Ту́рзаць, ту́рзаті, ту́рзаты ‘тузаць (пра балячку, якая нарывае)’ (Сцяц., Сцяшк. Сл., Скарбы, Федар. 4, Зайка Кос., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.; пін., Нар. лекс.; пін., ЖНС), ‘нарываць’ (слонім., Нар. словатв.), ‘скубсці, разрываць’ (Ласт.), ‘тузаць лейцамі’ (ТС), ту́рзаті ‘тузаць каго-небудзь’ (Чэрн.), ту́рзаті ‘расцягваць кужаль на валокны’ (пін., Шатал.), ту́рзаць ‘торгаць, цягаць рыўкамі, рэзкімі рухамі’, ‘торгаць туды-сюды, імкнучыся адчыніць што-небудзь’, ‘нудзіць, рваць’, ‘не даваць спакою, дакучаць патрабаваннямі’ (Сл. ПЗБ). Параўн. рус. терза́ть ‘раздзіраць, рваць, мучыць’, балг. дыял. то̂рзам ‘палоць’, серб. тр̏зати ‘тузаць, рваць’, славен. trzati ‘торгаць’. Відаць, не можа разглядацца асобна ад тырзаць (гл.) з варыянтнай асновай, што ўзыходзіць да *tr̥gati з чаргаваннем фарманта і.-е. ‑g‑/‑ǵ‑, параўн. ст.-слав. тръѕати ‘тузаць, рваць, раздзіраць’ < прасл. *tъrgati (Шустар-Шэўц, 1519; ESJSt, 16, 990), у выніку трэцяй палаталізацыі прасл. *tъrzati (Сной₂, 790). Меркаванні пра запазычанне з літ. tur̃šinti ‘страсянуць, патрэсці’ (Весці АН БССР, 1971, 1, 96) непрымальныя па семантычных і фармальных прычынах, параўн. Смачынскі, 696. Сюды ж турзы́каць ‘турзаць’ (брасл., Сл. ПЗБ) з ускладненнем асновы суфіксам ‑ык‑. Параўн. торгаць, тургаць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туро́к1 ‘юрок або цыганчык — гульня і конусападобная цацка, якая круціцца на спічастым канцы, падганяецца маленькім (з тоненькага раменьчыка) бізунком’ (Нас., Яруш., Гарэц., Байк. і Некр.). Відаць, да тураць, туры́ць ‘хутка ганяць’, гл. Насовіч (644) тлумачыць паходжанне гэтага слова гукаперайманнем.

Туро́к2 ‘закавулак’ (Бяльк.), ‘тупік, вуліца паміж хатамі’ (Растарг., Пал.), ‘вузкая прастора паміж печчу і сцяной, запечак’ (касцюк., ЛА, 4; слаўг., ЛА, 5). Параўн. укр. дыял. туро́к ‘заліў на рэчцы’ (Чарапанава, Геогр.). Не зусім ясна. Магчыма, звязана з турыць ‘заганяць, запіхваць’, гл.

Туро́к3 ‘дзікі голуб-туркаўка, Columbia turtur’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), слова перадае крык туркаўкі (галубкі). Гукапераймальнае ўтварэнне, параўн. таксама ту́ркаўка1, ту́рчык (гл.).

Туро́к4 ‘мядзведка, Glottotalpa vulg. hatr. ’ (Жд. 1, Рэг. сл. Віц., Сл. ПЗБ). Гукапераймальнага паходжання, параўн. таксама турчок, туркаўка2 (гл.). Параўн. ілюстрацыю: турок — рыжэнькі, у зямлі тырчыць, турчыць ноччу на двары (Сл. ПЗБ).

Туро́к5 ‘конік (насякомае)’ (Рэг. сл. Віц.). Гукапераймальнае ўтварэнне. Сюды ж, відаць, туро́к ‘жарабя’ (круп., Полымя, 1980, 8, 254), ‘падзыўная назва жарабяці’ (Мова Сен.). Ласкальна ад назвы насякомага?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тхлань ‘гніль, цвіль, сырасць’, ‘балоцістае месца’ (ТСБМ), ‘пекла; апраметная’, ‘прорва, бездань’ (Ласт., Некр. і Байк.), ‘цяжкадаступнае месца сярод балот і лясоў’ (зах-палес., Асоўскі, Stud. slawist., 106), ‘бездань, нетры’, ‘балота’ (Сержп. Прымхі), ‘твань’ (Нар. Гом.). Да тхліць (гл.) утворана па ўзоры твань (гл.). Відавочна, звязанае з польск. odchłań/otchłań ‘бездань’, ст.-польск. otchlań лац. ‘caribdis’ (1424 г., Najdawniejsze zab., 128), паводле Банькоўскага (2, 368, 464), слова цалкам няяснае, вядомае ў рэлігійнай літаратуры з 2‑й паловы XIV ст. у значэнні ‘бездань нябесная’; апрача яго ўжываліся таксама spusty (upusty) niebieskie, odchliska, przetchliny і нават odchliny, а таксама otkłań, на падставе апошняга ён выводзіць першасную форму *otъklanь, якое з дзеяслова *otъ‑kloniti, *otъ‑klanjati ‘адводзіць у бок’. Борысь (403) польск. odchłań ‘глыбокая прорва, прадонне, бездань’, ‘месца знаходжання душ памерлых, чысцец, пекла’ звязвае з *ot‑chłaniać < chłonąć з першасным значэннем ‘тое, што паглынае’ і параўноўвае з укр. хланути ‘прагна есці’ < хла́пнути, славен. hlániti ‘хціва хапаць мордай, рылам’ і адносіць да першаснага *xolnǫti < *xoliti ‘акружаць, абгортваць’, ‘пакрываць, засланяць’. Сумнеўна, параўн. рэдкае польск. odtchłań ‘бяздонне’ (XVI ст.), што, магчыма, да tchnąć, гл. тхнуць, тухлы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрыж ‘птушка з доўгімі вострымі крыламі, Apus apus L.’ (ТСБМ, Бяльк.; Сл. ПЗБ, Жыв. св.; стол., Нік.; саліг., Антропаў, Назв. птиц, 365), ‘птушка Hirundo riparia’ (Шымк. Собр.), ‘птушка Cypselus apus, грун, свіргуль’ (Ласт., Некр. і Байк.), стрыг ‘тс’ (Мат. Гом.), стріж ‘ластаўка берагавая, берагулька’ (калінк., хойн., браг., Нікан.; ЛА, 1). Параўн. укр. стриж, дыял. стріж ‘стрыж; казадой’, рус. стриж, дыял. стриг ‘стрыж’, ц.-слав. стрижь ‘каралёк’, польск. strzyżyk, дыял. strziż ‘валавока’, н.-луж. stśěž ‘тс’, чэш. střízlik, дыял. stříž ‘тс’, славац. striežik ‘тс’, stríž ‘ластаўка берагавая’, харв. старое striž ‘птушка Hirundo agrestis’, серб.-харв. strȉjež ‘валавока’, славен. stržek, stréžik ‘валавока’. Прасл. *strěžь і *strižь, гукапераймальнае па паходжанні, як грэч. στρίγζ ‘нейкая начная птушка’, лац. strīx, Р. скл. strigis ‘вушастая сава’; гл. Булахоўскі, ИОРЯ, 7, 119; Праабражэнскі, 2, 398; Фасмер, 3, 778; Шустар-Шэўц, 1368; ЕСУМ, 5, 441. Паводле Булахоўскага (там жа), форма *strižь узнікла пад уплывам *čižь (гл. чыж), супраць Фасмер (там жа). Борысь (585) грэчаскае і лацінскае словы лічыць роднаснымі славянскаму слову і ўзводзіць іх да і.-е. анамапаэтычнай асновы *(s)treig‑ ‘пішчаць, шчабятаць’. Непераканаўча Махэк₂ (589) аб роднасці з лац. requlus ‘каралёк’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сук1 ’галіна ствала дрэва і яе астатак у дошцы, бервяне’ (ТСБМ, Ласт., ЛА, 1, Сл. ПЗБ, Сцяц. Сл.), ’засохлая галіна’, ’адростак рота’ (Сл. ПЗБ), ’хвосцік у гарбуза’ (ТС), ’скупы чалавек’ (Скарбы, Сцяц. Сл.). Укр., рус. сук, польск. sęk, в.-луж., н.-луж. suk, славін. sąk, чэш., славац. suk, серб.-харв. су̑к, славен. sọ̑k, балг. сък, макед. сак, ст.-слав. сѫкъ. Прасл. *sǫkъ збліжаюць з літ. at‑šankē ’крук, выступ на дрэве; палка’, ст.-інд. çaŋkús ’востры колышак, драўляны цвік, кол’, кімр. cainc ’сук’ (< ḱanki), ст.-ісл. hár ’уключына’ (< hanha‑), якія да і.-е. кораня *ḱonk‑ ’галіна, галуза’, гл. Покарны, 523. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 798 з іншай літ-рай; Махэк₂, 592; Бязлай, 3, 285–286; Шустар-Шэўц, 1377; Борысь, 542; ESJSt, 14, 862–863. Пра магчымую сувязь з саха гл. Хэмп, Studia etym. Brun. 3, 97–98. Аб семантычным пераходзе ’нешта крывое, сагнутае’ → ’скупы’ гл. Казлова, Этимология–1982, 49.

Сук2 ’кастрыца ў прадзіве’ (ТС), суке́ ’сучкі ў воўне’ (карэліц., Шатал.), сучо́к ’скрутак на крутой нітцы’ (ТС), ’вузел’ (Сл. Брэс.). Рус. дыял. сук ’вузел на вяроўцы, на поясе і г. д.’, чэш. мар. suk ’вузялок’. Аддзеяслоўны дэрыват ад сукаць; гл. Махэк₂, 592.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сябе́, Р. скл.; Д., М. скл. сабе́, Тв. скл. сабо́ю, займеннік зваротны; указвае на адносіны дзеяння да таго, хто ўтварае (дзейніка) (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), Р. скл. себе (ТС), ст.-бел. себе ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. се́бе́, собі́, собо́ю, рус. себя́, себе́, собо́й, собо́ю, ст.-рус. себе, собѣ, собою, польск. siebie, sobie, sobą, в.-луж. sebje, sebe, sobu, н.-луж. sebje, sobu, палаб. sibě, чэш. sebe, se, sobě, si, sebou, славац. seba, sa, sebe, sebou, серб.-харв. сѐбе, сѐби, со̏бом, славен. sȇbe, se, sȇbi, sebéj, балг. се́бе, си, се, макед. себе (си), се, ст.-слав. себе, себѣ. Прасл. *sebě, В. скл. *sę; *sebe узнікла з *seve пад уплывам Д. скл. адз. л. *sebě; параўн. літ. *savę̃s, sãvo ’сябе’, *sebě ’сабе’ роднаснае ст.-прус. Д. скл. sebbei ’сабе’, оск. sífei, лац. sibī ’сабе’, грэч. σφί(ν) ’яму’, літ. sávei (v — з Р. скл. адз. л., параўн. вышэй); да і.-е. *s(e)u̯‑/*s(e)u̯o‑/se з першасным значэннем ’убаку; апрача’. Гл. Траўтман, 251–252; Фрэнкель, 767; Скок, 3, 211; Фасмер, 3, 586, 588; Шустар-Шэўц, 1278; Бязлай, 3, 220; ESSJ SG, 2, 600.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіло́ ‘прыстасаванне ў выглядзе петляў для лоўлі птушак і дробных жывёлін’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Бяльк., Др.-Падб., Байк. і Некр., Варл.; глыб., Сл. ПЗБ), ‘прывязка, якой прымацоўваецца біч да цапільна’ (карм., ДАБМ, камент., 829), ‘вуда’ (Байк. і Некр.), ‘пастка’ (Касп.), сіллё ‘з паляўнічай тэрміналогіі’ (Сержп., Грам., 57), ‘сіло’ (Бяльк.; мядз., Нар. сл.; Нар. лекс.), сіло́к ‘сіло’ (ТСБМ), сільё ‘тс’ (Арх. Федар., Сцяшк. Сл.), сіліё ‘сіло’ (Сл. ПЗБ), сіло́, шыло́ ‘тс’ (ТС), ст.-бел. сило: силомъ се ѡобесил (Карскі 2–3, 445). Укр. сило́, сильце́, рус. сило́, сило́к, си́лья, ст.-рус. сило, сильць, польск. sidło ‘тс’, чэш. osidlo, славац. osídlo ‘пастка’, ст.-слав. сило ‘пятля’. Прасл. *sidlo, дэрыват з інструментальным суфіксам ‑dlo ад кораня *sei‑ ‘звязваць’, параўн. сіліць, сіляць (гл.). Роднаснае да сетка і сіт, гл. (Фасмер, 3, 621; Махэк₂, 418; Праабражэнскі, 2, 286). Паралелі ў літ. ãtsailė ‘злучальная планка паміж дышлам і воссю’, atseilis ‘жалеза, якое ідзе ад шворана да восі’, лат. saiklis ‘завязка, саламянае перавясла’, ст.-в.-ням. seid ‘вяроўка’, ст.-інд. sinātі ‘звязвае’ і г. д. (Траўтман, 253; Мюленбах-Эндзелін, 3, 860; Майргофер, 3, 549). Паводле Борыся (544), слова ўтворана ад незахаванага славянскага дзеяслова *siti (< *su‑) з тым жа суфіксам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіні́ца1 ‘пеўчая птушка атрада вераб’іных са стракатым апярэннем’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ‘птушка Parus maior L.’ (Меер Крыч., Арх. Федар., Пятк. 2, ЛП, Яшк. Мясц., Янк. 1, Сл. ПЗБ), ‘сініца’, ‘сіваграк’ (ТС), ст.-бел. синица: оӱпрѧм ꙗко синица (XVI ст., Карскі 2–3, 490). Укр. сини́ця, рус. сини́ца, чэш. дыял. sinice, серб.-харв. си́ница, дыял. сје́ница, балг. синѝца, макед. сеница ‘тс’. У сучаснай польскай мове слова невядома, але Брукнер (491) лічыць, што яно захавалася ў прус. sineco ‘сініца’. Большасць даследчыкаў (напр. Міклашыч, 295; Праабражэнскі, 2, 287; БЕР, 6, 661–663 і інш.) выводзяць ад сіні. Фасмер (3, 625) заўважае, што першапачаткова слова, відаць, абазначала разнавіднасць Parus caeruleus, гл. сінюк. Інакш Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, VII, 2, 113), які лічыць, што птушка была названа па сваім крыку zifi; потым назва, паводле народнай этымалогіі, была пераасэнсавана і звязана з сіні; гл. таксама Скок, 3, 251; ЕСУМ, 5, 236. Параўн. сі́ньдзік ‘сініца’(гл.), а таксама рус. дыял. зи́нька ‘гайка, Parus minor’ (Даль), ярасл. си́нька ‘сініца-маскоўка’, што пацвярджае апошнюю версію.

Сініца2 ‘ягада суніца’ (Тур.), ‘ягада’ (Янк. 2; вілен., Шн. 1). З суніца (гл.) пад уплывам сіні або з польск. sinica ‘тс’, якое таксама, паводле Варш. сл. (6, 115), з sunica.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тады́ ’ў той час, у той момант’, ’пасля таго’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Касп., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк.), сюды ж фанетычныя варыянты тоды́ ’тс’ (калінк., Сл. ПЗБ) і тадэ́ ’тс’ з дыялектнай субстытуцыяй націскнога (Сцяшк.). Ужо ў ст.-бел. з пачатку XV ст. фіксуецца форма без выбухнога тоды ’тады’ (КГС). Укр. тоді́, дыял. тоди́, рус. дыял. тоды́, тады́, тада́, польск. tedy, wtedy, ст.-польск. teda, каш. tedë, палаб. tådĕ, tüdĕ, чэш. tedy, ст.-чэш. teď, tedě, славац. старое і дыял. tedy, в.-луж. (размоўнае), н.-луж. tedy, ted, серб.-харв. та̏д, та̀да, та̀да̄, славен. дыял. tọ̑di; усе з базавым значэннем ’тады; у той час, тыя часы’. Праўдападобна, што яшчэ на праславянскай глебе на базе першапачатковых спрадвечных форм *togda/*tъgda//*togdy/*tъgdy ўзніклі іх дыялектныя варыянты без выбухнога як вынік аналогіі з найменнямі тыпу *kǫdy і пад. альбо на падставе ўласна фанетычнага развіцця каранёвага спалучэння зычных ‑gd‑, менавіта дысіміляцыі, якая спачатку прывяла да з’яўлення на месцы выбухнога фрыкатыўнага гука, а потым з паступовым аслабленнем і да яго поўнай рэдукцыі. Параўн. тагды, гл., а таксама ESSJ SG, 2, 667–671 з літ-рай; ЕСУМ, 5, 590.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тармасі́ць ’тузаць, торгаць’, ’чапляцца’ (ТСБМ), ’трасці, тузаючы; цягаць, рваць’ (Нас.), ’трасці, тузаць’ (Ласт., Растарг.), ’торгаць за валасы або вуха’ (Варл.), ’растрасаць пражу пасля адпарвання’ (Жд. 2), тармасі́ць ’тармазіць’ (Гарэц.), тормосі́ті ’трасці’ (Вруб.), тармасі́ць, тармашы́ць ’торгаць’ (Некр. і Байк.), тармасну́ць ’трасануць’ (Юрч. Вытв.), тармса́ць ’тузаць, торгаць, трапаць’ (ТС); ст.-бел. тармоси́ти, тормоси́ти ’тармасіць’ (1597 г., КГС); сюды ж тармаса́ ’валтузня, важданіна, тармашэнне’ (Нар. словатв., Федар. 4), тармасава́цца ’валтузіцца’ (Яруш.; навагр., Шн. 2), укр. термо́сити, дыял. тормо́си́ти ’цягаць, тузаць, трэсці; хістаць’, тирмо́сити ’тармашыць’, рус. тормоши́ть ’тс’, польск. tarmosić, дыял. termosić ’тузаць, трасці; мяць, гнясці’, славац. trmosiť sa ’трэсціся, тузацца’, а таксама фармальна адрозныя без суф. ‑os‑, што інтэнсіфікуе дзеянне, укр. дыял. те́рмати ’тармашыць, тузаць, трасці’, чэш. trmácet ’мучыць, стамляць’, дыял. trmati ’тс’, славац. trmať ’вырываць, тармасіць, тузаць’. На падставе апошніх выводзіцца мажлівае прасл. *tr̥mati ’тузаць, рваць’, што з першаснага *tr̥m‑ < і.-е. *ter‑ з пашыральнікам ‑m‑ і значэннем ’церці’ (Борысь, 628). Мяркуюць, што можа быць аддалена роднасным да грэч. τρέμω ’трымчу, трасуся’, лац. tremo, ‑ere ’трымцець’, тахар. A träm ’тс’, тахар. B tremem ’трымценне, дрыжыкі’, алб. дыял. trem ’палохаюся’, літ. trìmti ’дрыжаць ад холаду’ (Фасмер, 4, 84; Махэк₂, 651; ЕСУМ, 5, 554).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)