рэлігійна-філасофскае вучэнне, пашыранае ў Шры-Ланцы і Індыі. Узнікла ў Індыі каля 6 ст. да н.э. Заснавальнікам лічыцца Вардхамана, празваны Джынай (пераможцам). Джайны пакланяюцца сваім паўміфічным прарокам як божаствам. Паводле вучэння Дж., не існуе адзінага бога-творца, сусвет бясконцы і нікім не створаны, усе істоты маюць жыватворчы пачатак — душу. Вял. значэнне надаецца прынцыпу ахімсы — непрычыненню зла жывому. У чалавека вызначаюцца 2 сутнасці: матэрыяльная (цела) і духоўная (душа). Выратавання і вечнай асалоды можа дасягнуць толькі той, хто верыць у ісціннасць вучэння, выконвае правілы, выпрацаваныя ў Дж., маўкліва скараецца лёсу. Існуюць 2 асн. кірункі Дж.: дыгамбары (адмаўляюцца ад усіх спакус жыцця) і шветамбары (прапаведуюць менш строгі падыход да жыцця).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КІ (Аляксей Дзянісавіч) (25.2.1889, г. Днепрапятроўск, Украіна — 1.10.1955),
расійскі рэжысёр, акцёр, педагог. Нар.арт.СССР (1949). Праф. (1948). З 1910 у МХТ, з 1911 у 1-й студыі МХТ (пазней МХТ 2-і); у 1944—52 у Малым т-ры. Пастаўленыя ім спектаклі вызначаліся выразнасцю, сакавітасцю фарбаў, гумарам, жыццялюбствам, філас. глыбінёй: «Блыха» (1925) і «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» (1935) паводле М.Ляскова, «Глыбокая правінцыя» М.Святлова (1935), «Цені» М.Салтыкова-Шчадрына (1953). Педагог яўр. секцыі Бел.драм. студыі ў Маскве. Кіраўнік пастаноўкі «Недарэчнасць» К.Фіна ў БДТ-2 і кансультант пастаноўкі «Гісторыя пяці хвастоў» Л.Левіна ў БДТ-3 (1934). Здымаўся ў кіно: «Адмірал Нахімаў», «Кутузаў» і інш.Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1949 (двойчы), 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮЛЕ́Н ((DuUin) Шарль) (12.5.1885, г. Ен, Францыя — 12.12.1949),
французскі рэжысёр, акцёр, педагог. У 1907—21 удзельнічаў у спектаклях парыжскіх т-раў пад кіраўніцтвам рэжысёраў А.Антуана, Ж.Капо, Ф.Жэм’е, Г.Баці і інш. У 1922 заснаваў у Парыжы т-р «Атэлье», дзе працаваў да 1940. У 1940-я г. акцёр і рэжысёр «Тэатра дэ Пары» і «Тэатра Сары Бернар» (Парыж), «Тэатра Селесцінцаў» (Ліён). Сярод пастановак: «Марыя Магдаліна» Ф.Гебеля (1912), «Асалода жыцця» Л.Пірандэла (1922), «Вальпоне» Б.Джонсана (1928; і гал. роля). З лепшых акцёрскіх работ: Гарпагон («Скупы» Мальера), Смердзякоў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага). Выхаваў плеяду выдатных акцёраў і рэжысёраў франц.т-ра (Ж.Вілар. Ж.Баро, М.Марсо, Р.Руло і інш.). Аўтар кн. «Успаміны і нататкі акцёра» (1946).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМА́РЫН (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 15.3.1938, г. Багародск Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. графік. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1966), выкладаў у ім (1969—78). Арыгінальнасцю кампазіцыі, тонкім адчуваннем псіхалогіі вобразаў вылучаюцца серыі станковых работ «Не забудзе Беларусь» (1970), «Камвольшчыцы» (1974—77), «На сюжэты з рускай класікі» (1980—88), «Калектывізацыя на Палессі» (1982), трыпціх «Нараджэнне тканіны» (1978). Выканаў іл. да кніг Я.Коласа «На ростанях» (1968), М.Лынькова «Векапомныя дні» (1969), І.Мележа «Мінскі напрамак» (1974), І.Шамякіна «Сцягі над штыкамі» (1976) і інш. Працуе таксама ў жывапісе: «Пераправа, 1944 г.» (1985), «29-ы год. Палессе» (1987) і інш.
А.Дзямарын. Дыспут. Паводле рамана І.С.Тургенева «Бацькі і дзеці». Серыя «На сюжэты з рускай класікі». 1988. Каляровая аўталітаграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ СМЫКО́ВЫ КВАРТЭ́Т БССР.
Існаваў у 1930-я г. Створаны ў Мінску ў 1934, з 1937 у Бел. філармоніі. У складзе калектыву: А.Бяссмертны. С.Жыў (адпаведна 1-я і 2-я скрыпкі), І.Гуральнік (альт), М.Арлоў (віяланчэль). Паводле хадайніцтва ЦВКБССР калектыў атрымаў у карыстанне інструменты з дзярж. калекцыі муз. інструментаў у Маскве: скрыпкі Амаці і Альбані, альт Дэразэ, віяланчэль Клоца. Выступленні адбываліся пераважна ў рабочых і чырвонаармейскіх клубах, навук. і навуч. установах рэспублікі. Аснову рэпертуару складалі творы рус. і зарубежнай класікі. Дзейнасць сталага калектыву спрыяла стварэнню бел. кампазітарамі шэрагу квартэтаў (М.Аладаў, У.Алоўнікаў, М.Крошнер, П.Падкавыраў. В.Яфімаў і інш.).
Літ.:
Мастацтва Савецкай Беларусі. Мн., 1976. Т. 1. С. 270.
перыядычна залішне ўвільготненыя глебы, якія ўтварыліся пад лісцева-хвойнымі і хвойна-шыракалістымі лясамі з травяным наземным покрывам. Пашыраны на раўнінных паніжэннях з запаволеным сцёкам паверхневых (атмасферных) вод ці блізкім заляганнем грунтавых вод. Паводле грануламетрычнага складу падзяляюцца на суглінкавыя, супясчаныя і пясчаныя, па ступені залішняга ўвільгатнення — на глеевыя, глеяватыя і слабаглеяватыя. Лішак вільгаці трымаецца 60—200 дзён у годзе, улетку магчымы яе недахоп. Такія глебы маюць часцей высокую кіслотнасць і бедныя элементамі жыўлення раслін, патрабуюць вапнавання. Колькасць гумусу павялічваецца ў залежнасці ад ступені ўвільгатнення: пад прыроднай расліннасцю 10—25%, на ворнай зямлі 2—3,5%. Іх асваенне і акультурванне патрабуе асушальнай меліярацыі. унясення арган. і мінер. угнаенняў, паляпшэння водна-фіз. уласцівасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЛУ́СКІ Баляслаў (Баляслаў-Раман) Францавіч [19.8.1826, Віленскі (паводлеінш. звестак Вількамірскі) пав. — 10.5.1905], удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Беларусі і Літве. Скончыў Маскоўскі ун-Т (1861). У 1843 у час вучобы ў Віленскай гімназіі ўдзельнічаў у патрыят. руху, сасланы на Каўказ у салдаты, даслужыўся да падпаручніка. З 1852 у адстаўцы. У 1850-я г. вучыўся ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў. Дэмакрат, прыхільнік «чырвоных», удзельнік падрыхтоўкі паўстання, з 1862 чл. Літоўскага правінцыяльнага к-та. У 1863 ваен. начальнік Ковенскага ваяв. 10.6.1863 каля мяст. Папяляны Шавельскага пав. паўстанцы на чале з Д. разбілі атрад урадавых войск. З кастр. 1863 ваен. камісар Літвы і Беларусі за мяжой. З 1873 у Галіцыі, працаваў доктарам, мастаком. Аўтар успамінаў пра паўстанне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ ЗАКО́Н ТЭРМАДЫНА́МІКІ закон павелічэння энтрапіі, адзін з асн. законаў тэрмадынамікі. Паводле Д.з.т. ў замкнёнай (ізаляванай у цеплавым і мех. сэнсе) сістэме энтрапія S сістэмы застаецца нязменнай (пры абарачальных, раўнаважных працэсах) або павялічваецца (пры неабарачальных працэсах) і ў стане раўнавагі дасягае максімуму(∆S ≥ 0).
Гістарычна Д.з.т. ўзнік з аналізу работы цеплавых машын у працах С.Карно (1824). Першую фармулёўку закона даў Р.Клаўзіус (1850): немагчымы пераход цеплыні ад цела больш халоднага да цела больш нагрэтага без якіх-н. інш. змен у тэрмадынамічнай сістэме ці навакольным асяроддзі (іншыя фармулёўкі эквівалентныя). Д.з.т. ў тэрмадынамічным сэнсе азначае, што ўсе рэальныя макраскапічныя працэсы неабарачальныя, а ў імавернасна-статыстычным сэнсе, — што найб. імаверным станам сістэмы з’яўляецца яе раўнаважны стан. Гл. таксама Больцмана прынцып, Неабарачальныя працэсы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУДЗЮ́К (Зінаіда Іосіфаўна) (н. 29.3.1950, в. Слабодка Браслаўскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэтэса і драматург. Скончыла Брэсцкі інжынерна-будаўнічы ін-т (1977). Працавала на будоўлі, тэхнікам, інжынерам. Друкуецца з 1967. У зб-ках вершаў «Праводзіны птушак» (1983), «Абрысы лета» (1988) роздум над праблемамі маралі, сучаснага духоўнага жыцця. Піша вершы і казкі для дзяцей. Аўтар п’есы для лялечнага тэатра «Канёк-Гарбунок» (1985, паводле казкі П.Яршова), аднаактоўкі «У абдымку вятроў» (1985), радыёп’есы «Дудка-самагудка» (паст. 1989), дзіцячай п’есы «Сінязорка» (1995), драмы «Заложнікі шчасця» (1997). На бел. мову пераклала п’есу Т.Амосавай і І.Пятровай «Славутае качаня Цім» (паст. 1990).
Тв.:
Так і не: Вершы. Мн., 1993;
Палоннікі жыцця: Аповесці, апавяданні. Мн., 1997.
Літ.:
Калеснік У. Зінаіда Дудзюк // Беларусь. 1985. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́МПІНГ (англ. dumping літар. скідванне),
продаж тавараў на знешнім рынку па штучна заніжаных цэнах, магчыма, ніжэй сабекошту. Мэта Д.: спрыянне экспансіі на новыя рынкі і абарона пазіцый дадзенай дзяржавы на замежных рынках шляхам абмежавання канкурэнцыі; процідзеянне залішняму продажу тавараў на ўнутр. рынку, які прыводзіць да зніжэння цэн, і, як вынік, да змяншэння даходаў вытворцаў. Д. выклікае негатыўныя вынікі: у краіне экспарцёра для спажыўцоў, што плацяць высокія цэны і пакрываюць страты ад нізкіх дэмпінгавых цэн; у краіне імпарцёра стрымлівае айчынную вытв-сць (спрыяе росту беспрацоўя), прадукцыя якой становіцца неканкурэнтаздольнай побач з больш таннай імпартаванай. ЕЭС забараніла Д. паводле Рымскага трактата 1957. Антыдэмпінгавы кодэкс, што прадугледжвае правядзенне перагавораў пад эгідай ГАТТ, прыняты ў час т.зв. такійскага раунда 1973—79. Д. валютны — вынік дэвальвацыі.