ПО́ЛАЦКАЕ ПРА́ВА,

сістэма норм звычаёвага і пісанага феад. права, якая дзейнічала на тэр. Полацкага княства, а пазней Полацкага ваяводства. Аб выключным становішчы Полацкай зямлі ў ВКЛ сведчаць палажэнні дагавора /388 паміж ВКЛ і Лівонскім ордэнам і дагавора Полацка і Рыгі 1478 аб дружбе і гандлі. Права палачан прымаць паслоў з Ноўгарада, Пскова, Лук і «Немец» і вырашаць на месцы ўсе спрэчныя пытанні было замацавана ў спец. грамаце, выдадзенай вял. кн. Аляксандрам у 1499. Важнейшымі крыніцамі П.п. да прыняцця Статута ВКЛ 1529 былі прывілей Полацку 1498 на магдэбургскае права, грамата 1499 аб намесніцкім і войтаўскім судзе, пацвярджальная грамата 1502 аб царкоўным судзе полацкага архіепіскапа і «Прывілей баярам, мяшчанам і ўсёй зямлі Полацкай на правы і вольнасці іх...» (гл. таксама Полацкія прывілеі). Найважнейшым элементам дзярж.-прававога жыцця палачан у канцы 15—1-й пал. 16 ст. было права вырашаць важнейшыя пытанні гар. жыцця на сходзе-сойме. Аўтаномнасць Полацкай зямлі была і ў тым, што полацкі ваявода прызначаўся толькі са згоды палачан. Паводле П.п. нават вял. князь не меў права судзіць палачан па-за межамі Полацкай зямлі, а таксама перадаваць яе ў чыё-небудзь уладанне. Абмежаванымі былі правы цэнтр. ўрада ў царк. і маёмасных справах палачан і паўнамоцтвы полацкага ваяводы. Палачанам гарантаваліся і асобныя прывілеі: яны вызваляліся ад гандлёвых пошлін на тэр. ўсёй дзяржавы і ад некаторых падаткаў, ім гарантавалася права вольнага распараджэння маёнткамі. Рашэнні і прыгаворы, вынесеныя ў Полацкай зямлі, не пераглядаліся ў вышэйшых судах дзяржавы. Нормы П.п. былі выкарыстаны пры падрыхтоўцы Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588.

Я.​А.​Юхо.

т. 12, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́КТЫ ПАЎДНЁВАЙ І ЗАХО́ДНЯЙ РАСІ́І, «Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею»,

шматтомны збор дакументаў па паліт., царк. і сац.-эканам. гісторыі Украіны і Беларусі з 1361 да 1678 (т. 1—15. Спб., 1861—92). Складальнікі-рэдактары М.​І.​Кастамараў і Г.​Ф.​Карпаў. Змешчаны дакументы пераважна на старабел. і стараўкр. мовах, якія асвятляюць сац.-эканам. адносіны ў ВКЛ, гісторыю праваслаўнай і уніяцкай царквы, дзейнасць брацтваў, сял.-казацкія паўстанні (у т. л. С.​Налівайкі), войны сярэдзіны 17 ст. Сярод дакументаў прывілеі вял. князёў на землі, сялян, корчмы, мыта, кірмашы, на магдэбургскае права гарадам, адм. пасады, судовыя дакументы і інш.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 1, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДАМСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1505,

канстытуцыя «Нігель нові» (лац. «нічога новага»), заканадаўчы акт Польшчы, прыняты сеймам у г. Радам 30.3—14.6.1505. Забараняла каралю выдаваць законы без агульнай згоды палат сейма — Сената і Пасольскай Ізбы. Скасавала Мельніцкі прывілей 1501, якім кароль Аляксандр устанавіў кантроль Сената (г.зн. магнатаў) над каралеўскай уладай, і фактычна аддала ўладу Пасольскай Ізбе. Садзейнічала набыццю шляхтай статуса пануючага саслоўя ў дзяржаве. Пастанова сейма 1538 дадаткова забараняла каралю выдаваць законы без агульнай згоды сейма. Аднак пры гэтым не быў праведзены дакладны падзел кампетэнцыі караля, Сената і Пасольскай Ізбы, што ў спалучэнні з прынцыпам аднагалосся (ліберум вета) стала адной з прычын зрывання сеймаў. Канстытуцыя 1505 зацвердзіла таксама ўсе ранейшыя саслоўныя прывілеі і правы шляхты.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТА́Я БУ́ЛА (лац. Bulla aurea, венг. Aranybulla),

1) адзін з важнейшых юрыд. актаў у сярэдневяковай Венгрыі. Выдадзена ў 1222 венг. каралём Андрашам II Арпадам пад націскам т.зв. каралеўскіх слуг (пазней з іх сфарміравалася сярэдняя шляхта). З.б. гарантавала ім правы, якія да гэтага мелі магнаты (бароны): вызваленне ад падаткаў, права судаводства ў камітатах, абмежаванне абавязку ваен. службы і інш.; прадстаўляла вышэйшай і сярэдняй шляхце права паўстання супраць караля ў выпадку парушэння ім булы (адменена ў 1687).

2) Пастанова, прынятая ў 1356 у «Свяшчэннай Рым. імперыі» на імперскіх сеймах у гарадах Нюрнберг і Мец, зацверджаная імператарам Карлам IV Люксембургскім у якасці асн. канстытуцыйнага акта. Рэгулявала парадак выбрання імператара курфюрстамі, устанаўлівала час і месца выбарчага з’езду, вызначала рангі, абавязкі і прывілеі курфюрстаў. Дзейнічала да 1806.

т. 6, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́НЦЫРНЫЯ БАЯ́РЫ, панцырныя паны—баяры,

ваеннаслужылыя людзі ў ВКЛ у 1-й пал. 15—18 ст. Рэкрутаваліся з зямян, сельскіх мяшчан і вольных людзей, якія атрымлівалі ад вял. князя за службу зямлю (у асноўным на Віцебскім, Полацкім і Смаленскім памежжы). На ўмовах бясплатнага карыстання зямлёй і інш. правамі неслі вайсковую службу (памежную варту), падпарадкоўваліся ўраду мясц. замка. Мелі прывілеі: судзіць іх мог толькі суд; захоўвалі маёнткі, падараваныя папярэднімі каралямі; забаранялася браць у П.б. падводы, коней і выкарыстоўваць на інш. службе, акрамя ваеннай; дазвалялася займацца рамёствамі, промысламі і гандлем нароўні з купцамі і мяшчанамі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Сенат Рас. імперыі ў 1780 залічыў П.б. у разрад сялян дварцовай канцылярыі і пакінуў за імі ўсе землі і льготы казакоў.

М.​А.​Ткачоў.

т. 12, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАГІ́ЧЫНСКІ СВЯ́ТА-ТРО́ІЦКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў з 16 ст. да 1824 у г. Драгічын-Надбужскі (цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча). Засн. на Крамчэўскай гары пры царкве св. Тройцы, вядомай з 1494. У 1563 кароль польскі і вял. князь ВКЛ Жыгімонт II Аўгуст даў манахам 2 валокі ворыўнай зямлі, 8 маргоў агародаў, дзесяціну з в. Сяневічы і Хралавічы, дазволіў штогадовы кірмаш на Сёмуху каля Крамчэўскай гары. Апекавала манастыр навакольная правасл. шляхта. Пасля Брэсцкай уніі 1596 манастыр неаднаразова зачыняўся мясц. ўладамі, былі спробы перавесці яго на уніяцтва. У 1659 зноў адчынены. Правасл. статус манастыра і ўсе яго ранейшыя прывілеі пацверджаны каралямі Янам Казімірам (1661), Янам III Сабескім (1695) і Аўгустам II (1698). У 1769 разрабаваны войскамі Барскай канфедэрацыі, адноўлены на сродкі Кіеўскай мітраполіі. У 1824 закрыты.

М.​Р.​Гайдук.

т. 6, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬБЕ́Р ((Colbert) Жан Батыст) (29.8.1619, г. Рэймс, Францыя — 6.9.1683),

французскі дзярж. дзеяч. Прадстаўнік меркантылізму (у Францыі атрымаў назву кальбертызм). З 1651 інтэндант кардынала Дж.​Мазарыні, з 1661 дарадчык караля Людовіка XIV, з 1665 ген. кантралёр фінансаў, з 1669 марскі міністр. Амаль цалкам сканцэнтраваў у сваіх руках кіраўніцтва ўнутр. палітыкай Францыі. Прыхільнік абс. улады, імкнуўся да цэнтралізацыі дзярж. кіравання, ліквідаваў прывілеі правінцый і гарадоў, падпарадкаваў іх адзінаму заканадаўству. Дамагаўся павелічэння дзярж. даходаў шляхам стварэння мануфактур, заахвочвання прам-сці, павелічэння вывазу прамысл. тавараў і ўвозу сыравіны. Ініцыятар стварэння манапольных знешнегандл. кампаній (Вест-Індскай, Ост-Індскай і інш.). Спрыяў пракладцы і паляпшэнню дарог, каналаў, павелічэнню ваен. флоту (з 18 да 276 суднаў; 1683). Заснаваў некалькі акадэмій, у т. л. Акадэмію навук (1666), Каралеўскія акадэміі музыкі (1669), архітэктуры (1671). З 1667 чл. Франц. акадэміі.

т. 7, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ШКАЛЬЦ (Miskolc),

горад на ПнУ Венгрыі, у адгор’ях гор Бюк. Адм. ц. медзьё Боршад-Абауй-Земплен. 178 тыс. ж., з прыгарадамі каля 250 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Другі па значэнні пасля Будапешта прамысл. цэнтр краіны. Прам-сць: чорная металургія, маш.-буд., цэм., тэкст., шкляная, швейная, дрэваапр., харчовая, буд. матэрыялаў. Політэхн. ін-т. Музеі прыродазнаўства, мастацтва, гісторыі металургіі. Тэатр. Арх. помнікі 13—16 ст. Наваколлі М. з курортамі Лілафюрэд і Тапальца ўваходзяць у нац. парк Бюк. Міжнар. кірмаш.

З 10 ст. ўмацаванае пасяленне венграў. У 1241 зруйнаваны мангола-татарскімі заваёўнікамі. З 15 ст. каралеўскі горад, сталіца камітата Боршад. У 1519 атрымаў шырокія прывілеі; быў адным з цэнтраў Рэфармацыі. У 1596—1686 пад тур. панаваннем. У 19 ст. дзякуючы адкрытым паблізу М. радовішчам жалезнай руды стаў буйнейшым горадам Паўн. Венгрыі.

т. 10, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЛА́РДЫ [англ., адзіночны лік lollard ад сярэдненідэрл. lollaert(d) літар. той, хто мармыча (малітвы)],

удзельнікі сял.-плебейскага руху 14 ст. ў Англіі і некаторых інш. зах.-еўрап. краінах, які набыў рысы антыкаталіцкай ерасі. Рух Л. узнік у г. Антверпен (Нідэрланды, цяпер Бельгія) каля 1300, у Англіі пашырыўся з пач. 1360-х г. (пропаведзі Дж.​Бола і інш.). Яны выступалі як вулічныя прамоўцы, адвяргалі прывілеі каталіцкай царквы, патрабавалі секулярызацыі яе маёмасці, крытыкавалі несправядлівасці феад. ладу (з хрысц. пазіцый), настойвалі на адмене паншчыны, царк. дзесяціны і інш. Л. не заклікалі непасрэдна да ўзбр. выступленняў, але адыгралі вял. ролю ў ідэалаг. падрыхтоўцы Уота Тайлера паўстання 1381 у Англіі, а Бол быў адным з яго правадыроў. Пасля падаўлення паўстання і асабліва з 1401 пачаліся жорсткія праследаванні Л., хоць іх прыхільнікі заставаліся ў Англіі да пач. 16 ст. і спрыялі падрыхтоўцы Рэфармацыі.

т. 9, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

patronage

[ˈpeɪtrənɪdʒ]

n.

1) ста́лая кліенту́ра, падтры́мка з бо́ку кліе́нтаў, пакупніко́ў або́ наве́днікаў (тэа́тру, галерэ́і)

2) апяку́нства, шэ́фства, засту́пніцтва n.; ахо́ва f.

3) пабла́жлівае ста́ўленьне

4) раздава́ньне паса́даў або́ прывіле́яў

5) паліты́чныя паса́ды, прывіле́і pl.

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)