складаная дзеяслоўная форма прошлага часу індаеўрапейскіх моў, існуе і цяпер у некат. слав. мовах. У стараж.-рус. мове ўтвараўся спалучэннем дапаможнага дзеяслова «быти» ў формах цяперашняга часу з актыўным дзеепрыметнікам прошлага часу на «-л», які змяняўся па родах і ліках. Абазначаў дзеянне або стан, вынікі якога захоўваюцца ў момант гутаркі: «азъ есмь пришелъ — я прыйшоў» (і цяпер знаходжуся тут). У бел. мове з развіццём трывальных адрозненняў у дзеяслова П. выцесніў з ужытку аорыст і імперфект, увабраў у сябе іх значэнні і стаў асн. формай для выражэння ўсіх адценняў мінулага дзеяння. Паступова страціў дапаможны дзеяслоў, дзеепрыметнік на «-л» увайшоў у парадыгму дзеяслова, пачаў успрымацца як форма прошлага часу, суадносная з формамі цяперашняга і будучага часу: «пішу — буду пісаць — пісаў». Канцавое «-л» у формах мужч. родуадз. л. ў вымаўленні змянілася на «ў»: «былъ — быў», «далъ — даў». На пісьме гэта з’ява адлюстравалася толькі ў 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫ́КЛ (Periklēs; каля 490—429 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паліт. і дзярж. дзеяч, стратэг Афінаў у 444—31 і 429 да н.э. Паходзіў са стараж. арыстакратычнага роду; атрымаў добрую адукацыю, Прыхільнік дэмакратыі, працягваў распачатую Эфіяльтам дэмакратызацыю дзярж. ладу Афінаў. Ініцыіраваў скасаванне маёмаснага цэнзу пры выбранні службовых асоб і ўвядзенне грашовай аплаты працы суддзяў. Пры ім вялося шырокае ваен., грамадскае і культавае буд-ва, у т. л. пабудаваны Афінскі Акропаль. Імкнуўся забяспечыць марскую магутнасць Афінаў, цэнтралізацыю Архе Афінскай, супрацьстаяў Пелапанескаму саюзу. Паспрыяў паліт. і эканам. росквіту Афінаў, ператварэнню іх ў буйны культ. цэнтр стараж. свету.
Літ.:
Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до н.э.Мн., 1975;
Кравчук А. Перикл и Аспазия: Ист.-худож. хроника: Пер. с пол. М., 1991;
Фукидид. История: Пер. с греч. М., 1993;
Плутарх. Сравнительные жизнеописания. М.;
Харьков, 1999.
Я.У.Новікаў.
Перыкл. Мармуровая копія з бронзавага бюста Крэсілая. 2-я пал. 5 ст да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́НЧЫШЧАЎ (Васіль Васілевіч) (1702—29.8.1736),
расійскі мараплавец. Са старадаўняга шляхецкага роду Магілёўшчыны. Скончыў Маскоўскую школу матэм. і навігацыйных навук (1718). У 1733 лейтэнант і кіраўнік аднаго з паўн. атрадаў 2-й Камчацкай экспедыцыі па апісанні берагоў Паўн. Ледавітага ак. ад вусця р. Лена да вусця р. Енісей. У 1735 на парусна-вяслярнай дубель-шлюпцы «Якуцк» прайшоў па р. Лена з Якуцка да вусця, з правядзеннем інструментальнай здымкі гэтай ч. ракі. У 1736 даследаваў усх. бераг п-ва Таймыр і ўздоўж яго падняўся на Пн да 77°29′паўн. ш., адкрыў в-аў Пятра і ўсх. групу а-воў Самуіла (цяпер — Камсамольскай Праўды). На зваротным шляху П. памёр ад цынгі. У плаваннях П. прымала ўдзел яго жонка Марыя Прончышчава — першая рас. палярная падарожніца. Імем П. названы ч.ўсх. берага п-ва Таймыр, краж паміж вусцем рэк Алянёк і Анабар. У гонар М.Прончышчавай — бухта ў м. Лапцевых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,
кірунак прававой навукі, у якім права разглядаецца як прадукт рознага родупсіхал. установак, інстынктаў, эмоцый. Склалася ў пач. 20 ст. адначасова з паяўленнем псіхал. кірункаў у сацыялогіі і інш.сац. навуках. З пункту гледжання прадстаўнікоў П.ш.п., прычыны, якія абумоўліваюць існаванне і дзеянне права, карэняцца ў псіхалогіі асобы ці сац. групы, а не ў сац.-эканам. і паліт. умовах дзяржаўна-арганізаванага грамадства. Адзін з пачынальнікаў П.ш.п. — франц. сацыёлаг і правазнавец Г.Тард лічыў, што ў аснове ўсіх каштоўнасцей і норм, у т. л. прававых, ляжыць інстынкт пераймання. Найб. яркім прадстаўніком П.ш.п. быў рас. юрыст Л.І.Петражыцкі. У ням. л-ры пад уплывам фрэйдызму і бергсаніянства склалася канцэпцыя «прававога пачуцця», паводле якой гал. у праве з’яўляюцца судовыя рашэнні, у аснове якіх ляжаць інтуіцыя, падсвядомыя перажыванні, глыбінныя псіхал. ўстаноўкі суддзі, а не нормы права. У 1930-я г. гэта канцэпцыя, якая, парушаючы прынцып законнасці, пашырала т.зв. «свабоднае судзейскае гледжанне», была ўспрынята ў ЗША рэалістычнай школай права.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГО́ЗА (Міхаіл) (каля 1540 — паміж 18.6 і 15.8.1599),
праваслаўны, потым уніяцкі царкоўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Са шляхецкага роду герба «Рагоза» Мінскага ваяв. Пасля прыняцця манаства архімандрыт манастыроў — Мінскага Ушэсця (з 1579), Слуцкага Траецкага (з 1582), Морацкага. З 1589 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Праводзіў рэформы правасл. царквы з мэтай павысіць аўтарытэт і адукацыю духавенства і паменшыць умяшанне свецкіх улад у царк. справы. Пры ім забаронена свецкім асобам кіраваць манастырамі, усталявана новая працэдура прызначэння епіскапаў і мітрапаліта (з 1590 кароль зацвярджаў адну з 4 кандыдатур, вылучаных на штогадовым саборы духавенства з удзелам шляхты і брацтваў). Сабор 1594 падпарадкаваў брацтвы царк. іерархам, што ўзмацніла супярэчнасці паміж імі. З 1594 далучыўся да падрыхтоўкі злучэння правасл. царквы з рымска-каталіцкай. Пад яго старшынствам царк. сабор у Брэсце абвясціў Брэсцкую унію 1596 і зацвердзіў яе ўмовы, за што правасл. сабор 1596 пазбавіў яго сана. Ва уніяцкай царкве Р. захаваў тытул мітрапаліта. У пашырэнні уніі карыстаўся падтрымкай каралеўскай улады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Удальрык Крыштоф) (28.1.1712, г. Дзятлава Гродзенскай вобл. — 21.7.1770),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ, польскі і бел. паэт, гісторык. Вучыўся ў Варшаве, Лягніцы. У 1734—62 канюшы ВКЛ, у 1762 вял. пісар ВКЛ, у 1739—46 староста мінскі; пасол на сеймы 1730, 1733, 1736, 1746, 1764, 1767. Служыў у войску ВКЛ, ген.-маёр (1743), ген.-лейтэнант (1748). У 1749 узначальваў паход супраць укр. гайдамакаў, які апісаў у надрукаваным «Дыярыушы». Аўтар твораў «Апісанне ўсіх нацый у Еўропе», «Універсальная гісторыя» (у 1758 надрук. першыя 14 арк.), «Крытыкі свету, або Сатыры», «Вучоныя забавы ў вершах і прозе», гісторыі роду Радзівілаў, панегірыкаў, элегій, од. Выдаў кн. «Апісанне клопатаў людзей усіх саслоўяў» (1741), тэхн. трактаты, некат. вершаваныя творы. Перакладаў на польскую мову творы Сафокла, П.Карнеля, Ж.Расіна. Спрабаваў увесці ў спектаклі прыдворных т-раў бел. мову. Па-беларуску гаворыць адзін з персанажаў пераробкі Р. твора Э.Бурселя «Камедыя Эзопа» (захаваліся 5 радкоў яго ўступнага маналога).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОП (Ropp) Эдвард фон
(14.12.1851, маёнтак Ліксна, цяпер Даўгаўпілскі р-н, Латвія — 25.7.1939),
рэлігійны і грамадска-палітычны дзеяч Літвы і Беларусі. Маці паходзіла з родуПлятэраў. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1875), Ковенскую рымска-каталіцкую духоўную семінарыю (1886), удасканальваў тэалаг. адукацыю ў Інсбрукскім і Фрайбургскім ун-тах. У 1889—1907 ксёндз, канонік, біскуп (з 1904 віленскі). Праціўнік атаясамлівання каталіцызму з польскасцю, спрыяў увядзенню літ. і бел. моў у царк. жыццё. Заснавальнік Канстытуцыйна-каталіцкай партыі Літвы і Беларусі. Дэп. 1-й Дзярж. думы (1906). У 1907—17 пад наглядам паліцыі жыў у маёнтку Нішча Віцебскай губ. З ліп. 1917 арцыбіскуп Магілёўскай рымска-каталіцкай архіепархіі з рэзідэнцыяй ў Петраградзе, у 1919 арыштаваны ўладамі, адпраўлены ў Польшчу, дзе працягваў рэліг. і грамадскую дзейнасць. Да 1931 фармальна лічыўся арцыбіскупам магілёўскім.
Літ.:
Смалянчук А. Біскуп Эдвард Роп // Бел.гіст.часоп. 1994. № 3;
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЗАКТАНІЁЗ,
хвароба раслін, якая выклікаецца недасканалым грыбам з родурызактонія. Пашыраны ва ўсіх зонах бульбаводства. Пашкоджвае пераважна клубні, парасткі, сталоны і сцёблы, выклікае загніванне і заўчасную гібель раслін. На Р. хварэюць буракі, морква, агуркі, капуста, дыні, гарбузы, бавоўнік. На Беларусі найб. шкодны Р. бульбы.
Асн. крыніца інфекцыі — заражаныя клубні, на якіх утвараецца мноства дробных цёмна-бурых ці чорных нарасцей (склероцыі грыба). Пасля пасадкі са склероцыяў развіваецца грыбніца ўзбуджальніка, якая пашкоджвае парасткі: на іх паяўляюцца цёмна-бурыя плямы і язвы; парасткі надломліваюцца і гінуць. На прыкаранёвай ч. сцёблаў паяўляецца белы лямцавы налёт — споранашэнне грыба («белая ножка»). Верхавіннае лісце скручваецца, каля паверхні глебы ўтвараюцца пачварныя клубні, на сцёблах у пазухах лісця — дробныя «сядзячыя» клубні. Сярэднеўстойлівыя да Р. сарты бульбы — Рытм, Тэмп, Агеньчык, Лошыцкі.
Л.М.Прыступук.
Рызактаніёз бульбы: 1 — ніжняя частка расліны з белым лямцавым налётам; 2 — пашкоджаная верхавінка расліны; 3 — клубень са склероцыямі грыба; 4 — клубень з хворымі парасткамі; 5 — «сядзячыя» дробныя клубні; 6 — пачварны клубень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАНІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
дзяржава ў Цэнтр. Азіі са сталіцай у г.Бухара ў 9—10 ст. Узнікла ў выніку распаду Арабскага халіфата (9 ст.), калі ўладу ў Маверанахры і Харасане захапілі намеснікі з роду Саманідаў. Канчаткова склалася пры Ісмаіле Самані [874—907], які ў 892 абвясціў сябе незалежным эмірам. У перыяд росквіту ўключала Маверанахр, Харасан, Паўн. і Усх. Іран; у васальнай залежнасці ад С.дз. былі Гарган, Сістан, Чаганіян, Табарыстан (Мазендэран) і інш. Саманіды імкнуліся стварыць цэнтралізаваную дзяржаву з суцэльнай сістэмай адм. улады і моцным войскам. У гэты час назіраўся ўздым Бухары, Самарканда, Нішапура, Мерва, Ургенча, Герата як буйных цэнтраў рамяства і гандлю. Саманіды падтрымлівалі навукі і мастацтва, пры іх двары працавалі паэты, пісьменнікі, вучоныя, што спрыяла станаўленню новай мусульм.-перс. л-ры і фарміраванню сучаснай перс. мовы (фарсі). З сярэдзіны 10 ст. пачаўся заняпад С.дз., якая спыніла сваё існаванне пасля захопу ў 999 Бухары цюркамі. С.дз. адыграла важную ролю ў этнагенезе таджыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
зад, ‑а, М ‑дзе; мн. зады, ‑оў; м.
1. Задняя частка чаго‑н.; проціл. перад. На крутым павароце зад матацыкла занесла.Б. Стральцоў.Адна хата стаяла задам у вокны другой.Чорны.// Задняя частка тулава жывёлы. [У вепра] доўгая вузкая галава з вялікім лычам.., вострая гарбатая спіна з высокім загрыўкам і вузкім задам.В. Вольскі.//Разм. Частка цела чалавека ніжэй спіны. [Кравец] быў гарбаты без гарба не ад роду: малым быўшы, зваліўся, накольнік, з вішні і ўбіў, як кажуць, ногі ў зад, не вырас.Брыль.
2.толькімн. (зады́, ‑оў). Разм. Тое, што раней вывучана або ўсім вядома. Паўтараць зады.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)