галіна навукі і тэхнікі, якая займаецца вывучэннем, стварэннем і выкарыстаннем робатаў. Уключае: галіну механікі, звязаную з распрацоўкай мех. канечнасцей — маніпулятараў, у т. л. для выканання вытв. аперацый, а таксама з прыстасаваннем тэхналогіі вытв-сці да магчымасцей прамысловых робатаў (прамысл. Р., або робататэхналогія); раздзелы, звязаныя са стварэннем і выкарыстаннем штучных органаў пачуццяў (сенсорная тэхналогія), з навучаннем робата элементам разумовай дзейнасці (інтэлект штучны), з імітацыяй здольнасці чалавека або жывёлы перамяшчацца ў любым напрамку (мабільныя робаты-цялежкі на колах, шагаючыя апараты, пратэзы, тэхн. сістэмы біёнікі) і інш.Асн. сродак сучаснай Р. — робат-маніпулятар, мае ад 3 да 8 ступеняў рухомасці, у якасці праграмнага кіравання — звычайна многапрацэсарную ЭВМ.
Звесткі пра штучныя жывыя істоты ёсць у многіх стараж. міфах. Паводле аднаго з іх, афінскі механік і скульптар Дэдал стварыў некалькі мех. статуй багоў (у т. л. Афрадыты), якія маглі рабіць розныя рухі. Дакладна вядома пра статуі багоў, якія рухаліся з дапамогай механізмаў, створаных Геронам Александрыйскім (1 ст. н.э). Паўзаній (2 ст.н.э.) сведчыць пра мех. арла, які мог падымацца ў паветра. Адмысловыя мех. людзі і жывёлы зроблены майстрамі сярэдневякоўя і больш познімі, напр., мех. чалавек Альберта Вялікага (13 СТ.), які мог адказваць на пытанні, певень, які махаў крыламі (13 ст), качка, якая пырхала, брала, праглынала і ператраўляла ежу, франц. механіка Ж.Вакансона (18 ст.), андроід «пісец» швейц. гадзіншчыка П.Ж.Дроза (18 ст.), мех. лялькі «каракуры» яп. лялечных тэатраў (17—19 ст). Першы робат сканструяваў амер.інж. Дж.Венслі ў 1927 (экспанаваўся на Сусв. выстаўцы ў Нью-Йорку), яп вучоны Н.Макота ў 1928 стварыў робат «Прыродазнавец» (лічыцца пачаткам яп. робатабудавання). У 1930-я г. ў сувязі з аўтаматызацыяй вытворчасці пашырылася выкарыстанне робатаў-аўтаматаў. У 1960-х г. у ЗША узніклі прамысл. робаты, якія пачалі ўключацца ў зборачныя гібкія вытворчыя модулі і сталі структурным элементам гібкай аўтаматызаванай вытворчасці. Сродкі Р. пачалі выкарыстоўвацца як асн.тэхнал. машына (для апрацоўкі дэталей) або для выканання дапаможных аперацый (загрузкі станкоў і інш.; гл.Рабатызаваны тэхналагічны комплекс). Асн. адрозненне сістэм Р. ад аўтаматычных ліній і станкоў-аўтаматаў — магчымасць хуткага перапраграмавання і пераналадкі на выкананне інш.тэхнал. задачы. У сувязі з гэтым Р. знайшла выкарыстанне пры вытв-сці невял. партый вырабаў або дзе па тэхналогіі патрэбны складаныя маніпуляцыйныя аперацыі (напр., пры кропкавай і дугавой зварцы корпусных дэталей). У канцы 1960-х г. у Р. ўзнік новы навук. кірунак, звязаны са стварэннем інтэлектных робатаў. Важнай сферай выкарыстання Р. сталі маніпуляцыйныя аперацыі ў экстрэмальных асяроддзях (з ядавітымі або радыеактыўнымі рэчывамі, у вакууме, космасе і інш). У 1970—80-я г. робатабудаванне ператварылася ў развітую галіну прам-сці.
На Беларусі Р. развіваецца з 1975, калі пачалі выпускацца і выкарыстоўвацца прамысл. робаты. Вытворцамі прамысл. робатаў і робататэхн. комплексаў былі з-д сродкаў комплекснай аўтаматызацыі (Мінск), ВА «Тэхнапрылада» (г. Магілёў), Мінскі гадзіннікавы з-д і інш. На гэтых прадпрыемствах створаны робаты серый РМ, «Гранат», ТУР і інш. Спажыўцы сродкаў Р. — гадзіннікавы, тэлевізійныя, трактарны і інш. з-ды (гл.Прыладабудаванне). У 1983 у БПА створаны першы ў СССР факультэт робатаў і робататэхн. сістэм (з 1998 — інфарм. тэхналогій і робататэхнікі).
Літ.:Маслов В.А., Муладжанов Ш.С. Робототехника берет старт. М., 1986; Накано Э. Введение в робототехнику: Пер. с яп.М., 1988; Боголюбов А.Н., Никитин Д.А. Популярно о робототехнике. Киев, 1989; Фу К., Гонсалес Р., Ли К. Робототехника: Пер. с англ.М., 1989; Попов Е.П. Робототехника и гибкие производственные системы. М., 1987; Баранов В.В., Кулешов В.С., Третьяков Э.А. Современное состояние и тенденции развития промышленной робототехники. М., 1988.
Г.І.Хуцкі, У.М.Сацута.
Робататэхніка: 1 — шагаючы механізм з электрычным кіраваннем; 2 — спецыялізаваны робат для дугавой зваркі; 3 — падводная машына-робат з дыстанцыйным кіраваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Лаша́, лоша ’жарабя да двух год’, лошачок, лашаня, лошэня ’тс’ (маз., З нар. сл., Шур, дыс., Мат. Гом.), лельч.лошатко ’жарабя да аднаго года’ (.ПАГНІ), лашак ’жарэбчык пасля двух год’, лошак, лошук ’жарабя, малады конь’ (ТС, Шур, дыс.), лашчак ’тс’ (Сцяшк.) лашонак ’тс’ (паўд.-усх., КЭС, Мат. Гом., Бел. казкі), /канатка ’тс’ (жлоб., Нар. словатв.; браг., Мат. Гом.), лашьіцка ’жаробка’ (Шур, дыс.; в.-дзв., Шатал.), лошыцка, лошыца ’маладая кабыла’ (Мат.; маз., З нар. сл., ТС), лашьічка ’тс’ (паўд.-усх., КЭС). Укр.лоша, лошатко, лошаточко ’жарабя’, лошук, лошак ’двух-, трохгадовае пажаданае жарабя’, закарп.лоша ’тс’, н.-валынск.лошііня ’жарабя’, лошун ’конь’, лошиця ’кабыліца’. Рус.валгагр., стаўрап.лоша, пск.лошага, паўд.лошбнок, наўг., перм.лощак ’тс’. Цюркізм (параўн. чуваш.лаша ’конь’, туркм.дыял., карач., тат., башк., кумык.алаша ’тс’, тур.дыял. ’худая каняжына’, азерб. ’кляча’) запазычаны ў перыяд Кіеўскай Русі або нават раней. Шляхі запазычання ва ўсх.-слав. мовы маглі быць рознымі: у ст.-рус. — з булгарскай мовы (Філін, Происх., 561–562), печанежскай (Дабрадомаў, История лекс., 6). Супраць апошняга гл. Адзінцоў, Этимология–1972, 125. Печанежская мова магла быць крыніцай запазычання ў ст.-бел. (ст.-укр.) мову пасля прыходу печанегаў у IX ст. у між рэчча Дона і Дуная. Гл. таксама лошадзь, лашчак.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ба́чыць (з XVI ст.; Нас. гіст.), укр.ба́чити (з XVI ст.; Цімчанка), рус.дыял.ба́чить (рус. слова засведчана з пач. XVII ст. і запазычана з укр. мовы; Праабражэнскі, 1, 20; Шанскі, 1, Б, 61). Запазычанне з польск.baczyć ’тс’ (а гэта пераразлажэннем з *obačiti: *ob‑ačiti → *o‑bačiti > bačiti, дзе ač‑, ak‑ да і.-е. кораня, што і ў слове *oko ’вока’). Гл. Ільінскі, PF, 11, 183; Бернекер, Зб. Ягічу, 598–599; Бернекер, 24; Траўтман, 4; Ваян, RÉS, 22, 7; Слаўскі, 1, 24; Фасмер, 1, 138. Іначай, але непераканаўча, Брукнер, 10 (ад польск.baka ’вока’). Неверагодна Мацэнаўэр, LF, 7, 4 (запазычанне з тур.bakmak ’бачыць’); Махэк, SP (Brno), 2, 1953; 135; SP (Brno), 4, 1955, 32 (сувязь з польскім opatrzyć, славац.páčiť). Таксама вельмі няпэўнай з’яўляецца этымалогія Лера–Сплавінскага, JP, 26, 166–170 (= Studia, 195–198) аб паходжанні польск. слова ад выклічніка ба! Памыляўся Лорэнц, Pomor., 1, 13, які лічыў bačitiпрасл. словам. Факт усх.-слав. запазычання з польскай мовы на аснове дадзеных помнікаў добра асвятліў Лер-Сплавінскі (там жа). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 42; Трубачоў, Этимология 1965, 44–47. Сюды, мабыць, адносіцца і бачыць ’не дагаджаць’ (Яўс.: Чым я табе бачу, што ты ны мяне так узьеўся?), але развіццё семантыкі растлумачыць цяжка. Да ба́чыць адносяцца і ба́чны, ба́члівы і г. д.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Со́рак ‘лік і лічба 40’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Стан.), со́рок ‘тс’ (ТС), ст.-бел.сорок. Укр., рус.со́рок, стараж.-рус.сорокъ ‘сорак’, ‘звязка з 40 скур собаля’. Польск.sorok ‘звязка з 40 скур собаля’ (XVІ–XVІІ стст.) запазычана з рус. (Брукнер, 507). Гэтае слова замяніла больш старажытнае четыре десѧте. У старабеларускай мове яшчэ ў XVII ст. для абазначэння лічэбніка ўжывалася четыредесять і сорокъ, а ў XVI і XVII стст. сорокъ таксама шырока ўжывальнае як адзінка лічэння футравых скурак (гл. Скурат, Меры, 167–168). Існуючыя этымалогіі спрэчныя. Тлумачылі (Міклашыч, 316; Брукнер, там жа і інш.) з грэч.(τε)σσαρακοντα ‘сорак’, новагрэч.σαράντα, або з грэч.τεσσαρακοστή, с.-грэч.σαρακοστή ‘саракадзённы пост’, але гэта версія не ўлічвае значэння ‘звязка футравых скурак’. Таму дапускалі сувязь з сарочка (гл.) аналагічна ст.-сканд.serkr ‘кашуля’ і ‘200 скур’; гл. Кіпарскі, Gemeinslav., 100; Фасмер, 3, 722–723 з літ-рай. Груненталь (AfslPh, 42, 318) прыводзіць яшчэ славац.meru ‘сорак’ з венг.mérő ‘футра’. Трубачоў (у Фасмер, 3, 723) не выключае магчымасці запазычання ст.-усх.-слав.*съркъ, да якога можа ўзыходзіць сорак, з цюркскіх моў, параўн. тур.kirk ‘сорак’, з дысіміляцыяй k — k > s — k. Агляд праблематыкі гл. Жураўлёў, Язык и миф, 641–642. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 356.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сі́лега, сі́ляга ‘лаза’ (лун., ЛА, 4; пін., Сл. ПЗБ), сі́лега ‘лаза з сіняватым налётам на чырвонай кары’ (ТС), ‘зараснік кошыкавай лазы, Salix viminalis L.’ (жытк., стол., тур., Яшк.), сіле́га ‘тс’ (лун., ЛА, 4), сіляга́ ‘лаза’ (Мат. Гом.), сыля́га ‘дробнае і гнуткае галлё, лазняк’ (пін., Нар. лекс.), сіле́га ‘расшчэпленае хваёвае карэнне, з якога плятуць кашы’ (лун., Шатал.), сі́лежына ‘адзін куст сілегі’ (ТС), шы́лега ‘сілега’ (стол., Яшк.). Відаць, сюды ж і ст.-бел.силяжы ‘кізіл’ (Ст.-бел. лексікон). Укр.шелюга́, шелюжи́на ‘тс’, рус.дыял. (без лакалізацыі) шелюга́ ‘тс’, шелю́жина ‘палка, дубец з шелюги’. Фасмер (4, 427) параўноўвае яшчэ з рус.астрах.шелужи́на ‘доўгі дубец’, рус.-ц.-слав.шелыга ‘дубец’, серб.-ц.-слав.солыга ‘палка’. Пэўнай этымалогіі няма. Машынскі (Uwagi, 18) лічыў несумненнай сувязь з ст.-ісл.selja, ст.-в.-ням.salaha ‘вярба’. Былі спробы звязваць з ням.Sahlweide ‘вярба’, лац.salix ‘тс’, ірл.sail, Р. скл. sailech ‘тс’. Беларускія формы з пачатковым сі‑ можна было б звязаць, улічваючы функцыю гэтага дрэва, з коранем cіл‑, які ў сіло́, сіляць ‘нанізваць’ і далей з *sei‑ ‘плясці’, г. зн. прыняць першасную форму ⁺сіляга, дзе ‑яга‑ суфікс (з *‑ęga), а напісанне з ‑ега лічыць гіперкарэктным, але звязаць гэта з украінскімі і рускімі формамі цяжка. Гл. шылега.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
МА́ЛЬТА (Malta),
Рэспубліка Мальта (мальтыйскае Repubblika ta’Malta, англ. Republic of Malta), дзяржава на Мальтыйскім архіпелагу, у цэнтр.ч. Міжземнага м. на Пд ад Сіцыліі. Пл. 320 км². Нас. 380 тыс.чал. (1998). Дзярж. мовы — мальтыйская і англійская. Сталіца — г.Валета. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 вер.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1964 (з папраўкамі 1974 і 1987). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць парламенту, у склад якога ўваходзяць прэзідэнт і палата прадстаўнікоў (65 дэпутатаў выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Краіна займае 2 параўнальна значныя а-вы — Мальта (пл. 246 км²) і Гоца (пл. 67 км²) і некалькі дробных. У рэльефе пераважаюць закарставаныя вапняковыя плато выш. да 253 м (на в-ве Мальта). Клімат міжземнаморскі з гарачым сухім летам і мяккай дажджлівай зімой; сярэдняя т-ралют. 12 °C, жн. 25 °C. Ападкаў каля 530 мм за год. Рэк і ручаёў няма. У расліннасці пераважае рэдкі травастой са злакаў, на схілах — пусткі з нізкімі сухалюбівымі хмызнякамі і хмызнячкамі. Невял. гаі з хвоі, пініі, дубу. Жывёльны свет бедны. Рэзерват Гадыра.
Насельніцтва. Каля 98% складаюць карэнныя жыхары — мальтыйцы. Па мове яны блізкія да тунісцаў, па культуры — да жыхароў Паўд. Італіі. Жывуць таксама невял. групы англічан і італьянцаў. Пануючая рэлігія — каталіцызм (больш за 98% насельніцтва). Сярэднегадавы прырост 0,58% (1998). Сярэдняя шчыльн. 1200 чал. на 1 км² (адна з найб. у свеце). Найб. шчыльна заселена паўн.-ўсх.ч. в-ва Мальта. У гарадах жыве больш за 90% насельніцтва. У г. Валета 9,1 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 150 тыс.ж. (1995). Каля 10 тыс.ж. у гарадах Сліма, Хамрун, Рабат, Вікторыя, Зейтун. У прам-сці і буд. занята 25% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 2%, астатнія — у абслуговых галінах. Значная эміграцыя (за мяжой жыве каля 150 тыс. мальтыйцаў) пераважна ў Аўстралію і Вялікабрытанію.
Гісторыя. Першыя паселішчы чалавека з’явіліся на М. ў эпоху неаліту каля 4-га тыс. да н.э. З таго часу на а-вах Мальта і Гоца захаваліся унікальныя мегалітычныя культавыя пабудовы. абнесеныя сценамі цыклапічнай муроўкі. З часоў антычнасці М. з-за зручнага геагр. і стратэг. становішча ў цэнтры Міжземнамор’я неаднаразова была аб’ектам каланізацыі і ваен. захопаў. У 13 ст. да н.э. яе каланізавалі фінікійцы. з 8—7 ст. да н.э. — карфагеняне. У 6—3 ст. да н.э. М. — уладанне Карфагена, з 218 да н.э. — Стараж. Рыма, у 395—870 н.э. — Візантыі (у 5 ст. часова захоплена вандаламі, потым остготамі). У 870—1091 М. валодалі арабы, якія значна паўплывалі на гаспадарку, культуру і мову яе насельніцтва. У 1091 заваявана нарманамі і ў 12 ст. далучана імі да Сіцылійскага каралеўства. З 1302 М. разам з Сіцыліяй належала каралеўству Арагон, з 1504 — у складзе падначаленага Іспаніі Сіцылій абедзвюх каралеўства. У 1530 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» (адначасова ісп. і сіцылійскі кароль) Карл V перадаў М. каталіцкаму рыцарскаму ордэну іаанітаў (Мальтыйскі ордэн). У 16 ст. М. неаднаразова цярпела ад нападаў тур. флоту і войск. У 1565 рыцары вытрымалі ва ўмацаваннях в-ва Мальта працяглую. і жорсткую тур. аблогу. У 1566 вял. магістр ордэна Ж. дэ ла Валет заснаваў на М. сталіцу — г. Валета. У 1775 адбылося паўстанне мясц. насельніцтва супраць іаанітаў. У 1798 М. захоплена Францыяй. у 1800 — Вялікабрытаніяй, якая стварыла тут ваен.-марскую базу. Стратэг. значэнне М. вырасла пасля адкрыцця ў 1869 Суэцкага канала. У час 1-й і 2-й сусв. войнаў парты М. служылі базай ваен.-марскіх сіл Вялікабрытаніі і яе саюзнікаў, у 1940—43 яна цярпела ад налётаў ням. і італьян. авіяцыі, ад абстрэлаў і блакады з мора. Пад націскам нац.-вызв. барацьбы мальтыйцаў Вялікабрытанія ў 1921 і 1947 давала М. абмежаванае самакіраванне (адменена ў 1933 і 1959), у 1962 прадаставіла ўраду М. права вырашаць справы краіны. акрамя пытанняў знешняй палітыкі і абароны. З 21.9.1964 М. — незалежная дзяржава ў складзе брыт. Садружнасці. Да 1974 канстытуцыйная манархія (кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам).
13.12.1974 М. абвешчана парламенцкай рэспублікай. У 1979 з краіны выведзены апошнія брыт. войскі. 14.5.1981 М. афіцыйна абвясціла аб сваім нейтралітэце. Ва ўнутрыпаліт. жыцці асн. барацьба за ўладу адбываецца паміж Нацыяналіст. і Лейбарысцкай партыямі. У перыяд першага праўлення лейбарыстаў (1971—87) створаны моцны дзярж. сектар эканомікі, закладзены асновы незалежнага знешнепаліт. курсу М. З 1994 прэзідэнт краіны — лідэр лейбарыстаў У.Міфсуд Банічы. На парламенцкіх выбарах 1998 перамагла Нацыяналіст. партыя (прыхільнікі ліберальнай эканам. мадэлі з прыярытэтам прыватнай уласнасці на сродкі вытв-сці), яе лідэр Э.Фенек Адамі сфарміраваў урад. Дзейнічаюць таксама Дэмакр. партыя М., рух Дэмакр. альтэрнатыва. Асн. прафсаюзы: Усеагульны саюз рабочых і Канфедэрацыя прафсаюзаў М. М. — чл.ААН (з 1964), Савета Еўропы (з 1965), асацыіраваны чл.Еўрап.эканам. супольнасці (з 1971). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 16.2.1993.
Гаспадарка. М. — эканамічна развітая краіна. Штогадовы даход на 1 чал. 12,9 тыс.дол. (1997). Абслуговыя галіны даюць 61% даходаў краіны, прам-сць — 34%, сельская гаспадарка — 5%. У эканоміцы пераважае замежны (пераважна англійскі) капітал. Дзяржаве належыць шэраг прамысл. прадпрыемстваў, яна фінансуе развіццё партоў, агракомплексаў, прамысл. зон, станцый апраснення марской вады, пашырэнне сеткі атэляў, асваенне непрыдатных зямель. Аснова эканомікі — суднарамонт, транзітна-трансп. паслугі, замежны турызм. Мальтыйскія докі рамантуюць судны больш чым 70 краін свету (адно з найб. суднарамонтных прадпрыемстваў на Міжземным м.), на іх занята больш за 5000 рабочых. Важнае значэнне транзітнага гандлю, забеспячэнне гандл. суднаў розных краін палівам, вадой і інш. Павялічваецца роля замежнага турызму. Штогод бывае больш за 1 млн. турыстаў, пераважна з Вялікабрытаніі, Італіі, краін Паўн. Еўропы. Турыстаў прываблівае маляўнічае ўзбярэжжа, сонечнае надвор’е, гіст. і арх. помнікі. У 1994 турызм прынёс даход у 639 млн.дол. Развіты электронная, тэкст., трыкат., абутковая, мэблевая, харч. (кансервы) і харчасмакавая (асабліва вінаробства і тытунёвая) прам-сць, вытв-сцьпрамысл.хім. прэпаратаў, касметычных і фармацэўтычных вырабаў, буд. матэрыялаў і інш. Ёсць з-д па зборцы аўтамабіляў і аўтарамонтныя майстэрні. Развіты саматужныя промыслы — выраб карункаў, філігранных упрыгожанняў, пляценне з саломы, хатняе ткацтва, чаканка па серабры і золаце, шкловыдзімальнае майстэрства. Выпрацоўка электраэнергіі — 1,4 млрд.кВт∙гадз (1996). Электрастанцыі працуюць на імпартнай нафце. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Апрацоўваецца каля 14 тыс.га. Значная частка зямлі належыць царкве, якая здае яе ў арэнду сялянам. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі пл. да 2 га. Гал. культуры: ранняя бульба, памідоры, салодкі перац, капуста, цыбуля. Вырошчваюць таксама бахчавыя культуры, бавоўнік, пшаніцу і ячмень. За год здымаюць 2—3 ураджаі.
Развіты садоўніцтва (вінаград, апельсіны, аліўкі, інжыр), кветкаводства і насенная гаспадарка. Жывёлагадоўля развіта менш з-за недахопу кармавых угоддзяў. Пагалоўе (тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 15, свіней — каля 55, коз і авечак — каля 12. Птушкагадоўля (каля 1,5 млн. курэй). Рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і марскі. На астравах 1,3 тыс.км аўтадарог. А-вы Мальта і Гоца злучаны паромнай пераправай. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі. Гал. порт Валета. Міжнар. аэрапорт Лука на в-ве Мальта. У 1996 экспарт склаў 1,7 млрд.дол., імпарт — 2,8 млрд.дол. У экспарце пераважаюць прадукцыя машынабудавання, швейныя і трыкат. вырабы, тканіны, абутак, ранняя агародніна і кветкі, у імпарце — харч. прадукты, паліва, машыны і паўфабрыкаты. Асн.гандл. партнёры: Італія (32% экспарту, 27% імпарту), Германія (адпаведна 16 і 14%), Вялікабрытанія (8 і 13%). Значную ролю адыгрываюць грашовыя пераводы грамадзян М., якія жывуць за мяжой. Грашовая адзінка — мальтыйская ліра.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), М.Г.Нікіцін (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Га́за ’газа’ (БРС, Шат., Бяльк., Касп., Гарэц., Др.-Падб., Яруш.). Укр.гас, газ ’газа’. Польск.gaz, gaza, gas ’тс’. Для ўкр.гасРудніцкі (579) прымае паходжанне ад слова газолін (і пад уплывам слова гасити, гаснути). Уся група слоў не вельмі яснага паходжання Зразумела, што ёсць сувязь з газ1 (гл.), але значэнне ’газа’ растлумачыць не проста. Параўн. яшчэ балг.газ ’нафта, газа’, якое БЕР (III, 224) лічыць запазычаннем з тур.gaz yaǧi (а гэта калька з англ.gas оіl). Можна ўказаць яшчэ на наяўнасць двух значэнняў і ў рум.gaz ’газ, газа’. Гэтыя значэнні ёсць і ў венг.gáz (гл. MESz, 2, 1037). Для надзейнай этымалагізацыі і значэнняў (яўна другасных) гэтага слова не хапае дакладных гістарычных даных і можна толькі меркаваць, што супадзенне значэнняў ’газ, газа’ тлумачыцца канкрэтнымі тэхналагічнымі дэталямі (можна, напр., меркаваць пра першапачатковы перанос назваў, звязаных з газавым асвятленнем пры дапамозе газы). Здаецца, што першапачаткова перанос назвы для газы меў месца іменна ў рум. мове, што, магчыма, тлумачыцца канкрэтнымі мясцовымі ўмовамі.
Ґаза́ ’лямпа’ (Сцяц.). Бясспрэчнае запазычанне (параўн. і выбухное ґ). Але слова ў такой форме і з такім значэннем няма ў іншых мовах. Таму можна меркаваць, што гэта новаўтварэнне на беларускай глебе: ґа́за ’лямпа’ атрымалася, відавочна, скарачэннем слоў тыпу газні́к, газніца, газоўка. Фармальна бел. слова супадае з польск.gaza ’газа’, але значэнні слоў разыходзяцца.
Газа ’халоднае і хмурае асенняе надвор’е’ (Кліх). Няясна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Магі́ла ’яма для пахавання мёртвых’, ’капец зямлі над магілай’ (перан.) ’смерць, таямніца’ (ТСБМ, Грыг., Бяльк., Яшк., Булг., Сл. ПЗБ), укр., рус.моги́ла ’капец зямлі, курган’, ст.-рус.могыла ’капец’, польск.mogiła ’яма’, ’капец зямлі над ёй’, палаб.mügʼȧla ’яма’, в.-луж.mohila, ст.-луж.mogyla, н.-чэш.mohyla — з больш ранняга перыяду захаваліся толькі тапонімы: Mohelno, Mohelnice і інш.; славац.mohyla, славен.gomíla ’куча зямлі’, серб.-харв.го̀мила, мо̀гила ’тс’, макед.могила ’капец, узгорак’, балг.могила ’капец’. Гэта значэнне было першасным. Генетычна блізкія: рум.măgură і алб.magulʼë ’узгорак’, gamule ’куча зямлі і травы’, якія Фасмер (Stud. zur albanes. Wortforsch., Dorpat, 1921, 1, 18) выводзіць са слав.Міклашыч (420), Фасмер (там жа), Жалтоў (ФЗ, 1877, 4, 68 і наст.) сцвярджаюць сувязь са слав.mogǫ ’магу’ > ’пануючае месца’. Гэтак жа Брукнер (343) — з кораня mog‑ ’моцны’, параўн. аналагічна ўтворанае слова курган, якое з тур.kurgan ’крэпасць’, г. зн. ’зямная цытадэль’. Машынскі (Zasięg, 215) збліжае слав.mogyla ’капец, куча’ з сібір.тат.mogol, марыйск.mugõlʼo ’стог сена’. Паводле Алесіо (RIO, 3, 1951, 243) — гэта субстратнае слова, аснова якога балканская: magũla; Хубшмідт (Этимология–1967, 243–245) лічыць слав. слова даіндаеўрапейскім, крыніца запазычання невядомая. Сюды ж: маглі́цы, магіліцы, магілёва, магі́льня, ’могілкі’, магі́льнік, могільнік ’тс’, ’могільнік’ (Жд. 1, Бяльк., ТСБМ, Грыг., Нас., Сл. ПЗБ, докш., Янк. Мат.), магільніца — вёска, ля якой шмат панасыпаных курганоў (Янк. 1).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ма́йна1 ’апускай уніз! (у мове грузчыкаў, будаўнікоў)’ (ТСБМ), рус.чарнаморск.ма́йна ’паднімай ветразі!’, лат.maina ’апускай!’ (у мове грузчыкаў), тур.mayna ’апускай ветразі!’ < італ.(am)mainare ’тс’. Недастатковасць матэрыялу не дазваляе вызначыць шлях запазычання ў бел. мову.
Ма́йна3 ’маннік наплываючы, Glyceria fluitans (L.)’ (маг., Кіс.) — з манна, у выніку распадабнення нн > йн; укр.манна ’тс’, рус.манник ’тс’. Да ма́нна (гл.). Матывацыя: гэта расліна для славян была вельмі важнай — у перыяд нястачы яны збіралі яе насенне і ўжывалі ў ежу (Махэк, Jména, 280).
Майна́1 ’трызненне’, майна́чыць ’трызніць’, ’гаварыць абы-што, выдумляць’ (гродз., паст., Сл. ПЗБ), стаўбц.майна́чыць ’гаварыць абы-што, без толку’ (З нар. сл., Жыв. сл.), ’адмаўляцца ад абяцання, ашукваць’ (Сл. ПЗБ), ’хлусіць’ (гродз., Сцяшк. Сл.). Беларускае. Дзеяслоў з’яўляецца паўкалькай (майна‑чыць, як дзіва‑чыць), першая частка якой — балтызм, параўн. літ.mainaĩ ’абмен, мена’, лат.maiņa ’тс’, ’перамена’, ’змена’, ’змяненне’. Ад літ.mainýti выводзяць: Грынавяцкене і інш. (Liet. term., 177, 182) і Лаўчутэ (Сл. Балт., 69).
Майна́2 ’водарасці (у вадзе або высахлыя)’ (жытк., Нар. словатв.). Няясна. Магчыма, да ма́йна3 (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Та́бар1 ’стан або абоз цыганоў’, ’умацаваны лагер з абозам’, ’часовая стаянка; бівак’ (ТСБМ, Нас., Ласт.), та́бор ’тс’ (Вруб.), сюды ж вытворныя та́барышча ’месца стаянкі цыганоў; выган, паша’ (Бяльк.), ’скопішча, стан’ (Нас.), та́бірышча ’месца жыхарства’ (барыс., Сл. ПЗБ), табо́ры мн. л. ’лагер’ (вільн., Сл. ПЗБ), та́барыцца ’сяліцца’ (віл., Сл. ПЗБ). Укр.та́бір, та́бур, рус.та́бор, польск.tabor, чэш., славац.tábor, славен.tábor, серб.-харв.та̑бор, балг.та́бор ’тс’, макед.табор. Ст.-бел.таборъ ’абоз, табар’ запазычана ў канцы XVI ст. са ст.-польск.tabor, якое, у сваю чаргу, лічыцца запазычаннем XV ст. са ст.-чэш.tábor. Першапачаткова азначала гусіцкі лагер і паходзіла ад аднайменнай назвы зададзенага гусітамі горада Tábor, якая ад наймення біблейскай гары Thabor (Фавор у Назарэце), гл. Трубачоў, Дополн. (4, 7, з літ-рай.), Голуб-Ліер, 475; Рэйзак, 648. Мажліва, таксама з крым.-тат.tabur ’вайсковы абоз’ (Фасмер, 4, 6–7; ЕСУМ, 5, 499; Булыка, Лекс. запаз., 122), дзе з польск.tabor або венг.tábor (Брукнер, 563). Вывядзенне з тур.tabur ’полк, батальён, пастроены ў выглядзе квадрата’, першапачатковая семантыка ’месца, прастора, якую атаварыў полк’ (Сной₁, 651), абвяргаецца цюрколагамі, гл. Немет, Acta Ling. Hung., 3, 431–436; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 387. Параўн. атабарыцца, гл.
Та́бар2 ’гайня ваўкоў’ (чашн., круп., ЛА, 1), ’гайня, зграя ваўкоў і сабак’ (Жыв. св.). Метанімічны перанос з та́бар1 са значэннямі ’група; скопішча’.