база́р, ‑у, м.
1. Гандаль (пераважна прыватны) прадуктамі і іншымі таварамі шырокага ўжытку ў пэўныя дні на спецыяльна адведзеных плошчах. Базар пачаўся рана. // Вялікі перадсвяточны або сезонны гандаль спецыяльнымі таварамі, звычайна на адкрытым месцы. Кніжны базар. Навагодні базар. // Людзі, што знаходзяцца на базары. Базар ужо раз’язджаўся. Збегся ўвесь базар.
2. Спецыяльна адведзенае месца з адпаведнымі прыстасаваннямі і будынкамі для гандлю. Маўчаць спусцела голыя базары. Сіпакоў.
3. перан. Разм. Бязладная гаворка, крык, тлум. — Дык рабіць жа што будзем? Чаго ж гэта мы базар адкрылі тут? Галавач.
•••
Птушыны базар — месцы на берагах мора, дзе гняздзяцца вялікія масы птушак.
[Перс. bāsar.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ба́яць, ба́ю, ба́еш, бае; незак.
Разм.
1. Расказваць байкі, казкі. Як пачне [дзед Нупрэй] баяць пра добрых мядзведзяў, хітрых лісіц ды злых ваўкоў, дык пра ўсё забудзеш. Рылько. [Алена:] — Спі, мой хлопчык, ноч малая, Ходзіць вецер, казкі бае. Глебка.
2. Гаварыць, паведамляць што‑н. [Сарафіма:] — Ці то праўду Цімохаў блазюк баяў, што да цябе [Тэклі] сынок ляціць у госці? Краўчанка. [Дзядзька Раман:] — А хто ж яго ведае, — даўно было гэта, але так баюць старыя людзі. Колас. — Хадзі, паслухай, што баюць вунь, — зашаптала суседка Пётрысе, — страх які... Галавач. // Весці пустыя размовы, балакаць. Прыйшоў [Шаманскі]. Бачыць, сядзяць сабе дзядзькі на прызбе, тытунь смаляць, байкі розныя баюць. Дуброўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
асі́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.
1. Аказацца мацнейшым у барацьбе, сутычцы, бітве; перамагчы, адолець. Непакорных, гордых не магло Нішто ў змаганні з ворагам асіліць. Танк. — Не змаглі вы самі асіліць Золата, дык мы з ім расправімся, — выхваляліся заморцы. Пальчэўскі. // перан. Перасіліць, пераадолець, перамагчы пачуццё хвалявання, страху і пад. Не зможа нас лютае гора асіліць. Танк.
2. Выканаць работу, што патрабуе фізічных намаганняў, вялікай затраты часу. Мо таму, што не ўсе пакасілі За ракою лугі-мурагі, Не паспелі за дзень мы асіліць Копы знесці, злажыць у стагі? Непачаловіч. // Засвоіць, зразумець што‑н.; справіцца з чым‑н., пераадолеўшы цяжкасці, перашкоды. Асіліць англійскую мову.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́сахнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. высах, ‑сахла; зак.
1. Стаць сухім, прасохнуць. Памалу высахла зямля, Зарунелі чорныя абрывы. Танк. // Спыніць існаванне, страціўшы вільгаць (пра вадаёмы). Як высеклі лес, дык і раўчук высах. Чарнышэвіч. // Выпарыцца, знікнуць (пра ваду, вільгаць). Слёзы высахлі ў малой, Пачала смяяцца: — Раз не страшна ёй [вавёрцы] адной, Мне чаго баяцца!.. Муравейка.
2. Звяць, засохнуць (пра расліны). Дробныя ігліцы яловых лапак высахлі і асыпаліся, услаўшы дно [ш]алашоў тоўстым пухкім пластом. Колас.
3. перан. Схуднець. Да таго чалавек высах за лета, да таго аброс барадою, што сустрэнь яго хто ў лесе.., то мог бы памерці ад перапалоху. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ко́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да коней, прызначаны для іх. Конны двор. Конны кірмаш. // Звязаны з развядзеннем пародзістых коней. Конны завод.
2. Які прыводзіцца ў рух коньмі. Конны плуг. Конныя граблі.
3. Які мае адносіны да конніцы, складаецца з коннікаў. Конная армія. Конны ўзвод. Конны атрад.
4. Звязаны з яздой на конях. Конны спорт. Конная разведка. Конная эстафета. // Які едзе на кані. Як толькі людзі ступалі пад арку брамы, дык усе яны, і пешыя і конныя, нават важныя чыноўнікі і акалодачныя, знімалі шапкі і капелюшы. Колас.
5. у знач. наз. ко́нны, ‑ага, м. Коннік. Пешы коннаму не таварыш. Прыказка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зада́ча, ‑ы, ж.
1. Тое, што неабходна выканаць, вырашыць. Паставіць перад сабой задачу. Вырашыць задачу. Першачарговая задача. □ Усе бліжэйшыя задачы прадуманы і абмеркаваны, і цяпер старшыня са спакойнай душой ішоў дадому. Васілевіч. // Мэта, да якой імкнуцца, якой хочуць дасягнуць. Задачай бальшавіцкай агітацыі было дабіцца, каб салдаты выбіралі на з’езд рэвалюцыйна настроеных дэлегатаў. «Весці». // Пра цяжкасці, якія патрэбна пераадолець. — Вось задача, дык задача: Дзе і як знайсці яды? Колас.
2. Пытанне (звычайна матэматычнае), якое рашаецца шляхам вылічэнняў з захаваннем пэўных умоў. Арыфметычная задача. Рашыць задачу. // Практыкаванне, якое выконваецца шляхам лагічных разважанняў, разумовых заключэнняў і пад. Шахматная задача.
•••
Задаць задачу гл. задаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
заты́чка і за́тычка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Тое, чым затыкаюць што‑н. Гумно было адамкнёна, а ў прабоі тырчала звычайная драўляная затычка, прывязаная да прабоя канаплянаю вяровачкай. Дамашэвіч. Раз-пораз Карней Адамавіч адкрываў затычку ў сцяне і праз шчылінку пазіраў на дарогу. Жычка. // перан. Пра таго, кім часта замяняюць, падмяняюць каго‑н. — Калі выбралі мяне старшынёю, дык і слухайцеся, а не хочаце — скідайце, — гаварыў Тамаш. — А толькі я затычкай не буду. Гурскі.
•••
Ад усіх дзірак (бочак) затычка — пра чалавека, які любіць умешвацца не ў свае справы.
Затычка ад пустой бочкі — пра непатрэбнага, лішняга чалавека.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нагарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., чаго.
1. Нарабіць многа платоў, перагародак. Нагарадзілі катухоў, ані павярнуцца, ані слова сказаць, бо ўсё скрозь сцяну чуваць. Карпюк.
2. Разм. Наставіць, накідаць у беспарадку вялікую колькасць чаго‑н. У сенцах нешта грукнула і пачулася прыглушанае вохканне: — Хто гэта тут нагарадзіў?.. Ледзь духі не адбіла... Б. Стральцоў.
3. перан. Разм. Нагаварыць, напісаць многа лішняга, непатрэбнага; напляткарыць. [Максім:] — Ты тут нагарадзіў такога, што трэба адразу ўнесці яснасць. Калі ты нас дрэнна разумееш, дык навошта ж распачынаць размовы. Машара. [Іван Пятровіч:] — Не ведаў, Мікалай Барысавіч, што ты такі дробязны чалавек. Пісаць на мяне.. такую лухту. — Сам ты што на мяне нагарадзіў? Пянкрат.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак., каму і без дап.
1. Паведаміць, сказаць што‑н. каму‑н. праз каго‑н. [Дзядзька Нічыпар:] — Калі спатрэбіцца фурманка, дык накажыце мне. Колас. Наказалі з дому, што захварэла маці. С. Александровіч. Змітрок наказаў праз паштальёна, каб да яго ўвечары прыйшоў Кірыл. Кавалёў.
2. Даць наказ, распараджэнне. Міхал наказаў падручнаму сачыць за печчу і падаўся ў лабараторыю. Карпаў. — Сачыце за параненай, — адышоўшыся, наказала Наталля Максімаўна дзяжурнай медсястры. — Калі яна адчуе сябе хоць крыху горш, клічце мяне. Дудо.
3. Разм. Нагаварыць, сказаць многа чаго‑н. [Якім Анішчык:] — Прабачце, наказаў вам немаведама колькі, — мо ногі забалелі, слухаўшы стоячы. Мурашка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нараві́сты, ‑ая, ‑ае.
Упарты, з норавам (звычайна пра коней). — У майго бацькі быў конь наравісты, дык як стане, як укопаны. Хоць кол на галаве чашы — ні з месца.. — гаварыў меднабароды Язэп Рудзько. Дуброўскі. [Ячны:] — Кабыла ў .. [Цупрона] была наравістая. Упудзілася раз і панясла з гары. Брыль. // Разм. Натурысты, капрызны (пра ўпартага чалавека). Але ж і наравісты хлопец! Далі ім тут, відаць, волю. Во ён табе, упёрся, як баран. Савіцкі. // Які выражае ўпартасць, наравістасць. Наравісты характар. / у перан. ужыв. Як выцягнутае срэбнае вужышча з дзесяткамі, сотнямі, тысячамі прыгожа акругленых кален павіваецца, бы пасмейваецца на сонцы, стары наравісты Нёман у высокіх берагах. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)