КАПЕ́РНІК (Kopernik, Copernicus) Мікалай (19.2.1473, г. Торунь, Польшча — 24.5.1543), польскі астраном, стваральнік геліяцэнтрычнай сістэмы свету. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це (1491—95), удасканальваў веды ў італьян. ун-тах, дзе вывучаў права, медыцыну, матэматыку, астраномію. З 1512 жыў у г. Фромбарк (Польшча), вядомы як дзярж. дзеяч, урач і знаўца астраноміі. Займаўся таксама эканам. даследаваннямі (гл. Каперніка і Грэшэма закон). Больш як 30 гадоў працаваў над стварэннем новай тэорыі будовы свету — геліяцэнтрычнай. Вучэнне К., паводле якога Зямля з’яўляецца адной з планет, як і іншыя планеты, абарачаецца вакол Сонца і верціцца вакол сваёй восі, а не займае цэнтр. становішча ў Сусвеце, поўнасцю адмаўляла ранейшую геацэнтрычную сістэму свету Пталамея. Выказаў ідэю пра адзінства свету: «нябесныя» і «зямныя» целы падпарадкоўваюцца законам, аднолькавым для ўсяго Сусвету. Шляхам матэм. разлікаў К. даволі дакладна склаў план Сонечнай сістэмы. Сваё вучэнне ён абагульніў у творы «Пра абарачэнні нябесных сфер» (6 кніг, апубл. ў 1543), забароненым каталіцкай царквой з 1616 па 1828. Адкрыццё мела рэв. характар, яно зрабіла карэнны пералом у астр. навуцы і вызначыла далейшы шлях развіцця дакладнага прыродазнаўства. На Беларусі вучэнне К. вядома з 16 ст., яго погляды адлюстраваны ў філас. трактатах, навук. працах астраномаў Віленскай астранамічнай абсерваторыі.

Тв.:

Рус. пер. — О вращениях небесных сфер: Малый комментарий. М., 1964.

Літ.:

Веселовский И.Н., Белый Ю.А. Николай Коперник, 1473—1543. М., 1974.

А.​Л.​Балсун.

М.Капернік.

т. 8, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПУЦЫ́НЫ (італьян. cappuccino ад cappuccio капюшон),

каталіцкі манаскі ордэн. Засн. ў Італіі ў 1525 як адна з трох галін ордэна францысканцаў. Заснавальнік Матэо Серафіні з Баскіо імкнуўся надаць ордэну характар аскетызму часоў св. Францыска Асізскага (13 ст.), пашырыць уплыў на ніжэйшыя слаі грамадства. У 1619 папа Павел V зацвердзіў ордэн як самастойны. У апошняй чвэрці 16 ст. К. распаўсюдзіліся ў Францыі, Іспаніі, Швейцарыі, у 17 ст. праніклі ў Бразілію, Цэнтр. Амерыку, Індыю і інш. У адрозненне ад адукаваных езуітаў К. вялі місіянерскую дзейнасць сярод простага люду, іх называлі пралетарыямі сярод манахаў. У ВКЛ яны аселі ў Любяшове (1756, цяпер Валынская вобл. Украіны) і Юравічах (1781, цяпер Калінкавіцкі р-н Гомельскай вобл.). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай з канца 18 ст. дзейнасць К. у Рас. імперыі стала затухаць, у 1888 іх кляштары зачынены. Жаночая галіна ордэна — капуцынкі — засн. ў 1538. Іх кляштары былі ў Германіі, Швейцарыі, Перу. У 2-ю сусв. вайну ордэн моцна пацярпеў, але аднавіўся. У 1965 у свеце былі 93 адм.-тэр. адзінкі К. (правінцыі, віцэ-правінцыі і інш.). З 1940 у Рыме дзейнічае Гістарычны ін-т, які даследуе гісторыю францысканцаў, у т. л. К.; з 1931 выдаецца квартальнік «Collectanea Franciscana» («Францысканскія зборнікі»).

Літ.:

Dydycz A.P. Dzieje zakonu braci mniejszych Kapucynów na Litwie (1756—1993). Rzym, 1994;

Kdscioł katolicki w Polsce 1918—1990: Rocznik statysiyczny. Warszawa, 1991.

Ю.​В.​Бажэнаў, М.​А.​Дабрынін.

т. 8, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПО́ВІЧ (Лявонцій) (свецкае імя Лонгін, Логвін; 1580, г. Пінск Брэсцкай вобл. — вер. 1620),

бел. праваслаўны дзеяч, пісьменнік. Адзін з пачынальнікаў айч. сістэматычнага багаслоўя. Вучыўся, верагодна, у Віленскай брацкай школе. Не пазней 1610 пастрыгся ў манахі, потым прыняў сан святара. Заснавальнік і першы архімандрыт Віленскага брацкага Святадухаўскага манастыра. Рэктар брацкай школы, рэфармаванай пры яго ўдзеле на ўзор класічнай 2-ступеннай. Узначальваў навуч. і выдавецкую дзейнасць віленскага праваслаўнага брацтва. Выступаў у абарону праваслаўя, супраць Брэсцкай уніі 1596. Быў духоўным настаўнікам царк. дзеячаў М.​Сматрыцкага, Іосіфа Бабрыковіча, Сільвестра Косава і інш. За выданне антыуніяцкай кн. М.​Сматрыцкага «Трэнас» у 1610 зняволены на 2 гады. Аўтар твораў «Казанне двое...» («Казанне на Праабражэнне» і «Казанне на Успенне Багародзіцы», Еўе, 1615), «Казанне на пахаванне князя В.​В.​Галіцына» (Вільня, 1619; захавалася ў аўтарскім перакладзе на польск. мову) і «Казанне ў нядзелю перад Раством Хрыстовым» (верагодна, 1619; захавалася ў рукапісным зб-ку). Аўтар шматлікіх глыбока эмацыянальных пропаведзяў, прадмовы да кн. Фікарыя Святагорца «Вертаград душэўны» (1620) і інш. Памяці К. прысвечаны «Казанне на чэснае пахаванне... Лявонція Карповіча» М.​Сматрыцкага і паэма «Лямант на смерць Лявонція Карповіча» (1620).

Літ.:

Молчанов Н. Леонтий Карпович, церковный вития православной юго-западной Руси в XVII ст. и два его слова // Православное обозрение. М., 1880. Т. 3;

Левшун Л.В. Некоторые принципы использования текстов Священного Писания в «Казанье на Преображенье» Леонтия Карповича // Начало: Сб. работ молодых ученых. М., 1990.

Л.​В.​Ляўшун.

т. 8, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМІ́ЧНАЯ БІЯЛО́ГІЯ,

комплекс біял. навук, які вывучае жыццядзейнасць зямных арганізмаў ва ўмовах касм. прасторы і на касм. лятальных апаратах; біял. сістэмы жыццезабеспячэння на касм. караблях і станцыях; наяўнасць, распаўсюджанне, асаблівасці і эвалюцыю жывой матэрыі ў Сусвеце (экзабіялогія). Выкарыстоўвае дасягненні розных раздзелаў біялогіі, астраноміі, геафізікі, радыёэлектронікі і інш. У К.б. вылучаюцца: гравітацыйная біялогія, касм. мікрабіялогія, фізіялогія, генетыка, біятэхналогія. Ў эксперыментах па К.б. выкарыстоўваюць больш за 60 відаў біял. аб’ектаў (ад вірусаў да млекакормячых).

У 1834 Ё.Я.Берцэліус даследаваў вугляродзістыя сляды ў каменных метэарытах. Праблема заселенасці Сусвету асвятлялася ў працах К.Э.Цыялкоўскага. У 1940—60-х г. уведзены навук. тэрміны «астрабіялогія» і «астрабатаніка» (Г.А.Ціхаў), «экзабіялогія» (Дж.Ледэрберг). Практычная работа па К.б. ў СССР пачалася з адпраўкі паветранымі шарамі (1935), ракетамі (1949) у стратасферу, ШСЗ (1957) у космас эксперым. блокаў з жывёламі (мышы, пацукі, трусы, сабакі і інш.). Біял. даследаванні ў касм. прасторы праводзяць ЗША, Францыя, Германія, Італія, Японія, Індыя і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах стварэння і выпрабавання новых субстратаў для вырошчвання раслін у кантралюемых умовах праводзяць у Ін-це фіз.-арган. хіміі Нац. АН Беларусі, Ін-це эксперым. батанікі Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Григорьев Ю.Г. Космическая радиобиология. М., 1982;

Биологические исследования на орбитальных станциях «Салют». М., 1984;

Аллен Дж., Нельсон М. Космические биосферы: Пер. с англ. М., 1991;

Мелешко Г.И., Шепелев Е.Я. Биологические системы жизнеобеспечения (замкнутые экологические системы). М., 1994;

Таирбеков М.Г. Гравитационная биология клетки. М., 1997.

В.​П.​Трыбіс.

т. 8, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТА́ЛІЗ (ад грэч. katalysis разбурэнне),

змяненне скорасці хім. рэакцыі ці яе ўзбуджэнне пад уздзеяннем рэчываў (каталізатараў), якія прымаюць удзел у рэакцыі, але не ўваходзяць у састаў яе прадуктаў. У залежнасці ад таго, паскараецца ці запавольваецца рэакцыя, адрозніваюць К. дадатны і адмоўны. Звычайна тэрмін «К.» адносяць да працэсу паскарэння рэакцыі. Рэчывы, што запавольваюць хім. рэакцыю, наз. інгібітарамі хімічнымі. Паскарэнне рэакцыі пад уздзеяннем прадукту рэакцыі ці аднаго з прамежкавых рэчываў наз. аўтакаталізам. Усе каталітычныя рэакцыі — самаадвольныя працэсы (суправаджаюцца памяншэннем свабоднай энергіі сістэмы).

Адрозніваюць гамагенны К. (рэагуючыя рэчывы і каталізатар знаходзяцца ў адной фазе) і гетэрагенны (кантактавы) К. (рэагуючыя рэчывы і каталізатар знаходзяцца ў розных фазах і маюць мяжу падзелу). Пры гамагенным К. каталізатар рэгенерыруецца ў канцы рэакцыі, а скорасць гамагенна-каталітычнай рэакцыі звычайна прапарцыянальная канцэнтрацыі каталізатара. Гетэрагенна-каталітычныя рэакцыі адбываюцца ў некалькі стадый: дыфузія кампанентаў да паверхні каталізатара, адсорбцыя і хім. пераўтварэнні на паверхні, дэсорбцыя і адваротная дыфузія прадуктаў рэакцыі, кожная з якіх можа лімітаваць скорасць каталітычнага працэсу. Паводле механізму каталітычныя працэсы падзяляюцца на электронныя (радыкальныя), абумоўленыя пераносам электронаў (акісляльна-аднаўляльныя рэакцыі; напр., гідрагенізацыя) і іонныя (кіслотна-асноўныя; напр., крэкінг). Выкарыстоўваюць у хім. прам-сці (адносная доля каталітычных працэсаў складае 80—90%). Адыгрывае выключную ролю ў жывых арганізмах (гл. Біякаталіз).

Літ.:

Гейтс Б., Кетцир Дж., Шуйт Г. Химия каталитических процессов: Пер. с англ. М., 1981;

Боресков Г.К. Катализ: Вопр. теории и практики. Новосибирск, 1987.

У.​С.​Камароў.

т. 8, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЛЯРО́ЎСКІ (Іван Пятровіч) (99.1769, г. Палтава, Украіна — 10.11.1838),

украінскі пісьменнік, пачынальнік новай укр. л-ры. Вучыўся ў Палтаўскай духоўнай семінарыі (1780—89). У 1796—1808 на вайск. службе (у 1807—08 у г. Ліда Гродзенскай вобл.). У 1818—21 дырэктар Палтаўскага т-ра. З 1821 ганаровы чл. Вольнага т-ва аматараў рас. славеснасці. Прытрымліваўся пазіцый памяркоўнага асветніцтва, хоць і быў блізкі да дзекабрысцкіх колаў. Аўтар сатырычнай, створанай на аснове сюжэта Вергілія, бурлескнай паэмы «Энеіда» (ч. 1—3, 1789; ч. 1—4, 1809; ч. 1—6, 1842) — першага ў нац. л-ры рэаліст. твора пра жыццё, побыт, норавы розных слаёў грамадства 2-й пал. 18 ст. Твор адметны выразна акрэсленым сац. зместам, вобразнай нар. мовай, каларытнымі нац. характарамі, прасякнуты гумарам і іроніяй. Вядомы як драматург: п’есы «Наталка Палтаўка» (1838; аднайм. опера М.​Лысенкі 1889) і «Маскаль-чараўнік» (1841; абедзве паст. 1819). У 1840-я г. п’есы К. ставіліся ў т-рах Мінска і Віцебска. Пад уплывам «Энеіды» К. напісаны бел. ананімныя творы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». На бел. мову «Энеіду» К. пераклаў А.​Куляшоў.

Тв.:

Повне зібрання творів. Т. 1—2. Київ, 1969;

Твори. Київ, 1982;

Бел. пер. — Энеіда. Мн., 1969;

Рус. пер — Соч. Л., 1986.

Літ.:

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 8—11;

Левин Б. Веселый мудрец. М., 1981;

Кирилюк Е. Іван Котляревський. Київ, 1981.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЭ́ГОРЫІ (ад грэч. katēgoria выказванне, вызначэнне),

найбольш агульныя і фундаментальныя паняцці, якія адлюстроўваюць самыя істотныя і заканамерныя сувязі, адносіны рэчаіснасці і працэсу пазнання ў філасофіі і навуцы. Існуюць К. агульнанавук. (інфармацыя, сіметрыя), прыродазнаўчыя (напр., від, арганізм у біялогіі), філас. (адлюстроўваюць фарміраванне і гіст. развіццё структуры чалавечага мыслення). Пачынальнікам філас. вучэння пра К. лічаць Арыстоцеля, хаця ўжо ў Платона сустракаюцца К. ідэнтычнасці, адрознення, пастаянства, зменлівасці. Арыстоцель адрозніваў 10 К. (сутнасць, колькасць, якасць, час, дзея і інш.). І.​Кант, які разумеў пад К. апрыёрныя формы розуму, выявіў 12 К., звёў іх у 4 групы: К. колькасці (адзінства, мноства, цэльнасць); якасць (рэальнасць, адмаўленне, абмежаванне); стаўлення (прыналежнасць, прычыннасць, узаемадзеянне); мадальнасці (магчымасць, рэчаіснасць, неабходнасць). Г.​Гегель распрацаваў больш складаную сістэму К. у дыялект. трактоўцы: быццё (якасць, колькасць, мера), сутнасць (аснова, з’ява, рэчаіснасць, у якую ўваходзяць субстанцыя, прычына і ўзаемадзеянне), паняцце (суб’ект, абсалютная ідэя, аб’ект). У далейшым К. ў філас. трактоўцы інтэрпрэтаваліся як духоўныя трансцэндэнтныя сутнасці (неатамізм, персаналізм), або як вынік практычнага чалавечага вопыту (пазітывізм, неапазітывізм), ці як вынік прадметнай дзейнасці чалавека (марксізм). Філас. метадалогія садзейнічала з’яўленню ў навуцы 20 ст. катэгарыяльнага аналізу (вучэнне аб К.).

Літ.:

Категории диалектики как ступени познания. М., 1971;

Сагатовский В.Н. Основы систематизации всеобщих категорий. Томск, 1973;

Тузов Н.В. Философия теории Единой идеи. М., 1994;

Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр. Мн., 1996.

В.​А.​Салееў.

т. 8, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕЙНСІЯ́НСТВА,

тэорыя дзярж. рэгулявання эканомікі. Асн. палажэнні сфармуляваны Дж.М.Кейнсам у кн. «Агульная тэорыя занятасці, працэнта і грошай» (1936). К. даследуе колькасныя сувязі такіх макраэканам. велічынь, як капіталаўкладанні і нац. даход, інвестыцыі і занятасць насельніцтва, нац. даход, спажыванне і зберажэнне, сукупная колькасць грошай у абарачэнні, узровень цэн, заработная плата, прыбытак і працэнт і інш. У К. аналізуюцца не столькі індывід. паводзіны ўдзельнікаў эканам. працэсу, колькі суадносіны паміж сукупным попытам і прапанаваннем. Кейнс сцвярджаў, што з прычын псіхал. схільнасці людзей да зберажэння, спажыванне расце больш павольна, чым даходы. Павелічэнне нац. даходу вядзе не да росту попыту, а да росту зберажэнняў. Калі рост зберажэнняў не кампенсуецца ростам інвестыцый, даход зніжаецца і ўзмацняецца беспрацоўе. Кейнс выказаў таксама ідэю эканам. раўнавагі рыначнай сістэмы ва ўмовах няпоўнай занятасці і сцвярджаў, што ў канкурэнтнай эканоміцы не існуе механізма, які б гарантаваў поўную занятасць. Каб пазбегнуць масавага беспрацоўя, ён лічыў неабходным умяшанне дзяржавы, якая, на яго думку, павінна стымуляваць попыт на тавары шляхам фінансавання інвестыцый з бюджэту і такім чынам уздзейнічаць на рост вытворчасці. К. зрабіла значны ўплыў на эканам. палітыку краін з развітой рыначнай гаспадаркай. Сярод вядучых прадстаўнікоў К.​Л.​Клейн, Ф.​Мадыльяні, П.​Сэмуэльсан, Дж.​Тобін і інш. Шэраг палажэнняў К. былі скарэкціраваны і развіты ў неакейнсіянстве.

Літ.:

Эклунд К. Эффективная экономика — Шведская модель: Пер со швед. М., 1991.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 8, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕМАЛІ́СЦКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ,

нацыянальная рэвалюцыя ў Турцыі ў 1919—23. Назва ад імя кіраўніка — ген. М.​Кемаля (Атацюрка). Пачалася як нац.-вызв. рух ва ўмовах паліт. і сац.-эканам. крызісу, выкліканага паражэннем Турцыі ў 1-й сусв. вайне і акупацыяй ч. яе тэрыторыі войскамі Антанты. З 1920 набыла характар вызв. вайны (гл. Грэка-турэцкая вайна 1919—22). Мела на мэце абарону нац. суверэнітэту краіны і яе мадэрнізацыю ў новых гіст. умовах. Асн. масу ўдзельнікаў складалі сяляне, кіруючая роля належала нац. буржуазіі, інтэлігенцыі і афіцэрству. Асн. падзеі: абранне Сіваскім кангрэсам нац. арг-цый (вер. 1919) Прадстаўнічага к-та (часовага ўрада) на чале з М.​Кемалем; прыняцце парламентам (28.1.1920, г. Стамбул) дэкларацыі незалежнасці і разгон парламента акупантамі (сак. 1920); скліканне (23.4.1920, Анкара) Вял. нац. сходу Турцыі, які абвясціў сябе адзінай законнай уладай у краіне; сав.-тур. дагавор аб сяброўстве і братэрстве (сак. 1921); перамога рэв. арміі пры матэрыяльнай дапамозе Сав. Расіі над грэч. інтэрвентамі (1921—22); прызнанне незалежнасці Турцыі і адмена кабальнага Сеўрскага мірнага дагавора 1920 у час Лазанскай канферэнцыі 1922—23; ліквідацыя султаната (1.11.1922) і абвяшчэнне рэспублікі (29.10.1923). У ходзе К.р. і наступных пераўтварэнняў (ліквідацыя халіфата ў 1924 і інш.) Турцыя зрабіла пераход ад феад.-тэакратычнай імперыі да свецкай рэспублікі.

Літ.:

Шамсутдинов АМ. Национально-освободительная борьба в Турции 1918—1923 гг. М., 1966.

В.​У.​Адзярыха.

т. 8, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЖЫЖАНО́ЎСКІ ((Krzyżanowski) Юльян) (4.7.1892, в. Стаянцы Масціскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 19.5.1976),

польскі літаратуразнавец і фалькларыст. Чл. Польскай АН у Кракаве (1933), Польскай АН (1951), Сербскай АН (1965). Скончыў Ягелонскі ун-т (Кракаў, 1914). У 1930—34 праф. Рыжскага, у 1934—39, 1945—62 — Варшаўскага ун-таў. У 1957—58 выкладаў у Калумбійскім ун-це ў Нью-Йорку. У 1969—73 у Ін-це літ. даследаванняў Польскай АН. Гал. праца — «Гісторыя польскай літаратуры ад старажытнасці да найноўшых часоў» (1969). Аўтар кніг «Паралелі: Параўнаўчыя даследаванні з пагранічча літаратуры і фальклору» (1935), «Польскі неарамантызм 1890—1918» (1963), «Навука пра літаратуру» (1966), манаграфій пра творчасць польск. пісьменнікаў, артыкула пра А.​Рыпінскага «Польскі Тыртэй і дзекабрысты» (1954). Праблемам фальклору прысвяціў працы «У свеце народнай казкі» (1980), «Нарысы па фалькларыстыцы» (т. 1—3, 1980). Даследаваў зборнік апрацаваных бел. нар. казак, анекдотаў, апавяданняў з ваколіц Навагрудка «Польскі казачнік» А.​Глінскага (т. 1—4, 1853), бел. фалькл. матывы ў творчасці А.​Міцкевіча, этымалогію і гісторыю ўжывання прыказак і прымавак, пашыраных у польск. і ўсх.-слав. мовах («Разумнай галаве хопіць двух слоў», т. 1—2, 1958—60). У працы «Польская народная казка ў сістэматызаваным размеркаванні» (т. 1—2, 1947) сістэматызаваў матывы польск. нар. казак, многія з якіх сустракаюцца ў бел. фальклоры. Рэдактар і адзін з аўтараў «Слоўніка польскага фальклору» (1965). Дзярж. прэмія Польшчы 1964.

У.​М.​Казбярук.

т. 8, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)