Траві́чы — пра карову: карова пасля першага цяляці (Федар. 7) і, магчыма, тра́ўніца ’цялушка мінулагодняга прыплоду’ (Касп.). Відаць, не можа разглядацца асобна ад драві́чы — пра карову, што целіцца ў першы раз, драві́чае ма́сло ’масла з малака ад такой каровы’ (Тур.), драву́шка ’цялушка другога года’ (рас., Шатал.), ’першацёлка’ (мядз., смаляв., Сл. ЦРБ), драві́ца, дро́віца, дро́вачка, дро́віцка ’тс’ (в.-дзв., петрык., жытк., лельч., ЛА, 1; мазыр., З нар. сл.), дро́ўка ’тс’ (добр., стол., бых., лельч., ЛА, 1; мазыр., лельч., З нар. сл.), драві́цка, дрові́ца ’тс’ (ельск., хойн., Мат. Гом.), ст.-бел. древица ’карова’ (Бел. лекс.). Параўн. рус. смал., варонеж. дро́бка ’першацёлка’, варонеж. дро́мка ’тс’, смал. дроу́шка ’тс’. Няясна; сумніўная сувязь з трава, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БЯРЭ́ЖКІ,
вёска ў Беларусі, у Зэльвенскім с/с Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. За 2 км ад г.п. Зэльва, 200 км ад Гродна, 4 км ад чыг. ст. Зэльва. 157 ж., 86 двароў (1995). Б-ка. Брацкая магіла сав. воінаў і ахвяр фашызму.
Упамінаюцца ў дакументах 1478 як паселішча (дварэц) Копачаў для прыслугі, якая даглядала панскі статак. У 16—17 ст. тут сфарміравалася вёска і ўмацаваны панскі двор кн. Палубенскіх. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1905 вёска Старавескай вол. Слонімскага пав. Гродзенскай губ., 464 ж. З 1921 у Польшчы, у Ваўкавыскім пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Зэльвенскім р-не. У 1962—66 у Ваўкавыскім р-не.
т. 3, с. 413
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВАЕ́ННЫЯ СПРА́ВЫ КАРАЛЯ́ СТАФА́НА БАТО́РЫЯ»
(«Sprawy wojenne króla Stefana Batornego»),
збор гіст. дакументаў пра ўладаранне Стафана Баторыя. Выдадзены ў 1887 у Кракаве (у серыі «Acta Historica», т. 11). Змешчаны 164 дакументы 1576—85: лісты Баторыя да Радзівілаў, Хадкевічаў; вітанне караля пры яго вяртанні з Лівонскай вайны 1558—82, дыярыушы Я.Збароўскага пра ўзяцце замкаў Веліж, Усвяты і Вял. Лукі, Л.Дзялынскага пра аблогу і ўзяцце Веліжа, Вял. Лук і Завалочча; вальнага сейма ў Варшаве 1581; матэрыялы па перагаворах Баторыя са шведамі ў 1582, яго перапіска з Іванам IV і інш. Дакументы ўзяты з архіўных сховішчаў Польшчы, перадрукаваны з выданняў 16 ст., польск. і рас. археаграфічных выданняў 19 ст.
т. 3, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЫЛІ́, кутнікі, каморнікі,
катэгорыя беззямельных сялян на Беларусі ў 16—19 ст. Займаліся рамёствамі, дробнымі промысламі, наймаліся на розныя работы да феадалаў, заможных сялян і гараджан. Некат. мелі сваю хату, жывёлу, агарод, сенажаць; іншыя жылі ў чужых хатах, займаючы кут ці камору, або нават жабравалі. Асн. павіннасцю бабылёў была бабыльшчына — грашовы чынш, памер якога залежаў ад заможнасці; тыя, хто меў сваю хату, плацілі падымнае. Бабылёў у зах. раёнах Беларусі часцей называлі кутнікамі ці каморнікамі. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі (канец 18 ст.) бабылёў абкладалі падушным падаткам, надзялялі зямлёю, яны выконвалі павіннасці; да сярэдзіны 19 ст. зліліся з асн. масай сялян. Бабылямі сталі называць адзінокіх, бедных, бяздомных людзей.
В.І.Мялешка.
т. 2, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЫНА́ЦЫЯ (польск. ordynacja ад лац. ordinatio упарадкаванне),
1) у сярэдневяковай Польшчы збор прававых нормаў, якімі кіраваліся ўстановы, арг-цыі, суды.
2) Збор прававых нормаў, якія рэгулявалі спадчыннае права на нерухомую маёмасць пэўных магнацкіх родаў у Рэчы Паспалітай, а таксама адпаведнае зямельнае ўладанне. Асн. прынцыпы ардынацыі — непадзельнасць і неадчужальнасць зямельнага ўладання, якое пасля смерці ўладальніка (ардыната) пераходзіла да старэйшага нашчадка старэйшай мужчынскай лініі (жанчыны за нашчадкаў не лічыліся). Першыя ардынацыі (Нясвіжская і Клецкая на Беларусі, Алыцкая на Украіне) заснаваны Радзівіламі ў 1586, зацверджаны соймам у 1589. Уласныя ардынацыі стварылі магнаты Замойскія (зацверджана ў 1589), Мышкоўскія (1601), Астрожскія (1609), Сулкоўскія (18 ст.). Ардынацыі працягвалі існаваць у Рас. імперыі і Польск. рэспубліцы; скасаваны сеймам у 1939.
т. 1, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРУ́НЫ,
вёска ў Беларусі, у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Баруны». За 21 км на ПдУ ад Ашмян, 222 км ад Гродна, 20 км ад чыг. ст. Багданаў. 524 ж., 178 двароў (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі, касцёл.
У мінулым мястэчка Ашмянскага пав., адзін з цэнтраў уніяцтва. У 18 ст. ў Барунах пабудаваны Барунскі манастыр базыльян, пры якім у 1793 адкрыта школа. З 1795 у Рас. імперыі. У 1905 — 229 ж., 294 дзес. зямлі. Дзейнічала Барунская настаўніцкая семінарыя. З 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, дзейнічала антыфаш. група. Летам 1944 спалены.
т. 2, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХА́Й, Чжэнь,
дзяржава на Д.Усходзе ў 698—926. Засн. правадыром тунгускага племяннога аб’яднання махэ Да Цзажунам (правіў у 698—719). Уключала землі рас. Прымор’я, Паўн.-Усх. Кітая і Паўн. Карэі. На чале дзяржавы стаяў ван (кароль), якіх змянілася 15. З 720—730-х г. паміж Бахаем, Японіяй і Кітаем існавалі саюзніцкія адносіны. Выканаўчую ўладу ажыццяўлялі Левае (распрацоўвала праекты і абмяркоўвала бягучыя справы) і Правае (кіравала запісамі каралеўскіх указаў, гіст. падзей, скаргаў і інш.) мін-вы і мясц. чыноўнікі. Вярх. ўласнік зямлі — дзяржава. Гасп. дзейнасць Бахая — земляробства, жывёлагадоўля, рыбалоўства і інш. Заваявана манг. плямёнамі кіданяў.
Літ.:
Шавкунов Э.В. Государство Бохай и памятники его культуры в Приморье. Л., 1968.
т. 2, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬДЭРО́ГЕ (Дзмітрый Аляксеевіч) (6.5.1903, Вільня — 30.4.1987),
афрыканіст, этнограф, гісторык, мовазнавец. Чл.-кар. АН СССР (1960). Чл. франц. Т-ва афрыканістаў і Міжнар. афр. ін-та. Чл.-кар. Школы ўсх. і афр. моў (Лондан) і многіх акадэмій. Скончыў Ленінградскі ун-т (1925). У 1927—28 вывучаў мовы, этнаграфію і музейную справу ў Германіі, Нідэрландах, Бельгіі. З 1945 праф. Ленінградскага ун-та, з 1947 у Ін-це этнаграфіі Рас. АН. Асн. працы па праблемах сац. ладу, сістэмах роднасці, культуры і моў народаў Афрыкі: «Малайская сістэма роднасці» (1951), «Старажытнасці Беніна» (т. 1—3, 1953—57), «Мастацтва народаў Заходняй Афрыкі ў музеях СССР» (1958), «Мовы і пісьменства народаў Афрыкі» (1963), «Каланіяльнае грамадства» (1973) і інш.
т. 1, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСЕ́ЕЎ (Леанід Васілевіч) (н. 15.1.1921, г. Растоў-на-Доне),
расійскі і бел. археолаг, гісторык. Д-р гіст. н. (1982). Скончыў Маскоўскі ун-т (1948). З 1948 у Гродзенскім гісторыка-археал. музеі, Ін-це гісторыі АН Беларусі. З 1953 у Ін-це археалогіі Рас. АН. У 1962—66 выкладаў археалогію ў Магілёўскім пед. ін-це. Вёў раскопкі Браслава, Друцка, Мсціслава, Рослаўля, вывучаў гісторыю археалогіі, архітэктуры, мастацтва і краязнаўства гэтых рэгіёнаў. Даследаваў гісторыю Смаленскай і Полацкай зямель.
Тв.:
Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
По Западной Двине и Днепру в Белоруссии. М., 1974;
Смоленская земля в IX—XIII вв.: Очерки истории Смоленщины и Восточной Белоруссии. М., 1980.
т. 1, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРАБО́ТКІ,
форма найму сялян са сваімі прыладамі працы і цяглом да памешчыка або заможнага селяніна за арандаваную зямлю, пазычаныя грошы, хлеб, лясныя матэрыялы, у пагашэнне штрафаў і інш. У Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, шырока практыкаваліся пасля сялянскай рэформы 1861. Сталі асновай адработачнай сістэмы ў памешчыцкай гаспадарцы (вынік малазямелля, падатковага ўціску, пазаэканам. прымусу сялян). Разнавіднасцямі адработкі былі здольшчына і «кругавая» (поўная) апрацоўка панскай зямлі або выкананне асобных відаў работ (ворыва, пасеву, уборкі) з аплатай часткова грашыма, часткова зямельнымі ўгоддзямі. Па меры росту таварнай гаспадаркі і асабліва разлажэння сялянства адработкі паступова выцясняліся капіталіст. наймам, але былі вельмі пашыраны на Беларусі і ў пач. 20 ст.
В.П.Панюціч.
т. 1, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)