яны́, іх, ім, іх, імі, аб іх; займ. асаб. 3 ас. мн.

1. Ужываецца (з мэтай пазбегнуць паўтарэння) замест назоўніка множнага ліку, які ў папярэднія кантэксце абазначае прадмет гаворкі. І сыны адказ трымалі Перад бацькам родным, А стараўся з іх быць кожны Свайго бацькі годным. Купала. [Рыбнікаў:] Смерць героя не прыгнятае жывых, а кліча іх да новых подзвігаў. Крапіва. // (у спалучэнні са словамі: «самі», «самыя»). Іменна тыя, а не хто іншы; тыя самыя.

2. толькі Р. Ужываецца ў знач. прыналежная займенніка; іхні. Мартын таксама глянуў У дзедавы цёмныя вочы, адчуваючы іх уладу над сабою, і потым мімаволі апусціў свае вочы. Колас. Сцепуржынскі і Скуратовіч увайшлі ў дом праз чысты ход. Іх галасы ціха гулі недзе ў большым пакоі. Чорны.

3. У спалучэнні з часціцай «вось» набывае ўказальны характар. Вось яны — палі густыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бе́гчы, бягу, бяжыш, бяжыць; бяжым, бежыце, бягуць; незак.

1. Хутка рухацца, перамяшчацца, моцна адштурхоўваючыся ад зямлі нагамі. З перакошанымі ад страху тварамі беглі салдаты з насілкамі, з лапатамі. Лынькоў. // Імкліва накіроўвацца куды‑н., рухацца ў якім‑н. напрамку. — Ромка! Сюды! — закрычаў Віталік. Павярнуўся і пусціўся бегчы на вуліцу. Даніленка. // Спяшаючыся, ісці куды‑н. Бегчы на працу. □ [Гвардыяніха:] — Ой, заседзелася я, чэснае слова... Трэба бегчы. Зарэцкі.

2. Далёка без канца цягнуцца (пра дарогу, сцежку і пад.). Сцежка ў вёску бяжыць, пятляе паміж надрэчных кустоў. Брыль. // Распасцірацца, пралягаць; мець які‑н. напрамак. Пад самы лес бягуць шнуры, І брыюць спрытна без заганы Зялёны дол гаспадары. Колас.

3. Ліцца, цячы бесперастанным патокам. Унь там рачулка срэбрам літым Бяжыць па жолабе размытым. Колас. Вада бегла імклівымі ручаінамі з узгорку, з хвойніку. Чорны. // Цячы цурком. За каўнер струменямі сцякае вада і бяжыць па целе. Шамякін. Слёзы беглі па [Марыліным].. схудзелым твары. Крапіва. // Выцякаць цераз край пры награванні, браджэнні. Малако бяжыць. Цеста бяжыць. // Хутка рухацца, перамяшчацца (пра хвалі, воблакі, агонь і пад.). Хвалі ціха коцяцца і бягуць далёка, І ўсё навокала сном адвечным спіць. Багдановіч.

4. Праходзіць, працякаць (пра жыццё, час). І як бяжыць час: прыязджала маленькая Караліна, усяго год чатырнаццаць было Сузану, а цяпер у яго ўжо дзеці, двое дачок... Лынькоў. Прывет вам, вольныя паэты, Хай час ваш радасна бяжыць! Купала. Як аслупянелы, стары доўга стаяў на адным месцы, пакуль стаў заўважаць адзнакі таго, што жыццё бяжыць. Чорны. // перан. Наступаць, падыходзіць. Сакавік ідзе бадзёра, Побач з ім вясна бяжыць. Галіноўская.

5. Адступаць пад націскалі якой‑н. сілы (пра разбітую армію, войска і пад.).

6. Рухацца, перамяшчацца (пра машыны, паязды і пад.). Па дарогах адна за другой бягуць перагружаныя збожжам, машыны, ззаду за імі цягнуцца высокія слупы пылу. Дуброўскі.

7. Мільгаць (пра ўяўны рух прадметаў, каля якіх чалавек вельмі хутка рухаецца). Бягуць насустрач прыгарады, дачныя пасёлкі з пералескамі, усё цудоўнае Падмаскоўе з карагодамі па-дзявочаму стромкіх белых бярозак. Сяргейчык. // Хутка несціся, рухацца (пра хмары, цені і пад.). Як праходзіў паўз.. [скверык] трамвай, рухавае святло бегла па дрэвах. Чорны.

8. Пашырацца, даносіцца, далятаць (пра гукі). З клуба бяжыць на вячэрнія кварталы музыка раяля, песні і смех. Чорны. // Распаўсюджвацца, пашырацца (пра чуткі, звесткі). Па цэлым па Саюзе Бяжыць хай пераклічка: Ўраўнілаўку руйнуйце, Касуйце абязлічку! Купала.

9. перан. Узнікаць, цячы (пра думкі). Бягуць, не спыняюцца думкі-саколкі. Купала.

•••

Бегма (бягом) бегчы — вельмі спяшацца; не ісці, а бегчы.

Бегчы без аглядкі — вельмі хутка бегчы.

Бегчы за вачыма — не выбіраючы шляху.

Бегчы з усіх ног — вельмі хутка, імкліва.

(Бегчы, ісці) куды вочы глядзяць — без пэўнага кірунку, не выбіраючы шляху.

(Бегчы) куды папала — без разбору, не выбіраючы месца, шляху.

Бегчы на ўсю сілу — вельмі моцна, хутка.

Бегчы як жару ўхапіўшы — як мага хутчэй, стрымгалоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПУ́ШКІН (Аляксандр Сяргеевіч) (6.6.1799, Масква — 10.2.1837),

рускі пісьменнік; пачынальнік новай рус. літаратуры, заснавальнік сучаснай рус. літаратурнай мовы. Скончыў Царскасельскі ліцэй (1817). Ліцэйскія гады — перыяд інтэнсіўнага творчага развіцця П.: своеасабліва выкарыстаўшы каноны рацыяналіст. паэтыкі класіцызму, ён напісаў вершы «Успаміны ў Царскім Сяле», «Гарадок», «Ліцынію» і інш. Па заканчэнні ліцэя служыў у Калегіі замежных спраў. Уваходзіў у літ. гурткі «Зялёная лямпа», «Арзамас». У вершах гэтага часу вольналюбівыя настроі, імкненне пераадолець нарматыўнасць паэтыкі 18 — пач. 19 ст., адысці ад жанрава-стылявой рэгламентацыі, дасягнуць свабоды паэт. слова («Вольнасць», 1817, апубл. 1856, у Расіі цалкам 1906; «Да Чаадаева», 1818, часткова без ведама аўтара апубл. 1826; «Вёска», 1819, апубл. 1826 і інш.). У падобным кірунку напісана паэма «Руслан і Людміла» (1820), у якой карціны гераічнага мінулага прасякнуты рамант. патэтыкай і гумарам, умоўнасць жанру паэмы-казкі спалучаецца з жыццёвасцю характараў, стылістычным багаццем і моўнай свабодай. Вольналюбівыя і антытыранічныя матывы ранняй лірыкі, незалежнасць асабістых паводзін сталі прычынай ссылак: паўд. (1820—24, Екацярынаслаў, Каўказ, Крым, Адэса) і ў в. Міхайлаўскае (Пскоўская вобл., маёнтак маці, 1824—26). Паўд. ссылка — перыяд росквіту рамантызму П., які найб. выявіўся ў створаных тут паэмах. У творчасці П. «паўднёвыя паэмы» адыгралі вял. ролю: «Каўказскі нявольнік» (1820—21, апубл. 1822) у многім падрыхтаваў «Яўгена Анегіна»; важнае месца ў далейшым будзе адведзена тэме мяцежнай «волі» і маральнага закона, заяўленай у «Братах-разбойніках» (1821—22, апубл. 1825), супастаўленню і проціпастаўленню гармоніі і стыхіі, «анёльскага» і «дэманічнага», пачатыя ў «Бахчысарайскім фантане» (1821—23, апубл. 1824). У гэтых паэмах упершыню выразна акрэсліваецца філас. падыход П. да праблем свабоды, кахання, асобы. Шлях у Міхайлаўскае пралягаў праз бел. гарады Магілёў, Оршу, Віцебск і інш. У Міхайлаўскім стварыў шэраг паэт. шэдэўраў: «Перайманне Карана», «Да***» («Я помню дзіўнае імгненне...»), «Жаданне славы» і інш., сатыр. паэму «Граф Нулін» (1825, апубл. 1827), цэнтр. главы (3—6) рамана ў вершах «Яўген Анегін»; вывучаў гісторыю Расіі, летапісы, запісваў нар. песні і казкі.

Вырашальным момантам творчай эвалюцыі П. стала трагедыя «Барыс Гадуноў» (1824—25, апубл. 1831; паст. 1870), якая заклала асновы рэалізму, народнасці, гістарызму ў рус. л-ры. У ёй вял. колькасць рознахарактарных тыпаў, раскрыты высокі этычны сэнс «меркавання народнага», звернутага да наступных пакаленняў. Думкі пра драму, да якіх прыйшоў П. у час працы над трагедыяй (у накідах прадмовы да «Барыса Гадунова» і нататках «Пра народную драму...», 1830) маюць вял. эстэт. і філас. значэнне. Маніфест пушкінскага разумення творчасці — верш «Прарок». У вер. 1826, пасля пакарання і ссылкі дзекабрыстаў, П. атрымаў «дараванне», але за ім была ўстаноўлена асабістая царская цэнзура. У яго павялічылася цікавасць да гісторыі Расіі як дзяржавы, да дзейнасці Пятра I, да праблемы месца і ролі асобнага чалавека ў гісторыі краіны. Раман пра свайго продка «Арап Пятра Вялікага» (1827—28, не завершаны, апубл. 1837) — першая спроба працы П. ў буйных празаічных жанрах; гіст. мінулае ў ім паказана ў паўсядзённым побыце, у канкрэтных асобах і лёсах. Апафеоз дзярж. пачатку — паэма «Палтава» (1828, апубл. 1829), у якой асобы і лёсы людзей пятроўскай эпохі шмат у чым паглынаюцца гіст. працэсам. Восень 1830 П. правёў у в. Болдзіна (Ніжагародская вобл., маёнтак бацькі), дзе за 3 месяцы стварыў каля 50 твораў розных жанраў. Тут у асноўным завершаны «Яўген Анегін», у якім узноўлены вобраз жыцця і духоўны склад «тыповага» героя, уклад жыцця сталічнага і правінцыяльнага дваранства. У своеасаблівым жанры рамана ў вершах сюжэт непарыўна пераплецены з аўтарскімі роздумамі («адступленнямі»), а кожная страфа (асобай будовы «анегінская страфа»), з’яўляючыся часткай адзінага цэлага, у той жа час — завершаная маст. адзінка. Апавяданне пра эпоху і чалавечыя лёсы адначасова паўстае ў рамане як лірычная гісторыя аўтарскага духу і як філас. даследаванне жыцця грамадства і чалавечай душы. У «Казцы пра папа і пра работніка яго Балду» (1830, апубл. 1840), «Казцы пра цара Салтана...» (1831, апубл. 1832), «Казцы пра мёртвую царэўну і пра сем асілкаў» (1833, апубл. 1834), «Казцы пра рыбака і рыбку» (1833, апубл. 1835), «Казцы пра залатога пеўніка» (1834, апубл. 1835) П. упершыню выкарыстаў фальклор, у ярка нац. форме ўвасобіў шэраг агульначалавечых праблем. 1830—31 — перыяд актыўнай дзейнасці П. як журналіста і крытыка, гал. ч. у «Литературной газете», паглыблення цікавасці да тэарэт. літ. праблем.

У 1836 пачаў выдаваць час. «Современник». У паэме «Медны коннік» (1833, апубл. 1837) на велізарную вышыню абагульнення ўзнята тэма дзяржавы і асобы, гісторыі і асобнага лёсу, узаемаадносін чалавека і свету, у сімвалічным плане спрадвечна-трагедыйных калізій, якія ўзнікаюць у гэтых узаемаадносінах, глыбокі філас. сэнс набывае тэма вар’яцтва («Медны коннік»; «Пікавая дама» 1833, апубл. 1834; верш «Не дай мне божа страціць розум» і інш.). П. упершыню паставіў многія вядучыя праблемы рус. л-ры: народ як гіст. сіла і маральны крытэрый («Барыс Гадуноў»); асоба ў яе ўзаемаадносінах з асяроддзем і абставінамі («Яўген Анегін», 1823—31, цалкам апубл. 1833; «Медны коннік»); лёс «маленькага чалавека» (цыкл «Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна», 1830, апубл. 1831; «Стрэл», «Завея», «Трунар», «Станцыйны наглядчык», «Паненка-сялянка»); улада грошай над чалавечымі душамі («Пікавая дама») і інш. У маленькіх трагедыях («Скупы рыцар», 1830, апубл. 1836; «Моцарт і Сальеры», 1830, апубл. 1831; «Каменны госць», 1830, апубл. 1839, і інш.) на матэрыяле розных краін і гіст. эпох у гранічна лаканічнай форме даследуюцца філас. і маральныя праблемы ўсечалавечага маштабу (свабода, страсць і мараль; асоба, грамадства і гісторыя; жыццё, смерць і бессмяротнасць), дадзены глыбокія ўзоры філас.-псіхал. драмы. У філас. лірыцы 1830-х г. зварот да карэнных пытанняў быцця: кахання, творчасці, смерці. Аўтар антырэліг. сатыр. паэмы «Гаўрыліяда» (1821, апубл. 1861, Лондан; у Расіі 1908 з купюрамі), паэм «Браты-разбойнікі» (1821—22, апубл. 1825), «Домік у Каломне» (1830, апубл. 1833), «Анджэла» (1833, апубл. 1834), раманаў «Дуброўскі» (1832—33, апубл. 1841), «Капітанская дачка» (1836), аповесці «Егіпецкія ночы» (1835, не завершана, апубл. 1837), трагедыі ў вершах «Русалка» (1829—32, не завершана, апубл. 1837), нарыса «Падарожжа ў Арзрум у час паходу 1829 года» (1835, апубл. 1836), «Гісторыі Пугачова» (1834) і інш. Памёр ад раны, атрыманай на дуэлі з Ж.​Дантэсам. Эстэт. асваенне кантэкстаў рус. жыцця (інтэлектуальнага, сац.-гіст., бытавога) спалучалася ў П. з жывым успрыняццем разнародных еўрап. уплываў, дарам пранікнення ў інш. культуры і эпохі. Значэнне творчасці і маштабы генія П. дазваляюць назваць яго выключнай з’явай сусв. культуры. Яго маст. дасягненні вызначылі і шмат у чым абумовілі далейшае развіццё рускай і інш. л-р. Творы П. перакладзены амаль на ўсе мовы свету, большасць з іх інсцэніравана і экранізавана.

Пэўнае месца ў творчасці П. занялі гісторыя Беларусі, лёс бел. народа. У маі 1820 і жн. 1.824 паэт праязджаў праз бел. землі. У арт. «Збор твораў Георгія Каніскага, архіепіскапа Беларускага» (1836) ён пісаў пра пакуты «народа, спрадвечна нам роднага, але адлучанага ад Расіі лёсам вайны», сцвярджаючы адзінства рус. і бел. народаў. Добра ведаў бел. фальклор. Доказ таму — мова чарняца Варлаама («Барыс Гадуноў»), насычаная прымаўкамі, якія ў той час бытавалі на Беларусі. Ведаць пра Беларусь П. мог ад кіраўніка Болдзінскага маёнтка беларуса В М.​Пянькоўскага. Сучаснікі сцвярджалі, што прататыпам гал. героя рамана «Дуброўскі» быў бел. дваранін Астроўскі (як спачатку і называўся раман). Творчасць П. зрабіла велізарны ўплыў на развіццё бел. л-ры. Гэты ўплыў адчуваўся ўжо ў паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе» (абедзве нап. 4-стопным ямбам), якія ствараліся пад уплывам не толькі травестацый М.​Осіпава і І.​Катлярэўскага, але і вольналюбівай лірыкі П., яго парадыйных паэм «Бава» і «Гаўрыліяда». У паэме «Тарас на Парнасе» засведчана глыбокая сімпатыя да П. Мара пра вял. нац. л-ру — асн. ідэя і пафас гэтага твора, дзе імя П. пастаўлена першым сярод найвыдатных пісьменнікаў суседніх л-р. У канцы 19 ст. з’явіўся першы бел. пераклад верша П. «Рэха» (пер. А.​Гурыновіч). Шырокае асваенне бел. л-рай ідэйна-маст. традыцый П. пачалося з прыходам у л-ру Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча. Творчасць Я.​Купалы захавала і развівала характэрныя для пушкінскай паэт. школы традыцыі грамадзянскасці, народнасці, гуманізму. Тыпалагічна блізкія погляды П. і Я.​Купалы на вырашэнне тэм «паэт і паэзія», «паэт і натоўп», ідэнтычнае асэнсаванне імі ролі паэта ў грамадстве («Чэрнь», «Помнік» П., «Я не для вас», «Блізкія і далёкія», «Песняру беларусу» Я.​Купалы). У героіка-рамантычным эпасе Я.​Купалы і рамант. паэмах П. выявіўся тоесны падыход да асэнсавання нар. творчасці як з’явы мастацтва, выкарыстанне фальклору ў літ. творчасці, адлюстраванне нац.-вызв. ідэалаў.

Пры стварэнні рамант. паэм «Курган», «Бандароўна», «Яна і я» і інш. Я.​Купала апіраўся на пушкінскую традыцыю ўспрымання гіст. працэсу ў яго прычынна-выніковых сувязях; у спосабах адлюстравання жыцця, у імкненні да выключнага і гераічнага ён блізкі найперш да П.-рамантыка. Уплыў П. абумовіў фарміраванне рэалістычна-канкрэтнай паэтыкі ў дарэв. лірыцы Я.​Коласа. Як і П., Я.​Колас паэтызаваў простае слова, што памагло яму вывесці нац. лірыку на пушкінскі шлях прастаты як найбольшага маст. майстэрства. У шэрагу вершаў Я.​Коласа 1920-х г., прысвечаных тэме паэта. назіралася непасрэдная пераклічка з творамі П. («Водгулле» Я.​Коласа, «Рэха» П.), арыентацыя на яго маст. пафас. Многія Коласавы вершы ваен. і пасляваен. часу («Мая просьба», «Самому сабе», «У бяссонне» і інш.) сталі ўзорамі бел. філас. лірыкі, развіваюць традыцыю сцвярджэння перамогі разумнага пачатку — традыцыю. каля вытокаў якой стаяў П. У артыкулах і аўтабіягр. матэрыялах Я.​Коласа нямала прызнанняў пра велізарны ўплыў на яго П. Бясспрэчная і тыпалагічная сувязь «Новай зямлі» і «Яўгена Анегіна» як энцыклапедый нар. жыцця; абедзве нап. 4-стопным ямбам. Вял. ўздзеянне паэзіі П. адчуў на сабе Багдановіч: распрацоўка тэмы «народ і гісторыя», традыцый вольналюбівай лірыкі, сцвярджэнне пафасу мастацкасці, пашырэнне тэм і форм бел. л-ры.

Творы П. на бел. мову перакладалі Багдановіч («Вязень»), Я.​Купала («Медны коннік»), Я.​Колас («Палтава»), К.​Чорны («Капітанская дачка», «Станцыйны наглядчык», «Паненка-сялянка», «Трунар», «Дуброўскі»), К.​Крапіва («Капітанская дачка»), А.​Куляшоў («Цыганы», «Яўген Анегін»), П.​Глебка («Барыс Гадуноў»), А.​Александровіч («Руслан і Людміла»), А.​Якімовіч (казкі), Р.​Барадулін, А.​Бачыла, П.​Броўка, А.​Вечар, Ю.​Гаўрук, М.​Лужанін, М.​Паслядовіч, Ю.​Свірка, М.​Танк, М.​Хведаровіч, У.​Шахавец і інш. Творчасць П. даследавалі і даследуюць бел. літ.-знаўцы І.​Замоцін, Ф.​Куляшоў, М.​Ларчанка, Ю.​Пшыркоў, А.​Лойка, М.​Тычына, А Шалемава і інш. Жыццё і творчасць П. — крыніца шматлікіх твораў л-ры, музыкі, выяўл. мастацтва. П’есы паводле твораў П. пастаўлены ў т-рах Беларусі: у Нац. т-ры імя Я.​Купалы — «Капітанская дачка» (1937), спектакль па творах П. (сцэны «Келля», «Карчма», «Каля фантана» з трагедыі «Барыс Гадуноў» і «Скупы рыцар», 1949); у Нац. рус. т-ры — «Паненка-сялянка» і «Каменны госць» (абодва 1938), «Баляванне ў час чумы і...» (1999); у Бел. т-ры імя Я.​Коласа — «Дуброўскі» (1937); у Бел. т-ры юнага гледача — «Пушкінскія казкі» (1974), «Казка пра папа і работніка яго Балду» (1989); у Бел. т-ры лялек — «Казка пра папа і пра работніка яго Балду» (1939); у Нац. т-ры оперы — «Яўген Анегін» (1933), «Пікавая дама» (1934), «Мазепа» (паводле паэмы «Палтава») П.​Чайкоўскага (1952), «Русалка» А.​Даргамыжскага (1937), «Дуброўскі» Э.​Напраўніка (1948), «Алека» (паводле паэмы «Цыганы») С.​Рахманінава (1949), «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1954), «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава (1972); у Нац. т-ры балета — «Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева (1939) і інш. На тэксты П. напісаны многія творы бел. кампазітараў М.​Аладава, У.​Алоўнікава, А.​Багатырова, А.​Клумава, П.​Падкавырава, Р.​Пукста. Ю.​Семянякі, А.​Туранкова. Я.​Цікоцкага і інш. Кнігі П. ілюстравалі бел. мастакі М.​Бельскі, Т.​Беразенская, А.​Волкаў, М.​Гуціеў, А.​Кашкурэвіч, М.​Селяшчук, В.​Славук і інш.; карціну «А.​С.​Пушкін у Міхайлаўскім» напісала Р.​Кудрэвіч, «Пушкін у Магілёве» Ю.​Падляскі, «Кветкі каханай» І.​Пратасеня і інш. Помнікі П. пастаўлены ў Мінску і Магілёве.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—10. М., 1974—78;

Бел. пер. — Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1993;

Выбр. творы. Мн., 1949;

Выбр. творы: Вершы. Паэмы. Мн., 1999;

Выбр. проза. Мн., 1936;

Барыс Гадуноў. Мн., 1937;

Каўказскі нявольнік. Мн., 1937;

Медны коннік. Мн., 1937;

Цыганы. Мн., 1937;

Бахчысарайскі фантан. Мн., 1937;

Аповесці нябожчыка Івана Пятровіча Белкіна. Мн., 1938;

Палтава. Мн., 1938;

Капітанская дачка. Мн., 1948; Яўгеній Анегін. Мн., 1949; Вершы. Мн., 1949; Казка аб мёртвай царэўне і аб сямі асілках. Мн., 1955; Казка пра папа і пра работніка яго Балду. Мн., 1957; Руслан і Людміла. Мн., 1978; О муза... Мн., 1999; Прарок = Пророк: Вершы і казкі. Мн., 1999; Яўгеній Анегін = Евгений Онегин: Раман у вершах. Мн., 1999.

Літ.:

Белинский В.Г. Сочинения Александра Пушкина. М., 1985;

А.​С.​Пушкин в воспоминаниях современников. Т. 1—2. М., 1974;

Бэлза И.Ф. Пушкин и Мицкевич в истории музыкальной культуры. М., 1988;

Ахматова А.А. О Пушкине: Ст. и заметки. 3 изд. М., 1989;

Анненков П.В. Пушкин: Материалы для биогр. А.​С.​Пушкина. М., 1999;

Афонин В. Религия и А.​С.​Пушкин. Невинномысск, 1999;

Гаспаров Б.М. Поэтический язык Пушкина как факт истории русского литературного языка. СПб., 1999;

Духовный труженик: А.​С.​Пушкин в контексте рус. культуры. СПб., 1999;

Кибальник С.А. Художественная философия Пушкина. СПб., 1999;

Кожинов В.В. Великое творчество. Великая Победа. М., 1999;

Лотман Ю.М. Пушкин: Биогр. писателя: Ст. и заметки, 1960-1990;

«Евгений Онегин»: Коммент. СПб., 1999;

Пушкин и поэтический язык XX в. М., 1999;

Щеголев П.Е. Дуэль и смерть Пушкина. 5 изд. СПб., 1999;

Виноградов В.В. Стиль Пушкина. М., 1999;

Кондаков И.М. Психология в зеркале пушкинской судьбы. М., 2000;

Купала Я. Любімы паэт // Купала Я. Публіцыстыка. Мн., 1972;

Колас Я. Друг человечества. Сонца нашай паэзіі // Зб. твораў. Мн., 1976. Т. 12;

Замоцін І.І. А.​С.​Пушкін: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1937;

Пшыркоў Ю.С. Уплыў творчасці А.​С.​Пушкіна на развіццё беларускай літаратуры. Мн., 1949;

Барысенка В.В., Івашын В.У. Роля рускай класічнай літаратуры ў развіцці рэалізму беларускай літаратуры пачатку XX ст. Мн., 1963;

Степунин И. Прототип пушкинского Дубровского // Неман. 1968. № 8;

Лойко О. Его живые ветви // Там жа. 1974. №6;

Ларчанка М.Р. Пушкінскія традыцыі ў беларускай паэзіі // Ларчанка М.Р. Яднанне братніх літаратур. Мн., 1974;

Бярозкін Р. Звенні. Мн., 1976;

Симанович Д.Г. Подорожная Александра Пушкина. Мн., 1977;

Шалемава А.А. Пушкінскія традыцыі ў лірыцы Янкі Купалы // Песні беларускай валадар. Мн., 1981;

Букчин С. ...Народ, издревле нам родной. Мн., 1984. С. 101—116;

А.​С.​Пушкін і беларуская літаратура: Рэсп. навук. канф.: Матэрыялы і паведамл. Брэст, 1994;

Соломевич Я. «Нет, весь я не умру...» // Нёман. 1998. №6;

Лиокумович Т.Б. Потомки А.​С.​Пушкина в Беларуси. Мн., 1999;

Пушкін — беларуская культура — сучаснасць: Матэрыялы Міжнар. навук. канф. Мн., 1999;

А.​С.​Пушкін і Беларусь = А.​С.​Пушкин и Беларусь. Мн., 1999;

Тычына М.А. Аляксандр Пушкін і Якуб Колас. Мн., 1999.

А.​А.​Шалемава.

А.С.Пушкін. Мастак В.​Трапінін. 1827.

т. 13, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ» імя Петруся Броўкі,

выдавецтва Дзярж. к-та па друку Рэспублікі Беларусь. Засн. ў Мінску 1.1.1967 як Гал. рэдакцыя Бел. Сав. Энцыклапедыі пры АН Беларусі на правах НДІ, з 1.1.1975 у сістэме Дзяржкамдруку БССР, у 1980 пераўтворана ў выдавецтва, прысвоена імя П.​Броўкі. Спалучае выдавецкую дзейнасць з навукова-даследчай. Спецыялізуецца на падрыхтоўцы і выданні універсальных, рэгіянальных і галіновых энцыклапедый, энцыклапедычных даведнікаў і слоўнікаў, тлумачальных, перакладных і інш. слоўнікаў бел. мовы. Падрыхтавала і ў 1969—75 выдала 12-томную «Беларускую Савецкую Энцыклапедыю» — універсальны даведнік па ўсіх галінах ведаў, першую шматтомную энцыклапедыю ў гісторыі бел. народа (Дзярж. прэмія Беларусі 1976). У выд-ве выйшлі таксама: «Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя» (т. 1—5, 1978—82, паралельна на бел. і рус. мовах), «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87), «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (т. 1—7, 1984—88; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Энцыклапедыя прыроды Беларусі» (т. 1—5, 1983—86; сярэбраны медаль праграмы ААН па навакольным асяроддзі 1984), «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» ў 6 т. (т. 1—2, 1993—94), «Ілюстраваная храналогія гісторыі Беларусі» (ч. 1—2, 1995—96), біябібліяграфічны даведнік «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95), «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Беларуска-рускі слоўнік» (т. 1—2, 2-е выд. 1988—89), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» І.​Я.​Лепешава (т. 1—2, 1993), «Руска-беларускі слоўнік» (т. 1—3, 6-е выд. 1995) і інш. Выдаюцца серыі: гісторыка-дакумент. хронік «Памяць» (з 1985, пра кожны раён Беларусі), энцыклапедычных даведнікаў пра гарады Беларусі (з 1976, «Мінск», «Брэст», «Віцебск», «Гродна», «Магілёў», «Гомель»), пра жывёльны і раслінны свет Беларусі (з 1986), энцыклапедычныя даведнікі для дзяцей, «Энцыклапедычная бібліятэчка «Беларусь» (з 1978, выдадзена 25 кніг), трохмоўных слоўнікаў (англа-, нямецка-, французска-, беларуска-рускіх) і інш. У ліку 1-томных энцыклапедычных даведнікаў: «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка» (на рус. мове, 1978), «Навечна ў сэрцы народным» (3-е выд., на рус. мове, 1984), «Іх імёнамі названы...» (на рус. мове, 1987), «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945» (1990), «Этнаграфія Беларусі» (1989), «Янка Купала» (1986), «Францыск Скарына і яго час» (1988; на рус. мове, 1990), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588» (1989), «Прафесіі рабочых» (на рус. мове, 1980), «2000 прафесій...» (на рус. мове, 1986), «Меліярацыя» (на рус. мове, 1984), «Прырода Беларусі» (2-е выд., на рус. мове, 1989), «Бульба» (на рус. мове, 1988 і 1994), «Чырвоная кніга Беларускай ССР» (2-е выд. 1993), «Акадэмія навук Беларускай ССР» (1978; на рус. мове, 1979), зводны каталог «Кніга Беларусі, 1517—1917» (1986), «Энцыклапедыя маладой сям’і» (8-е выд., на рус. мове, 1995), «Здароўе» (на рус. мове, 1990), «Культура харчавання» (3-е выд., на рус. мове, 1993), «Фатаграфія» (на рус. мове), «Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік» (абодва 1992), «Архітэктура Беларусі», «Археалогія і нумізматыка Беларусі» (абодва 1993); «Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X—XIX стст.», «Беларусь», «Ветэрынарная энцыклапедыя» (усе 1995), «Чарнобыль» (1996). Сярод факсімільных выданняў: «Слоўнік беларускай мовы» І.​І.​Насовіча (1983), «Біблія Скарыны» (т. 1—3, 1990—91), «Жывапісная Расія» (1993, 2-е выд. 1994) і інш. У 1996 выйшаў 1-ы том 18-томнай універсальнай Беларускай энцыклапедыі.

Галоўныя рэдактары П.​У.​Броўка (1967—80), І.​П.​Шамякін (1980—92), М.​А.​Ткачоў (1992), Б.​І.​Сачанка (1993—95), Г.​П.​Лашкоў (з 1996).

І.​П.​Хаўратовіч.

т. 2, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМАНІ́ЗМ (ад лац. humanus чалавечы, чалавечны),

сістэма светапогляду, кірунак філас. і грамадска-паліт. думкі, паводле якіх чалавечая асоба ёсць найвышэйшая каштоўнасць сац. быцця і культуры. Ідэі гуманных адносін да чалавека выяўляліся ўжо ў глыбокай старажытнасці. Мысліцелі, мастакі і ідэолагі эпохі Адраджэння (Леанарда да Вінчы, Дж.​Бруна, Г.​Галілей, Ф.​Бэкан, Эразм Ратэрдамскі) паказалі ідэал свабоднага, гарманічна развітога чалавека. Рэнесансавы гуманізм як тып культуры і светапогляду сфарміраваўся ў Італіі (творчасць Ф.​Петраркі, Дж.​Бакачыо, Ларэнца Вала, Піка дэла Мірандала, Рафаэля, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла) і пашырыўся на інш. рэгіёны разам з рухам Рэфармацыі (М.​Мантэнь, Ф.​Рабле ў Францыі, Ф.​Бэкан, У.​Шэкспір у Англіі, А.​Дзюрэр у Германіі, М.​Сервантэс у Іспаніі і інш.). Прадстаўнікі утапічнага камунізму (Т.​Мор, Т.​Кампанела, Т.​Мюнцэр, А.​Сен-Сімон, Ш.​Фур’е, Р.​Оўэн і інш.) выкрывалі антычалавечую, на іх погляд, сутнасць прыватнай уласнасці, эксплуатацыі, марылі пра справядлівае грамадства. Самабытныя ідэі рэв.-дэмакр. і народніцкага гуманізму развівалі А.​Радзішчаў, В.​Бялінскі, М.​Дабралюбаў, М.​Чарнышэўскі, Л.​Талстой і інш. мысліцелі і дзеячы рус. культуры. Ідэя свабоднага, усебаковага развіцця асобы як абсалютнай каштоўнасці і самамэты грамадскага прагрэсу ўтварае краевугольны камень марксісцкага гуманізму (К.​Маркс, Ф.​Энгельс, У.​І.​Ленін, Г.​В.​Пляханаў і інш.).

У сучасную эпоху ідэі і прынцыпы гуманізму набылі асаблівую актуальнасць, сталі жыццёвай неабходнасцю для кожнага народа і чалавецтва ў цэлым.

У Беларусі гуманіст. канцэпцыя грамадства і чалавечай асобы выяўлялася на ўсіх этапах развіцця культуры, філас. і грамадска-паліт. думкі. Хрысц. гуманізм пашыраўся праз рукапісную новазапаветную л-ру (евангеллі) і царк. вучэнне, хрысц. і свецкую л-ру, разнастайныя жанры нар. творчасці, царк. архітэктуру, жывапіс, музыку. Тыповым дзеячам культуры гуманіст. кірунку быў Ф.Скарына. Ідэі грамадскай справядлівасці і гуманізму развівалі С.​Будны, В.​Цяпінскі, Ю.​Даманеўскі, А.​Волан, М.​Гусоўскі, Я.​Вісліцкі, Сімяон Полацкі, Л.​Зізаній, М.​Сматрыцкі, М.​К.​Сарбеўскі, І.​Капіевіч, Б.​Дабшэвіч, К.​Нарбуг, А.​Доўгірд і інш. дзеячы бел., літ., польск. культур. У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. на Беларусі ўзніклі дэмакр. і сац.-утапічныя плыні гуманіст. думкі, накіраванай на пабудову грамадства без эксплуатацыі, на аснове хрысц. згоды і гармоніі. Нац.-бел. дэмакр. плынь гуманіст. думкі выявілася ў фалькларыстыцы і этнаграфіі, у маст. прафес. культуры і л-ры (творчасць Я.​Чачота, Я.​Баршчэўскага, У.​Сыракомлі, В.​Дуніна-Марцінкевіча, А.​Абуховіча), духоўна-гуманіст. лідэрстве бел. пісьменнікаў, іх удзеле ў паўстанні 1863—64 на чале з К.​Каліноўскім і барацьбе за нац. самавызначэнне бел. народа (Цётка, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч). Прадстаўнікі марксісцкай філасофіі ў БССР звязвалі гуманізм з рэв.-класавай барацьбой за пабудову камуніст. грамадства, якое стварае перадумовы для ўсебаковага развіцця асобы. З 2-й пал. 1950 — 1-й пал. 1960-х г. пачалося сістэматычнае вывучэнне і вяртанне народу гуманіст. традыцый бел. культуры. Гэты працэс паскорыўся пасля абвяшчэння незалежнай Рэспублікі Беларусь (1990).

Літ.:

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;

Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;

Холличер В. Личность и гуманизм: Пер. с нем. М., 1981;

Конан У.М. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989;

Самосознанне европейской культуры XX в. М., 1991.

У.​М.​Конан.

т. 5, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́РЫКА (ад грэч. lyricos які вымаўляецца пад гукі ліры),

адзін з трох родаў літаратуры (побач з эпасам і драмай), які адлюстроўвае рэчаіснасць праз суб’ектыўнае выяўленне пачуццяў і перажыванняў аўтара. Прадмет Л. — духоўнае жыццё чалавека, свет яго ідэй і эмоцый. Л. — стараж. род л-ры. Яна не супрацьстаіць ні эпасу як суб’ектыўнаму аповяду аповеду* пра пэўныя падзеі, ні драме з яе скразным канфліктна напружаным дзеяннем. Лірычныя элементы можна знайсці ў эпічных і драм. творах (лірычныя адступленні, эмацыянальная насычанасць твораў, прасякнутасць іх аўтарскімі пачуццямі). У сваю чаргу ў Л. часам выяўляюцца элементы эпасу (зачаткі сюжэта) і драмы (напружанасць думкі і пачуцця, дыялагічная форма выяўлення). На памежжы Л. і эпасу, Л. і драмы ўзніклі асобныя віды л-ры: вершаваныя раман, аповесць, апавяданне, паэма, драматычная паэма, балада, байка. Л. карыстаецца найперш паэт. сродкамі маст. выяўлення (тропы, гукапіс, паэт. сінтаксіс) і вершаванай мовай з яе вял. эмоцыястваральнымі магчымасцямі. У Л. нельга выявіць асобныя цэласныя характары. У той жа час індывідуалізаваны і тыпізаваны малюнак духоўнага свету чалавека выяўляецца ў ёй праз вобраз лірычнага героя. Асобныя рысы гэтага героя паўстаюць з усіх твораў аўтара, з усёй іх жанрава-відавой разнастайнасці. У залежнасці ад канкрэтнага зместу лірычных твораў адрозніваюць грамадзянскую, філасофскую, інтымную, пейзажную Л. Своеасаблівыя жанры — медытатыўная лірыка і сугестыўная лірыка. Гал. віды Л. — верш і песня.

Найб. стараж. — ананімныя нар. -песенныя тэксты, што ўключаюць у сябе ўзоры сямейна-абрадавай, каляндарна-абрадавай, пазаабрадавай Л. З паяўленнем пісьменнасці песня, прадаўжаючы бытаваць у вуснай нар. творчасці, уваходзіць і ў кніжную паэзію. У стараж. грэкаў і рымлян распаўсюджанымі відамі і жанрамі Л. становяцца гімн, ода, элегія, эпіграма; у сярэдневяковых араб. паэтаў — рубаі, газель; у японскіх — танка, у паэтаў еўрап. Адраджэння — санет, тэрцыны, актава, рандо, трыялет і інш. Самы стараж. помнік Л. — «Песня песняў» Саламона (Біблія). Выдатныя лірыкі антычнасці — Алкей, Сапфо, Анакрэонт, Катул, Гарацый, Авідзій, еўрап. Адраджэння — Ф.​Петрарка, П.​Рансар, У.​Шэкспір, Я.​Каханоўскі, усх.-азіяцкага — Лі Бо, Ду Фу, Умар Хаям, Саадзі, Хафіз, Фірдаўсі. Паэтамі выключнай лірычнай сілы былі Дж.​Байран, Р.​Бёрнс, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылер, А.​Пушкін, М.​Лермантаў, А.​Міцкевіч, Ю.​Славацкі, Т.​Шаўчэнка, Ш.​Пецёфі, П.​Верлен, А.​Блок, У.​Маякоўскі, С.​Ясенін, П.​Элюар, Назым Хікмет і інш.

Першым выдатным бел. лірыкам з’яўляецца Кірыла Тураўскі (паэт. малітвы, лірычныя «Словы»). Нягледзячы на розныя гіст. катаклізмы, бел. Л. — сярэдневяковая (Ф.​Скарына, Мікола Гусоўскі, А.​Рымша, Сімяон Полацкі і інш.), 19 ст. (Я.​Чачот, В.​Дунін-Марцінкевіч, Я.​Лучына, Ф.​Багушэвіч і інш.), 20 ст. (Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, А.​Гарун, М.​Танк, А.​Куляшоў, П.​Броўка, П.​Панчанка і інш.) — імкнулася выяўляць зменлівы духоўны свет народа, яго мары, пачуцці, жаданні. Разнастайны і глыбокі змест увасабляўся ва ўсёй мнагастайнасці асн. жанраў і відаў, што выпрацавала еўрап. паэзія. Некаторыя віды і жанры лірычнага верша з’яўляліся ў бел. паэзіі раней, чым, напр., у рас. і ўкр. (радковы лагаэд у Я.​Купалы, шаснаццацірадковік у Куляшова, сатыр. замовы ў Н.​Гілевіча, вянок вянкоў санетаў у З.​Марозава і г.д.). Гл. таксама Паэзія.

Літ.:

Гніламёдаў У.​В.​Лірыка // Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;

Поспелов Г.Н. Лирика. М., 1976;

Ярош М.Р., Бечык В.Л. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979;

Шпакоўскі І.С. Тыпізацыя ў лірыцы: Формы і сродкі Мн., 1980.

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРО́ДЫЯ (ад грэч. parōdia літар. спевы навыварат),

жанр сатырычнай літаратуры (гл. Сатыра). Заснавана на камічным перайманні стылю асобнага пісьменніка, пэўнага жанру ці літ. кірунку, што знарок скажае, акарыкатурвае тыя ці інш. рысы арыгінала з мэтай высмеяць іх. П. — своеасаблівая з дапамогай імітацыі крытыка літ., навук. ці публіцыст. прац з пункту погляду ідэйнага ці стылістычнага напаўнення твора, маст. канцэпцыі аўтара, яго паліт. ці грамадз. пазіцый. Пераймаючы жанравую форму арыгінала (вершаванага ці празаічнага твора), П., як правіла, захоўвае яго фармальныя прыкметы (стыль, кампазіцыю і інш.). Супярэчнасць, што ўзнікае паміж зместам П. і формай арыгінала, спрыяе зусім інш. сэнсаваму напаўненню, адваротнаму тлумачэнню асн. думкі арыгінала. Чым выразней пазнаецца ў П. арыгінал, тым мацнейшая яна па сваёй маст. вартасці. Вылучаюць П.: гумарыстычную, якая завастрае слабыя бакі арыгінала, але не адмаўляе іх («Паэтычныя залёты» П.​Сушко); сатырычную якая скіравана супраць арыгінала («Бойся Бога» П.​Марціновіча). Паводле зместу П. падзяляюць на сацыяльна-бытавыя («З Уладзіміра Скарынкіна» Г.​Юрчанкі), палітычныя («Малебен» Я.​Коласа), літаратурныя («Літаратурная пародыя» Ц.​Дзеразы). Існуюць П. і ў форме перафразавання вядомага выказвання. П. выкарыстоўваюць у цырку, лялечным тэатры, на эстрадзе.

П. — адзін з найстаражытнейшых жанраў. Вядомы парадыйныя раман («Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.​Рабле), памфлет (Д.​Дэфо, Дж.​Свіфт, Вальтэр і інш.), ода (А.​Сумарокаў), трагедыя («Падшчыпа» І.​Крылова). У рус. л-ры пач. 19 ст. часцей сустракалася гумарыст. П. (А.​Пушкін, І.​Дзмітрыеў, А.​Шахаўской). З сярэдзіны 19 ст. пачалося сатыр. напаўненне П. («Гісторыя аднаго горада» М.​Салтыкова-Шчадрына, «Лісты да вучонага суседа» А.​Чэхава). Сатыр. П. пісалі У.​Маякоўскі, Дз.​Бедны і інш.

У бел. л-ры элементы парадыйнага жанру сустракаюцца ў ананімнай «Прамове Мялешкі» 17 ст. Як найб. завершаны жанр П. склалася да сярэдзіны 19 ст. (ананімныя паэмы «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат»). Блізкія да сац.-быт. і паліт. П. «Калыханка» Ф.​Багушэвіча, «Янка і свабода», «Ісцінна чорнае трыо» Я.​Купалы, «Пратэст» Ядвігіна Ш. Вызначаюцца актуальнасцю пародыі К.​Крапівы (паэмы «Малітва па-беларуску», «Нібы сатыра на Нібы паэму М.​Грамыкі «Гвалт над формай»). У 1920—30-я г. П. пісалі Я.​Купала, Я.​Колас, А.​Александровіч, П.​Трус, М.​Хведаровіч. П. сустракаецца ў Р.​Барадуліна, В.​Віткі, А.​Вольскага, А.​Вялюгіна, Н.​Гілевіча, С.​Дзяргая, Х.​Жычкі, А.​Зарыцкага, П.​Макаля, М.​Мятліцкага, М.​Скрыпкі, Я.​Таўшчэзнага і інш. У пач. 1970-х г. з’явілася ананімная паэма Ведзьмака Лысагорскага «Сказ пра Лысую гару», якая стала П. на многія перыпетыі жыцця пісьменніцкага гурту і тагачаснага літ. працэсу. Элементы парадыйнага жанру знаходзяцца ў празаічных творах М.​Адамчыка, П.​Васючэнкі, А.​Вырвіча, А.​Глобуса, у п’есах А.​Ждана, С.​Кавалёва, А.​Петрашкевіча і інш. Існуе П. на прамову, рэпартаж, некат. дэтэктыўныя, паэт., празаічныя і драм. творы, крытычныя працы і інш.

Публ.: Барадулін Р. Дойны конь. Мн., 1965; Юрчанка Г. Немеладычныя мелодыі. Мн., 1974; Яго ж. Парнаскія ўхабы. Мн., 1979; Скрыпка М. І з перцам і з сэрцам. Мн., 1977; Вітка В. Для дома, для альбома і трохі для эпохі. Мн., 1983; Адамчык М. Забойства на Каляды: Аповесць. Апавяданні. Мн., 1994; Глобус А. Новы дамавікамерон. Мн., 1998; Васючэнка П., Вырвіч А. Прыгоды аднаго губашлёпа. Мн., 1999.

Літ.:

Борев Ю.Б. Комическое... М., 1970.

Л.​М.​Гарэлік.

т. 12, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВІ́ЦКІ (Міхаіл Андрэевіч) (н. 18.2.1922, в. Звянячы Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мастак. Нар. маст. Беларусі (1972). Нар. маст. СССР (1983). Правадз. чл. АМ Расіі (1982). Акад. Нац. АН Беларусі (1995). Скончыў Маст. ін-т імя Сурыкава ў Маскве (1957). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік абароны Севастопаля, быў вязнем канцлагераў Бухенвальд, Дахау, Дора, Мітэльбау. З 1980 кіраўнік Творчых майстэрняў жывапісу АМ СССР у Мінску (з 1991 Творчыя акад. майстэрні Мін-ва культуры Беларусі). Працуе ў галіне станковага і манум. жывапісу. Творчасць вызначаецца глыбокім пранікненнем у сутнасць з’яў мінулага і сучаснасці, іх філас. асэнсаваннем, сцвярджэннем вечных духоўных каштоўнасцей чалавецтва. У аснове твораў ваен. тэматыкі асабістыя ўражанні ад гераічнай барацьбы народа супраць ням. акупантаў, злачынстваў фашыстаў супраць чалавецтва. Аўтар прасякнутых антыфаш. пафасам і публіцыстычнасцю жывапісных твораў, прысвечаных партыз. барацьбе; «Партызаны» (1963), «Партызанская мадонна», «Віцебскія вароты» (абодва 1967), «Забойства сям’і партызана» (1972), «Плач па загінуўшых героях» (1974). Упершыню ў сав. мастацтве праз колеравае і кампазіцыйнае вырашэнне, лаканізм маст. мовы, вобразнасць увасобіў трагізм, які зазнала чалавецтва ў гады фаш. акупацыі: карціна «Партызаны. Блакада» (1966—67), серыі «Лічбы на сэрцы» (1974—87) і інш. Глыбокім эпічным гучаннем вызначаецца твор «Поле» (1974). Значнае месца ў творчасці С. займаюць партрэты, адметныя глыбокім пранікненнем у сутнасны стан чалавека, раскрыццём псіхалагізму праз выкарыстанне мінімальных сродкаў выяўлення: «Жаночы партрэт» (1966), «Сейбіты» (1972), «Віленскія сустрэчы» (1976), «Янка Купала» (1979), «Сям’я» (1980), «Пушкін і Ганчарова» (1986), «Дастаеўскі» (1988), «Філосафы» (1994), «Аўтапартрэт» (1995), «А.​Пушкін і А.​Міцкевіч» (2000), партрэты прэзідэнтаў АН Беларусі (М.​Барысевіча, А.​Вайтовіча, К.​Горава, П.​Горына, М.​Грашчанкава, А.​Жэбрака, У.​Ігнатоўскага, В.​Купрэвіча, У.​Платонава, І.​Сурты, Л.​Сушчэні, 1998—2001). У серыі «Чорная быль» (1986—93, залаты медаль АМ СССР 1992) з высокай маст. пераканаўчасцю адлюстравана шматграннасць Чарнобыльскай катастрофы. У 10 карцінах мастак перадаў усе бакі трагедыі («Плач аб зямлі», «Пакінутыя», «Доля», «Чарнобыльская мадонна», «Відушчы», «Эвакуацыя», «Настальгія», «Крыж надзеі», «Забароненая зона», «Вечар»). Гал. месца ў творчасці 1990—2001 займае хрысціянская тэматыка. У работах на гэту тэму мастак увасобіў пошукі і сродкі, здольныя перадаць сучаснае бачанне «вечна сучасных» падзей, па-філасофску пераасэнсаваную штодзённасць, глабальнае ўсведамленне праблем. сусв. і адначасова прыватных: «Зняцце з крыжа», «Уцёкі ў Егіпет», «Сялянская п’ета», «Спакушэнне Іуды», «Нясенне крыжа», «Іоў». Серыя «Запаветы блажэнства» (1991—2001) блізкая па духу да біблейскіх карцін, выяўляе складаныя псіхал. калізіі сучаснага быцця, праз кампазіцыйнае вырашэнне і напружаны каларыт раскрываецца гал. ідэя гэтай серыі — адлюстраванне спакутаваных людзей, якія заслугоўваюць раю. Вобразнасцю, філас. фундаментальнасцю, глыбокім сац. зместам вылучаюцца творы «Без весткі прапаўшыя» (1991), «Вяртанне» (1998), «Сейбіт» (1999), «Прыбранае поле», «XX стагоддзе — забойства праўды» (абедзве 2001) і інш. Маштабнасць і сімвалічнасць маст. мовы характэрны для твораў у манум. мастацтве: размалёўкі «Вялікая Айчынная вайна. 1944» у Бел. дзярж. музеі гісторыі Вял. Айч. вайны ў Мінску (1971; Дзярж. прэмія СССР 1973) і «Эстафета пакаленняў» у санаторыі «Беларусь» у Місхоры (Украіна, 1973), габелены для залы пасяджэнняў ЦК КПБ (цяпер рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 1978—79, дзве апошнія з А.​Кішчанкам). Дзярж. прэмія Беларусі 1970, 1980, 1998.

Літ.:

Назімава І.В. М.​А.​Савіцкі. Мн., 1973;

Пугачева Э.Н. Михаил Савицкий. Мн., 1982;

М.​Савицкий: Белоруссия — земля партизанская: [Альбом]. М., 1977;

М.​Савицкий: Живопись: [Альбом]. Мн., 1996.

А.​М.​Савіцкі.

М.А.Савіцкі.
М.Савіцкі. Поле. 1974.
М.Савіцкі. Зняцце з крыжа. 1993.

т. 14, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гало́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Самы важны, асноўны, найбольш істотны. Галоўны герой твора. □ Бязмежная адданасць справе і скромнасць шчырага працаўніка — вось дзве галоўныя рысы характару пагранічніка. Брыль. Бумажкоў, галоўны арганізатар атрада, быў і яго камандзірам. Чорны. // у знач. наз. гало́ўнае, ‑ага, н. Янка Купала перадаў галоўнае — сатырычна-маралістычны пафас байкі. Палітыка. // у знач. пабочн. Самае асноўнае, істотна важнае. Многа думаў.. Сцёпка, і надумаўся ён за навуку сур’ёзна ўзяцца. Але як? Часу няма і, самае галоўнае, — няма кніжак. Колас. // Цэнтральны, самы значны, самы вялікі (пра вуліцу, магістраль і пад.). Галоўная вуліца. □ Уздыхнуў паравоз парай і без гудкоў, без свісткоў выбраўся на галоўны пуць. Лынькоў.

2. Які ўзначальвае каго‑, што‑н., старшы па службе. Галоўны інжынер. Галоўны канструктар. Галоўны урач.

•••

Галоўная кватэра гл. кватэра.

Галоўная кніга гл. кніга.

Галоўны сказ гл. сказ.

Галоўны член сказа гл. член.

Галоўным чынам гл. чын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адплаці́ць, ‑плачу, ‑плапіш, ‑плаціць; зак.

1. Аддзячыць, узнагародзіць за што‑н. (клопат, працу і пад.). Я адплаціў народу, Чым моц мая магла: Зваў з путаў на свабоду, Зваў з цемры да святла. Купала. [Зямля] адплаціць увосень хлебаробу за яго шчырую працу багатым ураджаем. «Звязда». // Адказаць якімі‑н. дзеяннямі, учынкамі, словамі на чые‑н. дзеянні, учынкі, словы. Нявольнікі працы адплацяць паўстаннем За раннюю старасць, за слёзы маленства. Глебка. Убачыўшы на твары Паліны непрыязнасць, цяпер ужо не схаваную, .. [Шмякаў] зразумеў сапраўдны сэнс Палініных слоў і адплаціў ёй іранічным позіркам. Савіцкі.

2. перан. Адпомсціць за крыўду, злачынства. Ды знайшоўся.. адзін чалавек, што адплаціў пану за ўсе людскія слёзы і крыўды. Якімовіч. [Салдаты:] — Дамоў направіліся мы, Каб адплаціць за ўсе нягоды І ганьбу з нашага народу Крывёй праклятых гадаў змыць. Танк.

•••

Адплаціць (плаціць) той жа манетай — адказаць тым жа, такім жа ўчынкам, такімі ж адносінамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)