ІРА́К, Іракская Рэспубліка (Аль-Джумхурыя аль-Іракія),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, у Месапатаміі. Мяжуе на Пн з Турцыяй, на ПнЗ з Сірыяй, на З з Іарданіяй, на ПдЗ з Саудаўскай Аравіяй і нейтральнай зонай, на Пд з Кувейтам, на ПнУ з Іранам, на ПдУ абмываецца Персідскім залівам. Падзяляецца на 18 мухафаз (губернатарстваў). Пл. 434,9 тыс.км². Нас. 22 219 тыс.чал. (1996). Сталіца — г.Багдад. Афіц. мова — арабская і курдская. Нац. свята — 17 ліп. (Дзень Рэвалюцыі).
Дзяржаўны лад. Паводле часовай канстытуцыі 1968 (са зменамі 1973 і 1974) І. — нар.-дэмакр. рэспубліка, эканам. сістэма якой грунтуецца на сацыяліст. прынцыпах. Вышэйшы орган дзярж. улады — Савет рэв. камандавання (9 чал., выбіраюцца сярод членаў іракскага кіраўніцтва Партыі араб.сацыяліст. адраджэння). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца Саветам рэв. камандавання сярод яго членаў), які адначасова з’яўляецца старшынёй Савета і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Заканад. ўлада належыць парламенту (250 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады), у склад якога ўваходзіць Курдскі канстытуцыйны савет (50 чал., выбіраюцца ў Курдскім аўт. раёне). Выканаўчая ўлада належыць ураду, прызначанаму прэзідэнтам, на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Большая ч.тэр. краіны занята Месапатамскай нізінай, складзенай з рачных наносаў рэк Тыгр і Еўфрат. Паўд.ч. яе забалочаная. Нізіна нахілена з ПнЗ на ПдУ. На Пн і ПнУ — ускраіны Арм. і Іранскага нагор’яў з хрыбтамі выш. да 3—3,5 тыс.м.Найб. вышыні знаходзяцца каля іракска-тур. граніцы (Усх. Таўр) і на ПнУ (Курдыстанскія горы). Зах.ч. займае плато Сірыйскай пустыні з сярэднімі выш. 300—400 м. Карысныя выкапні: нафта (каля 20 млрд т), прыродны газ (каля 3 трыльёнаў м³), каменны вугаль, каменная соль, жал. і медная руды, фасфарыты, бітум, сера, буд. матэрыялы. Асн. радовішчы нафты і прыроднага газу на Пн каля Кіркука і Масула, на Пд каля Басры. Клімат паўн.ч. міжземнаморскі, паўд. — сухі, трапічны. У межах раўнін сярэдняя т-растудз. ад 7 °C на Пн да 11 °C на Пд, чэрв. ад 32 °C на Пн да 34 °C на Пд. Ападкаў ад 500 мм на Пн (у гарах да 1500 мм) да 50—100 мм за год на Пд. Тэрыторыю І. сярэднім і ніжнім цячэннем перасякаюць рэкі Тыгр і Еўфрат, якія на Пд зліваюцца і ўтвараюць р. Шат-эль-Араб. Выкарыстоўваюцца на арашэнне і для суднаходства. У Ніжняй Месапатаміі поймавыя азёры. У пустынных раёнах часовыя вадатокі (вадзі). Расліннасць стэпавая і паўпустынная, на ПдЗ пустынная, у гарах калючыя хмызнякі і рэдкія дрэвы фісташкі, смакоўніцы і інш. Па берагах рэк галерэйныя лясы, насаджэнні фінікавых пальмаў. Лясы займаюць 2% тэрыторыі. Жывёльны свет: газель, дзікі асёл, паласатая гіена, шакал, леапард і інш. Каля 20 запаведнікаў і заказнікаў.
Насельніцтва. Жывуць арабы (75%), курды (больш за 20%, пераважна на Пн), туркмены, асірыйцы, іранцы (персы), армяне і інш. Курды і ч. арабаў захоўваюць племянны падзел. У краіне больш за 100 качавых, паўкачавых і аселых плямён. Амаль усе вернікі мусульмане (96%). Сярод іх 60% шыіты, 40% суніты. Сярэдняя шчыльн. 51,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 300 чал. на 1 км²) заселены цэнтр.ч. Месапатаміі, берагі Тыгра і Еўфрата, перадгор’і. У гарадах жыве каля 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., з прыгарадамі, 1996): Багдад — 4336, Эрбіль — 1743, Масул — 879. У прам-сці занята 22% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 30%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. На тэр. сучаснага І., якая ў асноўным супадае з Месапатаміяй, існавалі стараж. цывілізацыі; буйнейшыя з іх — Шумер, Асірыя, Вавілонія. З сярэдзіны 6 ст. да н.э.тэр. І. ўваходзіла ў Ахеменідаў дзяржаву, з 4 ст. да н.э. — у дзяржаву Аляксандра Македонскага, потым — у дзяржаву Селеўкідаў, Парфянскае царства У 630-я г. Месапатамія заваявана арабамі і ў 661 увайшла ў склад Амеядаў халіфата. Б.ч. насельніцтва паступова прыняла іслам і араб. мову. Пры Абасідах (750—1258) засн. новая сталіца халіфата Багдад, які стаў паліт. і культ. цэнтрам усяго мусульм. свету. У 1055 Багдад, пазней і ўся Месапатамія заваяваны сельджукамі (гл.Сельджукская дзяржава), у 2-й пал. 13 ст. — манголамі. У канцы 14 — пач. 15 ст.тэр. І. ўвайшла ў склад імперыі Цімура, пасля распаду якой яна стала арэнай барацьбы паміж асобнымі правадырамі манг.-цюрк. родаў, а потым паміж Сефевідамі (гл.Сефевідаў дзяржава) і туркамі. З 17 ст. і да канца 1-й сусв. вайны тэр. І. ўваходзіла ў Асманскую імперыю. З канца 16 ст. І. таксама — аб’ект экспансіі еўрап. дзяржаў, асабліва Англіі, у апошняй чвэрці 19 ст. і Германіі. У 1917—18 брыт. войскі акупіравалі б.ч. Месапатаміі, Багдад і багаты нафтай Масульскі вілает. У крас. 1920 Вялікабрытанія атрымала мандат Лігі нацый на кіраванне дзяржавай І., створанай ёю з трох вілаетаў б. Асманскай імперыі (Басрскага, Багдадскага, Масульскага). Гэта выклікала нац.-вызв. паўстанне, якое летам 1920 ахапіла ўсю краіну. Пасля задушэння паўстання ў кастр. 1920 створаны «нац. ўрад» І., які залежаў ад Вялікабрытаніі. У жн. 1921 краіна абвешчана канстытуцыйнай манархіяй на чале з эмірам Фейсалам I з дынастыі Хашымітаў. У 1922 Вялікабрытанія заключыла з І. т. зв. саюзны дагавор, што замацоўваў у ёй англ. панаванне; падпісаны ў 1930 англа-іракскі дагавор захоўваў паліт., эканам. і ваен. пазіцыі Вялікабрытаніі (гл.Англа-іракскія дагаворы і пагадненні 1922, 1926, 1930, 1948, 1955). У 1932 І. абвешчаны незалежным і прыняты ў Лігу нацый. У 1930-я г. і ў час 2-й сусв. вайны ў краіне адбыўся шэраг паўстанняў курдаў, якія вялі барацьбу за аўтаномію, і дзярж пераваротаў. У пач. 1930-х г. значны ўплыў у краіне мелі камуністы (створаны прафсаюзы, пашырыўся забастовачны рух), у 1934 засн. Іракская камуніст. партыя (ІКП). У пач. 2-й сусв. вайны І. разарваў дыпламат. адносіны з Германіяй. Аднак складаная ўнутр. сітуацыя і антыбрыт. скіраванасць іракскага грамадства спрыялі ўзмацненню прагерм. настрояў. У крас. 1941 адбыўся антыбрыт. дзярж. пераварот Р.А. аль-Гайлані, пасля ліквідацыі якога (май 1941) І. акупіравалі брыт. войскі; у 1943 І. аб’явіў вайну дзяржавам фаш. блоку. І. — адзін з заснавальнікаў Лігі араб. дзяржаў (1945). Яго войскі ўдзельнічалі ў араба-ізраільскай вайне 1948—49 (у выніку з краіны эмігрыравала каля 130 тыс. яўрэяў). У 1948—58 урад ліквідаваў ІКП (у 1949 пакараны смерцю 4 яе кіраўнікі), правёў адм. і эканам. рэформы, перадаў канцэсіі на здабычу нафты ЗША і Вялікабрытаніі. У 1955 І. заключыў з Турцыяй дагавор, які стаў асновай Багдадскага пакта (гл.Арганізацыя цэнтральнага дагавора).
У выніку ваен. перавароту 14.7.1958 (гл.Іракская рэвалюцыя 1958) скінута манархія, І. абвешчаны рэспублікай, прынята часовая канстытуцыя, якая гарантавала роўныя правы ўсім грамадзянам і аўтаномію курдам. Урад ген. А.К.Касема праводзіў палітыку т. зв. пазітыўнага нейтралітэту (у 1959 І. выйшаў з Багдадскага пакта, ліквідаваны замежныя ваен. базы, выведзены брыт. войскі), аднавіў дыпламат. адносіны з СССР. Ва ўнутр. палітыцы Касем карыстаўся дыктатарскімі метадамі, апіраючыся на падтрымку камуністаў. У 1961 успыхнула новае паўстанне курдаў, якія не атрымалі абяцанай аўтаноміі. Прэтэнзіі І. на Тэр. Кувейта выклікалі асуджэнне інш араб. краін. Ваен. пераварот 1963 адбыўся пад лозунгамі антыкамунізму і араб. адзінства; да ўлады прыйшло крайняе правае крыло Партыі арабскага сацыялістычнага адраджэння (БААС). Пачаліся масавыя рэпрэсіі і тэрор, адноўлены ваен. дзеянні супраць курдаў. У выніку дзярж. перавароту 18.11.1963 уладу захапіла ваен. групоўка, якую падтрымлівалі памяркоўныя колы БААС. У 1965 І. разарваў дыпламат. адносіны з ФРГ (пасля прызнання ёю Ізраіля), пасля ізраільска-араб. вайны 1967 — з ЗША і Вялікабрытаніяй (да 1968), налажыў эмбарга на пастаўкі нафты ў гэтыя краіны. 17.7.1968 кіраўнікі партыі БААС ажыццявілі дзярж. пераварот, ген. С.А.Х. аль-Бакр стаў прэзідэнтам і ўзначаліў Савет рэв. камандавання, да якога перайшла ўся ўлада. Аль-Бакр падтрымаў курс на сацыяліст. арыентацыю і цесныя сувязі з СССР. Праведзена агр. рэформа, нацыяналізаваны замежныя нафтавыя кампаніі, у 1974 курды атрымалі абмежаваную аўтаномію. У 1979 пераемнікам аль-Бакра стаў С.Хусейн. У выніку супярэчнасцей у Савеце рэв. камандавання ч. яго членаў абвінавачана ў спробе дзярж. замаху і пакарана смерцю, рэпрэсіраваны камуністы, палепшыліся адносіны з зах. краінамі (І. разам з інш.араб. краінамі асудзіў інтэрвенцыю СССР у Афганістане). У чэрв. 1980 адбыліся першыя ўсеагульныя выбары (права голасу атрымалі і жанчыны), выбраны парламент — Нац. сход. Пагаршэнне адносін з Іранам прывяло ў вер. 1980 да ірана-іракскай вайны 1980—88, якая нанесла вял.эканам. страты абодвум бакам. Фін. дапамога Саудаўскай Аравіі, Кувейта і Аб’яднаных Араб. Эміратаў дала І. магчымасць аднавіць ваен. патэнцыял. Канфлікт з Іранам паспрыяў паляпшэнню іракска-егіп. адносін (Егіпет пастаўляў зброю для арміі І.), а таксама аднаўленню ў 1984 дыпламат. адносін з ЗША, больш цеснаму супрацоўніцтву з Францыяй (пастаўкі зброі для І.). У жн. 1988 заключана перамір’е з Іранам. У 1990 І. прад’явіў Кувейту непрымальныя фін. і тэр. патрабаванні, і ў жн. 1990 яго войскі акупіравалі Кувейт. Савет Бяспекі ААН асудзіў акт агрэсіі, патрабаваў вываду войск І. з Кувейта. У ліст. 1990 Савет Бяспекі ААН ухваліў рашэнне аб выкарыстанні ваен. сілы супраць І. У студз. 1991 войскі антыіракскай кааліцыі пачалі ваен. дзеянні, якія скончыліся капітуляцыяй І. і прызнаннем ім рэзалюцыі Савета Бяспекі ад 3.4.1991 аб умовах перамір’я. У маі 1992 іракскія курды абвясцілі аб стварэнні сваёй аўт. дзяржавы, але ўрад І. не прызнаў яе і пачаў фактычную эканам. блакаду Курдыстана. Нявырашанасць курдскай праблемы і эканам. крызіс, выкліканы міжнар. санкцыямі, ускладнілі ўнутрыпаліт. сітуацыю ў краіне. І. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты, Араб. лігі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў снеж. 1996.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Партыя араб.сацыяліст. адраджэння (БААС) — правячая, Дэмакр. партыя Курдыстана, Патрыят. саюз Курдыстана, Іракская камуніст. партыя (на нелегальным становішчы); Усеагульная федэрацыя рабочых прафсаюзаў І.
Гаспадарка. І. — індустр.-агр. краіна. Аснова эканомікі — здабыча нафты. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) за апошнія гады значна паменшаў (у 1995 да 41,1 млрд.дол.) і складае каля 1,8 тыс. долараў на 1 чал. ў год. Доля ў ВУП нафтаздабыўной і нафтаперапр. прам-сці каля 67%, апрацоўчай прам-сці каля 7, сельскай гаспадаркі каля 6%. Пасля 1958 праведзены агр. рэформы, нацыяналізаваны банкі, страхавыя т-вы, буйныя прамысл. і гандл. прадпрыемствы, створаны дзярж. сектар, у т. л. Іракская нафтавая кампанія. Больш за 75% прамысл. прадукцыі ствараецца ў дзярж. сектары. Эканам. сітуацыя ў краіне пасля агрэсіі супраць Кувейта застаецца складанай. Рашэннямі Савета Бяспекі ААН устаноўлены рэжым санкцый, забаронены экспарт усіх відаў сыравіны, у т. л. нафты і гатовых вырабаў, продаж або перадача ўзбраенняў і ваен. тэхнікі. Гал. галіна прам-сці — здабыча і перапрацоўка нафты. Максімальны ўзровень здабычы дасягнуты ў 1979—175 млн.т, у 1996—29,6 млн.т. Буйныя нафтапромыслы знаходзяцца на Пн у раёне Кіркука (Джамбур, Бай-Хасан і інш.) і Масула (Айн-Зала, Каяра, Бутма і інш.). Працуюць нафтаперапр. з-ды ў Кіркуку і Эль-Хадыце. Цяжкая нафта з радовішчаў каля Масула перапрацоўваецца на нафтаперапр. з-дзе ў Каяры пераважна на змазачныя маслы. На Пд нафту здабываюць у Эз-Зубайры і Эр-Румайле. Разам з нафтай здабываюць серу і прыродны гаручы газ. У Басры прадпрыемствы па звадкаванні газу. Вядзецца здабыча фасфатаў, мармуру, солі, кварцу. Энергетыка засн. на выкарыстанні нафты і газу. Вытв-сць электраэнергіі 25,7 млрд.кВт∙гадз (1996). У апрацоўчай прам-сці пераважаюць дробныя і сярэднія прадпрыемствы. Адноснае развіццё атрымала вытв-сцьтэкст. і швейная (Багдад, Масул, Сулейманія, Кербела), гарбарна-абутковая (Багдад, Эрбіль, Масул, Кіркук, Басра, Эль-Кут), буд. матэрыялаў (Сулейманія, Масул, Эль-Куфа, Ум-Каср). Шмат прадпрыемстваў харч. прам-сці (млыны, цукр. з-ды, ф-кі кансервавыя і па апрацоўцы фінікаў). Ёсць прадпрыемствы цэм., шкляной, металаапр., аўтазборачнай, хім., эл.-тэхн., фармацэўтычнай, папяровай прам-сці. За апошнія дзесяцігоддзі актыўна развіваецца ваен.прам-сць. Развіта саматужная вытв-сць абутку, дываноў, ювелірных вырабаў, посуду, цыновак і інш. Каля палавіны прамысл. прадукцыі краіны ствараецца ў Багдадзе, Басры, Масуле.
Для развіцця сельскай гаспадаркі прыдатна каля 12 млн.га зямель, пад ворыва выкарыстоўваецца каля 8 млн.га, у т. л. 2,5 млн.га арашаецца. Земляробства развіта пераважна ў Ніжняй Месапатаміі і ў перадгор’ях; у паўд. і цэнтр. раёнах яно выключна арашальнае, у паўн. раёнах — багарнае. Раслінаводства экстэнсіўнага характару. Збожжавыя (гадавы збор каля 2 млн.т) займаюць 90% пасяўной плошчы. Вырошчваюць азімую пшаніцу, сачавіцу, ячмень (на Пн), рыс (на Пд). З тэхн. культур гал. бавоўнік і тытунь. І. займае 1-е месца ў свеце па вырошчванні фінікаў (каля 30 млн. дрэў, гадавы ўраджай каля 200—300 тыс.т). Развіта садоўніцтва, вінаградарства, агародніцтва. Жывёлагадоўля пераважна качавая. Як пашы выкарыстоўваюцца каля 35 млн.га ў пустынных, паўпустынных і горных раёнах. У 1996 было (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 2,5, авечак і коз — 15. Гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў, вярблюдаў. Рыбалоўства ў рэках, каналах, азёрах і Персідскім заліве. Асн. від транспарту — аўтамабільны (каля 70% усіх перавозак). Даўж. чыгунак 3 тыс.км, аўтадарог — больш за 45 тыс.км, з іх больш за 20 тыс. з цвёрдым пакрыццём. Тыгр, Еўфрат, Шат-эль-Араб і некат. арашальныя каналы выкарыстоўваюцца для дробнатанажнага суднаходства. Гал. марскія парты Басра, Ум-Каср і Фао (экспарт нафты). Агульны танаж танкернага флоту 2,1 млн. т. Дзейнічаюць нафтаправоды даўж. 4,2 тыс.км, нафтапрадуктаправоды 0,7 тыс.км і газаправоды даўж. 2,6 тыс.км. Знешнеэканам. сувязі краіны з-за санкцый Савета Бяспекі ААН абмежаваныя. У даваен. час (да 1979) нафтавы сектар даваў 95% экспарту. Даходы ад экспарту нафты складалі штогод 21—26 млрд.дол., у 1994 імпарт — 1,9 млрд.дол., экспарт — 0,45 млрд. долараў. Гандаль пераважна з ЗША, Германіяй, Бразіліяй, Іарданіяй (транзітны). У 1996 экспарт нафты склаў толькі 5% ад узроўню 1979. І. экспартуе таксама фінікі, скуры, шэрсць; імпартуе харч. і прамысл. тавары. Знешні доўг больш за 50 млрд. долараў. Грашовая адзінка — іракскі дынар.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (1997) каля 1 млн.чал., у т. л. 450 тыс.узбр. рэзервістаў. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі налічваюць 350 тыс.чал. асабовага складу, маюць на ўзбраенні каля 2,7 тыс. танкаў, каля 3 тыс. бронеаўтамабіляў, больш як 2 тыс. гармат і мінамётаў, рэактыўную і зенітную артылерыю, ракетныя ўстаноўкі і інш. У ВПС 35 тыс.чал., больш як 300 баявых і трансп. самалётаў, каля 240 вучэбных самалётаў, 400 верталётаў. У ВМС каля 2,5 тыс.чал., 9 баявых караблёў і 7 катэраў.
Літаратура. Першыя літ. помнікі на тэр. І. створаны ў 3-м тыс. да н.э, на вавілонскім дыялекце. Самы вядомы твор вавілона-асірыйскай л-ры (гл. ў арт.Вавілона-асірыйская культура) — эпічная песня пра Гільгамеша. Багатая сярэдневяковая араб.л-ранайб. развіццё атрымала ў Багдадзе — цэнтры араб. культуры (гл.Арабская культура). Больш за 300-гадовае ўладаранне Асманскай імперыі прывяло да заняпаду краіны, яе культуры. Росквіт уласна іракскай л-ры прыпадае на 19 ст., перыяд т. зв.літ. ўздыму (ан-нахда аль-адабія). У 1854 А.Б. аль-Омары стварыў дыван «Рэшткі добрага», панегірычныя вершы, у т. л. папулярныя «Касыды плашча». У вершах А.Г. аль-Ахраса гучаў заклік да міласэрнасці. Асаблівую напружанасць пачуццяў набыла яго паэзія ў вершах, звернутых да паэта-бунтара М.А.Г. аль-Джаміля. Яго хамрыят (вершы пра віно) нагадваў вершы Абу Нуваса (8—9 ст.). Значнае месца ў тагачаснай л-ры належала паэту, празаіку і філосафу А.С. аль-Алюсі, аўтару твораў «Дзіўнае і дзівоснае ўдалечыні ад радзімы і забавы душы ў вандроўцы, знаходжанні на чужыне і пры вяртанні», «Ап’яненне універсальнымі ведамі пры падарожжы ў Стамбул» і інш.Асв. і літ. дзейнасць у той час вялі А.Н. аль-Ансары, аль-Омары, І. ат-Табатабаі, Дж. аш-Шаркі. Адлюстраванне тэмы тэхн. прагрэсу ў канцы 19 — пач. 20 ст. нарадзіла новую форму — баркіят — верш тэлегр. стылю, які нагадваў шараду(М. аль-Казвіні). Паэта А.М. аль-Казымі на Араб. Усходзе называлі «паэтам арабаў». Да класічнай іракскай школы канца 19 ст. належыць творчасць Дж.С. аз-Захаві. М. ар-Русафі ў вял. главе свайго «Дывана» (1910) адлюстраваў шэраг драм. момантаў з сярэдневяковай гісторыі І. «Вершаваныя апавяданні» ар-Русафі і аз-Захаві — першыя творы л-ры І. з дакладна выяўленай сюжэтнай лініяй, што сталі перадумовай стварэння апавяданняў і аповесцей. Сярод сучасных літаратараў І. вылучаюцца: А.Зу-н-Нун («Справа Маджыда Рахіма», «Доктар Ібрахім»), аль-Джахіз («Кніга пра скупых»), Абу-ль-Фараджаль-Ісфахані, А.М. ар-Рубаі («Каралеўства дзеда»), А.Муніф («На ўсход ад Міжземнамор’я»), Б. аль-Хатыб («Самія з Александрыі»), С.Джамал («Ён вярнуўся», «Прэзідэнт», «Тры гваздзікі», «Падманутыя надзеі», «Чорныя ружы»), Г.Т.Фарман («Пяць галасоў») і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найбольш стараж. помнікі мастацтва на тэр. І. адносяцца да канца 8-га тыс. да н.э. (раскопкі паселішчаў у даліне Сінджара, помнікі археал. культур Урука, Джэмдэт-Насра, Эль-Абейда). У 4—1-м тыс. да н.э. развівалася мастацтва Шумера, Акада, Асірыі, Вавілоніі (гл.Вавілона-асірыйская культура). Захаваліся помнікі эліністычнага мастацтва, Парфянскага царства, дзяржавы Сасанідаў.
Вял. роля належыць І. ў фарміраванні араб. культуры. У 630-я г. тут заснаваны гарады Эль-Куфа, Басра, у пач. 8 ст. — Васіт. Захаваліся руіны помніка раннесярэдневяковага араб. дойлідства — Ухайдыра. У 762 пачаў будавацца Мадынат ас-Салам (сучасны Багдад). Да архітэктуры перыяду халіфата Абасідаў адносяцца пабудовы Самары (грандыёзныя палацавыя і культавыя ансамблі, умацаваныя мурамі і вежамі, у т. л. палац Джаусак, спіралепадобны мінарэт аль-Мальвія). Мастацтва прадстаўлена фрагментамі сценапісу і размалёўкі па дрэве, арнаментальнымі стукавымі рэльефамі і разнымі драўлянымі панэлямі. У Багдадзе і на Пн І. развівалася кніжная мініяцюра. У 10—11 ст.манум.буд-ва заняпала. Архітэктура 12—1-й пал. 13 ст. вылучалася дакладнымі аб’ёмна-прасторавымі кампазіцыямі, скляпеністымі памяшканнямі, высокімі парталамі, купаламі на тромпах; у дэкоры выкарыстоўвалі ўзорысты цагляны мур, разную тэракоту, часам рэльефы. Былі пашыраны васьмерыковыя маўзалеі з высокімі канічнымі ячэістымі купаламі (т.зв. маўзалей Зубайды ў Багдадзе). У 12—13 ст. дасягнула росквіту т. зв. багдадская школа мініяцюры, якой уласцівы лаканічныя ілюстрацыі да навук. трактатаў («Фармакалогія» Дыяскарыда, рукапісаў Кітаб аль-дырыяк і інш.). Мініяцюры паўн. І. вылучаліся ўрачыстай параднасцю («Кніга песняў»), У 2-й пал. 13—15 ст.буд-ва амаль не вялося. Архітэктуры 16—17 ст. уласцівы ўплывы сефевідскага Ірана: вял. купальныя маўзалеі-мячэці (у Багдадзе, Кербеле, Неджэфе) з яркім паліхромным дэкорам. Для нар. жылля характэрна планіроўка з унутр. дваром, лоджыямі і калонным айванам, вокны і балконы з узорыстымі драўлянымі кратамі. У дэкар.-прыкладным мастацтве важнае месца займала кераміка з рэльефным дэкорам, які змяшчаў выявы людзей і жывёл (8—14 ст.), глазураваная з размалёўкай люстрам (9 ст.), паліхромнай падглазурнай размалёўкай. Былі пашыраны маст. вырабы з металу — пасудзіны ў выглядзе птушак або звяроў (8—9 ст.), аздобленыя чаканкай, гравіроўкай, сярэбранай інкрустацыяй (13 ст.), а таксама ткацтва (залататканыя, шаўковыя і льняныя тканіны). Сярэдневяковыя маст. традыцыі захаваліся да 20 ст. Сучасная архітэктура імкнецца падпарадкаваць міжнар. стандарты мясц. кліматычным умовам, выкарыстоўваць элементы традыц. планіроўкі і дэкору. У пач. 20 ст. зарадзіўся алейны жывапіс (А.К. ар-Расам, М.С.Закі і інш.), развіваліся скульптура і графіка. Пасля 1958 пашырыліся прапагандысцкія формы манум. мастацтва (манумент «Рэвалюцыя 14 ліпеня» Дж.Саліма, 1959—60, і інш.), у станковым мастацтве — сац.-быт. партрэт і тэматычная карціна, выкарыстанне мясц.маст. традыцый і вопыту сусв. мастацтва (Ф.Хасан, Х. ад-Дурубі, М.Ахмед). На тэр. І. на працягу стагоддзяў развіваецца маст.культура курдаў. Музеі: Іракскі (засн. ў 1923), араб. старажытнасцей (1937), этнаграфічны (1941), сучаснага мастацтва (1963), палаца Абасідаў (1935) — усе ў Багдадзе, Масульскі (1951), Вавілонскі (засн. ў 1949 на руінах Стараж. Вавілона).
Герб і сцяг Ірака.Да арт.Ірак. Ландшафт у гарах Курдыстана.Да арт.Ірак. Панарама Багдада.Да арт.Ірак. Ландшафт у гарах Курдыстана.Да арт.Ірак. Панарама Багдада.Да арт.Ірак. Панарама Багдада.Да арт.Ірак. Танцоўшчыцы. Фрагмент размалёўкі палаца Джаусак у Самары. 9 ст.Да арт.Ірак. Глінянае вядро з размалёўкай люстрам.Да арт.Ірак. Залаты збанок. 2-я пал. 10 ст.Да арт.Ірак. Тытульны ліст рукапісу Кітаб аль-дырыяк. Масул. 1199.Да арт.Ірак. Мячэць Мутавакіля ў Самары з мінарэтам аль-Мальвія. Сярэдзіна 9 ст.
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
МАРЫ́Й ЭЛ, Рэспубліка Марый Эл, Марыйская Рэспубліка,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 23,2 тыс.км². Нас. 763 тыс.чал. (1998), гарадскога 62%. Сярэдняя шчыльн. 33 чал. на 1 км². Жывуць марыйцы (43,3%), рускія (47,5%), татары (5,9%) і інш. Сталіца — г.Йашкар-Ала. Гарады: Волжск, Козьмадзям’янск, Звянігава.
Прырода. Размешчана ў бас. сярэдняга цячэння р. Волга. Большая ч. тэрыторыі раўнінная, парэзаная рачнымі далінамі. ярамі і лагчынамі. На У Вяцкі Увал (выш. да 275 м) з карставымі формамі рэльефу, на З Марыйская нізіна. Правабярэжжа занята адгор’ямі Прыволжскага ўзв. Карысныя выкапні: вапнякі, даламіты, гіпс, кварцавы пясок, торф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -13 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 450—500 мм за год. Гал. рака — Волга з прытокамі Вятлуга, Вял. і М.Какшага, Ілець, Рутка. Шмат азёр. Чэбаксарскае вадасховішча. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, на ПдУ і У перагнойна-карбанатныя, ёсць балотныя і шэрыя лясныя. Пад лесам 53% тэрыторыі (хвоя, піхта, елка, бяроза). З жывёл пашыраны воўк, буры мядзведзь, ліс, лось, рысь і інш.; баравая і вадаплаўная птушка. Нац. парк Марый Чадра, запаведнік Вял. Какшага.
Гісторыя. Людзі на тэр. М.Э. пасяліліся 40—30 тыс. гадоў назад. З пач. 1-га тыс. да н.э. развіваліся земляробства і жывёлагадоўля. Да 7 ст.н.э. склаўся стараж.-марыйскі этнас (саманазва мары, інш. народы наз. іх чарамісы), які з гэтага часу жыў на тэр. сучаснай М.Э. і суседніх абласцей па левым (лугавым), з 11—12 ст. і правым (горным) берагах Волгі. Вылучаліся 3 асн. групы марыйскага этнасу. марыйцы лугавыя (левабярэжныя), горныя (правабярэжныя) і ўсходнія. З 11 ст. марыйцы межавалі з рус. княствамі і Балгарыяй Волжска-Камскай. У 1236 яны заваяваны мангола-татарамі і з 1240-х г. знаходзіліся ў складзе Залатой Арды. З 15 ст. прыволжскія марыйцы ўваходзілі ў Казанскае ханства, а паўн.-заходнія (пры р. Вятлуга) — у склад Маскоўскай дзяржавы; у іх з’явіліся і ўласныя князі. У выніку Казанскіх паходаў 1545—52 марыйцы прызналі ўладу рас. цара. У 2-й пал. 16 ст. на марыйскіх землях пабудаваны гарады Какшайск, Козьмадзям’янск, Царовакакшайск і інш. У 17 ст. ў краі ствараліся маёнткі рус. памешчыкаў, адбывалася рассяленне рус. сялян, аднак б.ч. зямель належала дзяржаве. Асн. маса карэннага насельніцтва плаціла ясак (даніну) цару. Марыйцы ўдзельнічалі ў сял. войнах пад кіраўніцтвам І.Балотнікава (1606—07), С.Разіна (1670—71), Е.Пугачова (1773—75). З 18 ст. ўзмацніўся працэс русіфікацыі і пераводу ў праваслаўе (усх. марыйцы хрысціянства не прынялі і захавалі традыц. вераванні). У 1779—82 марыйскія землі падзелены паміж Казанскай, Ніжагародскай і Вяцкай губ. Пасля адмены прыгоннага права асн. заняткам насельніцтва заставаліся земляробства і жывёлагадоўля, аднак з’явіліся буйныя фабр.-заводскія прадпрыемствы: Звянігаўскі суднамех., Нікалаеўскі хрусталёва-шкляны з-ды і інш. Насельніцтва краю ўдзельнічала ў рэвалюцыі 1905—07.
Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Царовакакшайску, Юрыне, Козьмадзям’янску і інш. узніклі Саветы, у якіх пераважалі меншавікі і эсэры. У чэрв. 1917 у г. Бірск (Башкортастан) адбыўся 1-ы Усерас. з’езд марыйцаў. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 сав. ўлада перамагла ў большасці мясцін краю, летам 1918 задушаны буйныя антыбальшавіцкія выступленні. У ліп. 1918 утвораны аддзел мары Наркамнаца РСФСР. 4.11.1920 дэкрэтам ВЦВК і СНК РСФСР утворана Марыйская аўт.вобл. (нас. 338,5 тыс.чал., у т. л. марыйцаў 183 тыс.) з цэнтрам у г. Чырвонакакшайск (з 1927 Йашкар-Ала). 5.12.1936 яна пераўтворана ў Марыйскую Аўт.Сав.Сацыяліст. Рэспубліку (Марыйская АССР). У 1920—30-я г. развівалася дрэваапрацоўчая, цэлюлозна-папяровая прам-сць. У выніку калектывізацыі сельскай гаспадаркі асабліва пацярпела жывёлагадоўля (у 1941 колькасць жывёлы ў М.Э. была меншая, чым у 1916). Насельніцтва М.Э. удзельнічала ў Вял.Айч. вайне, больш за 40 ураджэнцаў рэспублікі ўдастоены звання Героя Сав. Саюза. У 1944 Марыйская АССР накіравала ў дапамогу вызваленай Беларусі 50 трактароў. У кастр. 1990 Вярх. Савет Марыйскай А́ССР прыняў дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце. У 1992 рэспубліка падпісала федэратыўны дагавор з Расіяй і прыняла назву Марыйская Рэспубліка (Марый Эл).
Гаспадарка. М.Э. — індустрыяльна-агр. рэспубліка. Аснову эканомікі складаюць машынабудаванне і металаапрацоўка (21,6% ад аб’ёму ўсёй прадукцыі, 1997). Вытв-сцьметалаапр. інструментаў, прылад і сродкаў аўтаматызацыі, тэхнал. абсталявання для лясной і лесаапр. прам-сці (Йашкар-Ала), халадзільнага абсталявання для гандлю і грамадскага харчавання (Волжск), радыёдэталей (Козьмадзям’янск), пральных машын (Маркі), суднарамонт (Звянігава). У 1997 выраблена 24,8 тыс.шт.гандл.-халадзільнага абсталявання, 17,5 тыс.шт. міксераў. Электраэнергетыка (24% прамысл. прадукцыі) прадстаўлена ЦЭЦ у Йашкар-Але і Волжску. З галін харч. прам-сці (18,7% прамысл. прадукцыі) вылучаюцца мясная, масларобная, малочная, алейная, кансервавая, піваварная. Вытв-сць (тыс.т, 1998): мяса (укл. субпрадукты 1-й катэгорыі) — 11,6, масла — 3,3, натуральнамалочнай прадукцыі — 22,3, алею — 0,1. Развіта лясная, дрэваапр., мэблевая і цэлюлозна-папяровая прам-сць (прадпрыемствы ў Волжску, Йашкар-Але, Звянігаве, Савецкім, Суслонгеры). На адходах дрэваапрацоўкі працуе гідролізна-дражджавы з-д у Волжску. Лёгкая прам-сць прадстаўлена абутковай (Йашкар-Ала, Юрына), трыкат. і швейнай (Йашкар-Ала), ільняной (Аршанка) галінамі. Прам-сцьбуд. матэрыялаў (вытв-сць жалезабетонных вырабаў, шкла, асфальту, цэглы і інш). З-д па вытв-сці лек. сродкаў у Йашкар-Але. С.-г. ўгоддзі займаюць 772,1 тыс.га, у т. л. ворныя землі — 637,8 тыс.га. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на жывёлагадоўлі (малочна-мяснога і малочнага кірунку), авечка-, свіна- і птушкагадоўлі. Пагалоўе (тыс. галоў, 1998) буйн. раг. жывёлы 237,1, свіней 181,9, авечак і коз 91,9. Вытв-сць мяса 42,2 тыс.т, малака 314,8 тыс.т, яец 210,3 млн.шт., настрыг воўны 211 т. Развіта пчалярства, збор мёду ў 1998—388 т. Вырошчваюць збожжавыя культуры (жыта, пшаніца, авёс, ячмень, грэчка) на пл. 301,7 тыс.га, тэхн. (цукр. буракі, лён-даўгунец, хмель) — 7,5 тыс.га, кармавыя — 226,7 тыс.га, бульбу — 40,4 тыс.га. Збор (тыс.т, 1998) збожжа — 538,7, лёну-даўгунцу — 0,8, цукр. буракоў — 0,5, бульбы — 500,5. Пладаводства (збор 14,8 тыс.т), агародніцтва (83,4 тыс.т). Даўж. чыгункі 204 км (Казань — Йашкар-Ала — Яранск). Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 3131 км. Суднаходства па рэках Волга і Вятлуга. Аэрапорт у г. Йашкар-Ала. Экспарт (22,3 млн.дол. ЗША, 1998): лекавыя сродкі, гандл.-халадзільнае абсталяванне, быт. прылады, цэлюлоза, папера. Імпарт (51,8 млн.дол. ЗША, 1998): паліва, машыны і абсталяванне, прадукцыя лёгкай і харч. прам-сці.
Культура. Літаратура ўзнікла ў пач. 20 ст. Пачынальнік — С.Чавайн. Найб. плённа развівалася паэзія (М.Мікай, М.Мухін, У.Саві, О.Шабдар і інш.). Значную ролю ў развіцці драматургіі адыгралі С.Нікалаеў, М.Шкетан, А.Канакоў, О.Тыныш, прозы — Н.Лекайн, Н.Ігнацьеў, Шабдар, паэзіі — І.Олык, К.Йыван, Чавайн, Мухін. Л-ра перадваен. дзесяцігоддзяў прадстаўлена паэзіяй М.Казакова, В.Рожкіна, В.Чалая, прозай Дз.Арая, М.Мічурына-Азмякея, Шабдара, Ігнацьева, Я.Ялкайна, Чавайна, Лекайна, публіцыстыкай і сатырай Ігнацьева і інш. У Вял.Айч. вайну ў розных жанрах працавалі А.Бік, С.Вішнеўскі, Б.Данілаў, Казакоў, М.Майн, Г.Мацюкоўскі, І.Осмін, Чалай. У л-ры пасляваен. перыяду ў жанры рамана працавалі Лекайн, Тыныш, А.Крупнякоў, у драматургіі — Нікалаеў, у паэзіі — Казакоў, Вішнеўскі і інш. На бел. мову асобныя творы марыйскіх пісьменнікаў (С.Брылякова, Вішнеўскага, М.Гаяза, Данілава, В.Дзмітрыева, Д.Ісламава, Казакова, Майна, Мацюкоўскага, П.Рэчкіна) пераклалі Э.Валасевіч, Х.Жычка, І.Калеснік, У.Рыгорава, У.Скарынкін, К.Цвірка.
Да сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. адносяцца прымітыўныя фігуркі жывёл з каменю і гліны, метал. ўпрыгожанні бронзавага веку. Для нар. дойлідства характэрны зрубныя з бярвення хаты з П-падобным дваром, летняй кухняй («кудо», без акон), 2-павярховай клеццю з галерэяй-балконам. Да сярэдзіны 19 ст. паселішчы забудоўваліся хаатычна, пазней усталявалася вулічная планіроўка. Гарады ўзніклі ў 2-й пал. 16 ст. (Какшайск, цяпер Йашкар-Ала; Козьмадзям’янск, Юрына). З пач. 20 ст. яны забудоўваліся паводле генпланаў. Асновы прафес.выяўл. мастацтва закладзены ў 1920-я г. (мастакі В.Цімафееў, П.Радзімаў, А.Грыгор’еў, К.Ягораў, Л.Атлашкіна). У 1940—50-я г. значныя творы стваралі П.Гарбунцоў, У.Казьмін, Б.Осіпаў, І.Пландзін, А.Пушкоў, П.Шабярдзін; з 1960-х г. працуюць жывапісцы А.Бутаў, Ю.Бялкоў, З.Лаўрэнцьеў, С.Падмароў, Б.Пушкоў, М.Тактаулаў, І.Яфімаў; графікі А.Арлоў, А.Бакулеўскі, І.Міхайлін, А.Фамін; скульптары А.Дзедаў, У.Карпееў, А.Шырнін; майстар нац. вышыўкі Л.Арлова. У дэкар.-прыкладным мастацтве здаўна пашыраны разьба па дрэве, узорыстае ткацтва, пляценне з бяросты, гнутая і плеценая мэбля, вышыўка. У 1941 створаны Саюз архітэктараў, у 1968 — Саюз мастакоў М.Э.
Найб. стараж. пласт нар.муз. культуры — прац., абрадавыя, быт., лірычныя і інш. песні. Яны пераважна 1-галосыя, куплетнай формы, выконваюцца ва унісон ці ў актаву, вылучаюцца багаццем рытму і метра. Ладавая аснова — пентатоніка. Марыйскія песні падзяляюць на песні горных мары (пабудаваны на квартава-квінтавых, секставых інтанацыях, з чаргаваннем простых і мяшаных памераў). лугавых (вылучаюцца лірычнасцю, роўнасцю рытму, часам імправізацыйнасцю) і ўсходніх (прыкметны ўплыў тат. і башк.муз. культур, ладавая аснова — ангемітонная пентатоніка; пашыраны жанр такмак, блізкі да прыпеўкі). Сярод нар. інструментаў: стр.-шчыпковы кусле (гуслі); смычковы кавыж (2-стр. скрыпка); духавыя шувыр (дуда), шыялтыш (падоўжная флейта), пуч (жалейкі), шушпык (гліняны салавей), ударны тумыр (барабан); храматычныя гармонікі, баян, балалайка. Першы прафес. кампазітар — І.Палантай (Ключнікаў) увёў у марыйскую музыку шматгалоссе. Сярод кампазітараў: В.Аляксееў, К.Гейст, В.Данілаў, Ю.Еўдакімаў, В.Захараў, А.Іскандараў, В.Кульшэтаў, У.Купрыянаў, А.Лупаў (першы нац. балет «Лясная легенда», 1971), С.Макаў, І.Молатаў, А.Нязнакін, Э.Сапаеў (першая нац. опера «Акпатыр», 1963), Л.Сахараў, Н.Сідушкін, К.Смірноў, Я.Эшпай, А.Яшмолкін і інш. Працуюць: Муз.т-р (з 1971), Хар.т-ва (з 1958), філармонія (з 1939), вак.-харэаграфічны ансамбль «Мары Эл» (з 1939), Марыйская хар. капэла (з 1981); муз. вучылішча, дзіцячыя муз. школы і школы мастацтваў. У 1940 створаны Саюз кампазітараў М.Э.
Літ.:
Прокушев Г.И. Художники Марийской АССР. Л., 1982;
Герасимов О.М. Народная песня в хоровом творчестве марийских композиторов. Йошкар-Ола, 1979;
Ягож. Музыкальная культура мари... Йошкар-Ола, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСНАВЫ́Я ПЕ́СНІ,
жанрава шматскладовы цыкл каляндарна-земляробчага фальклору. Пашыраны ва ўсіх земляробчых народаў, асабліва ў славян і прыбалтаў. Прымяркоўваюцца да веснавога перыяду, найб. працяглага ў каляндарна-песенным крузе (у розных этнічных традыцыях амаль ад зімовага да летняга сонцавароту). Звязаны з абуджэннем прыроды, абнаўленнем зямлі і ўсяго жывога на ёй.
З усіх песень каляндарна-земляробчага круга ў веснавых песнях найб. яскрава выступае функцыя інспірацыйная (функцыя ўнушэння), якая ў старажытнасці мела магічнае, а пазней набыла асацыятыўна-сімвалічнае значэнне. Гэта асн. функцыя неаддзельная ад эстэтычнай, што вызначае прыўзняты эмац. лад песень і маляўнічыя фарбы вобразнай сістэмы. Таму пры ўсёй жанрава-тэматычнай разнастайнасці і багацці муз. адценняў веснавых песень розных народаў агульнае ў іх — усеабдымнасць гучання чалавечага голасу (які нібы пераклікаецца з галасамі прыроды), няўпыннасць рознага роду шэсцяў і карагодаў, а таксама культ расліннасці, які можа набываць розныя структурна-жанравыя характарыстыкі і стылявую афарбоўку.
У Беларусі веснавы цыкл з’яўляецца найважнейшым кампанентам разгорнутай каляндарна-песеннай сістэмы. Ядро цыкла ўтвараюць песні з устойлівымі рытуальнымі тыпалагічна акрэсленымі абагульненымі палітэкставымі напевамі: масленічныя песні, уласна «вясна» або гуканне вясны, валачобныя песні, веснавыя карагоды (гл. ў арт.Карагод), юраўскія песні, траецкія песні, куставыя, русальныя. Другую групу складаюць песні з больш індывідуалізаванымі напевамі (паставыя, што спяваліся ў вял. пост, веснавая талака, мікольскія, «як абходзяць зялёнае жыта») і многія лірычныя, умоўна прыстасаваныя да вясны («лугавыя», «лесавыя») і інш. Спяваюць іх з пач. сакавіка («як на снезе паявяцца праталіны», «як на вясну пацягне») і да чэрвеня («дакуль зязюля кукуе»). Асн. лейтматыў вобразнай сістэмы веснавых песень — збліжэнне чалавека з прыродай, якое праходзіць як бы тры этапы: спачатку вясну клічуць (гушкальныя «на калысках» на масленіцу, абрадавыя гуканні на ўзгорках на Благавешчанне), потым выходзяць ёй насустрач (валачобныя абходы двароў, абрадавы выган жывёлы «на расу» на Юр’я, шэсці і карагоды), нарэшце як бы непасрэдна збліжаюцца з ёю («водзяць куст», «завіваюць вянкі» на Сёмуху) і праводзяць яе («пахаванне стралы», «провады русалкі» ў русальны тыдзень, які завяршае Сёмуху). Асаблівую ўстойлівасць у веснавых песнях адпаведна набываюць сюжэтна-тэматычныя комплексы: гуканне вясны (з тыповымі зачынамі «Благаславі, маці, / Вясну загукаці!», «Жавароначкі, прыляціце!», «Ой, чырачка, пташэчка»); «адмыканне лета» («Зіма з летам страчалася»), масленічныя гушкалкі («А на гарэ сонца / Калышуцца дзеўкі»), абуджэнне ўсяго жывога («Вол бушуе — вясну чуе, / Баран блее — ў поле хоча»), няўпыннае веснавое шэсце («Памажы нам, божа, / На вулачку выйсці»), дары вясны, якія пералічваюцца ў форме пытання-адказу («Ой, вясна-красна, / Што нам прынесла?»); зварот да адушаўлёнай вясны-вясняначкі (русалачкі, купалачкі) з далейшым развіццём матываў кахання. Існуюць таксама сюжэты, спецыфічныя для асобных жанраў песень веснавога цыкла (валачобных, юраўскіх, куставых, карагодных), але ва ўсіх іх аграрна-магічныя матывы і культ расліннасці пераплятаюцца з матывамі кахання і шлюбу, як і рэальных гасп. клопатаў земляроба. Паводле характару мелодыкі веснавыя песні ўключаюць (у залежнасці ад жанру і мясц. традыцыі) гранічна сціслыя напевы-формулы і больш распетыя (у межах сярэдняга меладычнага дыяпазону). Яны вызначаюцца вобразна-эмац. разнастайнасцю (у іх чутны інтанацыі закліку, заклінання, святочна прыўзнятыя, лірычныя), багаццем тэмбравых фарбаў. Выкананне тыповае для песень, якія спяваюць на вольным паветры (менавіта з імі звязана свайго роду нар. школа галаснога спеву). Для рытуальных веснавых песень характэрна антыфоннае спяванне з зычнай пераклічкай галасоў, заклікавае заключэнне на тэрцавым ці квартавым верхнім гуку, доўгія воклічы («Гу!» ці «У-у-у!») з глісандуючымі ўзлётамі ў канцы, а часам і ў сярэдзіне меластрафы («каб адгалоскі ішлі»). Веснавыя песні вядомы на ўсёй Беларусі, але размеркаванне іх у розных этнагр. зонах неаднолькавае. Гуканне вясны і карагоды канцэнтруюцца пераважна на Палессі, ва ўсходнім і цэнтр. рэгіёнах, юраўскія ў заходнім рэгіёне, гушкальныя масленічныя — на Паазер’і, валачобныя — на Паазер’і, у зах. і цэнтр. рэгіёнах, траецкія — ва ўсходнім рэгіёне і на Палессі, веснавая талака — у паўн.-ўсх., русальныя — у паўд.-ўсх. раёнах, «пахаванне стралы» — на ўсходнім, «куст» — на зах. Палессі. У сучасным побыце бел. вёскі апрача прымеркаваных да вясны лірычных найб. захаваліся абходныя песні, перш за ўсё нацыянальна вызначальныя валачобныя. Даволі жывучымі аказаліся веснавыя гуканні і карагодныя песні, але цяпер іх носьбіты — старэйшыя жанчыны, што вядзе да адпаведных змен у характары іх бытавання (іх проста спяваюць без адпаведных дзеянняў, якімі яны суправаджаліся раней). Наогул, выяўляецца тэндэнцыя адмацавання веснавых песень ад абраду пры строгай, аднак, замацаванасці ў свядомасці вяскоўцаў іх сімвалічнай значнасці і пэўнага часу выканання.
Публ.:
Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 1, ч. 1. СПб., 1887;
Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;
Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд.Мн., 1975;
Веснавыя песні. Мн., 1979 (Бел.нар. творчасць);
Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.
Літ.:
Аничков Е.В. Весенняя обрядовая песня на западе и у славян. Ч. 1—2. СПб., 1903—05;
Земцовский И.И. Мелодика календарных песен. Л., 1975. С. 77—128;
Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;
Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — начало XX в. М., 1979;
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;
Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫГЕ́Я, Рэспубліка Адыгея,
у складзе Рас. Федэрацыі. Пл. 7,6 тыс.км². Нас. 426 тыс.чал. (1987), гарадскога 51%; адыгейцы, рускія, украінцы і інш. Сталіца — г.Майкоп.
Прырода. Адыгея размешчана ў паўн.-зах.ч. Каўказа на левабярэжжы рэк Кубань і Лаба; паўн.ч. — на Прыкубанскай раўніне, парэзанай далінамі рэк і лагчынамі, паўд.ч. — на перадгор’ях і схілах В.Каўказа (выш. да 3238 м, г. Чугуш). Ёсць прыродны газ, буд. матэрыялы, мінер. крыніцы. Клімат умерана кантынентальны, цёплы. Сярэдняя т-растудз. каля -2 °C, ліп. 22 °C. Ападкаў каля 700 мм за год. Безмарозны перыяд 180 дзён. Рэкі бас. Кубані (Лаба, Белая, Пшыш, Псекупс). Вадасховішчы: Краснадарскае, Шапсугскае, Акцябрскае і інш. На б.ч.тэр. — чарназёмы, пашыраны каштанавыя глебы, у гарах — шэрыя і бурыя лясныя. Шыракалістыя лясы перадгор’яў займаюць 2/5 тэрыторыі, у гарах піхта, елка, хвоя. Водзяцца зубр, серна, каўказскі алень, казуля, дзік, буры мядзведзь, выдра, барсук, ліс і інш. У Адыгеі асн.ч.Каўказскага запаведніка.
Гісторыя. Звесткі пра стараж. чалавека на тэр. Адыгеі адносяць да палеаліту. Продкі адыгаў згадваюцца ў пісьмовых крыніцах з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. З 4 ст.н.э. адыгі апрача жывёлагадоўлі і земляробства займаліся ганчарствам, кавальствам, ювелірным і інш. рамёствамі, падтрымлівалі гандлёвыя сувязі з народамі Каўказа, Крыма, з Іранам і Візантыяй, з генуэзскімі гарадамі-калоніямі, што існавалі да 15 ст. на марскім узбярэжжы Адыгеі. Прыблізна з 13 ст. з зах.-адыгейскіх плямёнаў пачала складвацца адыгейская народнасць. У 13 ст. Адыгея заваявана Залатой Ардой. З 16 ст. на землі Адыгеі спусташальныя набегі рабілі тур. султаны і крымскія ханы. Яны бралі вял. палон, насаджалі іслам, што прымусіла адыгейцаў шукаць абароны ў Расіі. У 1555—57 Адыгея далучана да Расіі. З крас. 1917 на тэр. Адыгеі пашыралася ўлада Кубанскай рады. У студз. 1918 абвешчана сав. ўлада, з мая тэр. Адыгеі ў складзе Кубана-Чарнаморскай сав. рэспублікі, з ліп. — Паўночна-Каўказскай савецкай рэспублікі. Восенню 1918 Адыгея занята войскамі Добраахвотніцкай арміі, кіравалася адміністрацыяй Дзянікіна ўрада. У сак. 1920 адноўлена сав. ўлада. 27.7.1922 утворана Чэркеская (Адыгейская) аўт. вобласць, 24 жн. перайменавана ў Адыгейскую (Чэркескую), з ліп. 1928 — у Адыгейскую аўт. вобласць; адм. ц. — г. Краснадар, з 1936 — г. Майкоп. З 1937 аўт. вобласць у складзе Краснадарскага краю. У 1991 абвешчана Рэспубліка Адыгея ў складзе Рас. Федэрацыі.
Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: харч. (кансервавая, маслабойная, мясная, цукр., эфіраалейная, чайная і інш.); машынабуд. (станкабудаванне); лясная і дрэваапр. (вытв-сць мэблі, цэлюлозы, кардону). Газаздабыўная прам-сць. Асн.прамысл. цэнтр — Майкоп. Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, рыс) і тэхнічных (сланечнік, цукр. буракі, тытунь) культур. Вырошчваюць агародніну, бахчавыя, бульбу, кармавыя культуры. Вінаградарства і пладаводства. У жывёлагадоўлі вядучае месца займае развядзенне буйн. раг. жывёлы. Птушкагадоўля. Пчалярства. Суднаходства па р. Кубань. Аўтамаб. траса Майкоп — Дагамыс. Зах.ч. перасякае чыгунка Краснадар—Новарасійск.
Культура. У 1992 у Адыгеі 204 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (21,6 тыс. дзяцей), 165 агульнаадук. школ (62,7 тыс. вучняў, больш за 5 тыс. настаўнікаў), 10 ПТВ (4,5 тыс. навучэнцаў), 6 сярэдніх спец.навуч. устаноў (7 тыс. навучэнцаў); Адыгейскі пед.ін-т (больш за 5 тыс. студэнтаў), 177 б-к. Гісторыка-краязнаўчы музей у Майкопе.
Выходзяць газеты «Адыгэ макъ» («Голас Адыга»), «Адыгейская правда» і інш.
Нар. паэзія адыгейцаў уключае паданні пра нартаў, гераічныя, ваенна-гіст. песні, песні-галашэнні, калыханкі, паляўнічыя, працоўныя, лірычныя, вясельныя і інш. Развіццё адыгейскай л-ры звязана са стварэннем у 1918 пісьменства і друку на адыгейскай мове. Першыя поспехі звязаны з імёнамі І.Цэя, М.Паранука, А.Хаткова, Т.Керашава. У 1930-я г. зроблены першыя запісы песень нар. ашуга Цуга Тэўчэжа і створаных ім паэм. У пасляваенны час плённа працавалі А.Еўтых, А.Гадагатль, Ю.Тлюстэн, Дж.Джагупаў, І.Машбаш, Х.Ашынаў і інш. Развіццю адыгейскай л-ры ў 1970—90-я г. спрыяла творчасць М.Тхаркаха, Е.Мамія, К.Кумпілава, Н.Куека, П.Кашубаева, Т.Чамокава і інш.
Найб.стараж. помнікі на тэр. Адыгеі (дальмены, наскальныя выявы, залатыя і сярэбраныя пасудзіны і фігуркі т.зв. майкопскай культуры) адносяцца да мезаліту і бронзавага веку. Да ранняга жал. веку належаць ювелірныя вырабы «звярынага стылю», кераміка, рэшткі абарончых і культавых збудаванняў. З даўніх часоў пашырана прыкладное мастацтва (залатое шыццё, разьба па дрэве і камені, лямцавыя дываны і інш.). У 1950 у Майкопе створана абл.маст.-вытв. майстэрні Краснадарскага аддз.маст. фонду Расіі.
Музыка адыгейцаў мае шэраг самабытных адметных рысаў. У яе аснове дыятанічныя лады, 2-дольная метрыка, у архаічных жанрах — нерэгулярна пераменная метрыка, мноства трыёляў, сінкопаў і інш. Сярод песенных жанраў працоўныя і абрадавыя песні. Танцы: зафак, ісламей, зыгатлат, удж-турыту, удж-хурай, зекакаш. Сярод інструментаў: флейта камыль, гармонік пшынэ, драўляная трашчотка пхачыч, струнна-смычковы апепшын. Найб. вядомыя кампазітары: У.Тхабісімаў, А.Нехай, Г.Самогава, М.Бесіджаў, Г.Чыч, Дж.Натха, Ч. і В.Анзарокавы. У Адыгеі працуюць (1988): Ансамбль нар. танца (Майкоп), філармонія, муз.-пед.ф-т Адыгейскага пед. ін-та, вучылішча мастацтваў, муз. школы.
Вытокі тэатр. мастацтва Адыгеі ў стараж.нар. эпасе, жартоўных сцэнках, якія ўваходзілі ў бытавыя, святочныя і працоўныя абрады. Першы нац.тэатр. калектыў — Адыгейскі абл. калгасна-саўгасны тэатр (1936). У 1941 у Майкопе створаны абл.драм.т-р імя А.С.Пушкіна (рус. і адыгейская трупы). У рэпертуары п’есы нац., рус., замежных драматургаў.
найбуйнейшы на Беларусі збор твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Засн. і адкрыты ў 1939 у Мінску як Дзярж. карцінная галерэя, з 1957 Дзярж.маст. музей, з 1993 сучасная назва. Захоўвае творы бел., рас. і зах.еўрап. мастацтва і мастацтва Усходу 14—20 ст. Агульная пл. 3513 м². Меў 10 экспазіцыйных залаў, пл. экспазіцыі 1749 м². У фондах музея (2000) 22,6 тыс. экспанатаў. Навук. аддзелы: навук.-асв. работы, уліку і захавання, стараж.-бел. мастацтва, бел. мастацтва 20 ст., рус. мастацтва, замежнага мастацтва, рэстаўрацыі і хім.-біял. даследаванняў, архіў.
Напачатку размяшчаўся ў будынку Вышэйшай камуніст.с.-г. школы, б. Мінскай жаночай гімназіі. Калекцыя склалася з экспанатаў з фондаў абласных краязнаўчых і гіст. музеяў, а таксама з нацыяналізаваных у Зах. Беларусі маёнткаў. Агульная пл. складала 1500 м². З 1200 экспанатаў, якія былі на момант адкрыцця, у 15 залах экспанавалася 400 твораў бел., рус. і зах.-еўрап. мастацтва 17—20 ст. На пач. 1941 фонды складалі 2711 адзінак. У час Вял.Айч. вайны самыя каштоўныя экспанаты не паспелі эвакуіраваць, іх лёс невядомы. Галерэя адноўлена ў 1944, размяшчалася ў будынку Дома прафсаюзаў. У 1957 музей адкрыўся ў спец. ўзведзеным будынку. Колькасць экспанатаў склала 2886 адзінак.
У музеі сабрана унікальная калекцыя бел. мастацтва: стараж. іканапіс і разьба па дрэве, творы дэкар.-прыкладнога мастацтва, жывапіс 19 ст., у т. л. творы В.Бялыніцкага-Бірулі, А.Гараўскага, С.Жукоўскага, І.Хруцкага; пасляваеннае і мастацтва 2-й пал. 20 ст. прадстаўлена творамі З.Азгура, А.Анікейчыка, І.Ахрэмчыка, А.Бембеля, Г.Вашчанкі, Н.Воранава, А.Глебава, В.Грамыкі, М.Данцыга, Я.Зайцава, А.Кашкурэвіча, А.Кішчанкі, А.Малішэўскага, Г.Мурамцава, У.Мурахвера, Г.Паплаўскага, А.Паслядовіч, І.Рэя, М.Савіцкага, У.Стальмашонка, В.Сумарава, В.Цвіркі, Л.Шчамялёва і інш.; рус. мастацтва 18—20 ст. — творамі К.Айвазоўскага, У.Баравікоўскага, К.Брулова, С.Канёнкава, К.Каровіна, Дз.Лявіцкага, В.Паленава, Ф.Рокатава, І.Рэпіна, В.Сярова, В.Трапініна, М.Урубеля, П.Фядотава, Ф.Шубіна, І.Шышкіна і інш. Калекцыя зах.-еўрап. мастацтва 15 — пач. 20 ст. склалася ў 1960—70-я г. з твораў мастакоў Аўстрыі, Бельгіі, Галандыі, Даніі, Італіі, Польшчы, Францыі, Швецыі, якія адлюстроўваюць асаблівасці развіцця мастацтва ў гэтых краінах у розныя часы. Калекцыя музея папаўнялася па ўсіх раздзелах фондаў, асабліва творамі дэкар.-прыкладнога мастацтва Беларусі (шкло, габелен, нар. мастацтва), Расіі, Зах. Еўропы. Склалася і калекцыя ўсх. мастацтва: кераміка, ткацтва, лакі, метал, традыц. жывапіс, разьба па камені і косці 15—20 ст. Індыі, Ірана, Кітая, Сярэдняй Азіі, Японіі. Збор сучаснага бел. мастацтва папоўніўся творамі В.Альшэўскага, А.Задорына, Н.Залознай, С.Катковай, У.Кожуха, В.Крывашэевай, З.Літвінавай, А.Марачкіна, М.Селешчука, К.Селіханава, У.Тоўсціка, Л.Хобатава, І.Цішына, В. і Ф.Янушкевічаў і інш. Музей праводзіць н.-д., збіральніцкую і папулярызатарскую работу, наладжвае выстаўкі твораў айч. і замежных майстроў, ажыццяўляе навук. і творчую сувязь з замежнымі музеямі, арганізоўвае выставачны абмен, праводзіць лекцыі, экскурсіі, заняткі клубаў мастацтвазнаўцаў і аматараў мастацтва, дапамагае ствараць карцінныя галерэі, маст. аддзелы ў інш. гарадах рэспублікі. Выдае каталогі, альбомы, паштоўкі. Мае бібліятэку. У розныя часы музей узначальвалі М.Міхалап (у 1939—41), А.Аладава (з 1944), Ю.Карачун (у 1977—97), У.Пракапцоў (з 1998). Філіялы: Гурынская карцінная галерэя Мазырскага р-на (з 1978), Музей беларускага народнага мастацтва ў в. Раўбічы Мінскага р-на (з 1979), Магілёўскі мастацкі музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі (з 1982), архітэктурны комплекс 16—18 ст. у в. Гальшаны Ашмянскага р-на (з 1989), палацава-паркавы комплекс 16—20 ст. у г.п. Мір Карэліцкага р-на (з 1992), «Дом-музей Ваньковічаў. Культура і мастацтва 1-й пал. 19 ст.» (гл.Мінскі музей Ваньковічаў), Мемарыяльны музей Азгура З.І. (абодва з 2000), Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс (з 1986, у стане рэстаўрацыі) — усе ў Мінску.
Будынак музея пабудаваны ў 1957 (арх. М.Бакланаў). 2-павярховы, прамавугольны ў плане, завершаны зашклёным ліхтаром. Гал. фасад вырашаны на аснове класічнай ордэрнай сістэмы. Цэнтр. ўваход утварае неглыбокая лоджыя з каланадай, якую па баках фланкіруюць глухія аб’ёмы з глыбокімі дэкар. нішамі, дзе размешчаны скульпт. кампазіцыі «Скульптура» і «Жывапіс» (скульптары С.Адашкевіч, П.Белавусаў, Л. і М.Роберманы). Франтон увянчаны скульптурай жанчыны з вянком, якая сімвалізуе росквіт выяўл. мастацтва Беларусі (скульптар А.Бембель). Пры ўваходзе — парадны вестыбюль, адкрыты на 2 паверхі, з 3-маршавай лесвіцай і абходнай галерэяй на 2-м паверсе. Сувязь выставачных залаў на 2-м паверсе анфіладная. На 1-м і ў цокальным паверхах размешчаны службовыя і дапаможныя памяшканні. Іл.гл. таксама да арт.Музеі мастацкія.
Літ.:
Государственный художественный музей БССР: [Альбом]. М., 1958;
Дзяржаўны мастацкі музей БССР: [Альбом]. Мн., 1979;
Государственный художественный музей БССР: Собр. живописи XV—XX вв.: [Альбом]. М., 1989;
Дзяржаўны мастацкі музей БССР: [Альбом]. Мн., 1990;
Сообщения Государственного художественного музея БССР. Вып. 1. Мн., 1994;
Паведамленні Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Вып. 2. Мн., 1997.
А.А.Воінаў (архітэктура), І.М.Паньшына.
Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Вестыбюль музея.Будынак Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́Н, Султанат Аман,
дзяржава на Б. Усходзе, займае паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва. Тэр. дзяржавы выцягнутая з ПдЗ на ПнУ на 940 км. Абмываецца водамі Аравійскага м. Мяжуе з Йеменам, Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі; граніцы на З праходзяць па пустыні і выразна не акрэслены. Абсалютная манархія. У адм. адносінах падзяляецца на 6 раёнаў і 59 губернатарстваў. Пл. 212,4 тыс.км. Нас. 1,9 млн.чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія іслам. Сталіца — г.Маскат. Нац. свята — Дзень нараджэння султана Кабуса (18 ліст.).
Прырода. Тэр. Амана займае ўскраіну плато Аравійскага п-ва з гарамі Хаджар (найвыш. пункт краіны г. Шам, 3353 м) на ПнУ. На ПдЗ плато Дафар з гарамі Кара. Уздоўж Аманскага заліва вузкая (40—50 км) прыбярэжная нізіна Эль-Батына. У цэнтры — усх. ўскраіна пустыні Руб-эль-Халі. Карысныя выкапні: нафта (запасы 575 млн.т), прыродны газ (283 млрд.м³), медная (20 млн.т) і хромавая (2 млн.т) руды; ёсць каменны вугаль, вапняк, мармур, падземныя воды, невял. запасы свінцу, золата, серабра. Клімат трапічны, гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. каля 21 °C, у ліп. 32 °C. Ападкаў на раўнінах каля 125 мм, у гарах да 500 мм за год, выпадаюць пераважна летам. Пастаянных рэк няма, ёсць вадзі. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць, у гарах участкі саваннаў, лістападных трапічных лясоў. У аазісах фінікавыя і какосавыя пальмы, аліўкавыя дрэвы. Сярод жывёл — газелі, ліс, шакал, зайцы, тушканчыкі, яшчаркі, змеі.
Насельніцтва. Больш як 90% арабы, жывуць таксама персы, індусы, выхадцы з Усх. Афрыкі. Большая палавіна насельніцтва аселая, сканцэнтравана ў Эль-Батына і вакол Маската, ва ўнутр. раёнах і на ПдЗ — качавое і паўкачавое. Шчыльнасць 8,9 чал. на 1 км². Пераважае сельскае насельніцтва (каля 89%). Найб. гарады: Маскат, Эль-Матрах, Эс-Сахар, Назва, Салала.
Гісторыя. Ёсць звесткі, што ў 4—3-м тыс. да н.э. насельніцтва на тэр. Амана мела флот і займалася пасрэдніцтвам у гандлі паміж краінамі бас. рэк Ніл, Тыгр, Еўфрат і Інд. У 7—11 ст.тэр. Амана некалькі разоў уключалася ў склад Арабскага халіфата. У сярэдзіне 8 ст. аманскія плямёны аб’ядналіся вакол імама, якому належала духоўная і свецкая ўлада. Незалежны імамат Амана з перапынкамі існаваў да канца 18 ст. У пач. 16 ст. прыбярэжнай ч. Амана завалодалі партугальцы, у 1730-я г. заваявалі персы. З 2-й пал. 18 ст. Аман — аб’ект барацьбы паміж Англіяй, Францыяй і вахабітамі. На пач. 19 ст. кантроль над паўд.-ўсх.ч. Аравійскага п-ва ўстанавіла Англія. Тэр. Амана была падзелена на імамат Амана, султанат Маскат і т.зв. Пірацкі бераг (з 1853 Аман Дагаворны). У 1891 над Маскатам устаноўлены брыт. пратэктарат. Імамат Амана заставаўся незалежны. Яго кіраўнікі выступалі за ліквідацыю залежнасці Маската ад Англіі і ўз’яднанне краіны, што прывяло да ўзбр. канфліктаў паміж абодвума бакамі. Паводле Сібскага дагавора 1920 англ. ўлады і султан Маската прызналі імамат Амана незалежнай дзяржавай. У 1955, парушыўшы дагавор, англа-маскацкія войскі ўвайшлі на тэр. Амана і да 1959 акупіравалі большую яго частку; правіцелем Амана стаў султан Маската Саід бен Тэймур. У выніку дзярж. перавароту з ліп. 1970 на чале Амана стаў султан Кабус бен Саід. Са жн. 1970 краіна мае назву Султанат Аман. У вер. 1971 Аман прыняты ў Лігу арабскіх краін, у кастр. — у ААН. Супрацоўнічае з ЗША, падтрымлівае цесныя сувязі з Вялікабрытаніяй. Аман быў пасрэднікам ва ўрэгуляванні ірана-іракскай вайны 1980—88, з’яўляецца прыхільнікам стварэння бяз’ядзерных зон у розных ч. свету. Выступае за захаванне на сучасным этапе замежных войскаў у Персідскім заліве. Мае пагадненне з ЗША аб ваен. супрацоўніцтве.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча (38 млн.т., 1993) і экспарт (праз порт Міна-эль-Фахль каля Маската) нафты; дае каля 70% валавога ўнутр. прадукту (у 1992 ацэньваўся ў 10,4 млрд.амер.дол., штогадовы прырост да 13%) і больш за 90% паступленняў цвёрдай валюты. Гадавая магутнасць нафтаперапр. з-даў 3 млн.т. Разведку і здабычу нафты ажыццяўляюць змешаныя кампаніі (60% капіталаў ва ўрада Амана, 40% у зах.-еўрап. фірмаў). Прыродны газ (гадавая здабыча 2,8 млрд.м³) выкарыстоўваецца ў энергетыцы, працуюць з-ды па звадкаванні газу. Ёсць дзярж. прадпрыемствы: медзеплавільны з-д у г. Эс-Сахар, нафтаперапрацоўчы ў Маскаце, цэментны ў Русаі. Развіты рыбалоўства, буд.прам-сць, саматужныя промыслы (апрацоўка скур, прадзенне, ткацтва, вытв-сць ювелірных вырабаў, халоднай зброі, прадметаў хатняга ўжытку, перапрацоўка фінікаў). Сельская гаспадарка дае 3% валавога ўнутр. прадукту (у ёй занята 42% насельніцтва, разам з рыбалоўствам). Для земляробства прыдатныя 0,2% плошчы краіны, 4,7% пад пашай. Найб. асвоены Эль-Батына, прыбярэжная раўніна Дафара і вадзі ўнутр. раёнаў. Земляробства аазіснае, са штучным арашэннем. Гал.культура — фінікавая пальма (50% апрацаваных зямель). Вырошчваюць проса, кукурузу, ячмень, пшаніцу, траву альфу (ідзе на выраб паперы і тканін), гародніну, тытунь, лімоны, апельсіны, манга, бананы, вінаград, какосавыя арэхі. Увозіцца збожжа. Жывёлагадоўля экстэнсіўная. Бедуіны-качэўнікі гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў. Асн. транспарт — марскі і аўтамабільны, сувязь з унутр. раёнамі — па караванных шляхах. Асн. парты Міна-Кабус, Райсут, Маскат, Эль-Матрах. Аўтамагістралі злучаюць Аман з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Даўж. аўтадарог каля 23 тыс.км, нафтаправодаў 800 км, газаправодаў 350 км. Міжнар. аэрапорты ў Эс-Сіб (прыгарад Маската) і Салале. Экспарт (4,9 млрд.амер.дол., 1991) — пераважна нафта, імпарт (3 млрд.амер.дол., 1991) — машыны і трансп. сродкі, змазачныя матэрыялы, прадукты харчавання. Буйнейшыя гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, ААЭ, Паўд. Карэя, Сінгапур. Грашовая адзінка — аманскі рыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЛІЯ, Рэспубліка Карэлія,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Мяжуе на З з Фінляндыяй, на У абмываецца Белым м., на Пд Ладажскім і Анежскім азёрамі. Пл. 172,4 тыс.км². Нас. 795 тыс.чал. (1997), гарадскога 75%. Сярэдняя шчыльн. 4,6 чал. на 1 км². Жывуць карэлы (10%), рускія (74,3%), беларусы (7%), украінцы (3,6%), фіны (2,3%), вепсы (0,8%) і інш. Сталіца — г.Петразаводск. Найб. гарады: Кондапага, Сегежа, Костамукша, Сортавала, Беламорск, Кем, Мядзведжагорск.
Прырода. Размешчана на ПнЗеўрап.ч. Расіі. Паверхня К. — узгорыстая раўніна, якая сфарміравалася ў выніку дзейнасці ледавіка; прымеркавана Да Балтыйскага шчыта. Шматлікія грады і ўзгоркі чаргуюцца з нізінамі і западзінамі. На ПнЗ хрыбет Манселькя (выш. да 576 м), з Пн на Пд цягнецца Заходне-Карэльскае ўзв. (да 417 м), на Пд — Алонецкае ўзв. (да 313 м). Узбярэжжы Белага м., Ладажскага і Анежскага азёр заняты нізінамі. Карысныя выкапні: тытанамагнетытавыя і жал. руды, граніт, мармур, слюда, кварцыты, пегматыты, даламіты, палявы шпат, торф. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага: мяккая працяглая зіма, халаднаватае кароткае лета. Сярэдняя т-растудз. ад -9 °C да -13 °C, ліп. 14—16 °C. Колькасць ападкаў павялічваецца з Пн на Пд ад 400 да 600 мм за год. Рэкі парожыстыя, кароткія, з быстрым цячэннем, багатыя гідраэнергіяй. Гал. рэкі — Кем, Водла, Выг, Суна, Шуя. На р. Суна — вадаспад Ківач. Больш за 40 тыс. азёр (18% тэрыторыі). Буйныя азёры: Ладажскае, Анежскае, Тапвозера, Сегвозера, Пявозера, Выгвозера і інш.Беламорска-Балтыйскі канал. Шмат балот. Пераважаюць падзолістыя, падзоліста-глеевыя і тарфяна-балотныя глебы. Пад лесам каля 53% тэрыторыі. Запасы драўніны 849 млн.м³ (1996). На Пн і ў цэнтры пашыраны хваёвыя лясы, на Пд — яловыя і лісцевыя (карэльская бяроза, вольха, асіна). Разнастайны жывёльны свет. Водзяцца буры мядзведзь, лось, паўн. алень, воўк, ліс, заяц-бяляк і інш. На азёрах, рэках і ўзбярэжжы Белага м. шмат вадаплаўных птушак. Запаведнікі: Костамукшскі і Ківач.
Гісторыя. Тэр. К. заселена ў 7—6-м тыс. да н.э. У 3—2-м тыс. да н.э.гал. заняткамі жыхароў былі рыбалоўства і паляванне. Першыя пісьмовыя звесткі пра плямёны карэлаў (гл.Карэла) адносяцца да канца 1-га тыс.н.э. У 9 — пач. 12 ст. К. ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі, пасля яе распаду падпарадкавана Ноўгараду. З 12 ст. ў К. зараджаюцца феад. адносіны, у 12—15 ст. складваецца карэльская народнасць. З 13 ст. К. — аб’ект агрэсіі шведаў, якія ў пач. 17 ст. захапілі Прыладажжа (вернута Расіі паводле Ніштацкага мірнага дагавора 1721). У Паўночную вайну 1700—21 на тэр. К. пабудаваны Алонецкі і Пятроўскі металург. з-ды, якія забяспечвалі рас. армію і флот гарматамі. У 1769—71 адбылося буйное выступленне горназаводскіх сялян (Кіжскае паўстанне). У 1811 зах. К. ўключана ў склад Вял. княства Фінляндскага. Пасля адмены прыгоннага права (1861) з’явіліся лесапільныя заводы з паравымі рухавікамі, павялічылася колькасць прамысл. і сезонных рабочых, пашырыліся нарыхтоўкі і сплаў лесу; па Анежскім воз. і Белым м. пачаўся рух параходаў.
У 1917—18 у К. ўстаноўлена сав. ўлада. Зах. К. ў 1917—40 была ў складзе Фінляндыі. 8.6.1920 з населеных карэламі мясцовасцей Алонецкай і Архангельскай губ. утворана аўт. вобласць — Карэльская прац. камуна, ператворана 25.7.1923 у Карэльскую АССР у складзе РСФСР. У выніку савецка-фінляндскай вайны 1939—40зах. К. ўключана ў СССР. 31.3.1940 утворана Карэла-Фінская ССР. У Вял.Айч. вайну б.ч. К. акупіравана ням. і фін. войскамі. 16.6.1956 Карэла-Фінская ССР ператворана ў Карэльскую АССР. З ліст. 1991 наз. Рэспубліка К. У сак. 1992 падпісаны новы федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй.
Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці — лясная, дрэваапр. (лесанарыхтоўкі, лесапілаванне, вытв-сць мэблі, буд. дэталей, лыж) і цэлюлозна-папяровая. На долю ляснога комплексу прыпадае каля 43% агульнага аб’ёму. прамысл. прадукцыі. У 1996 нарыхтавана 3,2 млн. шчыльных м³ дзелавой драўніны, выпрацавана 428 тыс.м² піламатэрыялаў, 242 тыс.т цэлюлозы, 552 тыс.т паперы. Асн. цэнтры дрэваапр. прам-сці: Петразаводск, Сортавала, Мядзведжагорск, Беламорск, Сегежа, Кем. Цэлюлознапапяровыя прадпрыемствы ў гарадах Кондапага, Сегежа, Піткяранта. Вял. значэнне мае здабыча жал. руды (6,1 млн.т, 1996, Костамукшскі горнаабагачальны камбінат), мармуру, граніту, пегматытаў, кварцытаў, слюды. Вытв-сць электраэнергіі 4,7 млрд.кВт∙гадз (1995). ГЭС на рэках Суна, Выг, Кем і інш.; Петразаводская ЦЭЦ. Машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць абсталявання для лясной, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровай прам-сці, трактароў, суднаў, станкоў, радыё- і выліч. тэхнікі, рамонт суднаў і інш.трансп. сродкаў) у гарадах Петразаводск, Беламорск, Мядзведжагорск, Вяртсіля. Каляровая металургія прадстаўлена Надвоіцкім алюмініевым з-дам. Прадпрыемствы прам-сці буд. матэрыялаў у гарадах Кондапага, Петразаводск, Піткяранта, Сортавала. З галін харч. прам-сці найб. развіты рыбная, мясная, малочная, хлебабулачная. Ёсць прадпрыемствы лёгкай прам-сці (швейная, трыкат., абутковая, валюшна-лямцавая ф-кі). Саматужныя промыслы (вырабы з карэльскай бярозы, вышыўкі). Пад с.-г. ўгоддзямі 207 тыс.га (1,2% тэрыторыі), у т. л. пад ворывам 79 тыс.га. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Збор (тыс.т. 1995) збожжавых — 4, бульбы — 154,4, агародніны — 19,1. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1995) буйн. раг. жывёлы — 82,1, свіней — 37,9. Авечкагадоўля. Птушкагадоўля. Пушны промысел. Рыбалоўства (селядзец, навага, сігавыя). Даўж. чыгунак 2,1 тыс.км, аўтадарог 13,4 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 7,5 тыс.км. Па тэр. К. праходзяць чыгункі С.-Пецярбург—Петразаводск—Мурманск, Сортавала—Суаярві—Костамукша; аўтадарогі С.-Пецярбург—Петразаводск—Мурманск, Сортавала—Костамукша. Суднаходства па Белым м., Ладажскім і Анежскім азёрах, Беламорска-Балтыйскім канале. Даўж.ўнутр. суднаходных шляхоў 3,6 тыс.км. Порт — г. Беламорск. Курорты: Марцыяльныя Воды, Сортавала. Турызм (Кіжы, Валаамскія а-вы і інш.).
Літаратура. Развіваецца з пач. 1920-х г. на фінскай і рускай мовах. Фарміравалася на своеасаблівым спалучэнні вусна-паэт. традыцый спевакоў рунаў і казачнікаў, карэла-фін. эпасу «Калевала» і рус. фальклору. У яе станаўленні ўдзельнічалі карэльскія, рус. і фін. пісьменнікі. У 1926 засн. Карэльская асацыяцыя пралет. пісьменнікаў з рус., фін. і карэльскай секцыямі. У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў К. Адзін з заснавальнікаў л-ры К. — паэт Я.Віртанен. У 1930-я г. адбывалася інтэнсіўнае станаўленне розных літ. жанраў: лірычнай паэзіі [Л.Хело (Т.Гутары), М.Рутанен, І.Кутасаў], драмы [Р.Руска (Нюстрэм)], рамана (О.Іагансан), аповесці (В.Чэхаў), нарыса і апавядання (С.Норын). Маст. асэнсаванне гіст. мінулага, падзей рэвалюцыі і грамадз. вайны — асн. змест даваен, і пасляваен. л-ры К. Шматграннасць жыцця сучаснікаў, непаўторнасць і самабытнасць карэльскага краю ў творах пісьменнікаў-фінаў У.Вікстрэма (раманы «Уперад, працоўны народ», 1954; новая рэд., кн. 1—3, 1957—65; «Суомі ў полымі», 1968), І.Саарынена (зб. паэзіі «Мая Карэлія», 1965; «Лісткі памяці», 1969), Т.Суманена (кн. паэзіі «Простыя словы», 1968; «Сэрца чалавечае», 1980), пісьменнікаў-карэлаў Я.Ругоева, М.Якала (тэтралогія «Водападзел», 1949—66), М.Лайне (зб-кі вершаў «З пакалення ў пакаленне», 1974; «Ветраны вечар», 1981), А.Тыманена, рус. пісьменнікаў А.Лінеўскага (гіст. тэтралогія «Беламор’е», 1952—65), А.Сцяпанава (раманы «Сваякі», 1969; «Яака Саку — чалавек з народа», 1973; «Удовы», 1983), Дз.Гусарава («За мяжой міласэрнасці», 1977), А.Аўдышава (зб-кі вершаў «Край азёрны, край лясны», 1964; «Заанежжа», 1984) і інш.Л-ра апошніх дзесяцігоддзяў скіравана на раскрыццё сац.-этычных праблем, ёй уласцівы эпічнасць, паглыблены псіхалагізм, філасафічнасць, нац. каларыт: паэзія І.Сіманенкава, В.Сергіна, Ю.Лінніка, проза П.Перту, Сцяпанава, драматургія П.Барыскова, А.Іванова, Сцяпанава, Тыманена, публіцыстыка У.Усланава. Развіваюцца дзіцячая л-ра (Ю.Ніканава, У.Данілаў), фалькларыстыка, літ.-знаўства, перакладчыцкая дзейнасць.
Творчыя сувязі л-р Беларусі і К. зарадзіліся ў 1930-я г.: асабістыя кантакты Купалы і Віртанена, публікацыі твораў Купалы на фін. мове ў перыяд, друку. Адзін з першых перакладчыкаў эпасу «Калевала» — бел. пісьменнік М.Машара. На фін. мову перакладзены асобныя творы Я.Коласа, В.Быкава (перакладчык У.Руханен). На бел. мове выдадзены кніга карэльскіх нар. казак «Чаму вада ў моры салёная» (1984), асобныя творы Вікстрэма, Лайне, Ругоева, Суманена, А.Хійры і інш. у перакладах Я.Лапаткі, У.Правасуда, Я.Сіпакова і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Ад эпохі неаліту і бронз. веку на тэр. К. захаваліся наскальныя малюнкі з выявамі жывёл, чалавека, антрапаморфных істот, сцэн палявання і бітваў выразаныя з рогу галовы ласёў і схематычныя фігуркі чалавека. Пасля ўваходу ў склад Стараж. Русі маст.культура К. развівалася ў рэчышчы агульнарасійскай. У культавым і жыллёвым буд-ве дамінавала драўлянае дойлідства: клецепадобныя цэрквы з гарыз. кампазіцыйнай воссю (Лазараўская Мурамскага манастыра, канец 14 ст.), вертыкальна арыентаваныя шатровыя (Успенская ў Кондапазе, 1774), маляўнічыя шматкупальныя (цэрквы комплексу Кіжы) і інш. Жылыя дамы будаваліся «брусам» (прамавугольны ў плане дом-двор пад агульным дахам) і «кашалём» (квадратны ў плане дом-двор з 2-схільным рознай даўжыні дахам). Пабудовы багата аздабляліся разьбою. З 14 ст. вядомы іканапіс, які развіваўся як архаізаваная галіна наўгародскай школы іканапісу («Апостал Пётр»). У 15—16 ст. вызначыліся мясц. асаблівасці: стрыманасць манеры пісьма і колеравай гамы, спрошчанасць малюнка і кампазіцыі, абагульненасць і лаканізм трактоўкі формы, эмацыянальная адухоўленасць вобразаў («Пётр і Павел», 15 ст.; «Вогненнае ўзыходжанне прарока Ільі», 16 ст.). У 16—19 ст. пад уплывам растова-суздальскай і маск. іканапісных школ склалася некалькі кірункаў іканапісу К. ад манументальна-лапідарных да вытанчаных па малюнку. У 18 ст. пачалося мураванае буд-ва, якому ўласцівы ўплывы барока, пазней класіцызму (ансамбль Круглай плошчы ў г. Петразаводск, 1775, арх. Е.С.Назараў; перабудовы 1787—89 і 1839). У архітэктуры канца 1930—50-х г. выкарыстоўваліся ордэрныя элементы (Рус.муз.-драм.т-р К. ў Петразаводску, арх. С.Бродскі і інш., скульпт. С.Канёнкаў) і дэкар. матывы нар. архітэктуры. У 1960—80-я г. ўзводзіліся простыя па кампазіцыі прамысл. і грамадскія будынкі. У 1920—30-я г. пачало фарміравацца прафес.выяўл. мастацтва. У жывапісе 1950—80-х г.найб. пашыраны пейзаж, часта з жанравымі матывамі (В.Аўдышава, Б.Паморцаў, С.Юнтунен), партрэт (Г.Стронк, Ф.Ніемінен), нацюрморт (Л.Ланкінен). З 1950-х г. развіваецца графіка (Стронк, Т.Юфа і інш.), з 1960-х г. — партрэтная і жанравая скульптура (Л. і Г.Ланкінены, Э.Акулаў і інш.). У дэкар.-прыкладным і нар. мастацтве здаўна развіта выемчастая і ажурная разьба па дрэве, што ўпрыгожвае дамы, гасп. пабудовы, храмы, мэблю, посуд і інш. Пашырана вышыўка.
Музыка. Адзін з найб.стараж. пластоў муз. фальклору К. — рунічны (песні-руны; сямейна-быт., эпічныя, гіст. песні, балады, галашэнні, песні-імправізацыі іойку і інш.). Вядомы таксама лірычныя песні, прыпеўкі. Сярод гар. жанраў — піірылейкі (кругавыя песні), рытмаінтанацыйнай асновай блізкія да еўрап. танцаў (вальс, полька, мазурка). Сярод інструментаў — струнна-смычковыя ёўхіка, версіканель; струнна-шчыпковы кантэле; духавыя торві (пастухоўская труба з бяросты), ліру; званочкі. Прафес.муз.культура развіваецца з пач. 1920-х г. Сярод кампазітараў: Г.Вавілаў, Л.Вішкароў, А.Голанд, Р.Зялінскі, П.Казінскі, В.Канчакоў, В.Кошалеў, Б.Напрэеў, Э.Патлаенка, Р.Пергамент (аўтар першай нац. камічнай оперы «Кумоха», 1959), К.Раўтыо, Г.-Р.Сінісала (аўтар першага нац. балета «Сампо», 1959), кампазітар і фалькларыст В.Гудкоў. У К. працуюць: Муз.т-р (з 1955), сімф. аркестр Карэльскага радыё і тэлебачання (з 1933), ансамбль песні і танца «Кантэле» (з 1936), Карэльская філармонія (з 1939), філіял С.-Пецярбургскай кансерваторыі (з 1967), муз. вучылішча (з 1938). У 1937 засн. Саюз кампазітараў.
Тэатр У 1918—22 у Петразаводску працаваў рус.т-р (Нац.т-р драмы). У 1920—30-я г. паявіліся шматлікія самадз.рус., фін. і карэльскія драм. гурткі, аматарскія т-ры («Карэльская сцэна і інш.). У 1929 створаны т-ррус. драмы, у 1932 — фін.драм.т-р (заснавальнік Р.Нюстрэм), які ставіць спектаклі сусв., у т. л.фін. і рус., класікі, творы сучасных драматургаў. Працуюць таксама драм.т-р Карэліі, Рус.драм.т-р, Т-р лялек і інш. Сярод тэатр. дзеячаў: Л.Томберг, Д.Карпава, Т.Ланкінен, Т.Ромпайнен, В.Суні, В.Тамашэўская, С.Туарыла, В.Фінагеева, Ю.Хумпі, П.Чаплыгін, А.Шыбуева.
Літ.:
Плотников В.И. Изобразительное искусство Советской Карелии. Л., 1961;
Смирнова Э.С. Живопись Обонежья XIV—XVI вв. М., 1967;
Савватеев Ю.А. Рисунки на скалах. Петрозаводск, 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАНЕ́ЗІЯ (Indonesia),
Рэспубліка Інданезія (Republik Indonesia), дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі. Займае а-вы Малайскага архіпелага (Вял. і Малыя Зондскія, Малукскія а-вы) і зах. частку в-ва Новая Гвінея (Ірыян-Джая). Працягласць з Пн на Пд каля 2 тыс.км, з З на У больш за 5 тыс.км. Межы ў асноўным марскія (з Індыяй, Тайландам, Малайзіяй, Сінгапурам, В’етнамам, Філіпінамі, Аўстраліяй). Сухапутныя межы на в-ве Калімантан з Малайзіяй і на в-ве Новая Гвінея з Папуа—Новай Гвінеяй. Падзяляецца на 24 правінцыі, 2 асобныя адм. адзінкі, якія маюць статус правінцыі, і метрапалітэнскую акругу (сталічную). Пл. 1904,5 тыс.км². Падкантрольная марская акваторыя (унутр. моры і эканам. зона) — 7,9 млн.км². Нас. 206,6 млн.чал. (1996, 4-е месца ў свеце). Сталіца — г.Джакарта. Дзярж. мова — інданезійская. Карыстаюцца таксама англ., галандскай, яванскай мовамі. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жніўня).
Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1945. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў Нар. кансультатыўным кангрэсам. Вышэйшы орган улады — двухпалатны парламент, у які ўваходзяць Савет нар. прадстаўнікоў і Нар. кансультатыўны кангрэс. У складзе парламента 1000 дэпутатаў: з 500 дэпутатаў — членаў Савета нар. прадстаўнікоў 400 выбіраюцца насельніцтвам, 100 назначаюцца прэзідэнтам; другая палавіна дэпутатаў дэлегуецца ад мясц. саветаў нар. прадстаўнікоў і функцыянальных груповак, якія прадстаўляюць ваенных, нац. буржуазію, рэліг. суполкі і інш. слаі насельніцтва. Бягучае заканадаўства ажыццяўляе Савет нар. прадстаўнікоў. Губернатары правінцый назначаюцца прэзідэнтам. Суд. сістэма складаецца з Вярх. суда, які з’яўляецца вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй (яго члены назначаюцца прэзідэнтам), дзярж. і абл. судоў (іх члены назначаюцца ўрадам). Існуюць таксама рэліг. суды, якія дзейнічаюць па законах ісламу.
Прырода. У складзе І. каля 17 тыс. астравоў, з іх найбуйнейшыя Ява, Суматра, Сулавесі (Цэлебес), б.ч. Калімантана (Барнео), зах.ч. Новай Гвінеі. Астравы падзелены морамі (Яванскае, Сулавесі, Малукскае, Банда). Берагавая лінія парэзана слаба. берагі цяжкадаступныя. Больш за 72 тэр. займаюць сярэдне- і нізкагор’і (найб.выш. да 5029 м — г. Джая на в-ве Новая Гвінея). Вулканічныя і складкавыя горы цягнуцца праз а-вы Суматра, Ява, Малыя Зондскія; каля 400 вулканаў, у т. л. больш за 100 дзеючых (найб. Керынчы — 3800 м, Рымджані — 3726 м). Частыя землетрасенні. Горы займаюць таксама цэнтр.ч. в-ва Калімантан, а-вы Малукскія і Сулавесі. Нізіны размешчаны на ПнУ в-ва Суматра, на Пд в-ва Калімантан і на З в-ва Новая Гвінея. Карысныя выкапні: нафта (запасы каля 1 млрд.т, 1995), прыродны газ (больш за 2 трлн. м³), вугаль (36 млрд.т), жал. руды, медзь, волава, баксіты, нікель, марганец, золата, серабро, кобальт, хром, уран, торый, алмазы, сера, фасфаты. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны (а-вы Ява, Малыя Зондскія). Сярэдняя т-ра на працягу года 25—27 °C. У гарах (вышэй за 1500 м) бываюць замаразкі. Ападкаў у зонах экватарыяльнага клімату 2000—4000 мм (на З Суматры больш за 6000 мм), субэкватарыяльнага — менш за 2000 мм (на ПдЗ Сулавесі да 540 мм), дзе з мая да кастр. засушлівы перыяд. Кліматычныя ўмовы дазваляюць займацца земляробствам увесь год і атрымліваць да 3 ураджаяў. Гал. рэкі — Капуас і Барыта (Калімантан), Кампар (Суматра). Шмат невял. азёр у асноўным тэктанічнага і вулканічнага паходжання. Шматлікія гарачыя крыніцы. Глебы пераважна чырваназёмныя, латэрытныя, горныя латэрытныя, трапічныя балотныя, на ПдУ месцамі чырвона-бурыя саванныя. Пад вільготнымі трапічнымі лясамі каля 65% тэрыторыі, больш за 2 тыс. відаў дрэў, у т. л. каля 300 відаў пальмаў, больш за 24 тыс. відаў кветкавых раслін. Растуць каштоўныя пароды дрэў: жалезнае, камфарнае, чорнае (эбенавае), сандалавае і інш. На Пд — участкі саваннаў, у гарах вышынная пояснасць. З жывёл характэрны малпы, насарогі, дзікія быкі, з птушак — фазаны, яванскія паўліны, райскія птушкі. Шмат змей, насякомых. У прыбярэжных морах каля 800 відаў водарасцей, больш за 1500 — рыб. Нац. паркі: Гунунг-Лёсер, Камода-Падар-Рынка, Уджунг-Кулон і інш., некалькі марскіх паркаў, запаведнікі.
Насельніцтва. Больш за 150 этнічных груп, блізкіх па мове, культуры і побыце. Асн. насельніцтва — яванцы (45%), сунданцы (14%), мадурцы (7,5%), малайцы (7,5%); жывуць таксама кітайцы (каля 4 млн.чал.), арабы, індыйцы. Насельніцтва размаўляе больш як на 300 мовах, якія маюць больш за 1000 дыялектаў. Большасць вернікаў — мусульмане-суніты (87%), хрысціяне (пратэстанты і католікі) — 9,7%, ёсць індуісты, будысты і канфуцыянцы. Частка насельніцтва захоўвае традыц. вераванні. Сярэдняя шчыльн. 108 чал. на 1 км², 2/3 насельніцтва сканцэнтравана на а-вах Ява і Мадура (7% тэр.). У гарадах жыве 31% насельніцтва (1996). Найб. гарады (тыс.ж., 1990): Джакарта — 8228, Сурабая — 2474, Бандунг — 2057, Медан — 1780, Семаранг — 1249, Палембанг — 1140, Уджунгпанданг — 944, Маланг — 695, Паданг — 631, Суракарта — 504.
Гісторыя. Продкі інданезійцаў прыбылі на Малайскі архіпелаг каля 3—1-га тыс. да н.э., верагодна, з Пд Кітая. Ужо ў даіндускі перыяд (да н.э.) насельніцтва І. мела ўласную цывілізацыю. На некат. астравах (пераважна на в-ве Ява) развілася высокая культура. Кантакты з Індыяй існавалі яшчэ ў дагіст. час; у першыя стагоддзі н.э.вял. пасяленні індускіх каланістаў у І. пашырылі інд. цывілізацыю, культуру і рэлігію; літургічнай мовай быў санскрыт. Паступова ўзнікалі манархіі на ўзор інд. княстваў. Самай магутнай дзяржавай на астравах І. ў той час была Шрывіджая (Суматра) са сталіцай у Палембангу — гандл. цэнтр, які злучаў Усход з Захадам. Большасць насельніцтва складалі малайцы. У 8 ст. на Яве вылучаліся шываісцкая дзяржава Матарам і будыйская — Шайлендра. У 9—10 ст. дынастыя Шайлендраў, выцесненая з Явы, панавала ў Шрывіджаі. У 1117—1222 на Яве існавала моцная марская дзяржава Кедыры, у 13—16 ст. — магутная імперыя Маджапахіт, якая дасягнула росквіту ў 14 ст. і падпарадкавала амаль усю тэр. сучаснай І. У 12—13 ст. у вял. партах І. з’явіліся калоніі мусульм. купцоў з Аравійскага п-ва і Індыі, чаму паспрыяў ажыўлены гандаль на марскім шляху паміж Б. Усходам і Кітаем. Мусульм. пасяленцы значна паўплывалі на насельніцтва і ўладароў невял. партовых княстваў, якія пачалі масава пераходзіць у іслам. У 15 ст. дасягнуў росквіту Малакскі султанат, уладары якога таксама прынялі іслам. Адсюль новая рэлігія, а з ёю араб.культура і мова пашырыліся на ўсю І. Павелічэнне магутнасці мусульм. княстваў (султанатаў) прывяло да заняпаду імперыі Маджапахіт. Паліт. раздробленасць краіны аблегчыла пранікненне сюды ў 16 ст.еўрап. каланізатараў. У 1511 партугальцы захапілі Малакскі султанат, у 1521 у І. з’явіліся іспанцы, у 1596 — галандцы. У 1602 створана галандская Ост-Індская кампанія з цэнтрам у Батавіі (сучасная Джакарта). Яна падпарадкавала большасць дзяржаў на Яве, кантралявала гандаль ва ўсёй І., якая фактычна ператварылася ў галандскую калонію. Эканам. і паліт. цяжкасці, войны з султанамі Явы і шматлікія паўстанні сталі прычынай фін. крызісу і ліквідацыі ў 1798 кампаніі. Яе ўладанні перайшлі да Нідэрландаў. У перыяд напалеонаўскіх войнаў І. трапіла пад панаванне Францыі, у 1811 яе захапілі англічане. Паводле пагадненняў 1814 і 1824 Вялікабрытанія вярнула І. Нідэрландам. Чужаземнае панаванне неаднойчы выклікала паўстанні (у 1825—30 пад кіраўніцтвам Дыпанегора, у 1837 т. зв. паўстанне Падэры). Нац.-вызв. рух актывізаваўся ў 1-ю сусв. вайну і пасля яе. У 1920 левае крыло с.-д. аб’яднання (дзейнічала з 1914) аформілася ў камуніст. партыю І. У 1925 на Яве адбыліся масавыя забастоўкі пад кіраўніцтвам камуністаў; у канцы 1926 яны перараслі ў нар. паўстанне, падтрыманае рэліг. лідэрамі; у 1927 ахапіла і Суматру. Папулярнай была Нац. партыя на чале з А.Сукарна (засн. ў 1927, забаронена нідэрл. ўладамі ў 1930). У час 2-й сусв. вайны І. акупіравана Японіяй (1942—45), якая падтрымлівала мясц. нацыяналізм антыеўрап. скіраванасці. 17.8.1945 Сукарна абвясціў незалежную Інданез. рэспубліку і выбраны яе прэзідэнтам. У вер. 1945 у І. высадзіліся брыт., а потым галандскія войскі, супраць іх пачаў барацьбу інданез. ўрад. Брыт. войскі выведзены з І. ў сярэдзіне 1946, Нідэрланды паводле Лінгаджацкага пагаднення 1947 прызналі рэспубліку дэ-факта ў межах Явы, Мадуры і Суматры. З прычыны сабатажу галандцамі ўмоў пагаднення летам 1947 інданезійцы аднавілі ўзбр. барацьбу. Нідэрландцы вымушаны былі пагадзіцца на правядзенне ў 1949 у Гаазе канферэнцыі «Круглага стала». На ёй было абвешчана стварэнне Рэспублікі Злучаных Штатаў Інданезіі (РЗШІ), аб’яднаных з Нідэрландамі персанальнай уніяй. У жн. 1950 РЗШІ абвешчана унітарнай Рэспублікай І. (ліквідавана унія з Нідэрландамі). Незалежная І. стала адным з ініцыятараў правядзення Бандунгскай канферэнцыі 1955. У 1957 Сукарна аб’явіў аб замене «заходняй» парламенцкай дэмакратыі на т. зв. «накіроўную дэмакратыю» з рысамі аўтарытарызму; была ўзмоцнена ўлада прэзідэнта, пашыраны функцыі адміністрацыі і войска. Адначасова Сукарна, нягледзячы на пагаршэнне эканам. сітуацыі, падтрымліваў рэформы, скіраваныя на ўвядзенне ў краіне сацыяліст. гаспадаркі (гэтаму спрыяў афіц. культ асобы Сукарна). У 1963 І. пачала барацьбу супраць стварэння Федэрацыі Малайзіі. Паліт. і эканам. сітуацыя ў краіне стала крытычнай. У 1965 ген.Сухарта ў працэсе ліквідацыі спробы дзярж. перавароту левых афіцэраў («Рух 30 верасня») захапіў уладу. Разгром змоўшчыкаў перарос у масавыя рэпрэсіі супраць кампартыі і яе прыхільнікаў. Быў сфарміраваны рэжым «новага парадку». Прэзідэнт Сухарга (з 1966 часовы, у 1968—98 афіцыйны) жорстка абмежаваў унутр. апазіцыю і паставіў гал. задачай эканам. рост з дапамогай зах. дзяржаў шляхам пераходу да рыначнай гаспадаркі. У 1975 І. аб’явіла сваёй 27-й правінцыяй Усх. Тымор, б.партуг. калонію. У 1970-я г.ўнутр. сітуацыя ў краіне стабілізавалася. У пач. 1980-х г. пачаліся выступленні ісламскіх фундаменталістаў і іх сутыкненні з уладамі, узнік сепаратысцкі рух ва Усх. Тыморы. У знешняй палітыцы І. пашырае адносіны з усімі вядучымі дзяржавамі свету, з’яўляецца адным з лідэраў руху недалучэння. Нягледзячы на пэўныя эканам. дасягненні, 32-гадовае аўтарытарнае кіраванне Сухарга (у 1998 ён выбраны прэзідэнтам на 7-ы тэрмін) выклікала ў маі 1998 нар. паўстанне, якое завяршылася адстаўкай Сухарта. Яго паўнамоцтвы перайшлі да віцэ-прэзідэнта Б.Ю.Хабібі.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Партыя адзінства і развіцця, Дэмакр. партыя І., ГОЛКАР (т. зв. «функцыян. групы», якія аб’ядноўваюць прафес., маладзёжныя, жаночыя, рэліг. і інш. арг-цыі, што не далучыліся да паліт. партый), Усеінданез. саюз працоўных, Усеінданез. саюз рабочых.
Гаспадарка. І. — аграрна-індустр. дзяржава з буйнейшай у Азіі сыравіннай плантацыйнай гаспадаркай і значнай горназдабыўной прам-сцю. Доля прамысловасці ў валавым унутр. прадукце 39%, сельскай гаспадаркі 19%. Вядучая галіна прам-сці — здабыча нафты (каля 90 млн.т, 1995). Нафтапромыслы на а-вах Суматра, Калімантан, Бунью; падводныя радовішчы каля берагоў Суматры, Явы, Калімантана, Новай Гвінеі. Па здабычы прыроднага газу І. выйшла на 3-е месца ў свеце (больш за 90 млрд.м³). З галін гарнаруднай прам-сці маюць значэнне здабыча волава (на а-вах Банка, Белітунг, Сінкеп), нікелю (Сулавесі), медзі (Новая Гвінея), баксітаў (Бінтан). Здабыча (тыс.т, 1995): волава — 30 (2-е месца ў свеце), нікелю — каля 70 (4-е месца ў свеце), медзі — 310, баксітаў — 1320. Вугаль здабываюць на а-вах Суматра і Калімантан (3/4 ідзе на экспарт). Здабываюцца таксама марганцавая руда, золата, серабро, алмазы, уран, сера, фасфаты, азбест, асфальт, кухонная соль. Вытв-сць электраэнергіі 44 млрд.кВт∙гадз (1994), пераважна на ЦЭС (буйнейшая на в-ве Ява, у т. л. Танджунгпрыяк магутнасцю 1,18 млн.кВт). Асн. з’яўляюцца харч. (цукр., алейныя, рысаачышчальныя, кансервавыя, чайныя, кававыя і інш. прадпрыемствы) і лёгкая (вытв-сць баваўняных тканін, трыкатажу, апрацоўка капоку, сізалю і інш.) прам-сць. Ёсць металургічныя (сталеплавільны, феранікелевы, алюмініевы), металаапр., машынабуд. (рамонтна-мех., суднабуд., аўтазборачныя, радыё- і электрапрылад) прадпрыемствы. Гал. цэнтры: Джакарта, Сурабая, Маланг, Медан, Бандунг і інш. Нафта- і газаперапрацоўка на прадпрыемствах у Сунгайгеронгу, Пладжу, Думаі, Панкаланбрандане, Сунгайпакнінгу (Суматра), Балікпапане (Калімантан), Ванакроме (Ява). Вытв-сць (млн.т, 1993): бензіну 5,4, газы 7,1, дызельнага паліва 11,4. Хім.прам-сць прадстаўлена вытв-сцю мінер. угнаенняў (2280 тыс.т, у т. л. фосфарных 437 тыс.т, 1995), штучных валокнаў Í439 тыс.т), каўстычнай соды і інш. Ёсць прадпрыемствы па першаснай апрацоўцы каўчуку, вытв-сці шын, гумавага абутку. Развіта фармацэўтычная, дрэваапр., буд. матэрыялаў (цэментная) прам-сць. Саматужная вытв-сць батыку (спец. афарбаванай тканіны), плеценых вырабаў, чаканка серабра, разьба па косці і дрэве, кераміка. У сельскай гаспадарцы занята 55% працаздольнага насельніцтва. Сучасная сельская гаспадарка — спалучэнне буйных дзярж., памешчыцкіх плантацый з дробнымі паўнатуральнымі гаспадаркамі. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 16 млн.га, з іх 30% арашаюцца. Асн. прадуктовая збожжавая культура — рыс, збор якога забяспечвае патрэбы насельніцтва. Вырошчваюць таксама кукурузу, сою, маніёк, батат, агародніну, садавіну. Збор (млн.т, 1994): збожжа — 52,8, у т. л. рысу — 45,8 (3-е месца ў свеце), кукурузы — 7, соі — 1,72. Гал. экспартныя культуры: каўчуканосы, какосавая і алейная пальмы, чай, кава, какава, цукр. трыснёг, тытунь, хіннае дрэва, агава (сізаль), сейба (капок), перац, мускатны арэх, гваздзіка, карыца і інш. І. займае 2-е месца ў свеце па зборы (тыс.т, 1994): каўчуку — 1258, копры — 1200, пальмавага алею — 2000; з’яўляецца адным з буйнейшых вытворцаў кавы (400 тыс.т), какавы (260 тыс.т), чаю (174 тыс.т), арахісу (1080 тыс.т), тытуню (85 тыс.т). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Пагалоўе (млн. галоў, 1994): коз — 12,3, буйн. раг. жывёлы — 11,6, авечак — 6,4, коней — 0,7, птушкі — 659. Буйвалы выкарыстоўваюцца як цяглавая сіла. Развіты рыбалоўства і рыбагадоўля. Вядзецца марскі промысел (лоўля трэпангаў, амараў, крэветак, чарапах, жамчужніц). Нарыхтоўка каштоўных парод дрэў. Транспарт пераважна марскі. Флот І. налічвае больш за 500 буйных суднаў (дэдвейт больш за 1 тыс.т). Гал. парты — Танджунгпрыяк (абслугоўвае Джакарту і апрацоўвае каля 50% імпартных грузаў), Сурабая (Ява), Белаван і Палембанг (Суматра), Банджармасін (Калімантан), Уджунгпанданг (Сулавесі). Даўж. чыгункі 6,9 тыс.км (1994). Даўж. аўтадарог больш за 200 тыс.км. Аўтапарк больш за 1,6 млн. машын. Чыгуначныя і аўтамаб. дарогі пераважна на в-ве Ява. Унутр. і міжнар. авіярэйсы ажыццяўляе нац. авіякампанія, 122 аэрапорты. Сетка нафтаправодаў. Экспарт 37,5 млрд.дол. ЗША (1995): нафта і прыродны газ (каля 70% знешнегандл. аб’ёму па кошце), волава, нікель, медзь, каўчук, пальмавы алей, копра, драўніна, тытунь, кава, какава, чай, вострыя прыправы і інш. Імпарт 39 млрд.дол. ЗША (1995): металапракат, абсталяванне, машыны, спажывецкія тавары. Асн.гандл. партнёры — Японія, ЗША, Германія, Рэспубліка Карэя, Сінгапур і інш. Беларусь імпартуе тавары з І. на 5306 тыс.дол. ЗША (1996). У дзярж. бюджэце І. важная роля належыць замежнаму турызму (3—3,5 млн.чал., каля 4 млрд.дол. ЗША; 1993). Грашовая адзінка — інданезійская рупія.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС, ВМС і дзярж. паліцыі. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Тэр. краіны падзелена на 10 ваен. акруг. Функцыі адм. і аператыўнага кіраўніцтва ўскладзены адпаведна на міністра абароны і начальнікаў штабоў (камандуючых) відаў узбр. сіл. У 1996 рэгулярная армія налічвала 274,5 тыс.чал., дзярж. паліцыя 174 тыс., рэзерв 400 тыс.чал.Сухап. войскі налічваюць 214 тыс.чал., на ўзбраенні 356 танкаў, каля 1 тыс. бронетранспарцёраў і баявых разведвальных машын, 840 гармат, 875 мінамётаў. У ВПС 20 тыс.чал., каля 200 самалётаў, 36 верталётаў. У ВМС 40,5 тыс.чал., каля 150 баявых караблёў і катэраў, 100 танкаў, 40 самалётаў і верталётаў, 10 ваен.-марскіх баз. Дзярж. паліцыя падзяляецца на мабільную, марскую, паветр. і рэгулявання руху. Закон 1982 прадугледжвае выкананне арміяй «двайной функцыі» — абароны краіны, а таксама «вядучай сац.-паліт. сілы грамадства» і важнейшага інструмента ў канцэпцыі «рэгіянальнай трываласці» Асацыяцыі дзяржаў Паўн.-Усх. Азіі (АСЕАН).
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 60, жанчын 64 гады. Смяротнасць 8 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 1660 чал., урачамі — 1 на 6861 чал. Узровень нараджальнасці 24 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць 63 на 1 тыс. нованароджаных (1996).
Асвета, навуковыя ўстановы. У І. з 1978 уведзена абавязковая бясплатная пач. і сярэдняя агульная адукацыя. Побач з дзярж. школамі існуюць платныя прыватныя, а таксама розныя рэліг.навуч. ўстановы. Сістэма адукацыі І. ўключае дзіцячыя сады, пач., сярэднюю, прафес.-тэхн. і вышэйшую школы. Пач. 6-гадовая школа абавязковая для дзяцей ва ўзросце 7—14 гадоў. У першых 2 класах навучанне вядзецца на мясц., з 3-га класа — на агульнадзярж інданез. мове. Тэрмін навучання ў сярэдняй школе 6 гадоў: 3 гады малодшая (няпоўная) і 3 — старэйшая (поўная). У сярэдняй школе, акрамя прадметаў, што пачынаюць вывучаць у пач. школе, выкладаюцца мараль, курсы сац. і прыродазнаўчых навук., інданез., англ. і 2-я замежная мовы, рамёствы і інш. У 11-м, 12-м класах старэйшай школы вучні размяркоўваюцца па 3 аддзяленнях: культура, сацыяльныя, прыродазнаўча-матэм. навукі. Прафес. падрыхтоўку даюць 3-гадовыя прафес.-тэхн. вучылішчы на базе пач. школы і 3-гадовыя сярэднія тэхн.навуч. ўстановы на базе малодшай сярэдняй школы. Першыя ВНУ (каледжы) створаны галандцамі ў пач. 20 ст. Пазней узніклі ін-ты і ун-ты. У І. 26 дзярж. і каля 10 прыватных ун-таў, 6 політэхн. ін-таў і інш.ВНУ (1990-я г.). Буйнейшыя з іх: Ун-т Гаджа Мада (з 1949; больш за 20 тыс. студэнтаў) у г. Джак’якарта, ун-т І. (з 1950) у Джакарце, ун-т Паджаджаран (з 1957) і тэхнал.ін-т (з 1920) у г. Бандунг, ун-т (з 1954) і тэхнал.ін-т (з 1960) у г. Сурабая і інш. Буйнейшыя б-кі: Цэнтр. па прыродазнаўчых навуках (з 1842) у Богары, б-ка Музея інданез. культуры ў Джакарце. Музей засн. ў 1778, мае этнагр., археал. і інш. калекцыі. У Богары пры адным з буйнейшых у свеце бат. садзе (з 1817) створаны заалагічны музей (з 1894). Навукова-даследчую работу ў розных галінах ведаў праводзяць Інданез.ін-тнавук. даследаванняў (з 1967), у яго складзе ін-ты металургіі, хіміі, геалогіі, Нац.ін-т фізікі, Нац. электратэхн. ін-т, Нац. цэнтр навук. дакументацыі, Нац.біял.ін-т і інш.; Нац. агенцтва атамнай энергіі (з 1958), а таксама галіновыя НДІ адпаведных мін-ваў і ведамстваў, на ф-тах ун-таў, у н.-д. цэнтрах, у т. л. ў Цэнтры сац. і культ. даследаванняў, Навук. цэнтры Атма Джая (з 1972). Навук. дзейнасць каардынуе Навук. Савет І. (з 1956; з 1967 у складзе Інданез. ін-та навук. даследаванняў).
Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя тыражы маюць штодзённыя газеты, якія выходзяць на в-ве Ява, у т. л. «Kompas» («Компас», з 1965) і вячэрняя газ. «Pos Kota» («Гарадская пошта», з 1970). Інфарм. агенцтва Антара (з 1937) абслугоўвае дзярж. радыё і тэлебачанне, перыяд. друк; выдае ўнутр.інфарм. бюлетэні і 7 бюлетэняў для замежжа на англ. мове. Радыё з 1945, тэлебачанне з 1962; кантралююцца ўрадам. З 1989 працуе першая прыватная тэлевізійная станцыя.
Літаратура. Першы пісьмовы помнік л-ры І. — перапрацоўка ў 9 ст.інд. эпічнай паэмы (какавін) «Рамаяна». У 14—15 ст. узніклі творы на аснове яванскай міфалаг. спадчыны. У сярэднія вякі л-рагіст., міфалагічнага і дыдактычнага характару з’явілася ў сунданцаў, мадурцаў, балійцаў, бугаў і макасараў. У 15 ст. зарадзілася л-ра на малайскай мове, якая пазней развілася ў сучасную інданез. мову. У 1920-я г. адбыўся свядомы адыход ад традыц.літ. канонаў, маладыя пісьменнікі пачалі арыентавацца на л-ры Зах. Еўропы. У гісторыі ўласна інданез. л-ры вылучаюць 5 перыядаў. У 1-м (1920—33) былі пашыраны літ. жанры, арыентаваныя на зах.-еўрап. мадэлі: раман («Сіці Нурбая» М.Руслі, «Недастатковае выхаванне» А.Муіса і інш.), псіхал. драма, паэзія (зб-кі «Радзіма» М.Яміна, «Пажаўцелая думка» Р.Эфендзі). Многія аўтары пісалі на нідэрл. мове, якая засталася ў І. ад калан. часоў. 2-і перыяд (1933—42) звязаны з дзейнасцю час. «Pudjanga Baru» («Новы пісьменнік»), у якім друкаваліся паэт А.Хамзах (зб-кі «Песня адзіноты», «Плады настальгіі»), паэт і празаік А.Пане, аўтары гіст.-патрыят. раманаў С.Т.Алішахбана («Вуаль пад ветрам»), Пане («Ланцугі»). Проза вылучалася антыісламскай накіраванасцю. 3-і перыяд (1942—50) звязаны з падзеямі яп. і галандскай акупацыі і барацьбы за незалежнасць. У л-ру прыйшло «пакаленне 45-га года», гал. постаццю якога быў паэт Х.Анвар (зб-кі «Завостраны камень», «Крыкі ў пыле»). Развіваліся навела, алегарычная вершаваная драма, сюжэты яе запазычваліся з сучаснасці (У.Т.Сантані, У.Ісмаіл, Эль Хаюм). 4-ы перыяд (1950—65) адзначаны дыскусіямі пра будучыню культуры незалежнай І., вылучыліся 2 канцэпцыі развіцця: «мастацтва для мастацтва», «універсальны гуманізм» (зах.-еўрап. і амер. арыентацыя) і «мастацтва для народа» (прасав. арыентацыя). У гэты час амаль знікла драматургія, вельмі пашыранай стала навела (М.Любіс, С.Сітумаранг, П.А.Тур). Пасля 1957, з пачаткам «кіраванай дэмакратыі» і «антыімперыял. палітыкі», многія літаратары вымушаны былі пакінуць краіну. У 5-ы перыяд (пасля 1966) на літ. арэну выйшла «пакаленне 66-га года», аб’яднанае вакол некалькіх літ. часопісаў [самы значны з іх «Horison» («Гарызонт»)]. Адрадзіўся раман (Нх.Дзіні, К.Х.Рамадхан). Унутрыпаліт. барацьба ў краіне прывяла да ўтварэння літ. арг-цый пры паліт. партыях, сярод якіх найб. уплывовая — «Лекра» («Таварыства нар. культуры»). Пасля падзей 1965 многія члены «Лекры» і інш. левых культ. арг-цый былі рэпрэсіраваны. Творчасць пісьменнікаў гэтага перыяду вызначалася адыходам у свет унутр. пачуццяў, жанравымі і фармальнымі эксперыментамі. Сац. кантрасты адлюстраваны ў драматургіі і паэзіі В.С.Рэндры. У 1970—80-я г.вял. пашырэнне атрымаў «масавы раман». Асобнае месца ў л-ры гэтага часу займаюць «камерныя» раманы Дзіні, псіхалагічныя — П.Віджаі, экзістэнцыялісцкія І.Сіматупанга, а таксама першы інданез. раман-тэтралогія Тура пра станаўленне інданез. інтэлігенцыі.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Маст.культура на а-вах Малайскага архіпелага бярэ пачатак ад эпох мезаліту і неаліту (пячорны жывапіс з выявай дзіка на Пд в-ва Сулавесі, каля 2000 да н.э.; кераміка з наразным арнаментам). Каля 2 ст. да н.э. з’явіліся бронзавыя вырабы — схематычныя выявы людзей, сякеры і пасудзіны са спіральным арнаментам, катлы-барабаны з геам. узорам і стылізаванымі выявамі твару чалавека, птушак. Да эпохі позняга неаліту — пач.жал. веку (канец 2 — сярэдзіна 1-га тыс. да н.э.) адносяцца мегалітычныя пабудовы — менгіры, ступеньчатыя курганы, дальмены, скляпы (комплексы Пасемах на Пд в-ва Суматра, Лебак-Сібедуг на З в-ва Ява, горы Янг на У в-ва Ява), каменныя саркафагі і статычныя фігуры продкаў. У першыя стагоддзі н.э. пад уплывам індуізму, будызму і мясц. традыцый на в-ве Ява склалася класічнае мастацтва, у т. л. ў каменнай архітэктуры. У 7 — пач. 8 ст. на плато Дыенг (Цэнтр. Ява) узніклі з абчасаных камянёў невял. індуісцкія храмы-«чанды» простай кубічнай формы, са ступеньчатым цокалем і пірамідальным завяршэннем, а таксама будыйскі храм Каласан (778 — сярэдзіна 9 ст.). Арх. комплекс «чанды» Севу (пач. 9 ст.) — вял. складаны ансамбль буд. свяцілішчаў з гал. храмам у цэнтры і 240 храмікамі-капліцамі, што ўтвараюць 4 канцэнтрычныя квадраты. Самае грандыёзнае і складанае па кампазіцыі свяцілішча на Яве — Барабудур (канец 8 — пач. 9 ст.). Індуісцкі храмавы комплекс Лара Джонгранг у Прамбанане (канец 9 — пач. 10 ст.) аб’ядноўвае на высокім насыпе 8 храмаў, узятых у квадрат са шматлікіх капліц. Індуісцкі храмавы комплекс Панатаран (14—1-я пал. 15 ст.) мае свабодны, асіметрычны план, у яго рэльефах дамінуе арнаментальны графічны стыль (плоскасная ажурная разьба). Храмы на в-ве Балі багата аздоблены шыкоўнай арнаментальнай разьбой. У скульптуры пераважаюць фантаст., мудрагелістыя фігуры (слонападобнае бажаство Ганеша, дэманы, ільвападобныя пачвары «кала»), З 16 ст. традыцыі індуісцкай культуры ў І. пачалі губляцца (захаваліся яны пераважна на в-ве Балі, дзе не было ісламу; храмавыя комплексы 18—19 ст.). На шматлікіх астравах у многіх народаў І. развіваецца нар.дэкар.-прыкладное мастацтва.
Цэнтры маст. рамёстваў цэнтр. Явы вядомы вырабамі з золата і серабра з вяззю вытанчанага арнаменту, непаўторныя па форме і арнаментацыі кінжалы-«крысы». Ад 14—16 ст. дайшлі ўзоры стараж. мастацтва бронз. ліцця на Яве (статуэткі божастваў, пасудзіны для духмяных рэчываў, свяцільні). Ява — радзіма інданез.батыку, выдатнага па прыгажосці традыц. ўзору і колеру.
Ява і Балі — цэнтры апрацоўкі буйвалавай скуры, з якой вырабляюць лялькі для ценявога т-ра, рытуальныя маскі. На ўсіх астравах плятуць цыноўкі, посуд з бамбуку і лісця какосавай пальмы. Традыцыі ткацтва падтрымліваюць на а-вах Сулавесі, Суматра, Малукскіх. Разнастайныя тыпы нар. жылля — хаціны і лёгкія каркасныя дамы на палях з дрэва, бамбуку, вял. абшчынныя дамы. З часу галандскага панавання ў І. гарады будавалі на еўрап. ўзор (будынак гар. праўлення ў Джакарце, 1710), але ў мячэцях і палацах мясц. знаці пераважалі матывы мусульм. архітэктуры краін Азіі. У 20 ст. ў Джакарце, Бандунгу, Сурабаі пачалі ставіць вял. будынкі, у т. л. з жалезабетону, з галерэямі, лоджыямі, сонцаахоўнымі рашоткамі. У 1950-я г. пабудаваны новыя гарады (Сумберджая на Суматры, горад-спадарожнік Джакарты — Кебаяран), новыя раёны ў Джакарце, Бандунгу. З дапамогай замежных спецыялістаў будуюць грамадскія будынкі, прамысл., навучальныя, спарт. і інш. комплексы: спарт. комплекс (1959—62, арх. Р.Семеджыеў, інж. Л.Мурамцаў) і помнік Незалежнасці (1964, скульпт. М.Манізер, паводле праекта І.Рожына) у Джакарце. У сярэдзіне 19 ст. ў І. з’явіўся рэаліст. жывапіс з патрыят. тэматыкай (Ш.Б.Радэн Салех), на мяжы 19—20 ст. — рамант.нац. пейзаж (С.С.Абдулах). Барацьба за незалежнасць спрыяла развіццю нац.рэаліст. мастацтва (Аб’яднанне мастакоў І. «Персагі», засн. ў 1937—38; С.Суджаёнка, А.Джая, К.Афандзі і інш.), якое стала вядучым, суіснуючы з традыцыяй рамант. экзотыкі (Б.Абдулах) і мадэрнісцкімі плынямі. Развіваліся рэаліст. скульптура (Г.Хендра) і графіка (У.Эфендзі). Своеасаблівы жыццярадасны ўзорысты жывапіс Балі (А.А.Г.Сабрат, І.Б.Мадэ). У 1950 створана інданез.АМ, якая арыентуе на вывучэнне нац. традыцый. З сярэдзіны 1960-х г. у выяўл. мастацтве дамінуюць мадэрнісцкія кірункі.
Музыка І. вызначаецца своеасаблівасцю развіцця мясц. форм муз., муз,танц. і тэатр. мастацтва. У розныя часы на іх паўплывалі элементы культур. араб. свету, Кітая, Індыі, Еўропы, у апошнія дзесяцігоддзі — ЗША. Разнастайнасць лакальных форм музыкі І. абумоўлена геагр. фактарамі і ўвасоблена ў спецыфіцы муз. традыцый асобных астравоў. Найб. значныя і ўплывовыя — муз. культуры а-воў Ява, Балі, Суматра. У 11—13 ст. тут сфарміраваліся, а пазней шырока развіліся класічныя формы і стылі вак. і інстр. музыкі, звязаныя пераважна з традыцыямі прыдворна-цырыманіяльнага і забаўляльнага музіцыравання, а таксама муз.-тэатр. жанры (ценявы т-р ваянг куліт), танец і танц. драма. Яны заснаваны, як правіла, на сюжэтах эпасу «Рамаяна» (танц. драмы-містэрыі баронг на в-ве Балі, ваянг вонг на в-ве Ява). Найб. распаўсюджаны ў музыцы І. тып інстр. ансамбля гамелан, дзе пераважаюць ударныя інструменты: бронзавыя (гонгі, металафоны) і драўляныя (барабаны, ксілафоны); радзей яны ўключаюць струнныя (рэбаб), духавыя (флейта сулінг) інструменты і жаночы голас. Ладагукарадная аснова гамелана — 5-ступенны (слендра) і 7-ступенны (пелаг) гукарады. Кампазіцыя (гендзінг) разгортваецца па прынцыпе чаргавання і распрацоўкі асобных ладамеладычных узораў (ганган). Кампазітарская школа сучаснага тыпу пачала складвацца ў 20 ст. Сярод кампазітараў І.: К.Сінсу, К.Сіманджутак, І.Марзукі, Р.Супратман; выканаўцы: Д.Кусуманінграт, П.С.Данувіджая. У І. працуюць: Ін-т інданезійскай культуры (з 1978), сімф. аркестр Джакарты (з 1968), хор пад кіраўніцтвам Суманунгкаліта, Цэнтр мастацтваў імя Ісмаіла Марзукі, нац. ансамблі «Гембіра» і «Ангклунг», Акадэмія музыкі, школы нац. музыкі пры Ун-це прыгожых мастацтваў Нац. ун-та ў Джакарце, інданез. класічнай музыкі ў Суракарце, Дзярж. музычная ў Джак’якарце, Джакарцкі пед.ін-т мастацтва, кансерваторыі традыц. музыкі і танца ў Дэнпасары (в-аў Балі) і прыватныя ў Джакарце, Сурабаі, Суракарце і інш.
Тэатр. Вытокі інданез. тэатра ў стараж. узорах тэатралізаваных дзеяў нар. свят і культавых цырыманіялаў. Драматургічная аснова традыц. паказаў — сюжэты са стараж.-інд. эпасаў «Рамаяна» і «Махабхарата», інданез. сказанні і хронікі. Спектаклі звычайна суправаджае аркестр гамелан. Найб. характэрныя традыц.тэатр. формы: ваянг-тапенг (выканаўцы выступаюць у масках і карыстаюцца сродкамі пантамімы і танца); ваянг-куліт (т-р ценяў), ваянг-келіцік (т-р плоскіх драўляных марыянетак); ваянг-бебер (т-р карцінак у суправаджэнні апавядальніка); тапенг-бабакан (фарсавы т-р); ваянг-аранг (злучае ў сабе рознахарактарныя кананізаваныя тэатр. сродкі) і інш. На рубяжы 19—20 ст. фарміраваўся сучасны т-р — кетапрак і лудрук, якія спалучаюць традыц. сродкі выразнасці з еўрапейскімі. У 1950-я г. ўзніклі трупы найб. блізкія да сучаснага еўрап.т-ра; былі вядомыя трупы «Мархаен», «Трыснаканген». У рэпертуары творы нац. драматургаў (У.Т.Сантані, А.Ханіфаха, А.Махамада, С.Пане і інш.), а таксама п’есы Г.Ібсена, А.Чэхава, М.Гогаля і інш. У 1950-я г. пачалі працаваць Нац.тэатр. акадэмія і «Лембага драма І.» (аддзяленне нац. драмы) у Джакарце.
Кіно. Першыя фільмы зняты ў сярэдзіне 1920-х г. галандскімі рэжысёрамі. З пач. 1930-х г. выпускаюцца кінастужкі на інданез. мове (большасць на галівудскі і кіт. ўзор). Найб. значныя: «Парэх» (1935) М.Франкена, «Ясны месяц» (1937) А.Балінка. У час яп. акупацыі кінематограф служыў мэтам яп. прапаганды, але былі створаны і фільмы са своеасаблівымі нац. рысамі: «Дождж» І.Пербатасары, «Мае мары» С.Паліндзі. Пасля заваёвы незалежнасці (1945) пачала фарміравацца нац. кінематаграфія. У 1950 у Джакарце створаны першая дзярж. кінафірма «ПФН», прыватная кінафірма «Перфіні». Сярод фільмаў: «Калека» (1952) К.Сукардзі, «Туранг» Б.Сіягіна, «Вяртанне на радзіму» Б.Эфендзі (абодва 1954), «За школьнай сцяной» В.Умбаха і інш. У 1960-я г. створана Нац.арг-цыя па кінавытворчасці, кожны імпартаваны фільм абкладаўся падаткам. У выніку з канца 1960-х г.інданез. фільмы (пераважна меладрамы, гіст. і прыгодніцкія) заваявалі кінарынак краін Паўд.-Усх. Азіі. Найб. вядомыя рэжысёры 1960—70-х г.: Умбах («Маленькія зоркі», 1963, «Мама», 1972, «Асоба», 1974), Т.Джунаідзі («Мама, любоў мая», 1968, «Канец мары», 1973), С.Джая («Шаўковы фіялетавы туман», 1980), С.Сувардзі Хасан («Няшчасце падчарыцы», 1973, «Прыёмны сын», 1974, «Няма часу для размоў», 1975) і інш.; акцёры: Ч.Дэві, Р.Мелаці, Ф.Афера, Ф.Арыяні, Сукарна М.Нур, М.Карміла, Б.Херманта і інш. У 1980-я г. выпускалася больш за 50 фільмаў у год.
Літ.:
Кузнецова С.С. Яванские хроники XVII—XVIII вв. как источник по истории Индонезии. М., 1984;
Шауб А.К. «Нагаракертагама» как источник по истории раннего Маджапахита (1293—1365). М., 1992;
Кашмадзе И.И. Индонезия: острова и люди. М., 1987;
Кямилев Э.Х. Завоевание Индонезией независимости. М., 1972;
Яго ж. Политическая борьба и проблемы централизации в Индонезии (1945—1975). М., 1978;
Другов А.Ю. Политическая власть и эволюция политической системы Индонезии (1965—1988). М., 1989;
Панченко Л.П. Армия и модернизация общества: Опыт Индонезии. М., 1994;
Бычков С.В. Изумрудное оперение Гаруды: [История культуры народов Индонезии]. М., 1987;
Сикорский В.В. Индонезийская литература: Краткий очерк. М., 1965;
Демин Л.М. Искусство Индонезии. М., 1965;
Муриан И.Ф. Искусство Индонезии с древнейших времен до конца XV в. М., 1981;
Traditional music in modem Java. Honolulu, 1980;
Мерварт А.М. Малайский театр // Восточный театр. Л., 1929.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), С.В.Логіш (літаратура); Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.М.Гарахавік (музыка).
Герб і сцяг Інданезіі.Да арт.Інданезія: 1 — вёска на востраве Суматра; 2 — возера Тоба.Да арт.Інданезія. Статуя ахоўніка. «Чанды» Севу. Пач. 9 ст.Да арт.Інданезія. «Чанды» Пунтадэвы. Плато Дыенг. 8—9 ст.Да арт.Інданезія. «Чанды» комплексу Панатаран. 1369.Да арт.Інданезія. Дагобы верхніх ярусаў і Буда ў Барабудуры.Да арт.Інданезія. Манджушры ў Барабудуры. Рэльеф трэцяй галерэі.Да арт.Інданезія. Буда садзіць. Бронза. Раён Барабудура. Ява. 9—10 ст.Да арт.Інданезія. Равана. Лялька ценявога тэатра. Пергамент. 16—17 ст.Да арг.Інданезія. Танец «Серымпі». Востраў Ява.Да арт.Інданезія. Будынак гарадскога праўлення ў Джакарце. 1710.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ НАВУКО́ВЫЯ І КУЛЬТУ́РНА-АСВЕ́ТНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ ЗА МЯЖО́Й.
Прадстаўнікі бел. дыяспары першай эміграцыйнай хвалі (склалася на рубяжы 19—20 ст. і ў 1-ю сусв. вайну) сваіх нац. арг-цый не мелі і часта далучаліся да рус. ці польскіх згуртаванняў. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі найбольш актыўна культ. дзейнасць вялася ў Літве, Латвіі, Чэхаславакіі, ЗША, Аргенціне, Францыі. Дзейнічалі Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне (Літва), Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф.Скарыны ў Празе (Чэхаславакія), Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства, «Бацькаўшчына», «Рунь» (1924), «Беларуская хата» ў Латвіі. Выхадцы з Зах. Беларусі складалі большасць створаных у 1930-я г.рус. клубаў у Канадзе. У канцы 1920 — сярэдзіне 1930-х г. дзейнічалі Бел.-ўкр. саюз у Бразіліі, Бел.культ.-адукац.т-ва ў ЗША, Саюз укр. і бел. работніцкіх арг-цый у Аргенціне. У Аргенціне згуртаванню беларусаў спрыялі культ.-асв. т-вы ў Буэнас-Айрэсе — «Грамада» (1934), «Культура» (1936), Беларускае культурнае таварыства «Белавежа», «Т-ва б-кі імя Івана Луцкевіча» (1937, Вільня-Крэспа), б-кі імя Я.Купалы (1934, Камадора-Рывадавія) і інш. У 1939 яны аб’ядналіся ў Федэрацыю беларускіх арганізацый. У Францыі ў 1930 засн.Беларускі хаўрус, у 1938 Бел.жан. грамада імя А.Пашкевіч. Пасля 2-й сусв. вайны бел. эміграцыя вылучалася значнай колькасцю інтэлігенцыі, заявіла аб сабе як аб самастойнай бел.этн. супольнасці за межамі Бацькаўшчыны, стварыўшы ўстойлівыя нац. асяродкі. Арганізаванае нац.-культ. жыццё пачалося з канца 1940-х г. Свае арг-цыі беларусы стварылі ў Германіі ў лагерах для перамешчаных асоб: Крывіцкае навуковае таварыства імя Ф.Скарыны (1946), Бел.бібліягр. служба (1946), Бел.культ.-асв.т-ва (1948), Бел.-груз.-ўкр. клуб (1950). Навук.-культ. асяродкамі ў г. Ляймен сталі Інстытут беларусаведы і Беларускі музей. У 1955—66 у Мюнхене дзейнічаў філіял Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку (БІНіМ) — адносна самаст. ўстанова, праца якой была звязана з удзелам бел. навукоўцаў у рабоце Ін-та вывучэння СССР. З філіялам супрацоўнічалі С.Станкевіч, С.Кабыш, А.Марговіч, У.Дудзіцкі і інш.У Бельгіі ў 1947 засн.Бел.цэнтр.к-т на Валоніі, у 1949 створана бел.акад. каталіцкае т-ва «Рунь», дзейнічаў Саюз беларусаў Бельгіі (1947—60-я г.). У ЗШАнайб. колькасць навукоўцаў, творчай інтэлігенцыі сканцэнтравалася ў 1950-я г., сюды з Германіі пераехалі Крывіцкае навук.т-ва імя Ф.Скарыны, Бел.бібліягр. служба і Аб’яднанне бел. лекараў на чужыне. У 1951 у Нью-Йорку засн.Бел.ін-т навукі і мастацтва. Зборам інфарм. матэрыялаў пра Беларусь займаецца Бел.-амер. інфарм. служба (штат Пенсільванія). Працуюць бел. грамадска-культ. цэнтры і дамы ў Кліўлендзе («Полацак»), Нью-Йорку, Саўт-Рыверы, Чыкага, Дэтройце, Стронгсвілі. У Саўт-Рыверы культ. праграмы каардынуе Згуртаванне беларускіх мастакоў і ўмельцаў, якое супрацоўнічае з каледжамі і ун-тамі штатаў Нью-Джэрсі і Пенсільванія. Працуюць Беларуска-амерыканскае задзіночанне, Злучаны беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт, Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі, Арганізацыя беларуска-амерыканскай моладзі, Беларуска-амерыканскае аб’яднанне і інш. З 1958 адным з цэнтраў бел.культ. і навук. жыцця ў Нью-Йорку стала Фундацыя імя П.Крачэўскага. З 1974 тут працуе бел.б-ка і музей, дзе збіраецца л-ра, дакументы, матэрыялы, пісьменніцкія архівы, рэд. архівы Часопісаў і газет. У Канадзе ў 1950—60-я г. дзейнічаў Бел. даследчы ін-т імя К.Каліноўскага, які выдаваў дакументы і матэрыялы па навейшай бел. гісторыі. З 1967 у Таронта працуе Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ), Беларускае нацыянальнае аб’яднанне, Згуртаванне беларусаў Канады, грамадска-культ. цэнтр, Беларускі выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня», сябры якога — беларусы з Аўстраліі, ЗША, Бельгіі, Англіі, Францыі, Германіі і інш.У Вялікабрытаніі працуе Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі, цэнтрамі навук.-культ. жыцця сталі Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны і Англа-беларускае таварыства, дамы ў Брадфардзе (1948, пры ім у 1964 адкрыты Бел. юнацкі клуб, у 1970 грамадскі клуб «Сакавік») і Манчэстэры (1954). У Польшчы ў мэтах каардынацыі нац. і культ. жыцця беларусаў у 1956 было засн.Беларускае грамадска-культурнае таварыства, культ.-асв. работу вядуць бел.літ.-маст. аб’яднанне «Белавежа», Беларускае аб’яднанне студэнтаў, Брацтва правасл. моладзі, Рада культуры студэнтаў бел. нацыянальнасці пры Згуртаванні польскіх студэнтаў і інш. Рэгіянальны асяродак бел. культуры ствараецца ў Гайнаўцы, цэнтрам якога стаў Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры. У Аўстраліі цэнтры грамадска-культ. жыцця сфарміраваліся ў Адэлаідзе, Брысбене, Мельбурне, Перце, Сіднеі. Значную работу праводзяць Беларускае аб’яднанне ў Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел.культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе і інш., дзейнасць якіх каардынуе Федэральная рада беларускіх арганізацый. У Аргенціне ў 1948—57 дзейнічала Згуртаванне беларусаў Аргенціны. З 1960-х г. арг-цыі бел. эміграцыі паступова страцілі сваю нац. адметнасць: Федэрацыя бел. арг-цый далучылася да Славянскага саюза Аргенціны, замест ранейшых бел. т-ваў склаўся шэраг клубаў. З 1984 дзейнічае «Федэрацыя сав. грамадзян Аргенціны», куды ўвайшлі прадстаўнікі бел. дыяспары. У Іспаніі пры Цэнтры па вывучэнні краін Усходу (Мадрыд) у 1956 створана бел. секцыя пад кіраўніцтвам Я.Сурвілы, які таксама ўзначальваў Бел. акадэміцкае згуртаванне (засн. ў 1952). Для супрацоўніцтва былі запрошаны бел. навукоўцы, якія друкаваліся ў ісп.час. «Oriente» («Усход»). У 1952 пры Цэнтры абмену еўрап. культуры засн.Інстытут беларусаведы імя Льва Сапегі ў Мадрыдзе, які прапагандуе веды пра Беларусь сярод народаў Іспаніі і Зах. Еўропы. У рэспубліках СССР (пасля 1991 — незалежных дзяржавах) культ.-асв. суполкі, згуртаванні з’явіліся ў асн. ў канцы 1980-х г., сярод іх Т-вабел. культуры імя Ф.Скарыны (Масква, 1988), «Світанак» (Рыга, 1988), Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў С.-Пецярбургу, Згуртаванне беларусаў у Кохтла-Ярве (Эстонія, з 1991 наз.Беларуска-эстонскае згуртаванне ў г. Йыхві), Аб’яднанне бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар» (1991), Бел.культ. цэнтр «Світанак» (Ташкент) і інш.Гл. таксама Беларускія культурныя згуртаванні і раздзел пра бел. дыяспару ў арт.Казахстан, Латвія, Літва, Малдова, Расія, Узбекістан, Украіна, Эстонія, Аргенціна, Аўстралія, Аўстрыя, Балгарыя, Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Іспанія, Канада, Польшча, Францыя і інш.