Сыта́ ’мёд або цукар, разведзены гатаванай вадой’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Маш., ТС, Растарг., Сцяшк., Сл. Брэс.), ’засалоджаная мёдам вада як абрадавая страва’ (Сержп. Прымхі, Серб. Вічын, Арх. Вяр., Ян.; слаўг., Нар. сл.; рагач., ганц., карэліц., З нар. сл.; ЛА, 5), ’раствор мёду або цукру для падкормлівання пчол’ (Анох.; слаўг., Нар. сл.), тое ж сыць (Мат. Гом.), ’страва з кавалачкаў хлеба, пакрышаных у салодкую ваду’ (Сл. Брэс.), ’страва з цёртых канапель’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал.), сюды ж сы́ціца ’напой з перабрадзіўшай сыты’ (ТС), саці́ца ’напой на сотавым мёдзе’ (Барад.), сыты́ця ’тс’ (Доўн.-Зап., Пін.). Укр. сита́, рус. сыта́, стараж.-рус. сыта́ ’вада, падсалоджаная мёдам, гатаваны мёд’. Слова без пэўнай этымалогіі; на аснове польск. woda miodem nasycona ’вада, сычоная мёдам’ Гараеў (356) выводзіў ад *sytъ ’сыты’; супраць Міклашыч (336). Набліжалі таксама (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1129) да ст.-прус. sutristio ’сыроватка’, літ. sutré, sùtros ’памыі, мутная брудная вадкасць, асадак’, лат. sutra ’гнаявая жыжка’, ст.-ірл. suth ’сок, малако’; Брандт (РФВ, 24, 189) і Ільінскі (РФВ, 62, 139) звязвалі таксама з *sъtъ, гл. соты. Гл. Фасмер, 3, 820; ЕСУМ, 5, 244. Сюды ж сыці́ць ’падсалоджваць ваду, квас мёдам і пад.; настойваць мёд на чым-небудзь’, якому адпавядаюць укр. сити́ти ’падсалоджваць’, рус. сыти́ть ’тс’, польск. sycić ’запраўляць чым-небудзь’: sycić miód ’перарабляць пчаліны мёд на пітны’, што паводле Борыся (590), да прасл. *sytiti ’рабіць сытым, насычаць, карміць’, ад *syty (гл. сыты).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пярга́ ’пылок з кветак, сабраны пчоламі і прынесены ў вулей для падкормкі маладых пчол’ (лід., слуц., Сл. ПЗБ; Скарбы), перга́ ’тс’ (дзятл., барыс., рагач., Сл. ПЗБ; петрык., калінк., Шатал.; брэсц., навагр., ЛА, 1), ’пылок, перамешаны з мёдам’ (ПСл, Ян.), пэрга́, пырга́ ’пылок, корм для маладых пчол’ (Сл. Брэс., Клім.), pýrha ’пылок, якім пчолы засыпаюць соты’ (Маш.); сюды ж пярха́ ’ношка на лапках пчалы’ (ЛА, 1), укр., рус. перга́, польск. pierzga ’тс’, дыял. percha ’тс’ (відаць, з укр.). Мяркуецца, што не можа разглядацца асобна ад перга́ ’перхаць’ (лельч., петрык., ЛА, 1; ТС), пе́ргоць ’тс’ (ТС), рус. перга́ ’парша, перхаць, кароста’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *pьrga з агульным значэннем ’тое, што аддзяляецца, адскоквае’, хутчэй за ўсё, аддзеяслоўны назоўнік да *pьrgati, *pьrgnǫti ’растрэсквацца (пра скуру, кару), лушчыцца, абсыпацца’, параўн. польск. pierzgnąć ’абсівераць, стаць шорсткім (пра скуру)’, магчыма, і pierzchnąć ’стаць шорсткім, лушчыцца (пра скуру)’, а таксама ’пырснуць, адляцець; уцячы’ (Брукнер, 405, 411); паводле Банькоўскага (3, 562), апошняе з *pьrxati, pьršeti, гл. пярхаты. Суадносяцца з літ. spìrgii ’трэскацца, распадацца’, лац. spergere ’аддзяляць, раскідваць, рассыпаць’, што да і.-е. *(s)perg‑ ’адлучаць, рассыпаць’ (Банькоўскі, 2, 563), прадстаўленага і ў пірга́ць ’штурхаць’, гл. (Гарачава, Этимология–1985, 69–70; Варбат, Этимология–2000–2002, 24–25). Можна супаставіць з *pьrxa як варыянтам ад і.-е. *per‑ з іншым дэтэрмінатывам (Траўтман, 206; Шульгач, RS, 51, 96). Сувязі з серб.-харв. дыял. пр̏га ’мука з расліны Sorghum; каша з такой мукі’, славен. pŕga ’казіныя бубачкі; насенне’ і ’мука з сушанай садавіны; ляпёшка’ (разглядаюцца як амонімы, гл. Фурлан–Бязлай, 3, 118–119, на думку Куркінай, Этимология–1994–1996, 200, беспадстаўна, бо ўзыходзяць да *pьrga ’нешта дробнае’ ), балг. пъ́рга ’жыта, якое пачало толькі спець, але яшчэ не зацвярдзела’, ст.-слав. пръга ’пражмо’, стараж.-рус. перга ’тс’, чэш. prha ’расліна Атака; хлеб з мукі, змолатай з падсушанага новага зерня’, што параўноўваюцца з літ. spirgà ’гарачыня’, spirgéti ’пражыцца, пячыся’, spróga ’адростак, атожылак’, spùrgas ’пупышка’, грэч. ασπάραγος ’парастак’ і інш., акрамя ст.-інд. parāgas ’пылок з кветак’ (гл. Фасмер, 3, 235; Махэк₂, 483; Скок, 3, 38–39; БЕР, 6, 77), застаюцца семантычна далёкімі. Гл. і пе́рга, пярха́.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)