ДЗЯРНО́ВА-КАРБАНА́ТНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

тып глеб, што фарміруюцца ў месцах выхаду на паверхню карбанатных парод (вапнякоў, даламітаў, мелу і інш.) пры нармальным увільгатненні пад травяністай расліннасцю. У залежнасці ад ступені выяўлення працэсаў вышчалочвання і ападзольвання Дз.-к.г. падзяляюць на 3 падтыпы: тыповыя Дз.-к.г., вышчалачаныя. ападзоленыя, якія ўключаюць вял. колькасць родаў, відаў і разнавіднасцей. Пашыраны невял. ўчасткамі ў еўрап. ч. Расіі, на Д. Усходзе. На Беларусі найб. трапляюцца ў Магілёўскай, Брэсцкай і Віцебскай абласцях. Высокаўрадлівыя, маюць 5—9% гумусу, інтэнсіўна асвойваюцца пад ворыва. Прыдатныя для вырошчвання патрабавальных да глебавых умоў с.-г. культур (цукр. буракі, пшаніца, ячмень, люцэрна і інш.). Урадлівасць Дз.-к.г. павышаюць мінер. (пераважна калійнымі, марганцавымі і борнымі) угнаеннямі.

М.​І.​Смяян.

т. 6, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРАМЫ́СЛІ,

вёска ў Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., на р. Чарніца. Цэнтр сельсавета. За 15 км на ПдЗ ад г.п. і чыг. ст. Лёзна, 55 км ад Віцебска. 1236 ж., 466 двароў (1997).

У пісьмовых крыніцах упамінаецца ў 1749. З 1772 цэнтр воласці ў Аршанскім пав. Магілёўскай губ. З пач. 1830-х г. мястэчка. У 1860 у Дабрамыслях 350 ж., у 1910 — 646 ж., 215 двароў, нар. вучылішча, царква, яўр. малітоўны дом, 5 хлебных крам, млын. З 1924 цэнтр сельсавета ў Лёзненскім р-не. У 1971 у Д. 425 ж., 146 дамоў.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан.

т. 5, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРМАШКЕ́ВІЧ (Васіль Мікітавіч) (н. 13.1.1939, в. Васькавічы Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ядзернай і нетрадыцыйнай энергетыкі. Д-р тэхн. н. (1991). Скончыў Харкаўскі авіяц. ін-т (1962). З 1976 у Ін-це ядзернай энергетыкі АН Беларусі, з 1992 дырэктар навук.-тэхн. цэнтра «Нетрадыцыйная энергетыка і энергазберажэнне» Нац. АН Беларусі. Навук. працы па працэсах гарэння паліва ў вадкасных ракетных рухавіках, стварэнні ядзерных энергет. установак. Распрацаваў рухавікі арыентацыі і стабілізацыі касм. аб’ектаў, акісляльнік для ракетнага паліва, асновы і канцэпцыю выкарыстання нетрадыцыйных крыніц энергіі ў Беларусі.

Тв.:

Герметичные электронасосы для химически активных жидкостей: Конструкция, испытания, эксплуатация. Мн., 1989;

Энергетика завтрашнего дня. Место в ней энергетики Беларуси // Финансы, учет, аудит. 1997. № 1.

т. 6, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРАЎЛЁЎ (Васіль Пракопавіч) (н. 27.5.1931, в. Раздзел Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. крытык і літ.-знавец. Д-р філал. н. (1986). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1954). З 1957 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі. Друкуецца з 1957. Даследуе гісторыю бел. л-ры, тэарэт. праблемы бел. літ.-знаўства, паэтыку маст. твора. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1965—66), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969; на рус. мове 1977), кніг «Праблемы сучаснай беларускай прозы» (1967), «Беларуская савецкая проза: Апавяданне і нарыс» (1971), «Пытанні паэтыкі» (1974), «Магчымасць рэалізму» (1982).

Тв.:

Структура твора: Рух сюжэтна-кампаз. форм. Мн., 1978;

Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. Мн., 1991.

т. 6, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ІВАНО́Ў»

(«Iwanow»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан Бярэзінскага, Бялыніцкага і Клічаўскага р-наў Магілёўскай вобл. 25—26.8.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 700-га ахоўнага палка, узводаў жандармерыі, сапёрнага і музычнага, аператыўнай групы, спец. аўтакалоны для вывазу нарабаванай маёмасці і с.-г. прадукцыі. Мэта аперацыі: разгром партыз. фарміраванняў у раёне в. Дулебы, захоп ураджаю і вываз насельніцтва з вёсак Баравіца, Дулебы, Заброддзе, Задор’е, Курганне, Несцяроўка, Печы, Рубеж, Уюноўка, размешчаных на Пд ад шашы Беразіно—Бялынічы. У ходзе аперацыі сустрэчнымі баямі партыз. атрады палкоў 113, 121 і 208-га разграмілі аўтакалону, нанеслі адчувальныя страты карнікам. Аперацыя правалілася, партызаны абаранілі насельніцтва ад рабавання і знішчэння.

У.​І.​Пасэ.

т. 7, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВІ́ЦКІ (Андрэй Ігнатавіч) (13.6.1904, в. Светазер’е Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 3.5.1992),

бел. вучоны ў галіне меліярацыі. Чл.-кар. АН Беларусі (1961), Акадэміі с.-г. навук БССР (1959—61), д-р тэхн. н. (1958), праф. (1960). Засл. дз. нав. Беларусі (1974). Скончыў Горацкі с.-г. ін-т (1925). З 1931 ва Усесаюзным НДІ балотнай гаспадаркі ў Мінску, з 1948 у Бел. НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі. Устанавіў залежнасць выпарэння тарфяной глебы ад кліматычных і інш. фактараў, распрацаваў метад вызначэння часу наступлення перадпасяўнога перыяду і метад разліку перадпасяўнога сцёку, прынцыпы асушальнай меліярацыі, прапанаваў новы падыход да ўстанаўлення норм (інтэнсіўнасці) асушэння балот.

Літ.:

Библиография научных трудов члена-корреспондента АН БССР А.​И.​Ивицкого. Мн., 1979.

А.І.Івіцкі.

т. 7, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСА́ЕНКА (Уладзімір Фёдаравіч) (н. 15.12.1928, г. Горкі Магілёўскай вобл.),

бел. археолаг. Канд. гіст. н. (1974). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1951). Працаваў настаўнікам, дырэктарам школы, у 1964—92 у Ін-це гісторыі АН Беларусі. Даследуе гісторыю першабытнаабшчыннага ладу, гідраніміку. Адкрыў на тэр. Бел. Палесся больш за 300, даследаваў 14 стаянак каменнага і бронзавага вякоў. Адзін з аўтараў «Нарысаў па археалогіі Беларусі» (ч. 1, 1970), «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1972), «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 1, 1994), кніг «Беларуская археалогія» (1987), «Археалогія Беларусі» (т. 1, 1997). З 1993 займаецца вывучэннем гісторыі Вял. Айч. вайны на Беларусі.

Тв.:

Археологическая карта Белоруссии. Вып. 1, 3. Мн., 1968, 1976;

Неолит Припятского Полесья. Мн., 1976.

т. 7, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗУ́ЛІЦКІЯ БАІ́ 1943, 1944,

баі партызан 227-га палка, 25, 115, 278-га атрадаў Клічаўскай ваенна-аператыўнай групы па разгроме ням.-фаш. гарнізона ў в. Казулічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон ахоўваў шашу Магілёў—Бабруйск і праводзіў карныя аперацыі супраць партызан і насельніцтва ў Кіраўскім і Клічаўскім р-нах. У ноч на 7.10.1943 у выніку 1,5-гадзіннага бою партызаны падавілі агнявыя кропкі, знішчылі і ўзялі ў палон больш за 160 гітлераўцаў, захапілі шмат зброі, перасоўную радыёстанцыю, штабныя дакументы і інш. У 1-й пал. чэрв. 1944 за некалькі гадзін начнога бою партызаны ўзарвалі 2 дзоты, зброева-рамонтную майстэрню, 4 склады, 4 аўтамашыны гарнізона, захапілі зброю, знішчылі шмат жывой сілы ворага.

т. 7, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПУ́СЦІН (Міхаіл Дзянісавіч) (18.11.1907, в. Мікулічы Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл. — 8.2.1968),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну з 1942 на Волхаўскім, 3-м Укр., 1-м Бел. франтах. Вызначыўся пры вызваленні Украіны і Малдавіі. 10—11.5.1944 у баях на правым беразе р. Днестр каля г. Ціраспаль мал. лейтэнант К. замяніў параненага камандзіра батальёна. Батальён на чале з К. 2 дні адбіваў контратакі ворага, знішчыў больш за 400 гітлераўцаў, 23 танкі і самаходныя гарматы. У ліп. 1944 батальён прарваў абарону праціўніка каля в. Мілянавічы на З ад г. Ковель і захапіў вышыню. Удзельнік вызвалення Варшавы і баёў за Берлін. Да 1946 у Сав. Арміі, пасля на адм.-гасп. рабоце.

т. 8, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЯ́Н (Сяргей Іванавіч) (н. 15.1.1941, в. Усохі Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. гісторык, дзярж. дзеяч. Чл.-кар. Міжнароднай Славянскай Акадэміі навук, адукацыі, мастацтваў і культуры (1998). Канд. гіст. н. (1980). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1970). З 1966 на камсам. і парт. рабоце ў Мазырскім р-не. З 1979 у Мазырскім пед. ін-це: ст. выкладчык, заг. кафедры гісторыі і паліталогіі, дацэнт (1981). Дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь (1995—96). Дэп. Палаты прадстаўнікоў Нац. Сходу Рэспублікі Беларусь, нам. старшыні камісіі па міжнар. справах і сувязях з СНД (з 1996). Нам. старшыні міжпарламенцкага слав. саюза (з 1998).

Тв.:

Из истории мелиорации Полесья. Мн., 1994;

Комсомольская хроника. Мозырь, 1995.

т. 8, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)