І́МПАРТ (англ. import ад лац. importo прывожу),

прывоз у краіну замежных тавараў, тэхналогій, паслуг (платнае карыстанне паслугамі замежных фірм), капіталаў (у форме крэдытаў ці займаў), каштоўных папер і інш. матэрыяльных каштоўнасцей для рэалізацыі (выкарыстання) на ўнутр. рынку, а таксама транзіту ў трэція краіны; расходы фіз. і юрыд. асоб, урада дадзенай краіны на набыццё тавараў і паслуг, зробленых у інш. краінах. Процілеглае значэнне — вываз тавараў, экспарт. Адрозніваюць І. бачны (увоз матэрыяльных каштоўнасцей); І. ускосны (І. камплектуючых вырабаў для машын, паўфабрыкатаў, абсталявання); І. нябачны (затраты на перавозку грузаў, пасажыраў, турызм, грашовыя пераводы і інш.). Структура І. вызначаецца асаблівасцямі прыродных умоў краіны, развіццём яе эканомікі і яе роляй у міжнар. раздзяленні працы. І. рэгулюецца нац. заканадаўствам, паліт.-прававымі абмежаваннямі, мытным тарыфам, сістэмай ліцэнзавання і інш. нетарыфнымі мерамі знешнеэканам. рэгулявання. Гл. таксама Знешнеэканамічныя сувязі, Знешні гандаль.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́МНА,

горад у Расіі, раённы цэнтр у Маскоўскай вобл., на р. Ака пры ўпадзенні р. Масква. Вядома з 12 ст., горад з 1781. 153 тыс. ж. (1997). Рачны порт, чыг. станцыя. Заводы цеплавозабуд., цяжкага станкабудавання, тэкст. машынабудавання, гумава-тэхн. вырабаў, цэментны; домабуд. камбінат і інш. Пед. ін-т. Краязнаўчы музей.

Часткова захаваўся крэмль (1525—31) — цагляныя сцены і 6 вежаў, Успенскі сабор (1672—82), архірэйскі дом у псеўдагатычным стылі (18 ст., арх. М.​Ф.​Казакоў), званіца (1825). Сярод інш. помнікаў: цэрквы Іаана Прадцечы (пач. 16 ст.), Брусенскага (1522) і Спаскага манастыроў (14 ст., перабудавана ў 17—18 ст.), Ушэсця (1799, праект Казакова), Міхаіла Архангела (1833, арх. Ф.​М.​Шастакоў), «дом ваяводы», жылыя дамы ў стылі барока, комплекс будынкаў пажарнай часці з каланчой.

Да арт. Каломна. Фрагмент крамлёўскай сцяны з Каломенскай (Марынкінай) вежай.

т. 7, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ЙНЫЯ СРО́ДКІ,

рэчывы ці сумесі рэчываў, якія ў растворах аказваюць мыйнае дзеянне і выкарыстоўваюцца для ачысткі ад забруджванняў паверхняў розных рэчаў.

Аснова М.с. — паверхнева-актыўныя рэчывы, здольныя да міцэлаўтварэння (гл. Міцэлы). Найб. важнымі з’яўляюцца М.с., прызначаныя да выкарыстання ў водным асяроддзі. Да іх адносяць мылы і шматкампанентныя кампазіцыі сінт. М.с. (СМС), якія не трацяць мыйнай здольнасці ў жорсткай вадзе. Аснова большасці з іх — солі сульфакіслот (найб. пашыраны алкілбензолсульфанаты) і кіслых сульфаэфіраў. Кампазіцыі СМС уключаюць дапаможныя рэчывы (неарган. электраліты), што паляпшаюць мыйнае дзеянне, а таксама спец. дабаўкі (ферменты, бактэрыцыды, стабілізатары пены, пахучыя рэчывы, антыаксіданты і інш.). Вырабляюць М.с. вадкія, пастападобныя, цвёрдыя (кавалкі, гранулы, парашкі). Выкарыстоўваюць у быце для мыцця бялізны, посуду, шкла, керамічных і інш. вырабаў, як сродкі асабістай гігіены (шампунь, зубная паста), у тэхніцы (тэхн. М.с.) для мыцця розных механізмаў і машын.

Ф.​М.​Капуцкі.

т. 11, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Адкрыты ў 1995 у г. Нясвіж Мінскай вобл. Пл. экспазіцыі 256 м², каля 4,2 тыс. адзінак асн. фонду, 7 залаў, з іх 2 выставачныя (2000). Сярод экспанатаў археал. знаходкі (кафля, шкляныя вырабы, дахоўка 16—18 ст.), соліды ВКЛ і Рэчы Паспалітай, напольны гадзіннік і фартэпіяна з замка Радзівілаў, сярэбраны кубак пач. 18 ст. з выявай Багуслава Радзівіла, бібліі 1 малітоўнікі 19 ст., карціны і асабістыя рэчы бел. мастака М.​К.​Сеўрука. У экспазіцыі нац. адзенне, вышываныя ручнікі, вырабы з саломкі і лазы, бандарныя вырабы 19 — пач. 20 ст. Музей праводзіць выстаўкі карцін бел. мастакоў, у т. л. мясцовых, вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва, калекцый інш. музеяў. У дні фестываляў камернай музыкі ў ім адбываюцца навук.-практычныя канферэнцыі, прысвечаныя муз. і пісьмовай спадчыне Нясвіжчыны. З 1966 працуе аддзел музей-кватэра Сеўрука.

В.​У.​Шкрабіна.

т. 11, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІСУЛЬФІ́ДНЫЯ КАЎЧУКІ́, тыяколы,

сінтэтычныя палімеры, прадукты полікандэнсацыі аліфатычных дыгалагенвытворных з полісульфідамі шчолачных металаў. Агульная ф-ла HS[—R—Sm—],SH, дае R — алкіл, m ≈ 2 ці 4.

Існуюць П.к. вадкія і цвёрдыя. Вадкія П.к., ці полісульфідныя алігамеры (т-ра застывання ад -32 да -10 °C), маюць мал. м. 500—7500, раствараюцца ў бензоле, талуоле, цыклагексане, дыаксане, хлараформе. Цвёрдыя П.к. з мал. м. (2—5) 10​5 нерастваральныя. Найб. пашыраныя вадкія П.к. (каля 90% ад агульнага аб’ёму выпуску) атрымліваюць расшчапленнем П.к. высокай малекулярнай масы. Гума з П.к. масла-, бенза-, атмасфера-, радыяцыйна- і азонаўстойлівая, газа- і воданепранікальная, устойлівая ў разбаўленых к-тах і растворах шчолачаў. Т-ра эксплуатацыі ад -55 да 170 °C. Вадкія П.к. выкарыстоўваюць як аснову герметыкаў і сінт. кляёў, цвёрдыя для гуміравання бетонных паліўных рэзервуараў, у вытв-сці маслабензаўстойлівых гумаватэхн. вырабаў. Гл таксама Вадкія каўчукі.

т. 12, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБАЛТЫ́ЙСКАЯ КУЛЬТУ́РА.

жуцаўская культура, археалагічная культура плямён бронзавага веку, якія ў 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. жылі на ПнЗ Беларусі і ПдУ Прыбалтыкі. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, жывёлагадоўляй і земляробствам; карысталася крамянёвымі прыладамі працы і зброяй, вырабляла каменныя шліфаваныя сякеры лодкападобнай формы, свідраваныя матыкі. Жыло каля вадаёмаў у прамавугольных жытлах на слупах, з двухсхільным дахам. Унутры іх размяшчаліся адкрытыя агнішчы, выкладзеныя камянямі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў ямах у скурчаным становішчы; пахаванні адзінкавыя і групавыя. З керамічных вырабаў найб. пашыранымі былі гаршкі з выразнай шыйкай і амфары, арнаментаваныя гарыз. шнуравымі адбіткамі, насечкамі, нарэзкамі, наколамі, наляпнымі гафрыраванымі каўнерыкамі-валікамі. Сустракаюцца ўпрыгожанні з зубоў жывёл, бурштыну, стылізаваныя фігуркі чалавека і інш. Найб. выразныя матэрыялы П.к. на бел. Панямонні выяўлены на стаянках Лічыцы, Ярэмічы, Русакова, у пахаваннях каля пас. Краснасельскі.

М.​М.​Чарняўскі.

т. 13, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОБАТАТЭХНІ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,

структурнае вытворчае падраздзяленне (рабатызаваны тэхналагічны комплекс, участак, цэх і інш.), у склад якога як сродак аўтаматызацыі ўваходзяць прамысловыя робаты. Аб’екты Р.с. звязаны паміж сабой, узаемазалежныя; іх функцыі і дзеянні (аперацыі), што імі выконваюцца, забяспечваюць выпуск прадукцыі. Аптымальная Р.с. вызначаецца макс. прадукцыйнасцю пры мінім. затратах.

Кожная Р.с. ўключае падсістэмы апрацоўкі (формаўтварэння) дэталей, патоку (транспартавання) вырабаў, інструментаў і прыстасаванняў. кантролю якасці прадукцыі, кіравання і інфармацыі і дапаможную падсістэму (для падтрымання работаздольнасці Р.с.). Робаты ў складзе Р.с. забяспечваюць індывідуальнае абслугоўванне абсталявання, групавое яго абслугоўванне пры лінейным, лінейна-паралельным або кругавым размяшчэнні.

Літ.:

Белянин П.Н. Робототехнические системы для машиностроения. М., 1986;

Соломенцев Ю.М., Сосонкин В.Л. Управление гибкими производственными системами. М., 1988;

Роботизированные производственные комплексы. М., 1987;

Попов Е.П. Робототехника и гибкие производственные системы. М., 1987;

Гавриш А.П., Ямпольский Л.С. Гибкие робототехнические системы. Киев, 1989.

А.​В.​Самойленка.

т. 13, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІН-ЭФЕ́КТ (ад англ. skin скура, абалонка + эфект),

паверхневы эфект, затуханне электрамагнітных хваль па меры іх пранікнення ў праводнае асяроддзе. У выніку пераменны ток размяркоўваецца пераважна ў паверхневым слоі (скін-слоі) правадніка, пераменны магн. паток — у паверхневым слоі магнітаправода.

С.-э. тлумачыцца тым, што пад дзеяннем знешняга пераменнага поля свабодныя электроны правадніка ствараюць віхравыя токі, поле якіх кампенсуе знешняе поле ў аб’ёме правадніка. У выніку частка эл.-магн. энергіі пераўтвараецца ў цеплавую, што і вядзе да затухання хваль. Праяўленне С.-э. тым большае, чым большая частата току або магн. патоку, плошча сячэння проваду або магнітаправода, праводнасць і магн. пранікальнасць матэрыялу. С.-э. вядзе да павелічэння эл. супраціўлення проваду пераменнаму току ў параўнанні з супраціўленнем пастаяннаму току і да размагнічвання магнітаправода віхравымі токамі. На С.-э. заснаваны дзеянне эл.-магн. экранаў, высокачастотная паверхневая загартоўка стальных вырабаў і інш.

т. 14, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тэ́бель ‘свердзел’ (ТСБМ, Мядзв., Янк., Жд. 3, Касп., Арх. Вяр., ТС), тэ́быль ‘тс’ (драг., Жыв. сл.), ты́бель ‘тс’ (Пятк. 1), тэ́бяль ‘драўляны шып’, ‘свердзел’ (Сцяшк., Скарбы), ту́бель, ты́бель, тэ́баль, тэ́бэль, тэ́бяль (Сл. ПЗБ), тэ́бель, тэ́бел, тэ́бол ‘свердзел’, ‘драўляны гвозд, шпунт’ (ТС). Праз польскую мову, дзе tybel ‘драўляны гвозд, якім злучаюць часткі драўляных вырабаў’, рэдка ‘свердзел’, што, у сваю чаргу, з с.-в.-ням. tübel ‘гвозд, калок’, якое выводзіцца са ст.-в.-ням. *(gi)tubili ‘выразка; стык; тое, што ўбілі’, ўрэшце ўзыходзіць да і.-е. *dheu̯bh‑, dhubh‑ ‘біць, дзяўбці; драўляны гвозд, клін’ (Köbler, Wörterbuch des althochdeutschen Sprachschatzen, Paderborn, 1993, 1098). Таго ж паходжання дзю́бель ‘прабойнік, клін, устаўка ў адтуліну’, што выводзіцца з н.-в.-ням. Dübel ‘гвозд, клін’, відаць, непасрэдна з нямецкай прафесійнай лексікі, магчыма, набліжанае да дзюба, дзюбаць. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 564; Вінцэнц. Сюды ж дзеяслоў тэблёваць ‘рабіць тэблем дзірку ў дрэве, свідраваць’ (ТС) і фанетычныя варыянты тэблёва́ты ‘тс’ (Сл. Брэс.), тэблява́ць ‘тс’ (Сцяшк. Сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ко́сць, -і, мн. ко́сці, касце́й, ж.

1. Асобная састаўная частка шкілета хрыбетных жывёл і чалавека.

Ключычная к.

2. мн. Астанкі цела нябожчыка.

3. зб. Іклы, біўні некаторых жывёл, якія выкарыстоўваюцца для дробных вырабаў.

Слановая к.

Упрыгожанні з косці.

4. мн. Кубікі або пласцінкі з рознага матэрыялу для гульні.

Гуляць у косці.

5. якая. Пра сацыяльнае паходжанне.

Панская к.

◊

Да касцей — вельмі моцна (прамокнуць, прамерзнуць і пад.).

Легчы касцьмі — загінуць.

Скура ды косці — пра вельмі худога чалавека.

|| памянш. ко́стачка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж. (да 1, 2, 4 і 5 знач.).

◊

Перамываць костачкі каму — абгаворваць, пляткарыць.

Разабраць па костачках — вельмі падрабязна.

|| прым. касцявы́, -а́я, -о́е (да 1 знач.), ко́сны, -ая, -ае (да 1 знач.) і касцяны́, -а́я, -о́е (да 3 знач.).

Касцявая тканка.

Косныя хваробы.

Касцяны гузік.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)