ЦЬЕ́ПАЛА (Tiepolo) Джавані Батыста (5.3.1696, г. Венецыя, Італія — 27.3.1770),
італьянскі мастак; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў венецыянскай школы жывапісу. Вучыўся ў Венецыі ў Г.Ладзарыні, зазнаў уплыў П.Веранезе і Дж.Б.П’яцэты. Працаваў пераважна ў Венецыі (у 1756—58 прэзідэнт Венецыянскай АМ), а таксама ў Мілане, Вюрцбургу, Мадрыдзе. Раннім творам уласцівы неспакойныя формы і кантрастны святлацень (цыкл карцін для палаца Дальфіна ў Венецыі, пасля 1725). Пазней творы набылі свабоду і экспрэсіўнасць, больш светлы каларыт, тонкую нюансіроўку (плафоны цэркваў Джэзуаці, 1737—39; Скальцы,1743—44) у Венецыі. Фрэскавыя цыклы сярэдзіны 18 ст. вылучаюцца святочнай пышнасцю, прасторавай дынамікай, дасканаласцю святлопаветраных эфектаў, нечаканасцю пунктаў гледжання і ракурсаў, вытанчаным каларытам, пабудаваным на спалучэнні пяшчотных серабрыстых, чырванаватых, залаціста-жоўтых, жамчужна-шэрых і сініх тонаў: размалёўкі палаца Лабія ў Венецыі (1747—50), епіскапскай рэзідэнцыі ў Вюрцбургу (1750—53), вілы Вальмарана каля Вічэнцы (1757), плафонаў Каралеўскага палаца ў Мадрыдзе (1762—66). Яркай эмацыянальнасцю вобразаў і віртуознасцю жывапіснай тэхнікі вызначаюцца станковыя карціны «Трыумф Амфітрыты» (каля 1740), «Пакланенне вешчуноў» (1753). Пісаў таксама партрэты («Сход у Арэне», 1748—50), рабіў малюнкі і афорты.
Літ.:
Дж.Б.Тьеполо: [Альбом]. М.; Л., 1963;
Виппер Б.Р. Проблема реализма в итальянской живописи XVII—XVIII вв. М., 1966.
Т.В.Пешына.
Дж.Б.Цьепала Размалёўка «Баляванне Антонія і Клеапатры» ў палацы Лабія ў Венецыі. Італія. 1747—50.