Ву́рвіняц ’жэўжык, свавольны хлапчук’ (З нар. сл.). Ад вы́рвацца, рваць, першапачаткова ’той, хто вырваўся з-пад шыбеніцы (калі абарвалася вяроўка)’; параўн. польск. urwaniec ’шыбенік’, рус. сорване́ц ’тс’, ато́рва ’тс’ (З нар. сл.); у на месцы ы — характэрная фанетычная асаблівасць гаворак поўдня Беларусі; параўн. вы́рвас ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
падшыва́нец, ‑нца, м.
Разм. Хлапчук (звычайна падлетак). Падлеткі-падшыванцы.. сталі юнакамі. Хадкевіч. Пляц звалі выган, але пасвілі тут рэдка, ганялі ўсё жывёлу на другі канец сяла; тут жа найбольш гулялі дзеці, падшыванцы-падлеткі. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ха́ркаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Кашляючы, выплёўваць макроту. [Тубі] добра памятаў свайго бацьку. Чорны, худы, як шкілет, і ўсё харкае крывёю. Маўр. Хлапчук скурчыўся, бы з жывата вырывала апошнія шлункі, пачаў адплёўвацца, харкаць. Паўлаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бальшу́н, ‑а, м.
Разм. Старэйшы хлапчук з дзяцей у сям’і; падлетак. Раніцай Андрэй нашлёпаў Лёвачку, каб бальшун сам адзяваўся. Лобан. // Наогул большы па ўзросту. У канцы алеі Гушкалкі мільгаюць — Бальшуны паселі, Пад неба ўзлятаюць. Калачынскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Кабанчу́к ’парася’ (КСТ). Ад кабан 1 (гл.) і суф. ‑чук. Параўн. хлапчук, курчук, свінчук. Не выключана, аднак, што гэты суфікс у канкрэтных выпадках — вынік узаемадзеяння розных суфіксаў у пагранічных дыялектных зонах. Параўн.: хлапча, курча, свінча (суф. ‑ч‑а) і памяншальныя ўтварэнні на ‑ук/‑юк, характэрныя для заходнебеларускіх гаворак.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Перабіндзюга́цца ’ад гультайства стаць бадзягай’ (Нас.). Да пера- (гл.) і біндзюга́цца ’быць гуляшчым, бадзякай, гультаём’, якое ад біндзюга(йла) (гл.) < літ. biñdė ’гультай’, bìndza ’гультай, нядбайнік; бадзяка’ (Аткупшчыкоў. Лекс. балтызмы, 34–35; Лаўчутэ, Балтизмы, 59). Параўн. таксама бі́ндус ’гультай’, біндзю́к ’хлапчук — гультай і гарэза’, укр. бинджук ’гультай, абібок’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
калашына́, ‑ы́; мн. калашы́ны (з ліч. 2, 3, 4 калашыны́), калашы́н; ж.
Разм. Тое, што і калоша 1. [Янаш] закасаў калашыну і паказаў чырвоную апухлую лытку. Няхай. З-за куста выскачыў хлапчук з падкасанымі па калена калашынамі. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
непаня́тлівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які з цяжкасцю разумее што‑н.; някемлівы, няцямлівы. Непанятлівы хлапчук. □ [Вяршкоў:] — Я.. не разумею — ці ты, праўда, непанятлівы, ці, можа, прытвараешся непанятлівым. Чыгрынаў.
2. Незразумелы, няясны. Палыны ўзышлі, вырас дуб малады, Зашумеў непанятлівым словам. Купала.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паперачы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Перачытаць усё, многае. Хлапчук пакуль агледзеўся, пакуль паперачытваў надпісы над сталамі, прайшло колькі хвілін. Чорны. [Ева:] — А што кніжкі я люблю чытаць, то [гэта] праўда. І бацькавы ўсе паперачытвала, і ў бібліятэцы бяру. Палтаран.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ця́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; незак., што, у чым і без дап.
Разумець сэнс падзей, гаворкі і пад.; разбірацца, кеміць. — Пачакайце... Стойце... Годзе... Нешта цямлю я пагана... Крапіва. [Сяржант:] — Хлапчук як быццам з галавой: у ваеннай справе будзе цяміць. Пінчук.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)