ПЕСТРА́К (Піліп Сямёнавіч) (27.11.1903, в. Сакоўцы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 22.8.1978),
бел. пісьменнік. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). Вучыўся ў Самарскім ун-це (1920—21). З 1921 у Зах. Беларусі. Удзельнік рэв. руху (з 1927 сакратар Косаўскага падп. райкома, чл. Слонімскага акругкома КПЗБ, у 1933—34 інструктар ЦККПЗБ). Амаль 11 гадоў быў зняволены ў турмах. З 1939 сакратар гаркома КП(б)Б у Гродне, з 1940 старшыня Беластоцкага аддзялення СП Беларусі. Працаваў начальнікам Упраўлення па справах мастацтва пры СНКБССР, у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АНБССР, літ. кансультантам СП БССР. Друкаваўся з 1926. Аўтар зб-каў вершаў «На варце» (1940), «За сваю Айчыну» (1946), «Падарожнае» (1962), паэмы «Слова пра Мінск» (1968), зб-каў апавяд. «Першыя ўсходы» (1951), «Неспадзяванак» (1957), «Лясная песня» (1958), «Сярод чаротаў» (1964), «Апавяданні» (1970). Гіст.-рэв. эпапея «Сустрэнемся на барыкадах» (1951—54) — летапіс жыцця і барацьбы нар. мас Зах. Беларусі за сац. і нац. вызваленне. У цэнтры ўвагі аўтара — рост рэв. свядомасці рабочых і сялян, дзейнасць камуністаў-падпольшчыкаў, змаганне паліт. вязняў у астрогах. У рамане «Серадзібор» (1961—63, Літ. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1964) на матэрыяле пасляваен. жыцця вёскі ўславіў стваральную працу народа. Раман «Лесавічанка» (не закончаны, частковаапубл. ў 1980) пра станаўленне новага жыцця ў Зах. Беларусі ў першыя гады пасля ўз’яднання. Аўтар літ.-крытычных і публіцыст. артыкулаў. На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Міцкевіча, Э.Ажэшкі, Ю.Славацкага, У.Бранеўскага, С.Дабравольскага, Е.Путраманта, А.Чэхава, І.Франко, Л.Украінкі, М.Рыльскага, П.Тычыны, У.Сасюры, Л.Первамайскага і інш.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1969—71;
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1984—86.
Літ.:
Гісторыя беларускай савецкай літаратуры. Т. 2. Мн., 1966;
Хромчанка К.Р. Піліп Пестрак. Мн., 1960;
Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць. Мн., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСЛАВА́НСКАЯ МО́ВА, агульнаславянская мова,
мова старажытных славян перыяду іх адноснага адзінства. У 2-й пал. 1-га тыс.н.э. распалася на асобныя славянскія мовы. На думку некат. вучоных, паміж індаеўрап. і праслав. перыядамі існаваў перыяд балтаславянскай прамовы, з якой П.м. вылучылася ў канцы 1-га тыс. да н.э. Разам з прабалт., індаіран. і армянскай П.м. належыць да групы satem індаеўрапейскіх моў. Носьбіты П.м. змянілі тэр. жыхарства (слав. прарадзіму) у Цэнтр. і Усх. Еўропе; верагодна ў 1-м тыс. да н.э.тэр. прарадзімы славян (да гэтага часу размяшчаліся больш на З і Пн) ахоплівала Прыпяцкае Палессе. П.м. зведала дыялектнае чляненне. Адна са стараж. дыялектных ’яе рыс — адрозненне выбухнога і фрыкатыўнага вымаўлення «г». Перад распадам П.м. вылучаліся паўн. і паўд., зах. і ўсх. дыялектныя зоны. За час існавання зазнала істотныя змены. У фанетыцы пры вылучэнні з індаеўрап. адзінства мяккія заднеязычныя зычныя ператварыліся ў свісцячыя, супалі прыдыхальныя і непрыдыхальныя зычныя, у пэўных пазіцыях s перайшло ў «х», адбылася дэлабіялізацыя галосных. Фанет. працэсы праходзілі ў 2 гал. кірунках: узыходнай гучнасці (манафтангізацыя дыфтонгаў, узнікненне насавых галосных, станаўленне закона адкрытага складу і інш.) і гармоніі (палаталізацыя заднеязычных зычных, змена гукаў побач з j і інш.) складу. У марфалогіі адбывалася перабудова сістэмы часцін мовы (падзел імені на назоўнікі і прыметнікі, узнікненне ўмоў для вылучэння лічэбнікаў, рост прыслоўяў), тыпаў скланення, утварэнне новага імперфекта ў дзеяслова, станаўленне апазіцыі незакончанага і закончанага трывання. Пашырылася прэфіксальнае словаўтварэнне дзеясловаў, суфіксальнае — назоўнікаў і прыметнікаў, замацоўваўся слав. тып простага сказа, ствараліся перадумовы для развіцця складанага сказа. Лексіка П.м. значна ўзбагацілася ўласнымі новаўтварэннямі, часткова запазычаннямі з балт., германскіх, іранскіх і інш. моў. П.м. не мела пісьмовай фіксацыі. Стан і развіццё яе рэканструююцца параўнальна-гістарычным мовазнаўствам. П.м. як продка ўсіх сучасных слав. моў вывучае славянскае мовазнаўства.
Літ.:
Чекман В.Н. Исследования по исторической фонетике праславянского языка. Мн., 1979;
Супрун А.Е., Калюта А.М. Введение в славянскую филологию. Мн., 1981;
Мартынов В.В. Становление праславянского языка по данным славяно-иноязычных контактов. Мн., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧО́РЫ,
прыродныя поласці ў верхняй тоўшчы зямной кары, злучаныя з паверхняй адной або некалькімі ўваходнымі адтулінамі. Запоўнены паветрам або інш. газам, вадой, часткова цвёрдымі адкладамі. Паводле паходжання падзяляюцца на першасныя (сінгенетычныя з горнымі пародамі: газавыя пузыры і тунэлі ў лавах, поласці ў рыфах, вапняковых туфах, гіпсаангідрытах) і другасныя (узніклі ў сфарміраванай пародзе ці ледавіку: П. выветрывання, вышчалочвання, выдзімання, суфазійныя, абразійныя на берагах мораў, карставыя, гідратэрмальныя, гляцыяльныя ў ледавіках). Найб. пашыраны карставыя П. (гл.Карст).
П. складаюцца з расшыраных участкаў (галерэі, гроты, залы) і вузкіх (праходы, хады, адвержкі). Часта ўтвараюць складаныя шматпавярховыя сістэмы. Найб. працяглыя П. (карставыя); Флінт-Мамантава (гл.Мамантава пячора, ЗША) — каля 560 км, Хёлах (Швейцарыя) — 133 км, Аптымістычная пячора — 157 км і Азёрная пячора — 107,3 км (Украіна). Найб. глыбокія П. свету (карставыя); Вароння (Абхазія) — 1720 м, Жан-Бернар (Францыя) — 1494 м, В.Панцюхіна — 1465 м і Снежная (Абхазія) — 1370 м, Ільяміна (Іспанія) —1342 м, П’ер-Сен-Мартэн (Францыя, Іспанія) — 1342 м. Для мікраклімату П. характэрны адсутнасць сонечнага святла, пастаянства т-р, высокая вільготнасць, павышаная канцэнтрацыя вуглякіслага газу. У халодных П. намнажаецца шматгадовы лёд. Часта П. ўпрыгожаны рознымі нацечнымі ўтварэннямі, у т. л.сталагмітамі і сталактытамі. Фауна бедная, пераважна беспазваночныя жывёлы, таксама земнаводныя, рыбы. У некат. П. жывуць калоніі лятучых мышэй. Для пастаянных насельнікаў П. характэрны дэпігментацыя, слепата, часам гігантызм, запаволены абмен рэчываў. У П. назіраецца да 90 відаў новаўтвораных мінералаў са слабамінералізаваных пячорных вод, часам з рудаўтваральных і гідратэрмальных раствораў. Найб. пашыраны карбанаты (арганіт, кальцыт, даламіт, магнезіт і інш.) і сульфаты (барыт, цэлесцін, гіпс, мірабіліт і інш.). Муміё П. — прыродная мед. сыравіна. П. выкарыстоўваюцца чалавекам са стараж. часоў. У іх захаваліся касцявыя рэшткі, прылады працы, быту, скульптурныя і наскальныя выявы (напр., П.Альтаміра і Ласко, якія ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны, Капава пячора). Найб. выкарыстоўваюцца П. для падземнага турызму, у некат. з іх пабудаваны навук. лабараторыі, санаторыі, чыгункі, канцэртныя залы, кафэ і інш. П. вывучае спелеалогія.
Літ.:
Дублянский В.Н., Илюхин В.В. Крупнейшие карстовые пещеры и шахты СССР. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁЛАКА́ЦЫЯ (ад радыё... + лакацыя),
знаходжанне і распазнаванне аб’ектаў, вызначэнне іх каардынат і інш. характарыстык з дапамогай радыёхваль; галіна навукі і тэхнікі. Сродкі і метады Р. выкарыстоўваюцца ў ваен. справе (у ППА і інш.), марской, паветр. і касм.навігацыі, метэаралогіі, астраноміі (Р. нябесных цел, у т. л. Сонца, Месяца, планет, метэораў), пры разведцы карысных выкапняў і інш.
Засн. на здольнасці фіз. цел (аб’ектаў) адбіваць, выпраменьваць і перавыпраменьваць радыёхвалі. Іх можна зарэгістраваць прыёмнікам і атрымаць патрэбную інфармацыю. Ажыццяўляецца з дапамогай радыёлакацыйных станцый (РЛС), сістэм і комплексаў. Найб. пашырана актыўная Р. з зандзіруючымі сігналамі, якія выпраменьваюцца антэннай сістэмай перадатчыка РЛС, адбіваюцца ад аб’екта і часткова ўлоўліваюцца прыёмнікам гэтай жа РЛС. Адлегласць да аб’екта вызначаюць па часе праходжання радыёсігналу да аб’екта і назад, напрамак (пеленг) — па арыентацыі накіраванай антэны. Калі аб’ект рухаецца адносна РЛС, частата радыёхвалі, адбітай аб’ектам, у адпаведнасці з Доплера эфектам змяняецца адносна частаты зандзіруючай радыёхвалі. Па рознасці гэтых частот вызначаюць скорасць перамяшчэння аб’екта. Пры Р. з актыўным адказам сігналы, пасланыя РЛС, рэтрансліруюцца радыёпрыстасаваннем, размешчаным на аб’екце (прыёмна-перадавальнай радыёстанцыяй). Пры пасіўнай радыёлакацыі выкарыстоўваецца ўласнае (цеплавое) выпрамяненне аб’екта ў дыяпазоне радыёхваль або выпрамяненне радыёпрыстасавання (радыёперадатчыка), размешчанага на аб’екце. Пры многапазіцыйнай Р. (т. зв. разнесеная сістэма) радыёсігналы, пасланыя адной РЛС і адбітыя аб’ектам, прымаюцца другой РЛС, што знаходзіцца ў інш. зоне прасторы (адлегласць паміж перадавальнай і прыёмнай РЛС можа змяняцца). Прынцыпы работы і апаратура радыёлакацыйных сістэм падобныя, як у гідралакацыі і радыёнавігацыі. Р. выкарыстоўвае складаныя зандзіруючыя сігналы і лічбавыя метады апрацоўкі інфармацыі для траекторных і картаграфічных вымярэнняў, здымкі мясцовасці, радыёкіравання рухомымі аб’ектамі і інш.
Літ.:
Теоретические основы радиолокации. М., 1970;
Справочник по радиолокации: Пер. с англ.Т. 1—4. М., 1976—79.
В.І.Вараб’ёў.
Схема радыёлакацыі (вымярэння каардынат) самалёта наземнай радыёлакацыйнай станцыяй.Схема актыўнай радыёлакацыі: а — з пасіўным адказам; б — з актыўным адказам; в — разнесенай сістэмы пры пераменнай адлегласці (d) паміж перадавальным і прыёмным устройствамі радыёлакацыйнай станцыі (РЛС); г — кругавога агляду зямной паверхні з дапамогай самалётнай РЛС; д — радыёлакацыйная карціна мясцовасці ў сектары агляду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТА,
залішне ўвільготнены ўчастак зямной паверхні, укрыты пластом торфу глыбінёй не менш як 30 см у неасушаным стане (менш як 30 см — забалочаныя землі). Найбольш балот у лясной зоне Паўн. паўшар’я (ПнЕўрап. часткі, Канада, Палессе, Зах. Сібір, Камчатка і інш. раёны), а таксама ў вільготных раёнах Афрыкі, Азіі і Паўд. Амерыкі. Агульная плошча балот у свеце каля 350 млн.га. У выніку гасп. дзейнасці балоты трансфармуюцца ў акультураныя с.-г., лясныя і паляўнічыя ўгоддзі, распрацоўваюцца прам-сцю, часткова займаюцца пад гар. і прамысл. забудовы. У прыродным стане выконваюць шматлікія біясферныя функцыі: месцажыхарства спецыфічных відаў балотнай флоры і фауны, бездакорныя геахім. бар’еры і прыродныя фільтры на шляхах руху водаў, рэгулятары клімату, газавага саставу атмасферы, захавальнікі інфармацыі аб змене расліннасці і клімату на працягу многіх тысячагоддзяў. Балоты вывучае навука балотазнаўства. На Беларусі балоты займаюць 2,5 млн.га (плошча асушаных 1,2 млн.га) з запасам торфу-сырцу 4,4 млрд.т. Тарфяных радовішчаў 9192, сярэдняя глыб. адкладаў торфу 1,87 м, найб. магутнасць тарфянога пласта 10,5 м.
Утвараліся балоты пераважна ў розныя перыяды з пачатку галацэну (10—12 тыс.г. назад) і да нашага часу ад забалочвання мінер. глебы або затарфавання вадаёмаў (гл.Балотаўтваральны працэс, Балотныя адклады).
Балоты падзяляюцца на нізінныя (эўтрофныя) з багатым грунтавым і паверхнева-сцёкавым жыўленнем, вярховыя (алігатрофныя) з бедным атм. жыўленнем і пераходныя (мезатрофныя), якія жывяцца атм. ападкамі і часткова паверхнева-сцёкавымі і грунтавымі водамі (гл.Балотныя воды). Паводле характару расліннасці бываюць лясныя, кустовыя, травяныя, мохавыя, паводле макрарэльефу — далінныя, поймавыя, схілавыя, водападзельныя. Нізінныя балоты ўтвараюцца ў далінах рэк, па берагах азёраў, у месцах выхаду крыніц. На Беларусі пашыраны на Пд і ПдЗ, асабліва на Палессі і Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Складаюць 82,7% пл. ўсіх балотаў. Найб. балоты — Аброўскае, Выганашчанскае балота, Вялікі Лес, Грычын, Паганянскае балота, Хольча, Старобінскае і інш. Сярэдняя ч. гэтых балот ляжыць на адным узроўні з ускраінамі або ніжэй за іх, зрэдку паверхня нахіленая. Для нізінных балот характэрны эўтрофныя расліны, патрабавальныя да мінер. элементаў. Ва ўмераным клімаце гэта лясныя балоты з вольхай, бярозай, вярбой, хвояй, елкай, лазой або травяныя ці мохавыя балоты з асокамі, трыснягом, чаротам, рагозамі, разнатраўем, гіпнавымі і сфагнавымі імхамі. Фауна разнастайная: вадзяныя пацукі, палёўкі, выдры, зрэдку бабры і андатры, асабліва шмат птушак — кулікі, пагонічы, драчы, гусі, качкі, вялікі вераценнік, лугавы конік, бакас, балотная сава. Вярховыя балоты знаходзяцца звычайна на водападзелах. Найб. пашыраны ў паўн.ч. Беларусі (масівы Даўбенішкі, Весялоўскае, Стрэчна, Обаль-1 і інш.). Складаюць 13,1% пл. ўсіх балот Беларусі. Паверхня іх у сярэдзіне пукатая, таму што торф у цэнтры балот назапашваецца больш інтэнсіўна, чым на перыферыі. Для вярховых балот характэрны алігатрофныя расліны, непатрабавальныя да зольных элементаў. Флора бедная: дрэвы — хвоя, лістоўніца; кусцікі — верас балотны, мірт, багун, багноўка, журавіны, імшарніца, буякі; травы — шэйхцэрыя, падвей похвенны, марошка, чаротнік, расіца круглалістая; сфагнавыя імхі. Фауна таксама бедная: воўк (летам), лось, глушэц, курапатка белая, журавель. На Беларусі пераходныя балоты складаюць 4,2% пл. ўсіх балот. Буйныя масівы — Паддубічы, Асовіны, Смалярня і інш. Для іх характэрны мезатрофныя расліны: звычайныя бяроза пушыстая, хвоя, асокі, буякі, багун, журавіны, сфагнавыя і гіпнавыя імхі. Фауна мяшаная ад нізінных і вярховых балот. На Беларусі вял. масівы балот ахоўваюцца ў Бярэзінскім біясферным запаведніку, Прыпяцкім ландшафтна-гідралагічным запаведніку і Прыпяцкім радыяцыйна-экалагічным запаведніку, у нац. парку «Белавежская пушча». На балотах існуюць 8 гідралагічных заказнікаў (на масівах Выганашчанскае балота, Дзікае балота, Ельня, Заазер’е і інш.), 21 біял. заказнік (напр., Амяльнянскі, Бабінец, Букчанскі, Борскі, Вялікае Балота, Дзянісавіцкі, Дубатоўскае, Запольскі) і інш. На самых вял. і перспектыўных тарфяных радовішчах створаны 12 рэзерватаў бітумінознай сыравіны для атрымання тарфянога воску (Арэхаўскі Мох, масіў Скачальскага воз., Тажылаўскі Мох і інш.), 4 рэзерваты гідролізнай сыравіны для атрымання кармавых дражджэй і інш. прадукцыі (Даўбенішкі, Слаўнае, Сэрвач, Эсьмонскі Мох і інш.) і 113 радовішчаў тарфяных лек. гразяў. Балота з’яўляецца месцам палявання, збірання ягад, грыбоў, лекавых траў. Гл. таксама карту «Тарфяныя балоты».
Літ.:
Кац Н.Я. Болота земного шара. М., 1971;
Тюремнов С.Н. Торфяные месторождения. 3 изд. М., 1976;
Бамбалов Н.Н., Тановицкий И.Г., Беленький С.Г. Развитие исследований в области генезиса, использования и охраны торфяных месторождений Беларуси // Твёрдые горючие отложения Беларуси и проблемы охраны окружающей среды. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
больш, прысл.
1.Выш. ст.дапрысл. многа. [Насця:] Слова назад я не бяру, але хачу больш прыгледзецца да цябе.Крапіва.Сцёпка пільна сачыў за выразам твару настаўніка. А настаўніцкі твар усё больш і больш прасвятляўся.Колас.// З колькаснымі назоўнікамі або з колькаснымі назоўнікавымі злучэннямі ўказвае на перавышэнне абазначанай колькасці. Больш за тону. Больш за метр. □ Нечакана зазванілі ў дробныя званы ў праваслаўнай кафедры. .. Званілі доўга, больш за пяць хвілін.Чорны.
2. У спалучэнні з прыметнікам або прыслоўем служыць для ўтварэння вышэйшай ступені. Міколка.. наважыўся падацца ў больш спакойнае месца, бліжэй да дзеда.Лынькоў.Усё гучней і больш рашуча чуліся патрабаванне міру, зямлі, свабоды.Дуброўскі.
3. У адмоўным сказе азначае: далей, у далейшым, ужо. Зязюля ў лесе больш не лічыць Гадоў старому ганчару.Бялевіч.//Разм. Апрача гэтага, яшчэ. [Зэня:] — А больш ты [Паўлік] з кім там гаварыў?Чорны.
4. Пераважна, галоўным чынам. Брыдка стала братам, радзей пачалі яны са стрэльбай ды вудай цягацца, а больш гаспадаркай займацца.Якімовіч.
•••
Больш за ўсё — пераважна, часцей за ўсё, найчасцей.
Больш-менш — у нейкай ступені, часткова.
Больш таго — ужываецца, калі трэба падкрэсліць важнасць таго, што будзе сказана далей.
Больш чым... — абсалютна, у вышэйшай ступені.
Куды больш — на многа больш.
Ні больш ні менш (як) — строга вызначаная сума, колькасць чаго‑н.
Тым больш(здап.сказам) — ужываецца, калі трэба падкрэсліць важнасць прычыны, пра якую будзе зараз сказана.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ры́хлы ’порысты, рассыпісты, мяккі’ (Нас., ТСБМ), ры́хлы, ру́хлы ’рассыпісты’ (брасл., віл., Сл. ПЗБ), ’шпаркі, хуткі’ (Нас.), ’спрытны, увішны, хуткі ва ўсім чалавек’ (Пан.), ’хуткі ў рабоце’ (ушац., ЛА), ст.-бел.рыхлый, рихлый ’хуткі’, ’шпаркі’ (XVI ст.), рус.рыхлый, польск.rychły ’хуткі, паспешны’, славац.rýchly ’хуткі’, ’жвавы’, чэш.rychlý ’тс’, в.-луж. і н.-луж.rychły ’хуткі’. Лексема адсутнічае ў паўднёва-славянскіх мовах. Прасл.*rychlъ. Звязана з рух, ру́шыць, параўн. лат.rusenis ’вельмі рыхлы снег’, rūsa ’смецце’, літ.ruošù (лат.roušs) ’клапатлівы’, ’мітуслівы’, ’дзейны’, ruõšti ’рыхтаваць’, ’збіраць’, с.-н.-ням.rusch, ст.-ісл.rúst ’разваліны’, нідэрл.rul ’рыхлы і сухі пясок’ (Голуб-Копечны, 2, 320; Фасмер, 5, 532; Брукнер, 471; Чарных, 2, 131). Прасл.*rychlъ (да *rychnǫti, *rysăti, роднасных да *ruchnǫti, *rušiti) (Варбат, Морфонол., 88–89). Польск.rychle, rykle, rytle ’сып, кароста, гнайнікі’ з’яўляецца нямецкім запазычаннем, параўн., с.-в.-ням.rücheln, ням.Röteln ’краснуха’, Rütteln ’трэсці, устрэсваць’ (Брукнер, 471). Сюды ж ры́хленько ’скоранька’ (Нас.). Два значэнні гэтага прыметніка (’хуткі’ і ’рассыпісты, няшчыльны, мяккі’) тлумачацца з асноўных значэнняў зыходных дзеясловаў з коранем *ruch‑: *rъch‑ ’рыць, капаць’ > ’пасоўваць’, ’ссоўваць з месца’, ’разбураць’. Кожнае са значэнняў прыметніка прадстаўлена ў варыянтах з рознай агаласоўкай. Таму варта казаць пра адзінае ўтварэнне з суф. ‑l‑ і двума значэннямі, часткова размеркаванымі па дыялектах: у заходнеславянскіх прадстаўлена толькі ’хуткі’, у паўднёва-славянскіх — толькі ’няшчыльны, мяккі’ (Варбат, Морфонол., 88). Махэк адрознівае заходне- і ўсходнеславянскія лексемы. Ён сцвярджае, што ўсходнеславянскія трэба звязваць з рух, рушыць. Заходнеславянскія лічыць роднаснымі да літ.rušėti ’быць поўным’, ’варушыцца’, ’быць жвавым, актыўным, дзейным’. З доляй імавернасці лічыць, што існаваў дзеяслоў *rych‑ati і лексема рыхлы з’яўляецца скарочанай формай ад *rychaly (якое ўтварылася як dbaly ад dbati) (Махэк₂, 527).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
То́чна1, то́чне ’дакладна, сапраўды’ (Ян.; калінк., З нар. сл.), то́чно ’дакладна’ (Вруб.), ’нібы, быццам, якраз’ (ТС). Укр.то́чно, рус.то́чно ’дакладна’ развіліся са стараж.-рус. прыметніка точьныи ’падобны, адпаведны’ < ст.-слав.тъчьнъ ’аднолькавы, падобны’, які ўзыходзіць да наз. точь ’кропка’ < прасл.*tъčь < *tъk‑jь ад *tъkti ’тыкаць’ (Фасмер, 4, 90; ЕСУМ, 5, 611). Формы на ‑не ўзніклі пад уплывам польскай мовы (параўн. dokładnie ’дакладна’, pewnie ’ўпэўнена’ і інш.). То́чна ’іменна’ ў вырабе так точна! (ТСБМ) узята з рускай вайсковай тэрміналогіі.
То́чна2 ’цягне на ваніты’, ’туга, нуда бярэ’ (Нас.), ’млосна, моташна, нудна’ (Тур.), то́чно ’сумна, журботна, тужліва’ (ваўк., Арх. Федар.), то́шна ’сумна, нудна’ (Касп.), ’цяжка’ (Жд. 1), ’моташна, млосна’ (Сл. ПЗБ), то́шно ’тс’ (Вруб.), то́скна ’тужліва, журботна’ (Ласт.), ст.-бел.то́шно ’тс’ (Альтбаўэр); тачнава́ць (то́чноваць) ’тужыць, нудзіцца’ (Нас.), ташнава́ць (тошнова́ць) ’тс’ (Нас., Рам. 8–9), ст.-бел.тошнити ’мець цягу, цягнуцца’, тошнитися ’станавіцца непрыемна’ (Сл. Скар.). Укр.то́шно ’цяжка, моташна’, рус.то́шно ’тс’, ’нудліва’, ’агідна, гідка’, ’млосна, прыкра’, польск.tęskno ’сумна’, ’тужліва, нудна’ (‑ę‑ мае другасны характар), teszny ’сумны, журботны’, tesznić ’сумаваць, тужыць’, ст.-польск.teskno, tesznie, teszno ’прыкра, непрыемна’, н.-луж.tešny, tešliwy ’баязлівы’, ’той, у каго сціскаецца сэрца ад жуды’, ’цяжкі, змрочны’, в.-луж.tešny, tyšny ’трывожны, смутны, баязлівы, журботны’, чэш.teskno ’сумна, тужліва’, славац.tesno ’тс’, cno (< *tskno) ’тс’. З прасл.дыял.*tъsknъ ’смутны, сумны, прыгнечаны’ (Борысь, 632) ці з *tъščьnъ (Фасмер, 4, 90), звязанага генетычна з прасл.*tъska ’смутак, прыгнечанасць, дрэннае самаадчуванне’, ’моташнасць, цяга да ванітаў’, ’млоснасць’, стараж.-рус.тъска ’цяжкая сітуацыя’, ’бура на моры’, ’гора, сум, непакой’ (Фасмер, 4, 90; ЕСУМ, 5, 612), гл. таска. Пераход ‑шн‑ у ‑чн‑ пры ад’ідэацыі звычайнай мены ‑чн‑ у ‑шн‑ у беларускіх і часткова рускіх гаворках.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АПЕРА́ЦЫЯ ХІРУРГІ́ЧНАЯ,
асноўны метад лячэння хірургічных хвароб, пры якім паталагічныя ачагі ліквідуюцца, лакалізуюцца або даследуюцца з дапамогай спец.хірургічных інструментаў. Можа суправаджацца нанясеннем ран, значнымі аб’ёмамі рассячэння тканак з крывацёкам, які спыняюць штучна (пры рэзекцыі страўніка ці кішэчніка, аперацыях на лёгкіх, сэрцы і інш. унутраных органах), або ашчадным унутраным умяшаннем і нязначнымі кровастратамі (пры біяпсіі, мікрахірургіі, лазерным лячэнні, упраўленні вывіхаў суставаў, састаўленні касцявых абломкаў і інш.). Аперацыя хірургічная з нанясеннем раны і рассячэннем тканак бываюць: радыкальныя, калі паталаг. ачаг (язва, пухліна, орган) выдаляецца поўнасцю або часткова; паліятыўныя, якія аблягчаюць стан хворага; дыягнастычныя — для высвятлення прычыны захворвання, калі яе нельга ўстанавіць дакладна інш. метадамі. Памяншэнне страт крыві пры аперацыі хірургічнай дасягаецца перавязкай (лігіраваннем) рассечаных сасудаў або каагуляваннем з дапамогай электранажоў, лазерных, плазмавых скальпеляў і інш. Характар паталогіі вызначае мэту аперацыі хірургічнай: ускрыццё паталаг. ачага (гнайнікоў, абсцэсаў), частковае (рэзекцыя) або поўнае (экстырпацыя) выдаленне пухлін і пашкоджаных тканак, частковую або поўную ампутацыю органаў (напр., канечнасцяў), трансплантацыю органаў і тканак, аднаўленне іх функцый (пластычныя аперацыі, касметычныя аперацыі). Раны пры аперацыі хірургічнай, як правіла, зашываюць, склейваюць, радзей пакідаюць адкрытымі. Сучасная хірургія скіравана на распрацоўку найб. ашчаджальных для арганізма аперацый хірургічных на аснове выкарыстання найноўшых тэхн. дасягненняў. Да іх належаць аперацыі хірургічныя эндаскапічныя, тэлеэндаскапічныя, мікрахірургічныя.
Эндаскапічныя аперацыі робяць з выкарыстаннем спец. валаконнай тэхнікі (эндаскопаў), што дазваляе бачыць «на вока» структуры стрававальнага тракту, поласцевыя ўтварэнні. Некаторыя маюць прыстасаванні для выдалення паліпаў страўніка, кішэчніка, камянёў з мачавога пузыра і жоўцевывадных пратокаў, каб узяць кавалачак тканкі на мікраскапічнае даследаванне. Аперацыі тэлеэндаскапічныя базіруюцца на эндаскапічнай тэхніцы, дзе адлюстраванне выводзіцца на тэлеэкран, што дазваляе бачыць орган у 10—20 разоў павялічаны. Тэлевізійная камера праз праколы ў тканках уводзіцца ў орган. Пад яе кантролем уводзяць хірург. інструменты. Мікрахірургічныя аперацыі праводзяцца пад кантролем спец. двух-, трохакулярных аперацыйных мікраскопаў на дробных сасудах, пры рэплантацыі канечнасцяў, іх сегментаў, самых складаных аперацыях у хірургіі вока, перасадцы складаных скурна-падскурна-мышачных ласкутоў у пластычнай хірургіі пры лячэнні дэфектаў тканкі, астэаміэліту, пры стварэнні органаў (лячэнне транссексуалізму) і інш. Аперацыі пад кантролем тэлевізійных камп’ютэраў робяць на дробных структурах (жоўцевывадных шляхах, матачных трубах і інш. органах), якія ў павялічаным выглядзе перадаюцца на тэлевізійную ўстаноўку. На Беларусі такі метад выкарысталі І.М.Грышын і В.М.Стасевіч (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРГУ́НДЫЯ (Bourgogne),
гістарычная вобласць у Францыі, у бас.р. Сона. Уключае дэпартаменты Кот-д’Ор, Сона і Луара, Эн, часткова Іона. Пл. каля 30 тыс.км². Нас. 1,7 млн.чал. (1990). Гал. горад — Дыжон. Займае паўд.-ўсх. ўскраіну Парыжскага басейна, паўн.-ўсх. адгор’і Цэнтр. масіву (лясістае плато Марван выш. да 902 м), раўніну па р. Сона, зах. схілы гор Юра. Клімат умераны. Рэкі бас. Соны, Луары звязаны каналамі. Славутая вінаробчая вобласць. Асн.індустр. вузел — раён Ле-Крэзо, дзе развіты здабыча каменнага вугалю, чорная металургія, металаапрацоўка, машынабудаванне. Вырошчванне пшаніцы, цукр. буракоў, алейных і кармавых культур. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, птушку. Асн.трансп. вузел — г. Дыжон. Пячоры Арсі-сюр-Кур; рэгіянальны прыродны парк Марван; некалькі курортаў.
У 5 ст. на тэр. рассялення ням. племя бургундаў узнікла каралеўства Бургундыя з цэнтрам у Ліёне. У 534 далучана да Франкскай дзяржавы. У 843 падзелена на 2 каралеўствы: Верхняя (Транс’юранская) і Ніжняя (Цыс’юранская) Бургундыя, якія ў 933 аб’яднаны Рудольфам II у адзінае каралеўства Бургундыя, або Арэлят (цэнтр у Арлі). З 1032 у складзе Свяшчэннай Рым. імперыі. У 14 ст.б.ч. Бургундыі ўвайшла ў склад Франц. каралеўства, паўд.-ўсх.ч. — у склад Швейцарскага саюза. На частцы тэр. каралеўства бургундаў, якая ў 843 адышла да Зах.-франкскага каралеўства, утварылася герцагства Бургундыя са сталіцай у Дыжоне. У 1031—1361 пад уладай пабочнай лініі франц. дынастыі Капетынгаў. У 14—15 ст. бургундскія герцагі пераўтварылі герцагства Бургундыя ў самастойную дзяржаву. Герцаг Філіп Смелы [1364—1404], які заснаваў новую дынастыю бургундскіх герцагаў — Валуа, далучыў да Бургундыі Фландрыю, Артуа і Франш-Кантэ. Яго ўнук Філіп Добры [1419—67] далучыў графствы Булонь, Нідэрланды і Люксембруг. Бургундыя стала моцнай дзяржавай, цэнтрам рыцарскай культуры Зах. Еўропы. Герцаг Карл Смелы [1467—77] імкнуўся далучыць да Бургундыі Латарынгію і Эльзас, але пацярпеў паражэнне ў т.зв. бургундскіх войнах, якія вёў з франц. каралём Людовікам XI. У выніку Бургундская дзяржава распалася. Тэр. Бургундскага герцагства (разам з Пікардыяй) увайшла ў склад Франц. каралеўства і стала правінцыяй Бургундыя з самакіраваннем; у 1790 падзелена на дэпартаменты Сона і Луара, Эн, Кот-д’Ор, Іона. Нідэрл. ўладанні перайшлі да Габсбургаў (канчаткова ў 1482 пасля смерці дачкі Карла Смелага Марыі Бургундскай і спынення бургундскай дынастыі).
Да арт.Бургундыя. Музей прыгожых мастацтваў (былы палац герцагаў Бургундскіх) у Дыжоне. 1682. Арх. Ж. Ардуэн-Мансар.