ЛЕСАСПЛА́Ў,

сплаў лесу, транспартаванне лесаматэрыялаў воднымі шляхамі, заснаванае на плывучасці драўніны. Найб. танны (у некаторых раёнах адзіны) від транспартавання драўніны. Адрозніваюць Л. молевы (россыпам), плытавы і кашэльны.

Молевым сплавам транспартуецца не звязанае між сабою бярвенне. Пры плытавым сплаве лес злучаюць у пакеты-пукі (аб’ёмам да 70 м³), з якіх складваюць плыты і буксіруюць параходамі або сплаўляюць уніз па цячэнні. Самасплаўнымі плытамі кіруюць з дапамогай вёслаў, якараў, лотаў. Кашэльны сплаў — нязлучаныя лесаматэрыялы агароджваюць звязаным між сабою бярвеннем і транспартуюць суднамі (буксіроўшчыкамі). Для пропуску лесу праз плаціны, каналы, пад мастамі робяць лесапрапускныя збудаванні. Пры молевым і кашэльным Л. бярвенне тоне, засмечвае рэкі (такі Л. абмяжоўваецца). На Беларусі выкарыстоўвалі молевы Л. (да 1974) і плытавы (да 1998). Л. ажыццяўляўся па рэках: Зах. Дзвіна, Нёман, Прыпяць, Бярэзіна, Сож, Дняпро, Гарынь. У 1980-я г. аб’ёмы Л. складалі каля 700 тыс. м³ за год. У канцы 1990-х г. аб’ёмы Л. значна скараціліся.

Н.​Ю.​Пабірушка, П.​І.​Кавалёнак.

Да арт. Лесасплаў. Молевы сплаў лесу.

т. 9, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМФО́ІДНАЯ СІСТЭ́МА, імунная сістэма,

рэгуляторная сістэма ў арганізме жывёл і чалавека, якая фарміруе і падтрымлівае імунітэт. Асн. функцыя — распазнаванне генетычна чужароднай субстанцыі і блакада, нейтралізацыя або знішчэнне антыгенаў, якія стымулявалі імунны адказ. Уключае вілачкавую залозу, чырв. касцявы мозг, лімфатычныя вузлы, селязёнку і вял. колькасць лімфоіднай тканкі па ходу стрававальнага і дыхальнага шляхоў, агульная маса 1,5—2 кг. Асн. клеткі — розныя субпапуляцыі і функцыян. падкласы лімфацытаў. Пры кантакце з антыгенамі Л.с. здольная даваць розныя формы імуннага адказу: гумаральны імунітэт (цыркуляцыя ў крыві спецыфічных антыцел), клетачны імунітэт (паяўленне вял. колькасці T-лімфацытаў, што ўзаемадзейнічаюць з пэўным антыгенам чужароднай клеткі), цыркуляцыя доўгажывучых T- і B-лімфацытаў (пры паўторнай сустрэчы з антыгенам здольныя да хуткага адказу, імуналагічная памяць), утварэнне імуналагічнай талерантнасці (адсутнасць адказу на пэўны антыген), праяўленне алергіі (павышаная адчувальнасць да спецыфічнага антыгена). Узнікла з паяўленнем шматклетачных арганізмаў як фактар, што спрыяе іх выжыванню.

Літ.:

Петров Р.В. Иммунология, 2 изд. М., 1987;

Сапин М.Р., Этинген Л.Е. Иммунная система человека. М., 1996.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАКС, клімактэрый (ад грэч. klimax лесвіца),

1) перыяд пераходу ад палавой сталасці да пажылога ўзросту ў чалавека і малп. У большасці жывёл амаль не выяўлены (пасля згасання палавой функцыі яны хутка драхлеюць і гінуць). У жанчын К. настае ва ўзросце 45—55 гадоў, у мужчын — 50—60. Звязаны з узроставымі інвалюцыйнымі працэсамі ў палавых залозах і рэгулюючых сістэмах (коркавыя нервовыя цэнтры і гіпаталамус). У жанчын заканчваецца менапаузай (выпадзенне менструальных цыклаў, авуляцый, здольнасці цяжараць). Пры познім К. мужчыны здольны даваць патомства да глыбокай старасці. Паталагічны К. суправаджаецца эндакрыннымі, вегетатыўнымі і псіхічнымі парушэннямі ў форме клімактэрычнага сіндрому (прылівы гарачыні, пачашчанае сэрцабіцце, патлівасць, галавакружэнні, парушэнні абмену рэчываў, сну і інш.). Лячэнне тэрапеўтычнае.

2) К. у фітацэналогіі — заключная стадыя развіцця біяцэнозу, на якой ён знаходзіцца дастаткова доўгі час у стане дынамічнай раўнавагі з навакольным асяроддзем. Залежыць ад клімату, глеб, антрапагеннага ўздзеяння. Паняцце К. дазваляе прадбачыць кірунак натуральнай змены расліннасці, што важна пры эксплуатацыі лясных, лугавых і стэпавых угоддзяў.

І.​У.​Дуда, А.​С.​Леанцюк.

т. 8, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАМЯНЁВАЯ ЗБРО́Я,

ручная гладкаствольная або наразная агнястрэльная зброя (ружжо, пісталет) з крамянёвым (калясцовым або ўдарна-крамянёвым) замком. Узнікла ў 16 ст. Прынцып яе дзеяння заключаўся ў тым, што запальванне зарада адбывалася пры дапамозе іскраў, што высякаліся крэменем пры трэнні стальнога кольца (калясцовы замок, ужываўся да канца 16 ст.) ці ў момант яго ўдару аб крэсіўную пласцінку (ударна-крамянёвы замок, што выцесніў калясцовы). К.з. была на ўзбраенні многіх армій свету, у т. л. ў ВКЛ. Найб. пашыраныя яе ўзоры ва Усх. Еўропе мелі калібр 17,5—21,5 мм, масу 4,0—5,6 кг, далёкасць стральбы ад 140 да 800 м, скарастрэльнасць 1 стрэл за 1—1,5 мін (гладкаствольныя) і 1 стрэл за 5 мін (наразныя, з тугім загонам кулі). У сярэдзіне 19 ст. ўсюды заменена ўдарнай зброяй — вінтоўкай з ударным замком (з выкарыстаннем капсуля).

Да арт. Крамянёвая зброя. Крамянёвыя ружжы: 1 — з кольцава-крамянёвым замком; 2 — з крамянёвым ударным замком; 3 — расійскае пяхотнае ўзору 1826.

т. 8, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГАРТО́ЎВАННЕ АРГАНІ́ЗМА,

павышэнне ўстойлівасці арганізма да ўздзеяння неспрыяльных фіз. фактараў навакольнага асяроддзя (нізкай і высокай т-р, паніжанага атм. ціску і інш.). Заснавана на здольнасці арганізма прыстасоўвацца да зменлівых умоў асяроддзя (гл. Адаптацыя). Набываецца шляхам сістэматычнага, шматразовага ўздзеяння фіз. фактараў на -арганізм пры паступовым павышэнні іх дазіроўкі. Уздзеянне холадам павышае ўстойлівасць арганізма да нізкіх, а цяплом — да высокіх т-р. Адно з асноўных — З.а. да холаду, сутнасць якога ў паступовым нарастанні ступені ахаладжэння. У людзей, прыстасаваных да нізкіх т-р, цеплаўтварэнне ў арганізме больш інтэнсіўнае, што забяспечвае лепшае кровазабеспячэнне скуры, павышае ўстойлівасць да інфекц. захворванняў і абмаражэнняў. З.а. да холаду ажыццяўляюць пераважна частым знаходжаннем на вольным паветры (гл. Аэратэрапія) і выкарыстаннем водных працэдур (гл. Водалячэнне). Магчыма і адначасовае З.а. да цяпла і холаду (гл. Лазня). Для развіцця ўстойлівасці арганізма да паніжанага атм. ціску можна выкарыстоўваць узыходжанне ў горы (метад ступеньчатай акліматызацыі). Пры спыненні З.а. ступень загартаванасці слабее і праз 1—1,5 месяцы ўстойлівасць да фіз. фактараў знікае.

т. 6, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЫШПРАВАДНІКІ́,

рэчывы, у якіх пры ахаладжэнні ніжэй за крытычную тэмпературу электрычнае супраціўленне падае практычна да нуля — мае месца звышправоднасць.

Ад інш. электраправодных матэрыялаў З. адрозніваюцца поўнай адсутнасцю супраціўлення пастаяннаму эл. току, т.зв. захопам магн. патоку ўнуры кольца з З. і эфектам Майснера (магн. поле не пранікае ў тоўшчу З. пры напружанасці поля, меншай за крытычную, — сілавыя лініі поля агінаюць З.; на гэтым эфекце заснавана дзеянне звышправодных магн. экранаў). Да З. адносяцца многія металы (свінец Pb, алюміній Al, талій Ti, ніобій Nb і інш.), метал сплавы (напр., свінец—золата Pb—Au, ніобій—тытан—цырконій Nb—Ti—Zr), інтэрметалічныя злучэнні, карбіды, нітрыды, некаторыя паўправаднікі і палімеры. З. выкарыстоўваюцца для стварэння звышправодных магнітаў, балометраў, магутных электрагенератараў і рухавікоў, сілавых кабеляў і трансфарматараў вял. магутнасці для сістэм цэнтралізаванага размеркавання электраэнергіі, звышадчувальных дэтэктараў выпрамяненняў, у высакаскораснай лічбавай электроніцы і інш. Гл. таксама Высокатэмпературная звышправоднасць, Джозефсана эфект.

Літ.:

Физико-химия сверхпроводников. М., 1976;

Шмидт В.В. Введение в физику сверхпроводников. М., 1982.

Я.​М.​Галалобаў.

т. 7, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗГУСА́ННЕ КРЫВІ,

ахоўная рэакцыя арганізма, накіраваная на прадухіленне і спыненне крывацёку, праяўляецца ўтварэннем крывянога згустка. Адбываецца пры ўзаемадзеянні фактараў, наяўных у плазме і форменных фактарах (пераважна ў трамбацытах) крыві і тканак. Выдзелена 13 фактараў З.к. (абазначаюцца рымскімі лічбамі). Асн. фазы З.к.: утварэнне актыўнага трамбапласта, ператварэнне пратрамбіну ў трамбін; ператварэнне фібрынагену ў фібрын; стабілізацыя фібрыну. Кроў чалавека ў норме загусае за 5—12 мін. Парушэнні З.к. бываюць пры анамаліях трамбацытаў, сасудзістай сценкі, фактараў згусальнай і супрацьзгусальнай сістэм ці іх спалучэнні. Адрозніваюць колькасныя і якасныя змены (дэфіцыт ці лішак аднаго з фактараў, парушэнне яго актыўнасці або струк гуры і інш.), набытыя (дзеянне таксічных і лек. рэчываў, інфекцыі, анкалагічныя хваробы, парушэнні бялковага і ліпіднага абмену і інш.) і прыроджаныя. Вынікі парушэння: запаволенае З.к. і крывацёкі (дыятэз гемарагічны), паскоранае З.к. і лакальнае (трамбоз) ці генералізаванае ўнутрысасудзістае З.к.

Літ.:

Кудряшев Б.А. Биологические проблемы регуляции жидкого состояния крови и ее свертывания. М., 1975;

Фермилен Ж., Ферстате М. Гемостаз: Пер. с фр. М., 1984.

А.​В.​Лявонава.

т. 7, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАТО́ПЫ (ад іза... + грэч. topos месца),

разнавіднасці атамаў пэўнага хім. элемента, ядры якіх маюць аднолькавую колькасць пратонаў і розную — нейтронаў. Тэрмін «І.» прапанаваў англ. фізік Ф.​Содзі ў 1910. Выкарыстоўваюць у якасці ізатопных індыкатараў; радыеактыўныя І. — і як крыніцу радыеактыўнага выпрамянення; І. урану і плутонію з’яўляюцца ядзерным палівам.

Маюць аднолькавыя зарад ядраў і будову электронных абалонак, блізкія хім. ўласцівасці і займаюць адно месца ў перыяд. сістэме хім. элементаў (адсюль назва). Існаванне І. даказана эксперыментальна ў 1906—10 пры вывучэнні радыеактыўных элементаў. Кожны хім. элемент можа мець стабільныя і радыеактыўныя І. Большасць прыродных элементаў — сумесь І.; залежнасць іх ізатопнага складу ад узросту ўзораў і ўмоў іх утварэння пакладзена ў аснову вызначэння ўзросту горных парод і рудных радовішчаў. Маюць блізкія фіз.-хім. ўласцівасці, таму іх адноснае ўтрыманне амаль не змяняецца пры розных прыродных працэсах. Невял. адрозненні ўласцівасцей І. прыводзяць да ізатопных эфектаў і выкарыстоўваюцца, напр., для іх раздзялення.

Э.​А.​Рудак.

т. 7, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗЯСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧ (?—1001),

полацкі князь з 988, сын Уладзіміра Святаславіча і Рагнеды Рагвалодаўны. Паводле летапіснай легенды, за заступніцтва за маці хлопчык Ізяслаў быў разам з ёй адасланы бацькам на Полаччыну ў пабудаваны для іх г. Ізяслаўль (цяпер г. Заслаўе пад Мінскам). З яго імем звязана аднаўленне полацкай княжацкай дынастыі Рагвалодавічаў (гл. Ізяславічы). Даследчыкі мяркуюць, што пры ім адбылося прыняцце хрысціянства на Полаччыне, у Полацку створана адно з першых епіскапстваў (991—992), уведзена пісьменства, аб чым сведчыць яго пячатка з надпісам, знойдзеная пры археал. раскопках у Ноўгарадзе. Ніканаўскі летапіс даў высокую ацэнку І.У. як чалавеку і хрысціяніну, першым з усходнеслав. князёў ахарактарызаваў як кніжніка: «Бысть же сий князь тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело и почитая священнический чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаний, и отвращаяся от суетных глумлений, и слезен, и умилен, и долготерпелив». Пражыў не больш як 25—26 гадоў. Меў 2 сыноў: Усяслава Ізяславіча і Брачыслава Ізяславіча.

Г.​М.​Семянчук.

т. 7, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́МПУЛЬСНАЯ МАДУЛЯ́ЦЫЯ від мадуляцыі ваганняў, у выніку якой нясучыя ваганні (гарманічныя ці паслядоўнасць імпульсаў) набываюць выгляд кароткачасовых радыёімпульсаў або паслядоўнасці відэаімпульсаў (гл. Відэасігнал, Імпульс электрычны). Ажыццяўляецца з дапамогай імпульсных мадулятараў. Выкарыстоўваецца ў аптычнай, гідра- і радыёлакацыі, аптычнай сувязі, радыёсувязі, тэлеметрыі, тэлекіраванні і інш.

Пры І.м. перададзены сігнал можа змяняць розныя параметры зыходнай паслядоўнасці імпульсаў: амплітуду (амплітудна-імпульсная мадуляцыя), зрушэнне імпульсаў у часе без змены іх працягласці (фазава-імпульсная), працягласць імпульсаў (шыротна-імпульсная). Пры імпульсна-кодавай мадуляцыі розным відам перададзенага сігналу адпавядаюць розныя кодавыя групы імпульсаў. У гідра- і радыёлакацыйных прыладах выпрамяняюцца пакеты (акустычныя ці радыёімпульсы) высокачастотных ваганняў канечнай працягласці з агінальнай, якая мае форму відэаімпульсу. Магчыма камбінаванае выкарыстанне І.м. розных відаў.

Літ.:

Фролкин В.Т., Попов Л.Н. Импульсные и цифровые устройства. М., 1992;

Баскаков С.И. Радиотехнические цепи и сигналы. 2 изд. М., 1988.

В.​І.​Вараб’ёў.

Да арт. Імпульсная мадуляцыя: а — зыходны перадавальны сігнал; б — нясучыя імпульсныя відэаваганні; в — відэасігнал з амплітудна-імпульснай мадуляцыяй; г — гарманічныя нясучыя ваганні; д — радыёімпульсы з амплітудна-імпульснай мадуляцыяй.

т. 7, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)