МА́ЛЬТУС ((Malthus) Томас Роберт) (17.2.1766, Рукеры, каля г. Гілфард, Вялікабрытанія — 23.12.1834),
англ. эканаміст, дэмограф, святар; заснавальнік мальтузіянства. Скончыў Джэзус-каледж Кембрыджскага ун-та (1788). У 1805—34 праф. гісторыі і палітэканоміі каледжа ў Ост-Індскай кампаніі, дзе выконваў і абавязкі святара. У асн. працы «Вопыт пра закон народанасялення...» (1798) сфармуляваў палажэнне аб тым, што насельніцтва мае тэндэнцыю росту ў геам. прагрэсіі, а сродкі існавання могуць павялічвацца толькі ў прагрэсіі арыфметычнай. Нягледзячы на «натуральнае» рэгуляванне колькасці насельніцтва шляхам эпідэмій, голаду, войнаў і да т.п., наступае «абсалютнае перанасяленне», з якім неабходна змагацца шляхам рэгламентацыі шлюбаў і рэгулявання нараджальнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ДВАРТС ((Woodworth) Роберт) (17.8.1869, каля г. Бостан, штат Масачусетс, ЗША — 4.7.1962),
амерыканскі псіхолаг, адзін са стваральнікаў функцыянальнай псіхалогіі ў ЗША. Праф. Калумбійскага ун-та (1909—42). На пач. 20 ст. адзін з першых даказаў, што мысленне не зводзіцца да асацыяцый пачуццёвых вобразаў, а мае ўласны змест. Прапанаваў канцэпцыю (назваў яе дынамічнай псіхалогіяй), гал. задачамі якой лічыў вывучэнне пытанняў, чаму і як узнікаюць і рэалізуюцца розныя формы псіхічнай дзейнасці. Распрацаваў вучэнне аб матывацыі і яе ролі ў працэсах рухальнай і інтэлектуальнай актыўнасці. У дынаміцы паводзін вылучыў 2 асн. кампаненты — патрэбнасці і механізмы. Гэты падзел трывала ўвайшоў у сучасную псіхалогію.
Тв.:
Рус.пер. — У кн.: Экспериментальная психология. М., 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧАРА́Н (Роберт Седракавіч) (н. 31.8.1954, г. Ханкэнды, Нагорны Карабах),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Арменіі. Скончыў Ерэванскі політэхн.ін-т (1982). У 1980—88 на камсамольскай і парт. рабоце ў Нагорным Карабаху. З лют. 1988 адзін з удзельнікаў руху за незалежнасць Нагорнага Карабаха, адзін са стваральнікаў (1989) і кіраўнік грамадска-паліт. арг-цыі «Міяцум» («Уз’яднанне»). З 1989 дэп. Вярх. Савета Арменіі, адначасова (з 1997) дэп. Вярх. Савета Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР). У 1992—94 прэм’ер-міністр НКР, выконваючы абавязкі старшыні Дзярж.к-та абароны НКР. Са снеж. 1994 прэзідэнт НКР. З сак. 1997 прэм’ер-міністр Арменіі. З сак. 1998 прэзідэнт Арменіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ФЛІН ((Laughlin) Роберт Бэтс) (н. 1.11.1950, г. Вісейлія, ЗША),
амерыканскі фізік. Чл.Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1990), Нац.АН ЗША (1994). Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1972). З 1982 у Ліверморскай нац. лабараторыі імя Лоўрэнса, адначасова з 1985 у Стэнфардскім ун-це (з 1989 праф.). Навук. працы па тэорыі квантавага эфекту Хола, тэорыі квантавых вадкасцей, высокатэмпературнай звышправоднасці. Прапанаваў тлумачэнне (1983) эксперыментальна адкрытага ў 1982 Р.Штормерам і Д.Цуем дробавага квантавага эфекту Хола, заснаванае на пераносе эл. зараду квазічасціцамі з дробавым (1/3 ад зараду электрона) эл. зарадам, які эксперыментальна зарэгістраваны (1997). Нобелеўская прэмія 1998 (разам з Г.Штормерам і Д.Цуем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЧАРДСАН ((Richardson) Роберт Коўлман) (н. 26.6.1937, Вашынгтон),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1986). Замежны чл.Фін. акадэміі навук і л-ры (1993). Скончыў Віргінскі політэхн, ін-т (1960), ун-т Дзюка (г. Дархэм, штат Паўн. Караліна; 1966). З 1966 у Корнелскім ун-це (з 1975 праф.). Навук. працы па эксперым. фізіцы нізкіх тэмператур, вывучэнні ўласцівасцей вадкасцей і цвёрдых цел пры звышнізкіх т-рах. Адкрыў з’яву звышцякучасці вадкага гелію-3 (разам з Д.М.Лі, Д.Дз.Ошэрафам; 1972). Нобелеўская прэмія 1996 (з Лі і Ошэрафам).
Тв.:
Рус.пер. — Эффект Померанчука // Успехи физ. наук. 1997. Т. 167, вып. 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬЗЕР ((Walser) Роберт Ота) (15.4.1878, г. Біль, Швейцарыя — 25.12.1956),
швейцарскі пісьменнік. Пісаў на ням. мове. Знаходзіўся пад пастаянным псіхал. уціскам, звязаным з прагрэсіраваннем душэўнай хваробы (у 1933 лячыўся ад шызафрэніі ў псіхіятрычнай клініцы). Пісаў вытанчаныя, прасякнутыя індывідуалізмам і песімізмам эсэ і апавяданні: «Нататкі Фрыца Кохера» (1904), «Прагулка» (1917), «Жыццё паэта» (1918); раманы «Памагаты», «Якаб фон Гунтэн» (абодва 1908); імпрэсіяністычную лірыку (зб. «Вершы», 1909).
Тв.:
Dichtungen in Prose, Bd. 1—4. Genf;
Darmstadt, 1953—59;
рус.пер. — Помощник;
Якоб фон Гунтен: Романы;
Миниатюры. М., 1987.
Літ.:
Über Robert Walser. Bd. 1—2. Frankfurt am Main, 1978;
Седельник В.Д. Вальзер // История всемирной литературы. М., 1994. Т. 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ПЕР (Роберт Юр’евіч) (14.7.1859, Масква — 30.12.1954),
рускі гісторык. Акад.АНСССР (1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1880). Праф. Новарасійскага ун-та ў Адэсе (1894—97), Маскоўскага ун-та (1897—1922, 1941—50), Латв. ун-та ў Рызе (1924—41), Маскоўскага ін-та філасофіі, л-ры і гісторыі (1941). З 1943 у Ін-це гісторыі АНСССР. Аўтар шматлікіх прац (у т. л. падручнікаў) па ўсеагульнай гісторыі ад антычнасці да пач. 20 ст., па метадалогіі гісторыі («Нарысы тэорыі гістарычнага пазнання», 1911, і інш.), па гісторыі хрысціянства («Узнікненне хрысціянскай літаратуры», 1946; «Рым і ранняе хрысціянства», 1954). У адзінай працы па рус. гісторыі «Іван Грозны» (1922) на сусв. фоне прааналізаваў падзеі ў Расіі 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЛЬТАН, Долтан (Dalton) Джон (6.9.1766, Іглсфілд, каля г. Уэркінгтан, Вялікабрытанія — 27.7.1844), англійскі хімік і фізік, стваральнік хім. атамістыкі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1822). Адукацыю атрымаў самастойна. У 1781—93 выкладаў матэматыку ў школе ў Кендалі, з 1793 — фізіку і матэматыку ў Новым каледжы ў Манчэстэры. Адкрыў кратных адносін закон (1803), газавыя законы, названыя яго імем (гл.Дальтана законы). Прапанаваў і абгрунтаваў тэорыю атамнай будовы. ці хім. атамістыку, якая тлумачыла эмпірычны закон пастаянства саставу. Аўтар працы «Новая сістэма хімічнай філасофіі» (т. 1—2, 1808—27). Апісаў дэфект зроку, што атрымаў назву дальтанізм.
Літ.:
Крицман В.А. Роберт Бойль, Джон Дальтон, Амедео Авогадро. Создатели атомно-молекулярного учения в химии. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ТА РО́БЕРТА ПАЎСТА́ННЕ 1549,
буйное сялянскае паўстанне ва Усх. Англіі. Выклікана захопам землеўладальнікамі ворных зямель і пашавых угоддзяў сялян (гл.Агароджванні). Пачалося ў чэрв. 1549 у графстве Норфалк, у хуткім часе ахапіла Суфалк і суседнія графствы. У сваёй праграме (29 артыкулаў) сяляне патрабавалі выканання раней прынятых законаў супраць агароджванняў, памяншэння арэнднай платы, скасавання дзесяціны, адмены прыгону. Узначаліў паўстанне мясц. сквайр Роберт Кет. Паўстанцы асадзілі гал. горад Норфалка Норыдж і з дапамогаю бедных гараджан захапілі яго. Перагаворы ўрада з сялянамі не мелі поспеху, войскі італьян. і ням. наёмнікаў штурмам узялі Норыдж і ў жн. 1549 разбілі сял. апалчэнне. Паўстанне пацярпела паражэнне, сотні яго ўдзельнікаў (у т. л. Р.Кет) пакараны смерцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОХ ((Koch) Роберт) (11.12.1843, г. Клаўсталь-Цэлерфельд, Германія — 27.5.1910),
нямецкі ўрач і бактэрыёлаг, адзін з заснавальнікаў бактэрыялогіі і эпідэміялогіі. Замежны чл. Французскай і Пецярбургскай АН. Скончыў Гётынгенскі ун-т (1866). З 1885 праф. Берлінскага ун-та, у 1891—1904 дырэктар ін-та інфекц. хвароб у Берліне (пазней — яго імя). Навук. працы па вывучэнні ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб і барацьбе з імі. Адкрыў узбуджальніка туберкулёзу (палачка Коха, 1882), халеры (1883), вылучыў культуру ўзбуджальніка сіб. язвы, даказаў яе здольнасць да спораўтварэння. Прапанаваў прэпарат туберкулін (выкарыстоўваецца ў дыягностыцы туберкулёзу), метады мікрабіял. даследаванняў — культываванне мікраарганізмаў на біял. (пажыўным) асяроддзі, спосабы дэзінфекцыі. Сфармуляваў крытэрыі этыялагічнай сувязі інфекц. захворвання з мікраарганізмам. Нобелеўская прэмія 1905.