1) вызначэнне свайго месца знаходжання адносна напрамкаў свету, арыенціраў, элементаў рэльефу, а таксама напрамкаў руху. Праводзіцца з дапамогай компаса, карты, аэраздымка. Прыблізнае арыентаванне магчыма па мясцовых арыенцірах (натуральных і штучных), па Сонцы, Месяцы, зорках, а таксама радыё-, светлавых і гукавых сігналах.
2) Арыентаванне спартыўнае — спаборніцтвы па арыентаванні і хуткім перамяшчэнні на мясцовасці з выкарыстаннем буйнамаштабнай карты і компаса. Праводзяцца ў зададзеным кірунку (неабходна як мага хутчэй прайсці дыстанцыю паводле дакладна вызначанага і пазначанага на карце парадку), на маркіраванай мясцовасці (зімой на лыжах спартсмен рухаецца па адзначанай сцяжкамі трасе і наносіць на карту кантрольныя пункты), па выбранай трасе (зададзеную колькасць кантрольных пунктаў спартсмен знаходзіць на мясцовасці ў любой паслядоўнасці, выбіраючы свабодна па азімуце шлях да кожнага з іх). На Беларусі развіваецца з 1964. Чэмпіянаты свету з 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬНІ́ЧНАЯ КА́СА,
орган страхавання рабочых на прадпрыемствах Рас. імперыі на пач. 20 ст.Паводле закону «Аб абавязковым страхаванні рабочых ад няшчасных выпадкаў і на выпадак хваробы» (1912) бальнічная каса магла быць заснавана пры наяўнасці на прадпрыемстве 200 чл. (калі было менш — стваралася агульная каса для рабочых некалькіх прадпрыемстваў). У 1914 у Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губ. было 99 бальнічных кас (39 тыс.чл.). Штомесяц чл. касы плацілі ўзнос у памеры 2—3% ад сумы заробку, уладальнік прадпрыемства ўносіў 2/3 сумы ад узносаў рабочых. З гэтых сродкаў хворыя атрымлівалі дапамогу ў памеры 25—50% сярэдняга заробку (але не больш як на працягу 26 тыдняў). Жанчынам выдавалі дапамогу па цяжарнасці ад палавіны да 2/3 заробку на працягу 4 тыдняў да родаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАЗНА́ (Лявон Цімафеевіч) (4.2.1929, в. Новае Сяло Талачынскага р-на Віцебскай вобласці — 15.8.1972),
бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1952), Бел тэатр.-маст.ін-т (1968). У выніку падарожжаў па Беларусі ў 1950—60-я г. падрыхтаваў альбомы «Беларускае народнае адзенне», «Беларуская народная вопратка», «Арнамент паўднёвай Беларусі», «Тканіны Гродзеншчыны» і вял. серыю жывапісных і графічных пейзажаў Беларусі. Паводле яго эскізаў створаны касцюмы для ансамбляў песні і танца (Гродзенскага «Нёман», Смаргонскага імя Агінскага, Навагрудскага «Свіцязь» і інш.). У 1966—69 гал. мастак Маст. фонду Беларусі. Працаваў у тэхніках жывапісу («Зязюленька», «Народны спявак Моніч», аўтапартрэт, партрэт «Маці»), акварэлі («Стары Мінск», «Гаспадар»), пастэлі («Старая», «Мястэчка»), вітраж («Будаўніца»), графікі і інш. Складальнік альбома «Гравюры Францыска Скарыны» (1972, 2-е выд. 1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛЕТЫ́ЗМ,
разнастайныя фіз. практыкаванні, накіраваныя на ўмацаванне здароўя, гарманічнае развіццё сілавых якасцяў і паляпшэнне целаскладу чалавека. Умоўна атлетызм падзяляюць на 2 віды: спарт., да якога належаць культурызм (бодыбілдынг), армрэстлінг, паўэрліфтынг, гіравы спорт, цяжкая атлетыка, і ўласна атлетызм, ці атлетычную гімнастыку (сістэму рознабаковых сілавых практыкаванняў са штангай, гірамі, гантэлямі, эспандэрам, гумавым жгутом, на універсальных станках, трэнажорах, блочных прыстасаваннях, з уласнай вагой, без снарадаў і інш.). Разнавіднасцю атлетычнай гімнастыкі жанчын з’яўляецца шэйпінг (ад англ. shape форма) — заняткі па карэкцыі жаночай фігуры.
Атлетызм узнік у Стараж. Грэцыі, дзе існаваў культ прыгожага цела, фіз. дасканаласці. Сучасны атлетызм зарадзіўся ў канцы 19 ст. ў Вялікабрытаніі (паводлеінш. звестак на амер. кантыненце). У Расіі першы «Гурток аматараў атлетыкі» стварыў у 1885 ураджэнец Беларусі ўрач У.Ф.Краеўскі. Беларуская федэрацыя атлетызму ўзнікла ў 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРЭ́ЛІЙ (Марк) (Marcus Aurelius; 26.4.121, Рым — 17.3.180),
рымскі імператар з 161, філосаф, адзін з прадстаўнікоў позняга стаіцызму. Пры ім Рым захапіў Месапатамію, устанавіў пратэктарат над Арменіяй, вёў Маркаманскую вайну 166—180 з германцамі і сарматамі. Яго твор «Адзін на адзін з сабою» даследуе пераважна этычныя праблемы. Аўрэлій лічыў, што ў свеце ўсё адбываецца паводле пэўнага парадку і справядлівасці, прасякнута божым прадбачаннем. Лёс чалавеку наканаваны, і прымаць яго трэба з радасцю; трэба радавацца таму, што маеш, кожны дзень праводзіць як апошні; людзі створаны, каб любіць сабе падобных; прызначэнне чалавека — захоўваць разумнасць і павагу да грамадскасці і дапамагаць у гэтым сваім блізкім. Адмаўляў ухваленне натоўпу, улады, багацця; жыцця, поўнай асалоды. Клопат пра пасмяротную славу лічыў марным, бо зямля — пясчынка, жыццё — бясконцы паўтор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУПА́ЦЫЯ (ад лац. occupatio захоп) ваенная, у міжнар. праве часовы захоп тэрыторыі адной дзяржавы войскамі другой і ўстанаўленне ваен. адміністрацыі для кіравання ёю. Рэжым акупацыі рэгулюецца 4-й Гаагскай канвенцыяй 1907 пра законы і звычаі сухапутнай вайны, Жэнеўскай канвенцыяй 1949 пра абарону цывільнага насельніцтва ў час вайны і дадатковым пратаколам 1977 да яе. Паводле гэтых пагадненняў акупацыйныя ўлады абавязаны падтрымліваць грамадскі парадак і ствараць нармальныя ўмовы для пражывання насельніцтва. У практыцы 1-й і 2-й сусв. войнаў вядомы шматлікія факты грубага парушэння Германіяй і яе саюзнікамі нормаў міжнар. права, найперш у адносінах да мірнага насельніцтва, якое станавілася аб’ектам жорсткага падаўлення і знішчэння. Рэжым пасляваеннай акупацыі звычайна ўстанаўліваецца спец.міжнар. пагадненнямі зацікаўленых дзяржаў для пэўнай дзяржавы або тэрыторыі з мэтаю выканання ўмоў мірнага дагавору.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТЫ́ЎНЫЯ ТЫ́ПЫ,
папуляцыі чалавека, аб’яднаныя фізіялагічнымі і марфалагічнымі адзнакамі, сфарміраванымі ў залежнасці ад геакліматычных умоў. У розных кліматычных зонах у людзей незалежна ад іх расавай і этн. прыналежнасці назіраецца тэндэнцыя да змены фізіял. і марфалаг. рысаў у кірунку, найб. спрыяльным для існавання ў гэтым асяроддзі. Напр., у арктычных умовах адзначаецца павышанае развіццё мускулатуры, мінералізацыя касцяка, павелічэнне колькасці бялку ў сываратцы крыві, змена ахоўных уласцівасцяў арганізма (паскарэнне рэакцыі асядання эрытрацытаў, нейтрафілёз, павелічэнне гама-глабулінавых фракцый сывараткі крыві). Паводле асаблівасцяў адаптыўных рэакцый вылучаюць арктычны, кантынентальны, трапічны, высакагорны тыпы, тып сярэдняй зоны, арыдны (тып пустыні). Вывучэнне біял. адаптацыі і адаптыўных тыпаў спрыяе высвятленню працэсу расаўтварэння.
Літ.:
Алексеева Т.И. Адаптивные процессы в популяциях человека. М., 1986;
Тегако Л.И., Саливон И.И. Экологические аспекты в антропологических исследованиях на территории БССР. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДГЕ́ЗІЯ (ад лац. adhaesio прыліпанне),
1) счапленне паверхняў разнародных цвёрдых ці вадкіх целаў (фазаў) пры кантактаванні. Абумоўлена тымі ж прычынамі, што і адсорбцыя. Характарызуецца адгезійнай трываласцю — работай, неабходнай для раздзялення целаў у разліку на адзінку паверхні; цесна звязана з кагезіяй. Уплывае на мех. ўласцівасці кампазіцыйных матэрыялаў. Улічваецца пры нанясенні палімерных пакрыццяў, склейванні, спяканні, зварцы, луджэнні і інш., павялічвае трэнне.
2) У біялогіі адгезія клетак — здольнасць іх зліпацца паміж сабой і з рознымі субстратамі біял. і небіял. паходжання. Залежыць ад стану вонкавай паверхні плазматычнай мембраны і складу пазаклетачнага асяроддзя. Для ажыццяўлення адгезіі неабходна прысутнасць іонаў кальцыю і магнію. Паводле сучасных меркаванняў за міжклетачную адгезію адказныя глікапратэіды. Большасці клетак уласціва выбіральная адгезія. З яе парушэннем звязана здольнасць пухлінных клетак да метастазавання. На адгезіі заснавана агрэгацыя клетак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАВЯЗКО́ВЫЯ ПАСТАНО́ВЫ,
у Расійскай імперыі ў 2-й пал. 19—пач. 20 ст. акты службовых асоб (ген.-губернатараў, граданачальнікаў), якія выдаваліся дыскрэцыйна (у залежнасці ад асабістага меркавання) і змяшчалі юрыд. санкцыі. Прымаліся для барацьбы з рэв. рухам. Паводле палажэння ад 13.7.1876 губернатары атрымалі права выдаваць абавязковыя пастановы аб забароне сходаў, органаў друку і інш. Палажэнне ад 14.8.1881 акрэслівала паўнамоцтвы службовых асоб на прыняцце абавязковых пастаноў у мясцовасцях, аб’яўленых на асобым становішчы, пазней губернатары атрымалі права выдаваць абавязковыя пастановы тэрмінам на 1 год і ў мясцовасцях, дзе выключнага становішча не было. У 1904—07 паўнамоцтвы на абавязковыя пастановы мелі мінскі і магілёўскі, у 1909—13 — віленскі, віцебскі, мінскі, магілёўскі губернатары. Абавязковыя пастановы існавалі да Лют. рэвалюцыі 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПО́ТЭЗА (ад грэч. hypothesis аснова, меркаванне),
сістэма тэарэт. пабудоў (суджэнняў), з дапамогай якіх на аснове шэрагу фактаў робіцца вывад пра існаванне аб’екта, яго ўласцівасці, сувязі ці прычыны з’явы, прычым вывад гэты нельга лічыць абсалютна дакладным; часовая логіка-метадалагічная характарыстыка выказвання, якая існуе ад пабудовы да праверкі. Гіпотэза павінна мець абгрунтаванасць, падлягаць праверцы і не супярэчыць прынятым у навуцы палажэнням. Пасля праверкі (эксперымент ці назіранне), калі гіпатэтычныя выказванні аказваюцца ісціннымі, яны ўключаюцца ў тэорыю, а калі памылковымі, то замяняюцца новымі. Лагічная структура гіпотэзы — лагічная структура тых выказванняў, якім прыпісваецца гіпатэтычнасць. Для эмпірычных навук характэрна, што кожнае выказванне ў іх бывае ў стадыі гіпотэзы. Паводлерус. логіка М.І.Карынскага, гіпотэза абазначае таксама вывад, які па сваёй структуры падобны да простага катэгарычнага сілагізму другой фігуры.