падоўжанае, спіна шырокая, грудны аддзел выпуклы. Касцяк моцны. Шыя прамая. Галава шырокая, прадаўгаватая, сярэдніх памераў, з лістападобным прамастаячым грэбенем і чырв. вушнымі мочкамі. Крылы і хвост невялікія. Яйцаноскасць 180—200 яец за год (сярэдняя маса яйца 58—59 г). Хутка растуць. Жыццяздольнасць высокая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЫЯНІ́Н, α-аміна-γ-метылтыямасляная кіслата,
незаменная серазмяшчальная амінакіслата, CH3S(CH2)2CH(NH2)COOH. Неабходны для падтрымання росту і азоцістай раўнавагі ў арганізме. Асн. крыніца: малочныя прадукты, яйкі, мяса, бабовыя расліны і інш. Уваходзіць у састаў большасці бялкоў расл. і жывёльнага паходжання. Выдзелены з бялкоў у 1922.
Белы крышталічны парашок. мал. м. 149,2, раствараецца ў гарачай вадзе. Т-ра плаўлення 272—276 °C. З’яўляецца донарам метыльных груп у арганізме млекакормячых жывёл і чалавека. Удзельнічае ў сінтэзе адрэналіну, халіну і інш. біялагічна актыўных злучэнняў. Актывізуе дзейнасць гармонаў, вітамінаў (B12, фоліевай і аскарбінавай к-т), ферментаў; шляхам метыліравання і трансульфіравання абеззаражвае таксічныя рэчывы ў арганізме. Недахоп у арганізме вядзе да парушэнняў абмену рэчываў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЫЛЁК,
пародная група буйных трусоў мяса-шкуркавага кірунку. Гадуюць у краінах Еўропы, СНД. На Беларусі гадуюць пераважна аматары. Найб. пашыраны тып бел.М., атрыманы ў Гомельскай вобл. скрыжаваннем М. з трусамі пароды фландр і мясц. беспароднымі.
Маса 4,5—4,8 кг. Тулава магутнае, касцяк моцны. Спіна падоўжаная, злёгку аркападобная, крыж шырокі, мускулісты. Валасяное покрыва сярэдняй даўжыні, густое, шчыльнае, бліскучае. Афарбоўка белая з чорнымі, шэрымі (блакітнымі) або жоўтымі вушамі і сіметрычна размешчанымі плямамі на носе (накшталт матылька, адсюль назва), шчоках, баках, аблямоўкамі вакол вачэй і паласой на спіне. Скараспелыя, маюць добрыя мясныя якасці. Даюць 7—8 трусянят у прыплодзе. Маса бел. М. 4,3 кг, даўж. 54 см, абхват грудзей 36 см. Плямы часам бываюць цёмна-карычневага колеру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЯНЭ́З (франц. mayonnaise),
1) халодны соус для заправы мясных і рыбных страў, салатаў і закусак з агародніны, вінегрэту. З’яўляецца эмульсіяй з алею, сырых яечных жаўткоў, гарчыцы, цукру, солі, воцату ці лімоннага соку, вады і спецый.
У прам-сці вырабляюць пераважна асноўны, ці універсальны М., які мае 68% сланечнікавага алею, 10% яечных жаўткоў (асн. эмульгатар), 6,7% гарчыцы, 2,3% цукру, 5—11% воцату, 2% спецый. З асноўнага гатуюць М. спец. прызначэння: са смятанай (лясны), з карнішонамі (тартар), хрэнам (ляфор), таматам (шарон), працёртай зелянінай (равігот), каперсамі (рэмульд) і інш.
Халодная страва з адварнога мяса, дзічыны, птушкі або рыбы, прыгатаваная на канцэнтраваным булёне без выкарыстання жэліруючых рэчываў і вытрыманая 4—8 гадз на холадзе, звычайна (не абавязкова) запраўленая М. (соусам).