кірунак неапазітывізму, які сфарміраваўся ў 1920-я г. на базе Венскага гуртка. Яго тэарэт. вытокі ў вучэнні Э.Маха і Р.Авенарыуса аб «непасрэдна дадзеным» у вопыце суб’екта, логіка-гнасеалагічнай мадэлі ведаў Б.Расела і Л.Вітгенштэйна і інш. Адна з асн. задач Л.п. — матэматызацыя і фармалізацыя ведаў. Метад фармалізацыі прадстаўнікі Л.п. пашырылі і на філасофію, спрабуючы ачысціць яе ад метафізікі (г. зн. абстрактных, лагічна не абгрунтаваных палажэнняў) і зрабіць навуковай. Для гэтага выкарыстоўваўся т. зв. прынцып верыфікацыі (вызначэння сапраўднасці навук. сцвярджэнняў), які трактаваўся ў духу суб’ектывізму і канвенцыяналізму. У 2-й пал. 1930-х г. пасля пераезду ў ЗША асн. прадстаўнікоў Л.п. іх вучэнне часткова перагледжана, але захавала сваю суб’ектыўна-ідэалістычную сутнасць і стала больш вядома як лагічны эмпірызм. З 1960-х г. Л.п. перастаў існаваць як самастойны філас. кірунак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРУ́ГЛАГА СТАЛА́» КАНФЕРЭ́НЦЫІ 1930—32 (1-я ў 1930—31, 2-я ў 1931—32, 3-я ў 1932). Адбыліся ў Лондане паміж брыт. і інд. прадстаўнікамі, калі брыт. ўрад абвясціў пра намер прадаставіць Індыі статус дамініёна, і павінны былі вырашыць пытанні канстытуцыйнага ўладкавання Індыі. З інд. боку ў канферэнцыях удзельнічалі пераважна князі (больш за 600 чал.), група інд. лібералаў і прадстаўнікі рэліг. меншасцей. Найб. уплывовая партыя Індыі — Інд.нац. кангрэс (ІНК), якая праводзіла ў той час кампанію грамадз. непадпарадкавання, байкатавала 1-ю і 3-ю канферэнцыі, дамагаючыся поўнай незалежнасці Індыі. У сак. 1931 ІНК прыпыніў кампанію грамадз. непадпарадкавання, а яе лідэр М.К.Гандзі прыняў удзел у 2-й канферэнцыі, дзе выступіў супраць навязанага брыт. бокам асобнага прадстаўніцтва ніжэйшых каст у органах дзярж. улады. Вынікі «К.с.» к. скарыстаны пры распрацоўцы Закона аб кіраванні Індыяй (1935).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КРЫВА́ВАЯ НЯДЗЕ́ЛЯ»,
дзень расстрэлу 9 (22).1.1905 урадавымі войскамі ў Пецярбургу мірнай маніфестацыі рабочых, якія хацелі перадаць петыцыю цару Мікалаю II. Шэсце арганізавана паводле рашэння «Сходу рускіх фабрычна-заводскіх рабочых Санкт-Пецярбурга» на чале з Г.А.Гапонам. Увечары 8 студз. дэпутацыя інтэлігенцыі (у т. л. пісьменнік М.Горкі) звярнулася да старшыні кабінета міністраў С.Ю.Вітэ, каб папярэдзіць магчымае кровапраліцце. Вітэ накіраваў дэлегацыю да міністра ўнутр. спраў П.Д.Святаполка-Мірскага, які яе не прыняў. Раніцай 9 студз. дзесяткі тысяч рабочых, а таксама старыя, жанчыны і дзеці з абразамі і партрэтамі цара накіраваліся на плошчу перад Зімнім палацам. Паводле загаду пецярбургскага ген.-губернатара вял.кн. Уладзіміра Аляксандравіча войскі (усяго больш за 40 тыс. вайскоўцаў і паліцэйскіх) адкрылі агонь. Было забіта і паранена каля 4,6 тыс. маніфестантаў. «К.н.» стала пачаткам Рэвалюцыі 1905—07 у Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЗІО́ПТЫКА (квазі... + оптыка),
раздзел радыёфізікі, які вывучае выпрамяненне і распаўсюджванне эл.-магн. хваль з даўжынёй хвалі λ 1—2 мм ва ўмовах, калі іх распаўсюджванне падпарадкоўваецца законам геаметрычнай оптыкі, але з улікам таксама і дыфракцыйных з’яў. К. распрацоўвае асімптатычныя метады для апісання дыфракцыі кароткіх хваль (гл.Дыфракцыя хваль) у сістэмах, памеры якіх істотна перавышаюць даўжыню хвалі.
Метады даследавання ўмоўна падзяляюцца на 2 групы. У першай зыходныя дакладныя ўраўненні заменьваюцца прыбліжанымі і шукаюцца рашэнні гэтых ураўненняў, у другой адразу ў агульным выглядзе выкарыстоўваюцца раскладанні рашэнняў па элементарных хвалях, пасля чаго ўжываюцца прыбліжаныя метады даследаванняў. К. пачала хутка развівацца ў 1950—60-я г. з асваеннем міліметровага і субміліметровага дыяпазонаў эл.-магн. хваль і са стварэннем аптычных квантавых генератараў, выпрамяненне якіх само стала аб’ектам вывучэння К. Асн. дасягненне К. — стварэнне адкрытых аптычных рэзанатараў і квазіаптычных ліній сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
К’Е́РКЕГОР, Кіркегор (Kierkegaard) Сёрэн (5.5.1813, Капенгаген — 11.11.1855), дацкі тэолаг, філосаф, пісьменнік. Папярэднік экзістэнцыялізму. Вывучаў філасофію і тэалогію ў Капенгагенскім ун-це. Аўтар прац «Страх і хваляванне» (1843), «Філасофскія крохі» (1844), «Стадыі жыццёвага шляху» (1845), «Хвароба да смерці» (1849) і інш. Сваё бачанне быцця чалавека сфармуляваў як рэалізацыю чалавечай суб’ектыўнасці, у якой асаблівая роля належыць такім паняццям, як «асоба», «свабода», «выбар», «страх», «адчай», «рашучасць» і інш. Існаванне чалавека разглядаў у 3 тыпах экзістэнцыі: эстэт., этычнай і рэліг. З несувымернасці божага і чалавечага свету, веры і розуму выводзіў тэзіс пра бяссэнсавасць іх спалучэння, бо ўсякія спробы такога злучэння непазбежна вядуць да парадоксаў. Творы К. вылучаюцца яскравасцю. Філасофія яго стала папулярнай у 20 ст. З узнікненнем экзістэнцыялізму набыла характар класічнай філас. л-ры ў галіне ірацыяналістычных канцэпцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕТЫ́НГІ (Capétiens),
каралеўская дынастыя ў Францыі ў 987—1328. Паходзілі ад парыжскіх графаў Раберцінаў, якія ўзмацніліся ў 9 ст. дзякуючы тэр. магутнасці і поспехам у барацьбе з нарманамі. Заснавальнік дынастыі Гуго Капет (адсюль назва) выбраны каралём (987), што стала канцом з дынастыі Каралінгаў. Пры першых К. Францыя была раздробленай дзяржавай са слабай каралеўскай уладай, яны валодалі толькі Іль-дэ-Франсам. У часы праўлення К. каралеўская ўлада з выбарнай ператварылася ў спадчынную, пашырана тэр. каралеўскага дамена, у пач. 14 ст. ўключала 3/4тэр. Францыі. Да К. належалі: Гуго Капет [987—996], Роберт II [996—1031], Генрых I [1031—60], Філіп I [1060—1108], Людовік VI [1108—37], Людовік VII [1137—80], Філіп II Аўгуст [1180—1223], Людовік VIII [1223—26], Людовік IV Святы [1226—70], Філіп III Смелы [1270—85], Філіп IV Прыгожы [1285—1314], Людовік X [1314—16], Філіп V [1316—22], Карл IV [1322—28]. Пасля смерці Карла IV каралямі Францыі былі прадстаўнікі пабочных ліній К. — Валуа і Бурбонаў. Дз.М.Чаркасаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛ IV, Карэл I Чэшскі (Karl IV, Carel I; 14.5.1316, Прага — 29.11.1378),
кароль Чэхіі (з 1346), герм. кароль (з 1347), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» [1355—78], кароль Бургундыі (з 1365). З дынастыі Люксембургаў. Сын чэш. караля Яна. У 1334—46 рэгент у Чэхіі, 11.7.1346 выбраны чэш. каралём. Умацоўваў каралеўскую ўладу (у т. л. ў Германіі праз прыняцце Залатой булы 1356), апіраўся на гандл.-рамесніцкія колы, сярэднюю і дробную шляхту. Пры ім Чэхія сталагал. дзяржавай «Свяшчэннай Рым. імперыі», а Прага фактычна яе сталіцай (садзейнічаў інтэнсіўнаму буд-ву ў горадзе, у т. л. Карлава моста цераз р. Влтава, у 1348 засн. Пражскі, або Карлаў, ун-т). Далучыў да ўладанняў Люксембургаў ч. Верхняга Пфальца, землі ў Цюрынгіі, Саксоніі, Ніжнія Лужыцы, у 1373 Брандэнбург (страчаны пасля яго смерці), з дапамогай дынастычнага шлюбу ўмацаваў сувязі з Польшчай і Венгрыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТРУ́К, палітычны кіраўнік,
1) палітычны работнік, які прызначаўся з чл.КПСС для правядзення яе палітыкі і выхаваўчай работы з ваеннаслужачымі рот, батарэй, эскадрылляў і прыраўнаваных да іх у Сав.Узбр. Сілах. Пасада ўведзена загадам РВС у 1919, існавала ў 1919—24, у 1937—40 і з ліп. 1941 па кастр. 1942. П. былі пам.камісараў, начальнікамі ўсяго асабовага складу, мелі роўныя правы з камандзірамі падраздзяленняў, у іх былі нам. з чл.КПСС або камсамольцаў. 9.10.1942 пасада П. сталаназ.нам. камандзіра па паліт. часці.
2) Воінскае званне, уведзенае ЦВК і СНКСССР у 1935 для паліт. складу Сав.Узбр. Сіл. Існавалі званні малодшы П., П. і старшы П., якія адпавядалі званню лейтэнанта, старшага лейтэнанта і капітана. З кастр. 1942 усім П. прысвоены агульныя з камандным саставам афіцэрскія званні (гл.Званні воінскія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ДЭНА (Modena),
горад на Пн Італіі, на Паданскай раўніне. Адм. ц. правінцыі Модэна. Каля 200 тыс.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: агульнае і трансп. машынабудаванне, у т. л.вытв-сцьспарт. аўтамабіляў, трыкат., швейная, харчасмакавая, буд. матэрыялаў. Ун-т (з 1171), ваен. акадэмія. Акадэмія л-ры і мастацтва. Музеі. Арх. помнікі 11—17 ст.
У старажытнасці горад этрускаў. З 183 да н.э.рым. калонія Муціна. Заняпала ў выніку нашэсця варвараў. Уздым пачаўся ў 8 ст., калі М. стала рэзідэнцыяй епіскапаў і графаў. У 1167 увайшла ў Ламбардскую лігу, у 12 ст. атрымала правы камуны. У 1288—1860 пад уладай роду д’ Эстэ (з перапынкамі: у 1306—36 камуна, у 1510—27 пад уладай пап). У 1598—1860 цэнтр аднайм. герцагства. У 2-ю сусв. вайну (пасля акупацыі Італіі ням. войскамі) адзін з цэнтраў Руху Супраціўлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ТНЫЯ БАЯ́РЫ, путныя слугі,
катэгорыя сялян-слуг у ВКЛ у 15—18 ст. Былі ў дзярж., прыватных і царк. уладаннях. У 15—1-й пал. 16 ст.асн. павіннасцямі П.б. былі нясенне ваеннай і кур’ерскай службы, выкананне талок у час жніва і інш. У гэты час дзяржава раздавала П.б. прыватным асобам, а стан П.б. купляўся цяглымі сялянамі (баяры выкупныя). У 18 ст. П.б., якія неслі ваенную і кур’ерскую службы, наз.баярамі, баярамі ліставымі і, асабліва з 2-й пал. 18 ст., зямянамі. Назва «П.б.» замацавалася за баярамі, асн. павіннасцю якіх, дадаткова да чыншу, стала перавозка грузаў унутры і па-за межамі маёнткаў. У сувязі з тым, што ў 17—18 ст.асн. павіннасцю П.б. быў чынш, баярамі сталі называць і інш. катэгорыі сялян, якія плацілі чынш і не выконвалі паншчыны.