СУНЛЯ́О, Сунляопін’юань,

Маньчжурская раўніна. Размешчана на ПнУ Кітая, у бас. р. Сунгары і Ляахэ. Пл. каля 300 тыс. км². Пераважаюць выш. 200—300 м, на ПдЗ менш за 100 м. Складзена пераважна з рачных і азёрных адкладаў, плоская, слабарасчлянёная. Уздоўж водападзела р. Сунгары і Ляахэ — узгоркі з гранітаў, гнейсаў і базальтаў, перакрытых лёсам. На З і ПдЗ трапляюцца эолавыя формы рэльефу. Клімат умераны, мусонны, з халоднай зімой і дажджлівым летам. Т-ра студз. на Пн да -22 °C, на Пд да -8 °C, ліп. 20—25 °C. Ападкаў 400—700 мм за год. Стэп на чарназёмах і каштанавых глебах (месцамі саланчакі і пяскі, на Пн участкі шматгадовай мерзлаты). На паўн. і ўсх. ускраіне лесастэп. На Пд і У раўніна густа населена, разарана, на З пашы. Буйныя гарады — Харбін, Чанчунь, Цыцыкар, Шэньян.

т. 15, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́ДАЎ Мікалай Ільіч (21.12.1890, С.-Пецярбург — 4.12.1972),

бел. кампазітар і педагог. Нар. арт. Беларусі (1955). Скончыў С.-Пецярбургскую кансерваторыю экстэрнам (1910). Працаваў ва Усх. кансерваторыі (Казань), у Дзярж. ін-це муз. навукі (Масква). Уваходзіў у Беларускую песенную камісію. З 1924 у Мінску. Адзін з арганізатараў і выкладчыкаў Бел. муз. тэхнікума і кансерваторыі (з 1946 праф., у 1944—48 дырэктар), удзельнічаў у стварэнні бел. кампазітарскай арганізацыі (1932). Рэдактар многіх муз. выданняў (у т. л. твораў М.​Чуркіна, Р.​Пукста), збіральнік і даследчык бел., марыйскага, чувашскага, якуцкага фальклору, аўтар апрацовак нар. песень. Творчасць адметная праграмнасцю, сімфанічнасцю мыслення, шырокім выкарыстаннем сродкаў поліфаніі, нац. характэрнасцю музыкі. Сваімі творамі 1920—30-х г. залажыў асновы такіх жанраў бел. прафес. музыкі, як кантата («10 год», 1927), вак.-сімф. паэма («Над ракою Арэсай» на вершы Я.​Купалы, 1933), камерна-інстр. ансамбль (фп. квінтэт, 1925). Своеасаблівасцю жанравага вырашэння вылучаецца опера «Тарас на Парнасе» — «муз.-драм. жарт» (па матывах бел. ананімных паэм «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат» і паэмы В.​Дуніна-Марцінкевіча «Гапон», 1927). Стварыў першыя ў бел. музыцы ўзоры драм. (2-я, 1930) і лірыка-псіхалагічнай (4-я і 5-я, 1954—56) сімфоніі.

Інш. тв.: опера «Андрэй Касценя» (1947, паст. 1970); кантата «Сорак год» (1956); 10 сімфоній (1921—71), сімфаньета (1936), сімф. паэма «З дзённіка партызана» і сімфонія-балада «У суровыя дні» (1942), 4 сюіты-фантазіі для сімф. арк., канцэртныя фантазіі для скрыпкі і флейты з арк.; камерныя ансамблі; санаты; зб. рамансаў на вершы А.​Кальцова, Я.​Купалы, М.​Багдановіча, М.​Танка, Н.​Гілевіча і інш.; хары, песні.

Літ.:

Кулешова Г.Г. Н.​И.​Аладов. Л., 1970;

Аладава Р.М. М.​І.​Аладаў // Бел. музыка. Мн., 1977. Вып. 2.

С.​Г.​Нісневіч.

М.І.Аладаў.

т. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫ́РЫН,

вёска ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Сэрвач. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на Пд ад г.п. Карэлічы, 213 км ад Гродна, 36 км ад чыг. ст. Гарадзея. 576 ж., 232 двары (2003). Прадпрыемствы «Ніка» і «Цырын», цэх па вытв-сці пластмасавых вырабаў. Сярэдняя школа-сад, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Міхайлаўская царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

Вядома з 1432 як шляхецкае, потым дзярж. ўладанне. З пач. 16 ст. мястэчка ў Навагрудскім пав. З канца 16 ст. ў Ц. праводзіліся пав. сеймікі, існавала царква. У 1670 у мястэчку 62 дымы, вадзяны млын. З 1718 уласнасць Несялоўскіх, 68 дымоў. 26.11.1718 атрымала ад вял. князя Аўгуста II прывілей на штотыднёвыя таргі і 6 кірмашоў у год. У 17 ст., верагодна, мела магдэбургскае права. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі 5.6.1792 пацвердзіў магдэбургскае права і герб: у блакітным полі алень з залатым крыжам паміж рагамі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, 395 ж., 75 двароў. З 1842 цэнтр воласці Навагрудскага пав. Мінскай губ. У 1852 пабудавана Спаса-Праабражэнская царква, у 1862 адкрыта прыходская школа. У 1880 у мястэчку 610 ж., 94 двары; у 1897—718 ж., 129 двароў, нар. вучылішча, вадзяны млын, царква, 2 капліцы, яўр. малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазін, 3 крамы, карчма; двойчы на год праводзіліся кірмашы. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага пав., 274 ж., 50 двароў. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 вёска, цэнтр сельсавета. З 25.11.1940 у Карэліцкім р-не Баранавіцкай, з 8.1.1954 Гродзенскай вобл., з 25.12.1962 да 6.1.1965 у Навагрудскім р-не.

У.​У.​Бянько (гісторыя).

т. 17, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кірма́ш, ‑у, м.

1. Продаж тавараў, які праводзіцца ў пэўную пару года ў вызначаным месцы і часта звязаны з выстаўкай. Вясенні Лейпцыгскі кірмаш. □ На кірмашы будуць дэманстравацца цэнтрабежны землясос, кукурузаўборачны камбайн, трактар «МТЗ‑5 МС». «Звязда». // Вялікі святочны базар, звычайна з народным гуляннем. З ранку праз пераезд грукалі фурманкі з далёкіх сёл, кіруючыся, ў мястэчка, на нядзельны кірмаш; ішлі пешыя, несучы, хто што мае, на продаж. Навуменка. На шырокім на Мядзельскім рынку Падрывалася хрыпла катрынка — Пачынаўся вясенні кірмаш. Танк.

2. перан. Разм. Пра шумнае, ажыўленае зборышча людзей. Хлопцы не заўважылі, як з настаўніцкага пакоя ўвайшла ў клас і апынулася ў самым кірмашы іх выхавацелька. Брыль.

3. Уст. Прастольнае свята пры царкве, касцёле, манастыры. Кожны год на Міколу манастыр наладжваў кірмаш. З усяго наваколля туды з’язджаліся паны, купцы, мяшчане .. На хорах спявалі суровыя манахі. Асіпенка.

•••

Не на кірмаш, а з кірмашу хто — пра таго, чые справы ідуць у горшы бок.

[Ням. Kirmes з Kirchmesse.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

А́РНЕМ-ЛЕНД (Arnhem Land),

паўвостраў на Пн Аўстраліі. Абмываецца Тыморскім і Арафурскім морамі, зал. Карпентарыя. Даўж. каля 320 км. Шыр. да 460 км. Паверхня — паката-ўзгорыстае плато (выш. ад 180 м на Пн да 400 м на Пд), складзенае з пясчанікаў і расчлянёнае рэкамі на астанцовыя масівы. На Пн акаймаваны шырокай раўнінай, якая крута абрываецца да мора. Берагі моцна парэзаныя. Радовішча уранарадыевых (Рам-Джанглі), жал. рудаў, баксітаў. Клімат субэкватарыяльны. Сярэдняя т-ра паветра на працягу года каля 25 °C, ападкаў ад 500 мм (зімой) да 2000 мм (летам) за год. У далінах рэк вільготныя субэкватарыяльныя лясы (пальмы, фікусы), на наветраных схілах гор і на вяршынях масіваў эўкаліптавыя лясы і саванны. Жывёльны свет: мядзведзь каала, кенгуру, вамбаты, кусты; з птушак — казуары, папугаі, лірахвосты. На ПнЗ — порт Дарвін.

т. 1, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАБА́МА (Alabama),

штат на Пд ЗША. Пл. 131,4 тыс. км², нас. 4187 тыс. чал. (1993). Адм. ц. — г. Мантгомеры. Найб. гарады Бірмінгем, Мабіл, Хантсвіл. Большая ч. тэрыторыі занята нізіннай прыморскай раўнінай, месцамі забалочанай, на Пн і ПнУ — адгор’і Апалачаў. Клімат умерана цёплы, на Пд субтрапічны. Ападкаў каля 1500 мм за год. Рэкі Алабама, Тэнесі. Вядучая галіна эканомікі — апрацоўчая прам-сць. Развіты чорная металургія (Бірмінгем), вытв-сць алюмінію, пластмасаў, гумы, хімікатаў, тэкстылю, электратэхн. абсталявання. Прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай, авіяракетнай, суднабуд., тэкст. прам-сці. Здабыча вугалю, нафты, прыроднага газу. ГЭС на р. Тэнесі. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (адкорм буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней, бройлераў). Вырошчваюць сою, кукурузу, бавоўнік, сеяныя травы, арахіс, агародніну, садавіну. Чыг., аўтамаб., водны транспарт. Марскі порт Мабіл.

т. 1, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАРКТЫ́ЧНЫ КЛІ́МАТ,

клімат Антарктыды і прылеглых да яе акіянскіх прастораў (Антарктыкі). Над мацерыком надзвычай суровы. Т-ра паветра на працягу года адмоўная: летам у студз. да -13,6 °C, зімой у ліп. -60...-70 °C, на полюсе холаду (ст. Усход) самая нізкая на Зямлі — каля -90 °C. Ападкаў за год менш за 100 мм. Надвор’е вызначаецца Антарктычным антыцыклонам. Большая частка сонечнай радыяцыі адбіваецца снегавым покрывам (альбеда каля 85%), вял. страты цяпла даўгахвалевым выпрамяненнем з-за высокага становішча паверхні над узр. мора. На ўзбярэжжы т-ра паветра летам павышаецца да 0, +5 °C, гадавая сума ападкаў да 700—1000 мм, моцныя сцёкавыя і ўраганныя (40—60 м/с) вятры. Клімат акіянскіх прастораў Антарктыкі характарызуецца рэзкімі ваганнямі ціску, частымі цыклонамі, параўнальна аднароднымі т-рамі паветра.

т. 1, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́СУМЫ (Didelphidae),

сямейства млекакормячых атр. сумчатых. 12 родаў, 84 віды. Пашыраны ў Амерыцы і на М. Антыльскіх а-вах. Самая стараж. група сумчатых. У Паўн. Амерыцы вядомы з ніжняга мелу, у Еўропе — з эацэну да міяцэну. Жывуць на зямлі і дрэвах у лясах, стэпах, пустынях, гарах да 4 тыс. м, зрэдку паўводныя — вадзяны апосум. Звычайныя апосумы — лабараторныя жывёлы. Паўночны апосум акліматызаваны ў Каліфорніі.

Даўж. цела 7—50 см. Хвост (4—55 см) звычайна хапальны, голы на канцы. Морда выцягнутая і завостраная. Канечнасці ўкарочаныя, пяціпальцыя; заднія крыху даўжэйшыя за пярэднія. Вялікі палец на задніх лапах вял. памераў, проціпастаўлены іншым. Ёсць сумка. Саскоў ад 5 да 27. За год 1—3 прыплоды па 4—11 (зрэдку да 25) дзіцянят. Усёедныя. Аб’екты промыслу.

Апосум паўночны.

т. 1, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯМА́РЫН Аляксандр Міхайлавіч (н. 15.3.1938, г. Багародск Ніжагародскай вобл., Расія),

бел. графік. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966), выкладаў у ім (1969—78). Арыгінальнасцю кампазіцыі, тонкім адчуваннем псіхалогіі вобразаў вылучаюцца серыі станковых работ «Не забудзе Беларусь» (1970), «Камвольшчыцы» (1974—77), «На сюжэты з рускай класікі» (1980—88), «Калектывізацыя на Палессі» (1982), трыпціх «Нараджэнне тканіны» (1978). Выканаў іл. да кніг Я.​Коласа «На ростанях» (1968), М.​Лынькова «Векапомныя дні» (1969), І.​Мележа «Мінскі напрамак» (1974), І.​Шамякіна «Сцягі над штыкамі» (1976) і інш. Працуе таксама ў жывапісе: «Пераправа, 1944 г.» (1985), «29-ы год. Палессе» (1987) і інш.

А.Дзямарын. Дыспут. Паводле рамана І.​С.​Тургенева «Бацькі і дзеці». Серыя «На сюжэты з рускай класікі». 1988. Каляровая аўталітаграфія.

т. 6, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКЕ (Marche),

адм. вобласць у Цэнтр. Італіі, на ПнУ Апенінскага п-ва. Уключае правінцыі Анкона, Пезара і Урбіна, Аскалі-Пічэна, Мачэрата. Пл. 9,7 тыс. км². Нас. каля 1,5 млн. чал. (1997). Гал. горад і порт — Анкона. Рэльеф пераважна горны і ўзгорысты (Умбра-Маркскія Апеніны з найвыш. пунктам г. Веторэ, 2478 м). Раўнінныя ўчасткі на ўзбярэжжы і ў далінах рэк Тронта, Метаўра, Патэнца. Клімат у гарах умераны, на ўзбярэжжы субтрапічны міжземнаморскі. Ападкаў каля 800 мм за год. Развіты сельская гаспадарка і прам-сць. Вырошчваюць пераважна пшаніцу і цукр. буракі. Вінаградарства. Мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні, авечкі). Шаўкаводства. Рыбалоўства. Гал. галіны прам-сці: нафтаперапр., суднабуд., хім., папяровая, цэм., шаўковая, тытунёвая, керамічная, дрэваапр., харчовая. ГЭС. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Турызм, на ўзбярэжжы — курортная зона.

т. 10, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)