чэшскі графік, жывапісец, тэатр. мастак, пісьменнік. Прадстаўнік нац.-дэмакр. кірунку ў чэш. мастацтве 1-й пал. 20 ст.Нар. мастак Чэхаславакіі (1947). Вучыўся ў Маст.-прамысл. школе ў Празе (1906—07). Зазнаў уплыў М.Алеша. Творчасць вызначаецца блізкасцю да традыцый нар. мастацтва. Сярод твораў: ілюстрацыі да кн. «Казкі пра Гонзіка і залатавалосую Ізолю» Я.Гаўлічака (1906), «Прыгоды бравага салдата Швейка» Я.Гашака (выд. 1926), «Байкі» Эзопа (1931); да ўласных кн. «Мая азбука» (1911), «Каламайка» (1913), «Вясёлае прыродазнаўства Лады» (1917), «Вершы Эрбена і народныя» (1920), «Хроніка майго жыцця» (1942); малюнкі «Вадзянік» (1937), «Раство» (1938), «Чэшская вёска» (1942), «Вясна» (1954) і інш. Працаваў як пейзажыст («Трыпціх з чэшскім пейзажам», 1935, і інш.). Афармляў тэатр. спектаклі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПА́ТКАў архітэктуры,
вертыкальны выступ на сцяне будынка без базы і капітэлі. Вядома ў архітэктуры Зах. і Усх. Еўропы. Звычайна ўспрымалі цяжар ад падпружных арак скляпенняў. Адначасова былі элементамі рытму і дэкору фасадаў, аздабляліся рустам, філёнгамі і інш. У архітэктуры Беларусі вядомы з 11 ст. (Сафійскі сабор у Полацку), у 17—19 ст. пашырыліся ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока, класіцызму, у 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. — у стылях псеўдарус., несапраўднай готыкі, мадэрн. У сучаснай архітэктуры Л. — важны элемент стварэння рытму фасадаў. Часам маюць выгляд пілонаў.
У драўляным дойлідстве ў выглядзе Л. часам вырашалася шалёўка рэшткаў зрубаў, якую аздаблялі дэкар. разнымі накладкамі, размалёўкай. У некат. збудаваннях 18—19 ст. пад уплывам мураванай архітэктуры Л. аздабляліся канелюрамі або рустам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НДЛЕР (ням. Ländler ад Landl мясцовасць у Аўстрыі),
аўстрыйскі і нямецкі нар. парны танец. Паходзіць з альпійскіх рэгіёнаў Аўстрыі. Тэмп ажыўлены, але не хуткі. Муз. памер 3/4 або 3/8. Назву «Л.» да пач. 19 ст. мелі многія разнавіднасці аўстр. і ням.нар. танцаў, вядомых паводле харэаграфічных апісанняў з 16 ст. Тыповыя рухі: слізготны крок і павароты, вярчэнні партнёркі, прытупванні партнёра, адначасовае вярчэнне танцораў у розных напрамках. Рухі шырокія, свабодныя. Выконваўся пад спевы ці ў суправаджэнні сял. аркестра (скрыпка, кларнет, цытра). Прататып вальса. Як муз. жанр вядомы з 2-й пал. 18 ст. Характэрная форма — два 8-тактавыя перыяды з паўтарэннем кожнага. Яго выкарыстоўвалі венскія кампазітары (у Л.Бетховена — «ням. танец»), І.Брамс, А.Брукнер, Ф.Шуберт, Р.Шуман, Г.Малер і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНО́,
школа японскага дэкар. жывапісу. Засн. ў 2-й пал. 15 ст. мастакамі дынастыі Кано (адсюль назва) на традыцыях кіт. манахромнага пейзажнага жывапісу перыяду Паўд. Сун і яп. паліхромнай школы Тоса, якая развівала традыц. жывапіс ямата-э. Творы К. выконвалі ў жанры пейзажа на скрутках, шырмах, перасоўных перагародках, рабілі насценныя размалёўкі і інш.; ім уласціва спалучэнне агульнай умоўна-дэкар. трактоўкі кампазіцыі (плоскасныя формы, дакладна прамаляваныя контуры) з падкрэслена праўдападобнымі выявамі асобных матываў (птушак, галін дрэў і інш.), вылучэнне гал. буйнога кампазіцыйнага цэнтра, экспрэсіўная эмацыянальнасць выяў. Сярод прадстаўнікоў школы: Кано Масанобу, Кано Матанобу (заснавальнікі), Кано Эйтоку, Кано Санраку, Кано Міцунобу і інш. У 17—20 ст. жывапіс К. стаў, па сутнасці, паўторам старых узораў.
Я.Ф.Шунейка.
Да арт.Кано. Кано Эйтоку. Арол на хвоі. Дэталь размалёўкі шырмы. Канец 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАУ́РЫ (інд. kauri),
невялікая ракавіна марскога малюска (даўж. 1—2,5 см). У стараж. часы К. выкарыстоўваліся як упрыгожанні і грашовы сродак у народаў Азіі, Афрыкі, Акіяніі (да пач. 20 ст.), Еўропы. Як грошы ў Афрыцы вядомы ў 11—12 ст. У 17—18 ст. тэрыторыя іх выкарыстання пашыралася, у сярэдзіне 19 ст. у Зах. Афрыцы зафіксаваны іх курс: 1 талер = 2500 ракавін, у народаў Індыйскага акіяна 1 рупія = 2500—12 000 К. На Беларусі К. выяўлены пры раскопках сярод знаходак 12 ст. (Гродзенскі Стары замак, Полацк і інш.) і 15—16 ст. (Панямонне). Звычайна К. мелі адтуліну для нанізвання на шнур. Магчыма, К. выкарыстоўваліся на тэр. Беларусі як грошы у безманетны перыяд (2-я пал. 11—13 ст.).
Каралі з кауры, бронзавыя пярсцёнак і бранзалет 12 ст. з Полацкага гарадзішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ СПА́СКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 1497—1839 у Кобрыне. Засн.кн. Кобрынскімі як праваслаўны манастыр пры Спаскай царкве. У 1501 княгіня Фядора, удава І.С.Кобрынскага, адпісала манастыру с. Корчыцы з людзьмі і ўсімі данінамі, 2 корчмы ў Кобрыне, дзесятую мерку жыта з млына на р. Кобрынка і дзесятую капу жыта і яравога збожжа з Кобрына. Інвентар К.С.м. 1549 надрукаваны ў 6-м томе «Актаў Віленскай камісіі». Пасля Брэсцкай уніі 1596 манастыр стаў уніяцкім, належаў ордэну базыльян, меў свайго архімандрыта, некаторы час падпарадкоўваўся непасрэдна літ. правінцыялу (у 1713 архімандрыя адноўлена). Тут праходзіў Кобрынскі царк. сабор 1626. Указам Рас. імператара 1828 у К.С.м. адкрыта духоўнае вучылішча. Пасля Полацкага царк. сабора 1839 манастыр закрыты. Захаваўся мураваны жылы корпус 2-й пал. 18 ст. — помнік архітэктуры барока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЙДАНАЎСКІ ЗА́МАК Існаваў у 12—19 ст. ў мяст. Койданава (з 1932 г.Дзяржынск Мінскай вобл.). Драўляны замак пабудаваны, верагодна, у 12—13 ст. Размяшчаўся на ўзвышэнні, быў абнесены земляным валам і ровам, злучаным з р. Няцеча. Выконваў важную ваенна-стратэгічную ролю на мяжы Полацкага княства. У 1-й пал. 16 ст. заменены мураваным 9-вежавым замкам. У плане круглыя вежы з байніцамі мелі дыяметр каля 10 м і таўшчыню сцен да 1,5 м, былі накрыты шатровымі стрэхамі. Уваход у замак запіраўся традыц. брамай. У 1613 пад аховай замка пабудаваны Койданаўскі кальвінскі збор. Каменныя пабудовы існавалі да 1840-х г.
Літ.:
Якімовіч Ю. Ці быў у Койданаве замак? // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1985. № 3.
А.І.Валахановіч.
Койданаўскі кальвінскі збор. З малюнка Н.Орды. 1876.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы канца 15—20 ст. з г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. У 16—18 ст. рабілі гасп. посуд, кафлю (гл.Копыская кафля). Асаблівага развіцця К.к. дасягнула ў 19—1-й пал. 20 ст. У Копысі працавала каля 20 ганчарных заводаў, дзе выраблялі белагліняны паліваны посуд (збаны, гаршкі, слоікі, міскі і інш.) мяккіх акруглых форм. Вырабы аздаблялі прамымі і хвалістымі ціснёнымі паяскамі на плечуках пасудзін, налепамі, зашчыпамі па краях, падцёкамі карычневай або зялёнай палівы. Выраблялі таксама талеркі, вазы, кубкі, хлебніцы, чарніліцы, шкатулкі, пісьмовыя прылады, попельніцы з фігурамі львоў, мядзведзяў і інш., якія ўпрыгожвалі рэльефным раслінным і анімаліст. дэкорам, пажадальнымі надпісамі, пакрывалі рознакаляровай палівай. У 1920—30-я г. была пашырана вытв-сць настольнай дробнай пластыкі. Сярод майстроў А.Верамееў, В.Чабатароў, А.Чорцікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ДСКІЯ КУФРЫ́,
вырабы нар. майстроў г. Ліды Гродзенскай вобл. і навакольных вёсак. Промысел пашыраны ў 19—1-й пал. 20 ст. Вылучаюцца стрыманым графічна-выразным, рытмічна строгім паліхромным арнаментам аздобы, дэкар. прапілоўкай ножак. Найб. размалёўвалі века і пярэднюю сценку, бакавыя аздаблялі сціплымі паскамі-абводкамі вуглоў і ручак. Малюнак клеявымі і алейнымі (пераважна чырвонай, жоўтай, белай, чорнай) фарбамі наносілі штампам з сырой бульбіны, рэпы, радзей малявалі ад рукі ці выкарыстоўвалі папяровыя трафарэты. Арнаментальныя кампазіцыі складаліся з прамых ці хвалістых паскаў-ланцужкоў, кругоў розных памераў, якія ўтваралі маляўнічыя разеткі, кветак валошкі і рамонку, зорак, лістоў і інш. Узорыстыя ланцужкі арнаменту размяшчаліся каля паскаў акоўкі, якая абводзілася чорнай фарбай (калі акоўкі не было, яе імітавалі фарбамі). У наш час промысел заняпаў.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Лідскія куфры. Куфар. Шчучынскі раён. Канец 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎЛАШО́ЎСКІ (Фёдар Міхайлавіч) (7.2.1546, г. Ляхавічы Брэсцкай вобл. — 1-я пал. 1619),
бел. грамадскі дзеяч і пісьменнік-мемуарыст. Самаадукацыяй набыў веды ў галіне матэматыкі, справаводства, юрыспрудэнцыі. Ад навагрудскай шляхты быў паслом на Люблінскім (1569) і Варшаўскім (1579) сеймах. Разам з А.Трызнам удзельнічаў у выпрацоўцы дзярж.-прававога дакумента — «Трыбунала Вялікага княства Літоўскага», у 1592—1613 падсудак (адвакат) у Навагрудскім земскім судзе. Прытрымліваўся памяркоўна-ліберальных поглядаў. З літ. спадчыны пакінуў дыярыуш — самы ранні помнік мемуарнага жанру ў бел. л-ры канца 16 — пач. 17 ст. Мемуары пераважна аўтабіягр. характару, дзе адлюстраваны культ., сац. і паліт. жыццё суайчыннікаў (найперш прадстаўнікоў шляхты), іх погляды і грамадскія ўзаемаадносіны.
Тв.:
У кн.: Помнікі мемуарнай літаратуры Беларусі XVII ст.Мн., 1983.