ЦІ́ТА, Броз Ціта (Broz Tito) Іосіп (25.5.1892, в. Кумравец, Харватыя — 4.5.1980), дзяржаўны і паліт. дзеяч Югаславіі. Маршал (1943), тройчы Нар. герой (1944, 1972, 1977), Герой Сац. Працы (1950) Югаславіі. Удзельнік 1-й сусв. вайны (на баку Аўстра-Венгрыі) і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі (дзе быў у палоне). Чл. (з 1920), ген. сакратар (з 1940), старшыня (з 1966) Камуніст. партыі Югаславіі (з 1952 Саюз камуністаў Югаславіі). У час народна-вызваленчай вайны ў Югаславіі 1941—45 галоўнакаманд. Нар.-вызв. арміяй і партыз. атрадамі (1941—45), старшыня Нац.к-та вызвалення Югаславіі (1943—45). Узнагароджаны сав. ордэнам «Перамога». Кіраўнік урада (1945—63), прэзідэнт (1953—80) Югаславіі. У перыяд часовага (1948—55) разрыву сав.-югасл. міждзярж. і міжпарт. сувязей Ц. актывізаваў кантакты з краінамі—членамі НАТО, супрацьстаяў ідэалаг. і паліт. націску СССР і прапанаваў уласную мадэль сацыяліст. грамадства, засн. на дэцэнтралізацыі кіраўніцтва гасп. дзейнасцю. На міжнар. арэне прыхільнік пазаблокавай палітыкі, адзін з заснавальнікаў недалучэння руху. З 1955 адрадзіў дружалюбныя адносіны з СССР пры прызнанні апошнім своеасаблівасці югасл. мадэлі сацыялізму і неўмяшання ва ўнутр. справы адзін аднаго. У 1965 наведаў Беларусь.
Тв.:
Рус.пер. — Избранные статьи и речи, май 1941 — окт. 1979 г.М., 1987.
Літ.:
Уэст Р. Иосип Броз Тито: Власть силы: Пер. с англ. Смоленск, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЬЕ́ПАЛА (Tiepolo) Джавані Батыста (5.3.1696, г. Венецыя, Італія — 27.3.1770),
італьянскі мастак; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў венецыянскай школы жывапісу. Вучыўся ў Венецыі ў Г.Ладзарыні, зазнаў уплыў П.Веранезе і Дж.Б.П’яцэты. Працаваў пераважна ў Венецыі (у 1756—58 прэзідэнт Венецыянскай АМ), а таксама ў Мілане, Вюрцбургу, Мадрыдзе. Раннім творам уласцівы неспакойныя формы і кантрастны святлацень (цыкл карцін для палаца Дальфіна ў Венецыі, пасля 1725). Пазней творы набылі свабоду і экспрэсіўнасць, больш светлы каларыт, тонкую нюансіроўку (плафоны цэркваў Джэзуаці, 1737—39; Скальцы,1743—44) у Венецыі. Фрэскавыя цыклы сярэдзіны 18 ст. вылучаюцца святочнай пышнасцю, прасторавай дынамікай, дасканаласцю святлопаветраных эфектаў, нечаканасцю пунктаў гледжання і ракурсаў, вытанчаным каларытам, пабудаваным на спалучэнні пяшчотных серабрыстых, чырванаватых, залаціста-жоўтых, жамчужна-шэрых і сініх тонаў: размалёўкі палаца Лабія ў Венецыі (1747—50), епіскапскай рэзідэнцыі ў Вюрцбургу (1750—53), вілы Вальмарана каля Вічэнцы (1757), плафонаў Каралеўскага палаца ў Мадрыдзе (1762—66). Яркай эмацыянальнасцю вобразаў і віртуознасцю жывапіснай тэхнікі вызначаюцца станковыя карціны «Трыумф Амфітрыты» (каля 1740), «Пакланенне вешчуноў» (1753). Пісаў таксама партрэты («Сход у Арэне», 1748—50), рабіў малюнкі і афорты.
Літ.:
Дж.Б.Тьеполо: [Альбом]. М.; Л., 1963;
Виппер Б.Р. Проблема реализма в итальянской живописи XVII—XVIII вв. М., 1966.
Т.В.Пешына.
Дж.Б.Цьепала Размалёўка «Баляванне Антонія і Клеапатры» ў палацы Лабія ў Венецыі. Італія. 1747—50.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУКА́ЙЛА Паўлюк (Павел Захаравіч; 1904, в. Лапенеўцы Бераставіцкага р-на Гродзенскай вобл. — 14.4.1939),
бел. пісьменнік. Праф. (1933). З 1926 вучыўся ў БДУ, скончыў Камуніст. акадэмію ў Маскве (1930). У пач. 1920-х г. удзельнік нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, чл.КПЗБ. З 1924 у БССР. Быў сакратаром Расонскага райкома КП(б)Б, удзельнічаў у рабоце полацкай філіі «Маладняка». У 1925 у Слуцку, рэдактар акр. газеты, арганізатар філіі «Маладняка». З 1926 у Мінску, ініцыятар стварэння «Беларускай літаратурна-мастацкай камуны», рэдактар час. «Росквіт». З 1928 у Маскве. У 1930—31 палітрэдактар у Галоўліце СССР, заг. кафедры метадалогіі мастацтва Ін-та кінематаграфіі. Да 1931 кіраўнік бел. секцыі Маскоўскай асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. У вер. 1930 арыштаваны, праз месяц вызвалены. З 1932 у Ленінградзе, віцэ-прэзідэнтДзярж. акадэміі мастацтваў. З 1936 у Маскве. У 1938 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1959. Друкаваўся з 1925. Першая і адзіная кніга паэзіі — «Акрываўленая зямля» (1930), у якую ўвайшлі вершы, паэмы «Акорды дзён» і «Партызанка Люба». У крытычных артыкулах арыентаваўся на ідэйна-эстэт. платформу час. «Новый ЛЕФ», займаў ваяўнічую і непрымірымую бальшавіцкую пазіцыю, зыходзячы з якой крытыкаваў паэзію А.Вольнага, А.Дудара, У.Жылкі, Т.Кляшторнага, В.Маракова, Я.Пушчы, П.Труса і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́РАШ Эдуард Мікалаевіч (н. 17.3.1941, Мінск),
бел. спартсмен і трэнер (стралк. спорт; стральба кулявая). Майстар спорту СССРміжнар.кл. (1968). Засл. трэнер Беларусі (1980). Засл. трэнер СССР (1992). Суддзя рэсп. катэгорыі (1978), Усесаюзнай і вышэйшай нац. катэгорыі (1989). Скончыў БПІ (1968). У 1977—91 ст. трэнер зборнай каманды Беларусі па кулявой стральбе, ст. трэнер БВО. У 1992—96 гал. трэнер нац. зборнай каманды Беларусі па кулявой стральбе, з 1996 ст. трэнер нац. каманды Беларусі па вінтовачных практыкаваннях. У 1991—2003 віцэ-прэзідэнтБел.стралк. саюза. У складзе зборнай каманды СССР выступаў у 1958—69. Чэмпіён Еўропы сярод юніёраў (1961, Будапешт; з сусв. рэкордам); сярэбраны прызёр (1959, г. Мілан, Італія). Чэмпіён свету (1962, Каір; 1966, г. Вісбадэн, Германія), бронз. прызёр (1966) у камандным заліку. Чэмпіён Еўропы (1965, Бухарэст) у камандным заліку. Чэмпіён II, III і IV Спартакіяд народаў СССР у асабістым першынстве (1959, 1963, 1967), СССР у асабістым (1959, 1962—63, 1967) і камандным (1962, 1965—66, 1968—69) заліках. 12-разовы чэмпіён СССР (1959—67) у асабістым заліку. Рэкардсмен свету, СССР. Сярод выхаванцаў — прызёр Алімп. гульняў-2000 С.Мартынаў; чэмпіёны свету і Еўропы А.Кліменка, Г.Няхаеў; чэмпіёны СССР М.Супрановіч, Т.Чэрнікава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСНІНЫ́,
рускія архітэктары, браты. Працавалі ў творчай садружнасці. Леанід Аляксандравіч (10.12.1880, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 8.10.1933). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1901—09) у Л.М.Бенуа. Праф. вышэйшага тэхн. вучылішча (1923—31) і арх. ін-та (1932—33) у Маскве. Чл. Аб’яднання сучасных архітэктараў (АСА; з 1925). Віктар Аляксандравіч (9.4.1882, г. Юр’евец, Расія — 17.9.1950). Акад.АНСССР (1943). Вучыўся ў Ін-це грамадз. інжынераў (1901—12) у Пецярбургу. Праф. Маскоўскага вышэйшага тэхн. вучылішча (1923—31) і Вхутэмаса-Вхутэіна (1921—30). Чл. АСА (з 1925). Першы прэзідэнт Акадэміі архітэктараў СССР (1939—49). Аляксандр Аляксандравіч (28.5.1883, г. Юр’евец Іванаўскай вобл., Расія — 7.11.1959). Вучыўся ў Ін-це грамадз. інжынераў (1901—12) у Пецярбургу. Выкладаў у Вхутэмасе-Вхутэіне (1921—30) і арх. ін-це (да 1936) у Маскве. Сярод ранніх іх работ — асабнякі і даходныя дамы, стылізаваныя пад архітэктуру класіцызму, канторскія, гандл., прамысл. будынкі, у якіх выявіліся рысы рацыяналізму (банк Юнгера на Кузнецкім мосце ў Маскве, 1913). З 1923 працавалі ў кірунку канструктывізму (будынак аддз. газеты «Ленинградская правда», 1924, універмаг на Краснай Прэсні, 1927, Палац культуры аўтазавода, 1930—34, абодва ў Маскве, Дняпроўская ГЭС, 1927—32). Сярод неажыццёўленых праектаў філіял газ. «Ленинградская правда» (1924), дом «Аркас» (1927), Дом Наркамцяжпрама (1934—36, усе ў Маскве). Аўтары артыкулаў па праблемах архітэктуры і па асобных збудаваннях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ ФРОНТ,
тэатр баявых дзеянняў англа-амер. войск у Зах. Еўропе супраць фаш. Германіі ў 1944—45 другую сусветную вайну 1939—45. Ідэя яго адкрыцця ўзнікла пасля нападзення Германіі на СССР, калі І.В.Сталін у лісце да прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля ад 18.7.1941 прапанаваў брыт. боку пачаць ваен. дзеянні ў Паўн. Францыі і Арктыцы з мэтай адцягнуць з сав.-герм. (усх.) фронту 30—40 ням. дывізій. Чэрчыль адхіліў прапанову, спасылаючыся на недахоп сіл і сродкаў. Дасягнутыя пазней дамоўленасці з урадамі Вялікабрытаніі і ЗША аб адкрыцці Д.ф. ў Зах. Еўропе ў 1942—43 з-за рознагалоссяў бакоў (напр., Чэрчыль выступаў за адкрыццё фронту на Балканах) не былі рэалізаваны. У 1942 англа-амер. войскі высадзіліся ў Паўн. Афрыцы, у 1943 на в-ве Сіцылія і ў Паўд. Італіі. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 Чэрчыль і прэзідэнт ЗША Ф.Рузвельт абавязаліся адкрыць Д.ф. у маі 1944 (пазней тэрмін перанесены на чэрв. 1944). 6.6.1944 англа-амер. войскі (43 дывізіі) высадзіліся ў Паўн. Францыі (гл.Нармандская дэсантная аперацыя 1944). Дзейнасць Д.ф. (існаваў 11 месяцаў) паскорыла разгром фашызму. Гл. таксама Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945, Квебекскія канферэнцыі, Другая сусветная вайна 1939—45.
Літ.:
Ржешевский О.А. История второго фронта: война и дипломатия. М., 1988;
Хастингс М. Операция «Оверлорд»: Как был открыт второй фронт: Пер. с англ.М., 1989.
Да арт.Другі фронт. Высадка англа-амерыканскіх войск у Нармандыі (Францыя, 6.6.1944).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЙБНІЦ (Leibniz) Готфрыд Вільгельм (1.7.1646, г. Лейпцыг, Германія — 14.11.1716),
нямецкі вучоны, філосаф, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Лейпцыгскім і Іенскім ун-тах (1661—66). У 1672—76 на дыпламат. рабоце ў Парыжы. З 1676 на службе ў гановерскіх герцагаў. Заснавальнік (1700) і першы прэзідэнт Берлінскай АН. Адзін са стваральнікаў дыферэнцыяльнага і інтэгральнага вылічэння, даследчык у галіне фізікі і механікі, пачынальнік матэм. логікі. Займаўся геалогіяй, біялогіяй, псіхалогіяй, лінгвістыкай, гісторыяй, юрыспрудэнцыяй. Аўтар шэрагу тэхн. вынаходстваў (гідраўлічны рухавік, лічыльная машына, пнеўматычныя прылады і інш.). Асн. творы: «Новая сістэма прыроды» (1695), «Новыя вопыты пра чалавечы розум» (1704), «Новы метад максімумаў і мінімумаў» (1684), «Тэадыцэя» (1710), «Манадалогія» (1714). Быццё ўяўляў як бясконцую колькасць дзейных субстанцый, непадзельных першаэлементаў — манад, якія з’яўляюцца духоўнымі, дзейнымі ўтварэннямі. Кожная з манад, паводле Л., першапачаткова валодае здольнасцю ўспрымаць (перцэпцыяй), але гэта толькі бессвядомы стан манады; усвядомленым успрыманнем (аперцэпцыяй) валодае толькі чалавек. У тэорыі пазнання Л. імкнуўся пераадолець крайнасць дэкартаўскага рацыяналізму і эмпірызму Дж.Лока, адмаўляў вучэнне Р.Дэкарта пра прыроджаныя ідэі і вучэнне Лока пра душу як «чыстую дошку». Ён лічыў, што існуюць ісціны фактаў (адкрываюцца вопытам) і метафіз. (вечныя) ісціны, якія выяўляюцца з дапамогай розуму. На Беларусі філас. і навук. працы Л. былі вядомы з 1-й пал. 18 ст.; уплыў яго ідэй заўважаецца ў працах Б.Дабшэвіча, Г.Каніскага і інш.бел. мысліцеляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХА́НАЎ Альберт Анатолевіч (н. 13.9. 1935, г. Кіраў, Расія),
расійскі пісьменнік. Акад.Рас. акадэміі прыродазнаўчых навук (1992). Чл.-кар.Рас. акадэміі адукацыі (1990). Скончыў Уральскі ун-т (Свярдлоўск, 1958). Да 1988 працаваў у друку (у 1975—88 гал. рэдактар час. «Смена»). З 1988 дырэктар НДІ дзяцінства Рас. акадэміі адукацыі. Друкуецца з 1961. Першая кн. «Няхай будзе сонца!» (1963) — гіст. аповесць пра мастака М.Э.Андрыёлі. У зб-ках аповесцей і апавяданняў для юнацтва «Юрка Гагарын — цёзка касманаўта» (1966), «Зоркі ў верасні» (1967), «Музыка» (1971), трылогіі «Сямейныя абставіны» (1967—73; аднайм. фільм 1977), аповесцях «Галгофа» (1979), «Кікімара» (1983), раманах «Мой генерал» (1975; аднайм. фільм 1979), «Мужчынская школа» (1995) і інш. паглыблены аналіз пачуццяў і перажыванняў юных герояў, своеасаблівы дыялог пакаленняў. У кнігах публіцыстыкі «Канспект лёсу» (1976), «Поры жыцця» (1978), «Сэнс існага» (1985), «Цяжар маладосці» (1989), «Пісьмы ў абарону дзяцінства» (1997) і інш. роздум над праблемамі выхавання моладзі. Па творах Л. пастаўлены таксама фільмы «Добрыя намеры», «Карусель на кірмашовай плошчы», «Апошнія халады», «Каманда 33», «Вышэйшая мера». З 1991 прэзідэнтМіжнар. асацыяцыі дзіцячых фондаў. Асобныя апавяданні Л. на бел. мову пераклаў Я.Курто. Дзярж. прэмія Расіі імя Крупскай 1980, міжнар. прэміі імя М.Горкага (1983) і Я.Корчака (1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКМІ́ЛІН (McMillin) Арнольд Барат (н. 21.6.1941, г. Нью-касл-эпон-Тайн, Вялікабрытанія),
англійскі славіст. Д-рслав. філалогіі (1971). Скончыў Лонданскі ун-т (1964). У 1969—76 выкладчык, з 1987 праф.рус. мовы і л-ры Школы слав. і ўсх.-еўрап. даследаванняў Лонданскага ун-та. У 1976—87 заг. аддзялення рус. філалогіі Ліверпульскага ун-та. Аўтар даследаванняў па бел. мове і л-ры: «Слоўнік беларускай літаратурнай мовы XIX ст.» (Лондан, 1973), «Гісторыя беларускай літаратуры ад яе вытокаў да сённяшніх дзён» (Гісен, 1977), арт. «Барока і асветніцтва на Беларусі. Да перагляду перыядызацыі беларускай літаратуры» (1984), «Русіфікацыя і яе апаненты ў сучаснай беларускай літаратуры», «Вехі і тэндэнцыі ў развіцці беларускай паэзіі» (абодва 1989). Напісаў прадмовы да зб.бел. паэзіі «Снуецца зданяў рой» (Лондан, 1982) і зб. вершаў Л.Геніюш. Пераклаў на англ. мову (з В.Рыч) паэму «Тарас на Парнасе» (1977). Даследаваў навук. дзейнасць Я.Ф.Карскага, Я.Чачота, творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, З.Бядулі, В.Быкава і інш. У 1991—92 пачаў курс лекцый «Уводзіны ў беларускую культуру: мова, літаратура, гісторыя». Рэдактар «The Journal of byelorussian studies» («Часопіса беларускіх даследаванняў», 1966—71), час. «Modern languages rewiew» («Агляд сучасных моў», 1979—87), «Occasional papers in belarusian studies» («Неперыядычныя выданні беларускіх даследаванняў», 1995). Чл.Міжнар.к-та славістаў (1979—88), з 1981 віцэ-прэзідэнт Англа-бел. т-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т «СВАБО́ДНАЯ ГЕРМА́НІЯ»
(НКСГ; Nationalkomitee «Freies Deutschland»),
кіруючы орган руху ням. антыфашыстаў у 2-ю сусв. вайну. Засн. па ініцыятыве ЦККамуніст. партыі Германіі і з дазволу сав. улад 12—13.7.1943 на ўстаноўчай канферэнцыі ў г. Краснагорск (Маскоўская вобл.) ням. эмігрантамі і ваеннапалоннымі ў складзе 38 чал.Прэзідэнтк-та ў 1943—45 паэт Э.Вайнерт, у ліку членаў к-та І.Р.Бехер, В.Пік, В.Ульбрыхт. У сваіх газетах, лістоўках, радыёперадачах (на фронце і праз гукаўзмацняльнікі) заклікаў вайскоўцаў вермахта і герм. народ усімі магчымымі сродкамі змагацца супраць гітлераўскага рэжыму, спыніць баявыя дзеянні дзеля дасягнення «ганаровага міру», стварыць новую Германію на свабодных, мірных і незалежных пачатках; праводзіў таксама антыфаш. агітацыю ў сав. лагерах для ням. ваеннапалонных. Непасрэдна на фронце меў групы ўпаўнаважаных і давераных асоб пры сав. арміях, карпусах, дывізіях, а таксама пры некаторых партыз. злучэннях. З вер. 1943 узаемадзейнічаў з антыфаш. Саюзам нямецкіх афіцэраў. Замежныя арг-цыі к-та існавалі ў Францыі, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, Даніі, Швецыі, Грэцыі, Мексіцы, ЗША. У сак.—ліп. 1944 2 групы к-та дзейнічалі на тэр. Беларусі (Баранавіцкая, Вілейская, Мінская вобл.). НКСГ самараспусціўся 2.11.1945 пасля ўтварэння ва Усх. Германіі блока антыфаш.-дэмакр. партый. У 1985 у Краснагорску створаны Мемарыяльны музей ням. антыфашыстаў.
Літ.:
За Германию — против Гитлера!: Док. и материалы о создании и деятельности Нац. комитета «Свободная Германия» и Союза немецких офицеров: Пер. с нем. М., 1993.