ДЭНСІТО́МЕТР (ад лац. densitas шчыльнасць + ...метр),
прылада для вымярэння аптычнай шчыльнасці праяўленых фатаграфічных матэрыялаў. Д. адрозніваюць паводле прынцыпу вымярэнняў (прамы адлік і метад параўнання), характару фотапрыёмніка (вока, фотаэлемент ці фотапамнажальнік), характару выхадных даных (нерэгістравальныя і аўтаматызаваныя рэгістравальныя прылады) і па велічыні вымеранага поля (уласна Д. і мікрафатометры).
Прынцып работы Д. заснаваны на Бугера—Ламберта—Бэра законе. У прыладах прамога адліку выкарыстоўваецца 1 светлавы пучок, зыходная інтэнсіўнасць якога параўноўваецца з інтэнсіўнасцю пучка, што прайшоў праз фотаслой. Прылады, якія працуюць на прынцыпе параўнання, маюць 2 пучкі (вымяральны і параўнання) ад адной крыніцы святла, што паступаюць на 2 фотапрыёмнікі (ці па чарзе на 1). Рознасны сігнал даводзяць да нулявога ўзроўню з дапамогай пераменнага аслабляльніка святла, калібраванага па значэннях аптычнай шчыльнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБАНО́ГІЯ (Chilopoda),
клас членістаногіх надклас мнаганожак (паводле некаторых вучоных — падклас). 4 атр.: касцянкі, скалапендравыя, геафілы (Geophilomorpha, або Geophilida), скутыгеры, або мухалоўкі (Scutigeromorpha, або Scutigerida). Каля 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва ў тропіках і субтропіках. Жывуць у глебе, лясным подсціле, пад камянямі. Актыўныя ўначы, удзень хаваюцца. На Беларусі найб. вядомыя прадстаўнікі з атр. касцянак.
Цела (даўж. ад некалькіх міліметраў да 30 см) пляскатае, падзелена на галаву і сегментаванае (ад 19 да некалькіх дзесяткаў членікаў) тулава. На галаве пара вусікаў і 3 пары сківіц, па баках вял. колькасць простых вочак (у некат. вочак няма). На кожным сегменце па адной пары канечнасцей. Першая пара — нагасківіцы з ядавітымі залозамі, сакрэт якіх дапамагае забіваць здабычу і абараняцца ад ворагаў. Раздзельнаполыя. Драпежнікі: кормяцца беспазваночнымі, зрэдку дробнымі пазваночнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКІЯ КУ́ФРЫ,
вырабы нар. майстроў з г. Давыд-Гарадок і навакольных вёсак Столінскага р-на. Промысел быў пашыраны ў 19 — 1-й пал. 20 ст.Паводле канструкцыі куфар рабілі ў выглядзе звужанай унізе дашчанай скрыні на 4 металічных ці драўляных колцах, з плоскім векам, якое выступала за бакавыя сценкі, з уразным ці накладным замком з акоўкай і 2 ручкамі па баках. Фарбавалі ў чырвона-вохрысты колер. Гладкія палосы бляхі, звычайна прафіляваныя, аздаблялі вуглы куфра і край века. Шырокія жал. палосы, што падзялялі пярэднюю сценку куфра на 4 часткі, заканчваліся дэкар. стылізаванымі выявамі галоў птушак, змей або звычайным закругленнем. Часам пярэднюю сценку размалёўвалі расліннымі кампазіцыямі ў выглядзе галінак з кветкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ ВАЕ́ННЫМ І ГАСПАДА́РЧЫМ САЮ́ЗЕ ПАМІ́Ж РСФСР І БССР, Саюзны рабоча-сялянскі дагавор паміж РСФСР і БССР. Падпісаны 16.1.1921 у Маскве нам. старшыні СНКБССР Я.А.Адамовічам і нам. наркома замежных спраў РСФСР Л.М.Караханам, ратыфікаваны ВЦВК і ЦВКБССР у ліп. 1921. Паводле дагавора наркаматы ваен. спраў, знешняга гандлю, фінансаў, працы, шляхоў зносін, поштаў і тэлеграфа, а таксама ВСНГ сталі аб’яднанымі, уваходзілі ў склад СНК РСФСР і мелі ў СНКБССР сваіх упаўнаважаных, якіх зацвярджалі і кантралявалі ЦВКБССР і Усебеларускі з’езд Саветаў. У дапаўненне да дагавора 26.7.1921 намеснікі наркомаў замежных спраў РСФСР (М.М.Літвінаў) і БССР (А.Л.Бурбіс) падпісалі пагадненне па фінансавых пытаннях, якое прадугледжвала адзіны для абедзвюх рэспублік бюджэт, цэнтралізаваную падатковую сістэму і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ КО́СМАСЕ 1967,
міжнароднае пагадненне аб прынцыпах дзейнасці дзяржаў па даследаванні і выкарыстанні касм. прасторы, у т. л. Месяца і інш. нябесных цел. Шматбаковы дагавор, у ім удзельнічае больш за 100 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь. Адкрыты для падпісання ў Маскве, Вашынгтоне і Лондане 27.1.1967. БССР падпісала дагавор 10.2.1967, ратыфікавала яго 23.6.1967. Паводле дагавора, даследаванне і выкарыстанне касм. прасторы павінна ажыццяўляцца ў інтарэсах усіх краін. Касм. прастора не падлягае нац. прысваенню: ёй могуць карыстацца ўсе дзяржавы. Дзяржавы-ўдзельніцы дагавора абавязваюцца не выводзіць на арбіту вакол Зямлі аб’екты з ядз. зброяй, не размяшчаць такую зброю на нябесных целах і ў касм. прасторы. Месяц і інш. нябесныя целы павінны выкарыстоўвацца выключна ў мірных мэтах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬНАМЕ́Р,
прылада для вызначэння адлегласцей да аб’ектаў без непасрэдных вымярэнняў на мясцовасці. Паводле прынцыпу дзеяння адрозніваюць Д. геам. (пасіўнага) і фіз. (актыўнага) тыпаў. Выкарыстоўваюцца ў інж. геадэзіі, тапаграфіі, ваен. справе, навігацыі, астраноміі, фатаграфіі і інш.
Прынцып дзеяння Д. геам. тыпу засн. на рашэнні роўнабаковага трохвугольніка па вядомай старане (базе) і процілеглым (паралактычным) вугле. Такія прылады бываюць монакулярныя (з адным акулярам; напр., у фотаграфічных апаратах) і бінакулярныя (гл.Стэрэаскапічны дальнамер), з пастаяннай базай і пастаянным вуглом (гл Аптычны дальнамер). Прынцып дзеяння Д. фіз. тыпу засн. на вымярэнні часавых або фазавых суадносін паміж пасланым і прынятым (адбітым ад аб’екта) сігналамі. У залежнасці ад выбранага дыяпазону і віду ваганняў адрозніваюць акустычныя Д. (гл.Гідралакацыя, Рэхалот), радыёдальнамеры і святлодальнамеры, у т. л. лазерныя.
руская актрыса, рэжысёр. Нар.арт.СССР (1981). Скончыла Школу-студыю МХАТ (1956). З 1959 у Ленінградскім Вял.драм. т-ры, у 1972—83 у Маск. драм. т-ры імя У.Маякоўскага, у 1966—72 і з 1983 у МХАТ імя М.Горкага. З 1987 маст. кіраўнік сцэны на Цвярскім бульвары (з 1989 самаст.т-р, які захаваў назву МХАТ імя М.Горкага) — дырэктар, гал. рэжысёр, маст. кіраўнік. Актрыса моцнага, глыбокага тэмпераменту. Сярод роляў: Надзея («Мая старэйшая сястра» А.Валодзіна; і ў кіно), Настасся Піліпаўна («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), Аркадзіна («Чайка» А.Чэхава), лэдзі Макбет («Макбет» У.Шэкспіра; і рэжысёр). З 1956 здымаецца ў кіно: «Тры таполі на Плюшчысе», «Яшчэ раз пра каханне», «Мачаха» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЭ́ЎСКАЯ (Апалонія) (вядома і як Дарота; 1767 ?—?),
танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза, выхаванка яго балетных школ у Гродне і Паставах. У 1778 выступіла як фігурантка ў школьным паказе «Сялянскага балета» Г.Петынеці ў Гродзенскім т-ры Тызенгаўза. Паводле завяшчання магната перайшла ва ўласнасць Станіслава Аўгуста Панятоўскага і з 1785 першая салістка трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве; гратэскавая танцоўшчыца на прыдворнай сцэне і ў Нац. т-ры. Партыі: у балетах «Мірза і Ліндор», «Рыбакі», «Лукас і Калінета», «Па-дэ-дэ» Ф.Шлянцоўскага (у дуэце з аўтарам, 1788). У 1794—97 у прыватных антрэпрызах Варшавы і Гданьска (Польшча). У 1797 па ініцыятыве і за кошт Станіслава Аўгуста выехала ў Пецярбург.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАСІМЕ́НКА (Юрый Паўлавіч) (9.11.1948, в. Даўгінава Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 15.2.1997),
бел. графік. Скончыў Бел.тэатр.маст.Ін-т (1977). Выкладаў у Маладзечанскім муз. вучылішчы імя К.Агінскага (з 1995). Працаваў у кніжнай, станковай і абстрактнай графіцы, у жанры партрэта. Выканаў ілюстрацыі да кніг «Маўчанне травы» В.Зуёнка (1980), «Выбранае» Я.Коласа (1981), «Казкі і краскі» В.Віткі (1983), «Знак бяды» В.Быкава (1984), да «Беларускага календара» на 1992 год; серыі станковых работ «Поры года», паводле паэмы Коласа «Новая зямля» (1977), «Мае сябры» (1979), «Здані» (1980), «Кампазіцыя» (1991); партрэты Я.Коласа (1972), аўтапартрэт (1978), «Ніна» (1979), «Марыся» (1980) і інш. Яго творы вылучаюцца кампазіцыйнай і прасторавай выразнасцю, філасафічнасцю.
Г.А.Фатыхава.
Ю.Герасіменка. Ілюстрацыя да «Беларускага календара» на 1992 год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРО́Й БЕЛАРУ́СІ,
ганаровае званне, вышэйшая ступень адзнакі і дзярж. ўзнагарода за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам, звязаныя з подзвігам, здзейсненым у імя свабоды, незалежнасці і росквіту Рэспублікі Беларусь. Уведзены Законам «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» ад 13.4.1995. Званне прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь толькі адзін раз. Паводле Указа Прэзідэнта ад 15.1.1996 асобам, удастоеным звання Героя Беларусі, уручаецца медаль Герой Беларусі. Узнагароджанне можа быць праведзена пасмяротна. Героямі Беларусі могуць стаць не толькі грамадзяне Беларусі, але і замежныя грамадзяне ці асобы без грамадзянства за заслугі перад Рэспублікай Беларусь. Героі Беларусі карыстаюцца льготамі, прадугледжанымі заканадаўствам для Герояў Савецкага Саюза, Герояў Сац. Працы, поўных кавалераў ордэнаў Славы, Працоўнай Славы. Упершыню званне Героя Беларусі прысвоена ў 1996 У.М.Карвату (пасмяротна).