агу́льны, -ая, -ае.

1. Які ажыццяўляецца ўсімі, у якім усе ўдзельнічаюць.

Агульная справа.

2. Які належыць усім (пэўнай групе, калектыву); калектыўны; прызначаны для сумеснага карыстання.

Агульная гаспадарка.

Агульная кухня.

3. Які аб’ядноўвае ўсіх у якую-н. групу, калектыў; сабраны ў адно цэлае.

А. сход.

4. Аднолькавы, уласцівы каму-н. адначасова з іншым (іншымі); той самы для аднаго і другога (другіх); у знач. наз. агу́льнае, -ага, н.

Агульная мэта.

Падпарадкаваць свае асабістыя інтарэсы інтарэсам агульным.

Агульныя знаёмыя.

У яе і яго я знаходзіў штосьці агульнае.

5. Які ахоплівае ўсіх і ўсё, пашыраецца на ўсіх і на ўсё навокал; які распаўсюджваецца на ўвесь арганізм.

Агульнае правіла.

Агульныя недахопы.

Агульная паўза сэрца.

6. Які не мае спецыяльнага прызначэння.

Агульная адукацыя.

7. Увесь, у поўным аб’ёме, сукупны.

А. аб’ём вытворчасці.

8. Які датычыцца асноў чаго-н.

А. курс матэматыкі.

9. Які ўспрымаецца ў цэлым, без уліку дэталей, дробязей; галоўны, вызначальны, асноўны.

Агульнае ўражанне.

А. ход падзей.

А. план экспедыцыі.

Агульная накіраванасць твора.

А. кірунак дзейнасці.

10. Схематычны, павярхоўны, неканкрэтны.

Агульныя апісанні.

Агульныя словы.

Агульная мова (у каго, з кім) — поўнае ўзаемаразуменне, поўная дамоўленасць у чым-н.

|| наз. агу́льнасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

superior

[su:ˈpɪriər]

1.

adj.

1) вышэ́йшы, выда́тны

2) ле́пшага гату́нку, першара́дны

a superior blend of coffee — першара́дны гату́нак ка́вы

3) вышэ́йшы стано́вішчам, ра́нгам, ва́жнасьцю

a superior officer — ста́ршы афіцэ́р

4) ганары́сты, пага́рдлівы

superior manners — ганары́стыя паво́дзіны

2.

n.

1) ста́ршы -ага m., нача́льнік -а m.

2) настая́цель -я m., настая́цельніца f.

Father Superior — ігу́мен -а m.

Mother Superior — ігу́меньня f.

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

адмо́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адмаўляе што‑н. Адмоўны адказ. Адмоўны займеннік. □ [Гэля] раптам вырвала руку і зрабіла ёю адмоўны мах. Гартны. // Які паказвае на адсутнасць чаго‑н.; процілеглы чаканаму. Адмоўны вынік.

2. Дрэнны сваімі якасцямі, уласцівасцямі; варты асуджэння, ганьбы. Адмоўны персанаж. □ [Сцёпка:] «Пішы ў газету.., асвятляй сучаснае жыццё вёскі, змагайся з яе адмоўнымі бакамі». Колас. // Неадабральны, асуджальны. Адмоўны водгук. Выхоўваць у дзяцей адмоўныя адносіны да рэлігіі.

3. Пабудаваны, заснаваны на паняццях, якія што‑н. адмаўляюць. Адмоўнае суджэнне. Адмоўны метад доказу.

4. Меншы за нуль. Адмоўны лік.

5. Спец. Суадносны з тым відам электрычнасць матэрыяльныя часціцы якога называюцца электронамі. Адмоўны электрычны зарад.

6. у знач. наз. адмо́ўнае, ага. Тое, што характарызуецца адмоўнымі якасцямі; процілеглае дадатнаму. Мікола недалюбліваў чамусьці Паўлюкоўскага і заўсёды знаходзіў у яго паводзінах і нават у вершах адмоўнае. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мі́лы, ‑ая, ‑ае; міл, міла.

1. Які выклікае прыемнае ўражанне, прыхільнасць да сябе; чароўны, абаяльны. Ходзіць гоман між збажынкі, Мілы і шчаслівы. Колас. І вось няма яго, Васі Чычына, мілага, слаўнага хлопца. Лынькоў. У мяне.. не выходзіла з галавы прыгожая дзяўчына з мілымі вачыма. Нікановіч.

2. Дарагі, любімы; блізкі сэрцу. Месца было роднае і такое мілае, што Віця аж заплакаў крадком. Чарнышэвіч. Радзіма! Адчуў я ў разлуцы з табою, Як люб мне і дораг кут мілы бацькоў. Прыходзька. Кожнаму свой куток мілы. Прыказка.

3. Ужываецца пры сяброўскім звароце. Даніла, мілы мой Даніла! Ах, натварыў сабе ты бед! Колас. [Шульга:] — Давай спярша, міл чалавек, дамовімся аб плаце. Васілёнак.

4. у знач. наз. мі́лы, ага, м.; мі́лая, ‑ай, ж. Каханы, каханая. — Мілая, ну, глянь, хоць разік глянь! Колас.

•••

За мілую душу гл. душа.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

міну́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўжо прайшоў, мінуў. Марыя з роспаччу паведаміла, што мінулай ноччу ў санчасці было трывожна. Кулакоўскі. Гнілая зіма мінулага года была асабліва цяжкаю для будаўнікоў. Ноччу ляпіў мокры снег, раскісалі дарогі, ледзяною карою абрасталі тросы пад’ёмнікаў. Грахоўскі. // Які быў раней, былы. Нібы зноў вярнуліся мінулыя радасці, мінулыя думы. Лынькоў. А тым часам перад Палінай праходзілі ўсе, адзін за адным, дні яе мінулага жыцця. Кавалёў.

2. у знач. наз. міну́лае, ага, н. Тое, што прайшло, адышло; былое. Успомніць мінулае і параўнаць яго з цяперашнім, дык гэта — ноч і дзень, неба і зямля. Кулакоўскі. Аддаючы належнае народнаму мастацтву, многія дзеячы культуры разумелі, што нельга .. фарміраваць нацыянальны стыль, пакінуўшы без увагі багатыя мастацкая традыцыі мінулага. Шматаў. Лізу Сцяпан ніводнага разу не папракнуў мінулым. Корбан.

•••

Адысці ў мінулае гл. адысці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

беспрыту́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае прытулку; бяздомны. Беспрытульны чалавек. // Асірацелае, бяздомнае дзіця, якое жыве на вуліцы без догляду і выхавання. Месяц ці нават больш Рома пражыў у Лаўрыніхіт — яна завяла беспрытульнага цыгана да сябе, бо векавала адна; думала, што ён будзе ў яе за сына. Чыгрынаў. / у знач. наз. беспрыту́льны, ага, м.; беспрыту́льная, ‑ай, ж. Хто яна і адкуль, Таня сама не ведала. Падабралі яе малую чужыя людзі на вялікай дарозе і далі прытулак у сваім доме. Колькі было тады, у грамадзянскую вайну, беспрытульных! Новікаў.

2. перан. Пазбаўлены належнага нагляду; закінуты, занядбаны. [Чалавек:] — Прыбралі мы да сваіх рук адну беспрытульную швейную фабрычку. Лынькоў. [Карнейчык:] — Станок № 16 зусім беспрытульны, за пэўнымі людзьмі не замацаваны, увесь брудам зарос. Крапіва. // Які не дае прытулку, няўтульны. Сумам і беспрытульнай адзінотай веяла ад старой хаціны. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

п’я́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў стане ап’янення; нецвярозы. Быў [Падбярэцкі] сёння з самай раніцы вясёлы і рухавы — недзе ўжо справіўся выпіць, не дома: з дому ён ніколі п’яны не прыходзіў. Пташнікаў. З боку Камароўкі, віхляючыся і матляючы рукамі, плёўся п’яны немец. Новікаў. / у знач. наз. п’я́ны, ага, м.; п’я́ная, ‑ай, ж. На доўгіх лавах у хаце і ў сенцах на зямлі сядзяць п’яныя. Бядуля.

2. Уласцівы захмялелым, нецвярозым людзям. — Гэй ты, малпа! Падай рому! — пачуў .. [Манг] ля сябе п’яны голас. Маўр. З-за ельнічку даносілася чужая п’яная песня з выкрыкамі. Мележ.

3. Які прыводзіць да стану ап’янення; п’янкі. Намяшаў.. [цар] тры кубкі віна салодкага з п’яным. Якімовіч. // Які прыводзіць да стану, падобнага ап’яненню. Бэзу кусты сіняву разлілі каля хаты. Водарам п’яным мае патрывожылі сны. Тарас.

•••

З п’яных вачэй гл. вока.

Пад п’яную руку гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сяме́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае сям’ю (у 1 знач.), не адзінокі. [Павел Іванавіч:] — Сямейны чалавек [шафёр] ужо: жонка і двое дзяцей. Кулакоўскі. / у знач. наз. сяме́йны, ага, м.; сяме́йная, ‑ай, ж. Дом адпачынку для сямейных.

2. Які мае адносіны да сям’і (у 1 знач.); звязаны з сям’ёй, з жыццём сям’і. Сямейнае выхаванне. Сямейны альбом. Сямейнае шчасце. Сямейная сцэна. □ Ад бабкі-старожкі Лабановіч збольшага ведаў сямейнае жыццё пана падлоўчага. Колас. [Вера Адамаўна] паехала ад нас па сямейных абставінах. Ермаловіч. У той жа дзень склікана была сямейная нарада. Крапіва. // Прызначаны для сям’і. Куцця была толькі асноваю сямейнай вячэры. Якімовіч. Там [у райкоме] сказалі, што ёсць свабодная сямейная пуцёўка на курорт. Кірэйчык. // перан. Прыветны, унутраны, дамашні. Сямейныя справы. □ Віктар неяк нечакана пераключыўся з сямейнай на літаратурную гаворку. Кавалёў.

3. Які грунтуецца на сямейнасці (у 2 знач.). Сямейны падыход у падборы кадраў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

і́ншы, ‑ая, ‑ае, займ. азначальны.

1. Другі, не такі; які адрозніваецца ад гэтага або ад ранейшага. Трымацца іншай думкі. □ У нас прымаўка пайшла ў народзе: шавец заўсёды без ботаў.. Можа дзе шаўцы іншыя. А наш гэтакі. Чорны. Сёння ўсё зыначылася, усё пайшло іншым парадкам. Васілёнак. [Майка] плакала. Толькі слёзы былі іншыя. Караткевіч. / у знач. наз. і́ншае, ага, н. [Дзед] паўздыхаў, паўздыхаў сам сабе, а потым перавёў размову на іншае. Шуцько.

2. Не гэты, не той, другі. — Дзень быў звычайны. Як і ўсе іншыя дні... Мележ. Злучэнні беларускіх партызан дзейнічалі поруч з народнымі мсціўцамі іншых братніх рэспублік. Брыль. Даўжэй за іншых сваіх суседзяў араў сваю палосу Верамейчык. Крапіва. / у знач. наз. і́ншы, ага, м.; і́ншая, ‑ай, ж. Кажуць, Хто ашчаслівіў іншага — Не сквапнасцю сэрца жыло. І. Калеснік. // у знач. наз. і́ншыя, ‑ых, мн. Астатнія, другія. Стары, сухенькі, мітуслівы, хапаўся сам і падганяў іншых — усё баяўся ўпусціць час. Мележ. Тодар Кірык гаварыў пра тое, што ведаў, ахвотна. Ён ганарыўся тым, што ведае больш за іншых, і ўсе яго з такою цікавасцю слухаюць. Крапіва.

3. Які-небудзь, некаторы. [Рыгорка] не любіць, як іншыя гарэзнікі яго ўзросту, крыўдзіць слабейшых. Колас. Вада ў іншыя гады даходзіла не толькі да хат, але пападала і ў хаты, залівала скляпы. Чарнышэвіч.

•••

Глядзець іншымі вачамі гл. глядзець.

І іншыя (іншае) (на пісьме звычайна скарочанае «і інш.») — ужываецца ў канцы пералічэння для ўказання на тое, што пералічэнне можа быць прадоўжана.

Іншая рэч гл. рэч.

Іншая справа гл. справа.

Іншы каленкор гл. каленкор.

Іншы раз гл. раз.

Між іншым — а) мімаходам; не звяртаючы асаблівай увагі. Зрэшты, праца над родным загонам праходзіла неяк між іншым, прыхваткам. Брыль; б) дарэчы, к слову кажучы. — Маёр Герман Сцяпанавіч Цітоў, во як яго зваць. Між іншым, ён мой зямляк. Алтайцы мы. Васілёнак.

Той ці іншы гл. той.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гало́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Самы важны, асноўны, найбольш істотны. Галоўны герой твора. □ Бязмежная адданасць справе і скромнасць шчырага працаўніка — вось дзве галоўныя рысы характару пагранічніка. Брыль. Бумажкоў, галоўны арганізатар атрада, быў і яго камандзірам. Чорны. // у знач. наз. гало́ўнае, ага, н. Янка Купала перадаў галоўнае — сатырычна-маралістычны пафас байкі. Палітыка. // у знач. пабочн. Самае асноўнае, істотна важнае. Многа думаў.. Сцёпка, і надумаўся ён за навуку сур’ёзна ўзяцца. Але як? Часу няма і, самае галоўнае, — няма кніжак. Колас. // Цэнтральны, самы значны, самы вялікі (пра вуліцу, магістраль і пад.). Галоўная вуліца. □ Уздыхнуў паравоз парай і без гудкоў, без свісткоў выбраўся на галоўны пуць. Лынькоў.

2. Які ўзначальвае каго‑, што‑н., старшы па службе. Галоўны інжынер. Галоўны канструктар. Галоўны урач.

•••

Галоўная кватэра гл. кватэра.

Галоўная кніга гл. кніга.

Галоўны сказ гл. сказ.

Галоўны член сказа гл. член.

Галоўным чынам гл. чын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)