КАНО́,

школа японскага дэкар. жывапісу. Засн. ў 2-й пал. 15 ст. мастакамі дынастыі Кано (адсюль назва) на традыцыях кіт. манахромнага пейзажнага жывапісу перыяду Паўд. Сун і яп. паліхромнай школы Тоса, якая развівала традыц. жывапіс ямата-э. Творы К. выконвалі ў жанры пейзажа на скрутках, шырмах, перасоўных перагародках, рабілі насценныя размалёўкі і інш.; ім уласціва спалучэнне агульнай умоўна-дэкар. трактоўкі кампазіцыі (плоскасныя формы, дакладна прамаляваныя контуры) з падкрэслена праўдападобнымі выявамі асобных матываў (птушак, галін дрэў і інш.), вылучэнне гал. буйнога кампазіцыйнага цэнтра, экспрэсіўная эмацыянальнасць выяў. Сярод прадстаўнікоў школы: Кано Масанобу, Кано Матанобу (заснавальнікі), Кано Эйтоку, Кано Санраку, Кано Міцунобу і інш. У 17—20 ст. жывапіс К. стаў, па сутнасці, паўторам старых узораў.

Я.​Ф.​Шунейка.

Да арт. Кано. Кано Эйтоку. Арол на хвоі. Дэталь размалёўкі шырмы. Канец 16 ст.

т. 7, с. 588

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)