ЦЫ́РЫН,

вёска ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Сэрвач. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на Пд ад г.п. Карэлічы, 213 км ад Гродна, 36 км ад чыг. ст. Гарадзея. 576 ж., 232 двары (2003). Прадпрыемствы «Ніка» і «Цырын», цэх па вытв-сці пластмасавых вырабаў. Сярэдняя школа-сад, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Міхайлаўская царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

Вядома з 1432 як шляхецкае, потым дзярж. ўладанне. З пач. 16 ст. мястэчка ў Навагрудскім пав. З канца 16 ст. ў Ц. праводзіліся пав. сеймікі, існавала царква. У 1670 у мястэчку 62 дымы, вадзяны млын. З 1718 уласнасць Несялоўскіх, 68 дымоў. 26.11.1718 атрымала ад вял. князя Аўгуста II прывілей на штотыднёвыя таргі і 6 кірмашоў у год. У 17 ст., верагодна, мела магдэбургскае права. Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі 5.6.1792 пацвердзіў магдэбургскае права і герб: у блакітным полі алень з залатым крыжам паміж рагамі. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі, 395 ж., 75 двароў. З 1842 цэнтр воласці Навагрудскага пав. Мінскай губ. У 1852 пабудавана Спаса-Праабражэнская царква, у 1862 адкрыта прыходская школа. У 1880 у мястэчку 610 ж., 94 двары; у 1897—718 ж., 129 двароў, нар. вучылішча, вадзяны млын, царква, 2 капліцы, яўр. малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазін, 3 крамы, карчма; двойчы на год праводзіліся кірмашы. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага пав., 274 ж., 50 двароў. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 вёска, цэнтр сельсавета. З 25.11.1940 у Карэліцкім р-не Баранавіцкай, з 8.1.1954 Гродзенскай вобл., з 25.12.1962 да 6.1.1965 у Навагрудскім р-не.

У.​У.​Бянько (гісторыя).

т. 17, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)