МА́РГАНЦАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

мінеральныя рэчывы, якія маюць марганец у даступным для раслін выглядзе; адзін з відаў мікраўгнаенняў. У раслінах колькасць марганцу складае дзесяцітысячныя — сотыя долі працэнта (у глебе — у сярэднім 0,085%), таму у кіслых глебах марганцу дастаткова, месцамі нават лішка. Найб. распаўсюджаным М.у. з’яўляецца сульфат марганцу MnSO4∙5H2O — крышт. парашок белага ці светла-шэрага колеру, мае 22,5% Mn, добра раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваюць звычайна на вапнавых дзярнова-падзолістых і тарфяна-балотных глебах пад цукр. буракі, азімую пшаніцу, шматгадовыя травы, гародніну. пладовыя культуры.

Р.У.Васілюк.

т. 10, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРО́ЖАНАЕ,

замарожаны асвяжальны дэсертны прадукт, прыгатаваны з малака, вяршкоў, масла, цукру, сокаў садавіны, арэхаў, яек, пахучых і смакавых рэчываў і інш. харч. сыравіны. М. высокакаларыйнае, добра засвойваецца, мае нязначную колькасць вітамінаў. Асн. віды М.: малочнае, сметанковае, пламбір, фруктова-ягаднае. Некаторыя віды дробнафасаванага М. вырабляюць у шакаладнай глазуры (напр., эскімо). Пры вытв-сці М. з зыходнай сыравіны рыхтуюць сумесь, якую пастэрызуюць, ахалоджваюць і збіваюць у фрызерах, расфасоўваюць, а потым ажыццяўляюць «загартоўку» — далейшае замарожванне да т-ры -10 ці -20 °C.

К.В.Фамічэнка.

т. 10, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮО́НІЙ, мезоній,

вадародападобная сістэма, якая складаецца з дадатнага мюона (μ​+) і электрона. Хім. сімвал Mu. Мае хім. ўласцівасці, аналагічныя ўласцівасцям атама вадароду.

Утвараецца ў ортастане са спінам 1 (спіны μ​+ і электрона паралельныя) ці ў парастане са спінам 0 (спіны антыпаралельныя), рознасць энергій паміж якімі роўная 3·10​−6 эВ; паміж імі магчымы пераходы з выпрамяненнем частаты 4463,16 МГц. Актыўна ўступае ў хім. рэакцыі, характэрныя для атама вадароду. Скорасць рэакцыі вызначаецца па частаце прэцэсіі спіна ў магн. полі (гл. Мезонная хімія).

т. 11, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ЎРЫ,

курганны могільнік 11—12 ст. каля в. Наўры Мядзельскага р-на Мінскай вобл.; мае крывіцка-дрыгавіцую этнічную прыналежнасць. Складаецца з 2 груп; 10 і 67 насыпаў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце галавой на 3, частка на попельнай падсыпцы. Пры даследаванні выяўлены жал. нажы, сякера, рэшткі драўлянага посуду, ганчарная кераміка, пацеркі (шкляныя, бурштынавыя, з горнага хрусталю), падвескі, бронзавыя пярсцёнкі, спражкі, вітая грыўня, сярэбраная бляшка з арнаментам, зорчатая фібула, бразготкі, крыжык, медныя залачоныя пласцінкі-драбніцы з выемчатай эмаллю чырв. колеру і інш.

т. 11, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛ, мул,

тонкадысперсны насычаны вадой няўшчыльнены асадак, які намнажаецца на дне водных басейнаў. Мае ад 30 да 50% часцінак памерам менш за 0,01 мм. Паводле генезісу адрозніваюць І. тэрыгенны (гліністы і інш.), біягенны (дыятомавы, глабігерынавы і інш.), хемагенны (карбанатны і інш.), вулканагенны. З’яўляецца пачатковай стадыяй фарміравання многіх асадкавых горных парод (аргіліты, сланцы). Некаторыя І. (азёрны, сажалкавы, лагунны) выкарыстоўваюць як угнаенне і для мінер. падкормкі с.-г. жывёл, а таксама ў медыцыне для гразелячэння. На Беларусі пашыраны І. азёрны (сапрапель, гіція) і глебавы.

т. 7, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖПАРЛА́МЕНЦКІ САЮ́З (МС),

міжнародная няўрадавая арг-цыя, якая аб’ядноўвае нац. парламенцкія групы розных дзяржаў. Створаны ў 1889. Мэта М.с. — заахвочванне асабістых кантактаў паміж членамі ўсіх парламентаў і аб’яднанне іх для сумеснай дзейнасці ў справе ўмацавання міжнар. міру, супрацоўніцтва. М.с. мае кансультатыўны статус 1-й катэгорыі пры ААН, падтрымлівае кантакты з яе Сакратарыятам і спецыялізаванымі ўстановамі ААН, асабліва з ЮНЕСКА. У 1999 у саюз уваходзіла больш за 110 дзяржаў, у т.л. Рэспубліка Беларусь. Сакратарыят М.с. на чале з ген. сакратаром знаходзіцца ў Жэневе (Швейцарыя).

т. 10, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́ДНАЯ ПО́ЛАСЦЬ,

пярэдняя частка поласці цела млекакормячых жывёл і чалавека. Размешчана ў грудной клетцы і абмежавана ўнутрыгрудной фасцыяй. Ад брушнай поласці аддзелена дыяфрагмай. У грудной поласці — сэрца, лёгкія, трахея, стрававод, крывяносныя і лімфатычныя сасуды, нервы. Грудная поласць уключае 2 серозныя плеўральныя мяшкі і размешчанае паміж імі міжсценне, у ніжнім аддзеле якога — серозная поласць. Паміж парыетальным і вісцэральным лісткамі плеўры — поласць плеўры, якая мае важнае значэнне ў дыханні. У ёй пры пашкоджаннях ці запаленчых хваробах збіраецца паветра, кроў, серозная вадкасць, гной.

т. 5, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУЛЬ (ад лац. nullus ніякі),

лік, які мае такую ўласцівасць, што любы іншы лік пры складанні з Н. не змяняецца. Абазначаецца сімвалам 0. Здабытак любога ліку на Н. роўны Н. Калі здабытак двух сапраўдных ці камплексных лікаў роўны Н., то абавязкова адзін з іх роўны Н. Дзяленне на Н. немагчыма. Н. функцыі — пункт, у якім функцыя роўная нулю; тое, што корань адпаведнага алг. ўраўнення. Графічна Н. функцыі адной пераменнай адпавядаюць пунктам перасячэння графіка зададзенай функцыі з воссю Ox ці інш. іх агульным пунктам.

т. 11, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДНАЁМ,

дапаможны ў адносінах да дагавору маёмаснага найму або дагавору найму жылога памяшкання цывільна-прававы дагавор, па якім наймальнік здае нанятую маёмасць або яе частку трэцяй асобе — паднаймальніку, застаючыся адказным перад наймадаўцам. У дагаворных адносінах з наймадаўцам паднаймальнік не знаходзіцца, і заключэнне дагавору П. не ўплывае на характар і абавязацельствы бакоў па дагаворы найму. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь наймальнік не можа даць паднаймальніку большы аб’ём правоў, чым мае сам па дагаворы найму. Са спыненнем дагавору найму адначасова спыняецца і дагавор паднайму.

І.М.Сямёнава.

т. 11, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДРАЗДЗЯЛЕ́ННЕ,

1) частка, раздзел чаго-небудзь, якія ўваходзяць у склад больш буйной адзінкі (напр., упраўленні, аддзелы мін-ваў, навуч. устаноў і інш.).

2) Вайсковая адзінка, якая, як правіла, мае пастаянную арганізацыю і аднародны склад. Існуюць у кожным відзе ўзбр. сіл, родзе войск (сіл), спец. войск і ўваходзяць у склад больш буйных П. або часцей. П. з’яўляюцца: аддзяленне, узвод, рота (батарэя, звяно, баявая часць карабля), батальён (дывізіён, эскадрылля), акрамя асобнага, і інш. Баявыя задачы выконвае ва ўзаемадзеянні з інш. П. і самастойна.

т. 11, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)