шо́у

(англ. show)

1) пышнае сцэнічнае відовішча з удзелам майстроў эстрады, цырка і інш.;

2) перан. што-н. паказное, разлічанае на шумны знешні эфект (напр. палітычнае ш.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПАПО́Ў Алег Канстанцінавіч (н. 31.7.1930, в. Вырубава Маскоўскай вобл.),

расійскі артыст цырка, клоун. Нар. арт. Расіі (1958). Нар. арт. СССР (1969). Скончыў Дзярж. вучылішча цыркавога мастацтва (1949). Напачатку выступаў як эквілібрыст-комік на слабанацягнутым дроце. У 1950 дэбютаваў як клоун дывановы. Выкарыстоўвае цыркавыя прыёмы: эквілібрыстыку, акрабатыку, жангліраванне. У нумарах спалучае буфанаду, псіхал. праўду, мяккі лірычны гумар і сатыр. фарбы. Вобраз-маска П. — бесклапотны юнак, надзелены рысамі казачнага Іванкі-прастачка; празваны «Сонечным клоунам». Сярод лепшых нумароў «Эксцэнтрыяда на свабодным дроце», «Повар», «Свісток», «Прамень», «Хімчыстка», «Баланс з лялькай», «Тапелец», «Карусель», вядучыя ролі ў цыркавых спектаклях «Лячэнне смехам», «Царэўна-Несмяяна», «Сёння ў цырку фестываль», «Казка пра папа і яго работніка Балду», «Водная пантаміма» і інш. Лаўрэат Міжнар. фестывалю цыркаў у Варшаве (1957), прэмій «Оскар» (1958, Брусэль), «Залаты клоун» на Міжнар. фестывалі ў Монтэ-Карла (1981). Жыве за мяжой.

Літ.:

Викторов А. Выступает Олег Попов. М., 1968.

А.Папоў у масцы клоуна.

т. 12, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАМЕ́НКА Вячаслаў Рыгоравіч (н. 19.3.1935, Баку),

бел. артыст аперэты (тэнар). Засл. арт. Беларусі (1973). З 1956 працаваў у драм. т-рах Расіі і Украіны. З 1964 у Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі, з 1970 саліст Бел. дзярж. муз. т-ра. Валодае яркім камед. талентам. Сярод роляў на бел. сцэне: Быкоўскі, Слаўка, Матыль («Паўлінка», «Пяе «Жаваранак», «Тыдзень вечнага кахання» Ю.​Семянякі), Цярэшка («Судны час» Р.​Суруса), Масленікаў («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані), маркіз дэ Тарсі («Шклянка вады» У.​Кандрусевіча), Мікі і Філіп («Вольны вецер» І.​Дунаеўскага), Буба («Каўказская пляменніца» Р.​Гаджыева), Мітрусь Нічыпарэнка («Халопка» М.​Стрэльнікава), Рамон («Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна), Яшка-артылерыст («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), Марсель, Боні, Напалеон, Эстэргазі, барон дэ Крэвільяк («Фіялка Манмартра», «Сільва», «Баядэра», «Марыца», «Прынцэса цырка» І.​Кальмана), Негаш, барон Зета («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара).

Літ.:

Ракава А. Ці не Фаменка гэта?.. // Тэатр. Мінск. 1974. №1.

А.​Я.​Ракава.

т. 16, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́РЫК Рыгор Ільіч (н. 3.1.1951, Мінск),

бел. артыст аперэты (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1973), Бел. кансерваторыю (1978). У 1978—92 саліст Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Яго мастацтву ўласцівы арганічнае спалучэнне рацыянальнага пачатку з эмацыянальнасцю, сцэн. абаяльнасцю, вострым, часам да гратэскавасці, гумарам. Сярод партый: Якім, Сцяпан («Паўлінка», «Сцяпан — вялікі пан» Ю.​Семянякі), Юрась («Несцерка» Р.​Суруса), Давыдаў («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані), Урач («Мільянерка» Я.​Глебава), Майкл Госелін («Джулія» У.​Кандрусевіча), Прысыпкін («Клоп» У.​Дашкевіча), граф Даніла («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), містэр Ікс, Эдвін («Прынцэса цырка», «Сільва» І.​Кальмана), Фальк («Лятучая мыш» І.​Штрауса), Хігінс («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу), Міколка («Бабскі бунт» Я.​Пцічкіна), Вільям Гарысан («Мая жонка — ілгуння» В.​Ільіна і У.​Лукашова), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Фельзера), Сірано («Сірано» С.​Пажлакова) і інш. З 1992 у ЗША.

В.​Г.​Брылон.

І.Харык.

т. 16, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мане́ж ’памяшканне або месца для коннага прывода малатарні, ваўначоскі і да т. п., ’месца верхавой язды’, ’арэна цырка’, ’пераносная загародка для дзяцей, якія пачынаюць хадзіць’, ’поле, дзе абучаюцца вайскоўцы’ (ТСБМ, П. С., Хрэст. дыял., Сцяшк., Смул., Шат., Сцяц.; дзярж., ганц., ДАБМ, к. 238). Запазычана з польск. maneż, якое з франц. manège < італ. maneggio ’кіраванне коньмі’ < італ. mano < лац. manus ’рука’ (SWO, 450; Голуб-Ліер, 301). Рус. мане́ж ’тс’ таксама з франц. мовы самастойным шляхам (Фасмер, 2, 568). Сюды ж мане́жыць ’аб’яжджаць каня паводле правіл манежнай язды’, ’мучыць, таміць’ (ТСБМ, Шат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КАЛАПТУ́Р Ніна Фёдараўна (8.1.1916, г. Днепрапятроўск, Украіна — 11.5.1981),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла тэатр. студыю рабочай моладзі ў Днепрапятроўску (1933). Працавала ў т-рах Крывога Рога, Сумаў, Адэсы, Куйбышава. З 1951 у ансамблі аперэты пры Белдзяржэстрадзе, з 1962 у Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі, з 1970 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.​Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. Выконвала ролі субрэтак, «каскадных», камічных старых (у т-ры музкамедыі) і вострахарактарныя (у т-ры драмы і камедыі). Творчую манеру вылучалі выразнасць формы, умелае выкарыстанне гратэску. Сярод лепшых роляў: у т-рах аперэты і музкамедыі — Софія, Гарпіна Дармідонтаўна («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), мадам Арно і Караліна («Фіялка Манмартра» і «Прынцэса цырка» І.​Кальмана), Амалія («Лятучая мыш» І.​Штрауса); у т-ры драмы і камедыі — Мальвіна («Несцерка» В.​Вольскага), Кукушкіна («Даходнае месца» А.​Астроўскага), Ханума («Ханума» А.​Цагарэлі), Сенатарша («Юстына» Х.​Вуаліёкі).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 7, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНЦА́НЦ Арнольд Аляксандравіч (н. 3.2.1945, г.п. Цінской Ніжнеінгашскага р-на Краснаярскага краю, Расія),

украінскі і бел. артыст аперэты, спявак (барытон). Засл. арт. Украіны (1978). Засл. арт. Беларусі (2000). Скончыў Ташкенцкі тэатр.-маст. ін-т (1968). Працаваў у розных т-рах. З 1979 артыст Беларускага муз. тэатра. Выканаўца разнапланавых характарных роляў пераважна камедыйнага плана. Р. ўласцівы дакладнасць, лёгкасць і эмацыянальнасць. Сярод партый на бел. сцэне: Яшка-артылерыст («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава), Фядот («Бабскі бунт» Я.​Пцічкіна), Кутузаў («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані), Негаш, барон Зета («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Франк, сенатар Дэляква («Лятучая мыш», «Ноч у Венецыі» І.​Штрауса), Альфрэд Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу), Фама («Вольны вецер» І.​Дунаеўскага), Нендэль Крык («Біндзюжнік і Кароль» А.​Журбіна), граф Кутайсаў («Халопка» М.​Стрэльнікава), граф Баргезе («Капялюш Напалеона» О.​Штрауса), Зупан («Цыганскі барон» І.​Штрауса), Іван Прысыпкін («Клоп» У.​Дашкевіча), лорд Балінгброк («Шклянка вады» У.​Кандрусевіча), Пелікан («Прынцэса цырка» І.​Кальмана) і інш.

А.​Я.​Ракава.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

арты́ст

(фр. artiste, ад лац. ars = мастацтва)

1) прафесійны выканаўца ў галіне сцэнічнага мастацтва, цырка, кіно (акцёр, спявак, музыкант і інш.);

2) перан. вялікі ўмелец, віртуоз у якой-н. справе.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тэлешо́у

(англ. teleshow, ад гр. tele = далёка + англ. show = відовішча)

яркае сцэнічнае відовішча з удзелам зорак эстрады, цырка, балета, якое трансліруецца па тэлебачанні.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

КА́ЛЬМАН (Kálmán) Імрэ (Эмерых; 24.10.1882, г. Шыяфак, Венгрыя — 30.10.1953),

венгерскі кампазітар, адзін з заснавальнікаў і найб. відных прадстаўнікоў т.зв. новай венскай аперэты.

Вучыўся ў Акадэміі музыкі, адначасова вывучаў права ва ун-це ў Будапешце. З 1911 жыў у Вене, з 1938 у Швейцарыі, з 1940 у ЗША, з 1948 у Францыі. Лепшыя яго аперэты пастаўлены ў Вене: «Цыган прэм’ер» (1912), «Каралева чардаша» («Сільва», 1915) — адна з вяршынь творчасці К., «Баядэра» (1921), «Графіня Марыца» (1924), «Прынцэса цырка» і «Фіялка Манмартра» (1930), «Д’ябальскі наезнік» (1932; у розныя гады ўсе паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі). Ім уласцівы разгорнутая драматургія, вастрыня сюжэтных сітуацый, яркая запамінальная меладыйнасць, эфектная аркестроўка; у многіх з іх прыкметны ўплыў вербункаша. Сярод інш. твораў: аперэты «Асеннія манеўры» (1908), «Салдат у адпачынку» (1910), «Маленькі кароль» (1912), «Залаты світанак» (1927), «Імператрыца Жазефіна» (1936), «Марынка» (1945); сімф. паэма «Сатурналіі» (1904); інстр. п’есы; рамансы; музыка для т-ра і кіно. Аўтар мемуараў.

Літ.:

Имре Кальман: Сб. статей и воспоминаний: Пер. с нем. М., 1980.

І.Кальман.

т. 7, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)