ЛЯЛЬКО́ (Хрысціна Аляксееўна) (н. 30.3.1956, в. Хадзюкі Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1979). З 1979 працавала ў Літ. музеі Я.Купалы, у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1984 у час. «Беларусь». З 1996 гал. рэдактар штоквартальніка «Наша вера». Дэбютавала вершамі ў 1971. У апавяданнях і аповесцях (зб-кі «Дарога пад гару», 1985, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986; «Світанак над бярозамі», 1989) — жыццё сучаснікаў, маральна-этычныя праблемы, роздум над складанымі пытаннямі часу, каларытная мова. Апрацоўвае бел.нар. казкі («Залатое пяро», 1990; «Хітрэй свету не будзеш», 1991). На бел. мову пераклала нарыс І.Сыракомлі «Мінск» (1992), кнігі А.Зубербера «Ці ведаю, у што веру», папы рымскага Яна Паўла II «Пераступіць парог надзеі» (абедзве 1997), «Дар і Таямніца» (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯШЧЫ́НА, арэшнік (Corylus),
род кветкавых раслін сям. ляшчынавых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў лясной зоне Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Культ. формы (фундук) вырошчваюць 3—4 тыс. гадоў. На Беларусі 1 дзікарослы від Л. звычайная, або лясны арэх (C. avellana). Расце ў падлеску і на ўзлесках шыракалістых і мяшаных лясоў. 7 відаў інтрадукавана.
Аднадомныя лістападныя кусты, радзей дрэвы. Лісце простае, чаргаванае, чаранковае. Тычынкавыя кветкі ў павіслых каташках, песцікавыя — у двухкветкавых дыхазіях (развілінах), сабраных у галоўчатыя суквецці. Плод — аднанасенны дравяністы арэх. У пладах да 70% алею, які выкарыстоўваецца ў харч., кандытарскай, лакафарбавай і мед. прам-сці, з макухі робяць халву Драўніна ідзе на дробныя вырабы. З кары атрымліваюць фарбавальныя і дубільныя рэчывы. 3 парасткаў плятуць мэблю і інш.Лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКАВЕ́ЦКІ (Генадзь Іосіфавіч) (н. 21.9.1935, в. Навапольцы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне фізікі цвёрдага цела. Д-рфіз.-матэм.н. (1989), праф. (1991). Скончыў БДУ (1957). З 1958 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац.АНБеларусі (у 1976—94 нам. дырэктара). Навук. працы па сінтэзе цвёрдых раствораў паўправадніковых сістэм на аснове складаных халькагенідаў пераходных металаў, даследаванні іх магн., эл., цеплавых і інш.фіз. уласцівасцей у шырокім дыяпазоне тэмператур і магн. палёў.
Тв.:
Фазовая диаграмма магнитного состояния системы теллурид хрома—селенид хрома // Физика твердого тела. 1986. Т. 28, № 3;
Структурные, магнитные и электрические свойства твердых растворов системы теллурид хрома—теллурид марганца (разам з А.І.Галясам, К.І.Янушкевічам) // Там жа. 1997. Т. 39, № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАФІ́ТЫ [ад макра... + ...фіт(ы)],
раслінныя арганізмы, прыстасаваныя для жыцця ў вадзе, незалежна ад іх арганізацыі і сістэматычнага становішча. Растуць у вадаёмах, утвараюць палосы ўздоўж берагоў, вакол астравоў, падводных меляў. Існуе некалькі класіфікацый М. (біял., марфал., экалагічная, жыццёвых форм і інш.), іх аснова — падзел водных раслін на 3 катэгорыі: паглыбленыя ў ваду (напр., харавыя водарасці, імхі), плаваючыя (наводныя, напр., гарлачыкі, рдзест) і што ўзвышаюцца над вадой (надводныя, напр., стрэлкаліст, трыснёг, чарот). Рэдкія віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (напр., касач сібірскі, лабелія Дортмана, палушнік азёрны). М. садзейнічаюць самаачышчэнню вадаёмаў, добра растуць у забруджаных водах, акумулююць мінер., баластныя і таксічныя рэчывы, выкарыстоўваюцца для ачысткі сцёкавых вод, у меліярацыі, як лек. расліны і інш. У зоне прыбярэжных М. кормяцца і нерастуюць рыбы, селяцца птушкі, млекакормячыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАЖА́Й (Галіна Мікалаеўна) (н. 15.3.1938, в. Кустын Брэсцкага р-на),
бел. мовазнавец. Чл.-кар. Акадэміі адукацыі Беларусі (1998). Канд.філал.н. (1971), праф. (1988). Скончыла Брэсцкі пед.ін-т (1960). Працавала настаўніцай, з 1963 у Брэсцкім ун-це (з 1981 заг. кафедры бел. мовазнаўства). Даследуе бел.літ. фразеалогію і асаблівасці мовы маст. л-ры: «Беларуская перыфраза» (1974), «Сучасная беларуская мова: Перыфраза» (1980), «Сучасная беларуская мова: Слова. Перыфраза. Фразеалагізм» (1992) і інш. Аўтар вучэбных дапаможнікаў «Лінгвістычны аналіз тэксту: Заданні, тэксты, парады» (1982, 2-е выд. 1992), «Беларуская мова» (1986, у сааўт.), «Пазакласная праца па беларускай мове» (1990, з С.Рачэўскім), «Практыкум па беларускай мове» (1993, у сааўт.) сааўтар школьных падручнікаў па бел. мове для 6-га і 7-га класаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАФЕ́ЕЎ (Эдуард Васілевіч) (н. 2.6.1942, г. Краснаярск, Расія),
бел. і рас. спартсмен і трэнер па футболу. Майстар спорту СССРміжнар. класа (1966), засл. майстар спорту СССР (1967). Засл. трэнер СССР (1989), засл. трэнер Беларусі (1979). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1972), Вышэйшую школу трэнераў (1977, Масква). У 1963—72 у мінскім «Дынама». У складзе зборнай каманды СССР (з 1963) бронз. прызёр чэмпіянату свету (1966, Лондан), сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1964, Мадрыд). У складзе каманды «Дынама» (Мінск) бронз. прызёр чэмпіянату СССР (1963), фіналіст Кубка СССР (1965). З 1972 на трэнерскай рабоце. Пад яго кіраўніцтвам каманда мінскага «Дынама» — чэмпіён СССР (1982), бронз. прызёр чэмпіянату СССР (1983). З 1983 ст. трэнер алімп. зборнай каманды СССР па футболе, з 1991 трэнер у рас. футбольных клубах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАХО́ЎСКІ (Уладзіслаў Юльянавіч) (1830?, б. маёнтак, цяпер в. Мацы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 7.10.1900),
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў ін-т інжынераў шляхоў зносін. Адзін з кіраўнікоў партыі «чырвоных», найбліжэйшы памочнік К.Каліноўскага. З чэрв. 1863 уваходзіў у склад Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы, потым Выканаўчага аддзела Літвы. У лют.—сак., чэрв.—жн. 1863 паўстанцкі начальнік Вільні. Са жн. 1863 за мяжой, з 1866 у Англіі. У 1875 сканструяваў фотаапарат са скручанай касетай, які спецыялісты лічаць прататыпам «Кодака». У 1880-я г. некалькі разоў пабываў у Расіі, у т. л. ў Маскве і Пецярбургу, удзельнічаў у фотавыстаўках, у заснаванні секцыі фатаграфіі Рас. імператарскага тэхн.т-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАЧА́Й (Euphorbia),
род кветкавых раслін сям. малачайных. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных паясах. На Беларусі 12 дзікарослых, каля 20 інтрадукаваных і вял. колькасць відаў у пакаёва-аранжарэйнай культуры. У лясах, на лугах і як пустазелле найчасцей трапляюцца М. санцагляд (E. helioscopia, нар. назва заячы скок, малатчак), глянцаваты (E. lucida), кіпарысавы (E. cyparissias), лозны (E. virgata).
Адна- і шматгадовыя травы, кусты (часта сукулентныя, кактусападобныя), радзей дрэвападобныя формы. Маюць у сабе млечны сок (адсюль назва). Лісце суцэльнае, чаргаванае, супраціўнае або кальчаковае. Кветкі аднаполыя, у складаным суквецці — цыятыі (складаецца з песцікавай кветкі, абкружанай 4—5 моцна рэдукаванымі тычынкавымі суквеццямі, выконвае ролю асобнай двухполай кветкі). Лек., тэхн., дэкар. расліны. Амаль усе ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНА́ЕЎ (Алег Цімафеевіч) (н. 3.2.1952, г. Уладзівасток, Расія),
бел. сацыёлаг. Д-р сацыялагічных н. (1991), праф. (1994). Скончыў БДУ (1974), дзе працуе з 1976. У 1992 заснаваў і ўзначаліў Незалежны ін-тсац.-эканам. і паліт. даследаванняў, у 1997 — Бел. асацыяцыю незалежных аналіт. цэнтраў («Беларускія фабрыкі думкі»). Навук. працы па пытаннях эфектыўнасці мас-медыя, іх развіцця і ролі ў пераходным грамадстве. Даследуе праблемы паліт. сацыялогіі, дэмакратызацыі і фарміравання грамадзянскай супольнасці на Беларусі.
Тв.:
Эффективность средств массовой информации. Мн., 1986 (у сааўт.);
Молодежь и гражданское общество: бел. вариант. Мн., 1999 (у сааўт.);
Media in transition: From totalitarianism to democracy. Kyiv, 1993;
Glasnost and after Media and change in Central and Eastern Europe. New Jersey, 1995 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНДАРЫ́Н (Citrus reticulata),
кветкавая расліна сям. рутавых, пладовая культура. Культывуюць у краінах Паўд. Еўропы, Паўд. Амерыкі, Паўд.-Усх. Азіі. На Беларусі вырошчваюць у пакоях і аранжарэях.
Вечназялёнае дрэва выш. да 3 м. Лісце буйное, скурыстае. Кветкі двухполыя, белыя, пахучыя, адзіночныя або ў суквеццях. Плод — гесперыдый (ягадападобны), маса 60—80 г, аранжавы, ядомы. Плады ўжываюцца пераважна свежымі (маюць да 10,5% цукру, каля 1% к-т, да 55 мг% вітаміну С і інш.), а таксама для перапрацоўкі (сок. джэм, варэнне, кампот). Скурка (цэдра) выкарыстоўваецца ў кандытарскай, парфумернай і харч. прам-сці. У селекцыі М. выкарыстоўваюць як мацярынскую форму, што перадае патомству марозаўстойлівасць і ранняспеласць. Вядомы гібрыды: танжэла (М. х грэйпфрут), тангор (М. х апельсін), цытрандарын (М. х трыфаліята).